Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Населённые пункты Кобринского района от А до Я

Дзiвiн

ДЗІВІН (мясцовая назва Дывэн), вёска, цэнтр Дзівінскага сельсавета і калгаса «Новае жыццё». Першае ўпамінанне ў 1466 г. У 1546 г. мястэчка ў Дзівінскай воласці Брэсцкага павета ВКЛ. У 1566 г. 184 двары, рыначная плошча, 5 вуліц. У 1629 г. кароль Жыгімонт ІІІ пацвердзіў дзівінцам права на штотыднёвы кірмаш па чацвяргах. У 1668 г. горад, у Палескім ключы Брэсцкай эканоміі, 53 валокі зямлі, 2 млыны, агароды, карчма, з 1642 г. меў Магдэбургскае права, аднак войта са шляхты прызначаў кароль. У 1682 г. у горадзе 2 царквы (мелі 2 вольныя валокі зямлі), ратуша (2 валокі), касцёл (4 валокі), 2 млыны, карчма. У 1789 г. горад і Двор у Дзівінскім ключы Брэсцкай эканоміі. У горадзе рыначная плошча, 4 вуліцы, 194 гаспадаркі, 872 жыхары, у Двары жылы дом, бровар, студня і іншыя гаспадарчыя пабудовы. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. З сакавіка 1797 г. мястэчка Дзівін, 988 жыхароў падаравана нашчадкам генерал-фельдмаршала графа П.А.Румянцава-Задунайскага. У 1819 г. сяляне і жыхары мястэчка (звыш 200 двароў, 1000 жыхароў) адмовіліся выконваць павіннасці на карысць свайго ўладальніка да канчатковага разгляду справы аб іх вольнасці. 20.8.1819 г. у Дзівін прыбыло 300 узброеных салдат. Улады былі вымушаны дазволіць местачкоўцам выбраць 10 чалавек для перамоў. Асэсар Гродзенскага губернскага праўлення і кобрынскі земскі спраўнік у прысутнасці салдат зачыталі сялянам указ губернскага праўлення. У сваім данясенні яны прасілі ваеннай дапамогі ў губернатара і адзначалі, што духавенства падтрымлівае сялянскі пратэст. У 1886 г. мястэчка, цэнтр воласці, 159 двароў, 1644 жыхары, 5516,25 дзесяціны зямлі (у 1890), валасное праўленне, 3 праваслаўныя царквы (511,75 дзесяціны зямлі ў 1890), сінагога, школа, 5 крам, заезны двор, 2 піцейныя дамы, 3 кірмашы. Каля мястэчка знаходзіўся маёнтак Дзівін, уладанне А.Ягміна, ветраны млын, 8135,5 дзесяціны зямлі (разам з іншымі маёнткамі і фальваркамі Ягміна). У 1888 г. у мястэчку 2516 жыхароў, у праваслаўным прыходзе 3663 вернікі. У 1897 г. мястэчка, 873 двары, 3796 жыхароў, 3 царквы, сінагога, яўрэйскі малітоўны дом, народнае вучылішча (у 1889/90 навучальным годзе вучыліся 74 хлопчыкі, 9 дзяўчынак; у 1892/93 г. — 71 хлопчык, 9 дзяўчынак), сельская лячэбніца, валасное праўленне, паштовае аддзяленне, 2 хлебазапасныя магазіны, 15 дробных крам, маслабойня, 14 млыноў, піцейны дом, 6 аднадзённых кірмашоў на год. У маёнтку — 60 жыхароў. У 1905 г. у Дзівіне 3967 жыхароў, у народным вучылішчы 100 хлопчыкаў, 4 дзяўчынкі, у маёнтку 58 жыхароў. З 1915 г. мястэчка і маёнтак акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі, з 1919 г. — польскімі войскамі. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства; мястэчка, 373 дамы, 2299 жыхароў; фальварак, хутары і калонія, 71 двор, 403 жыхары. У 1931 г. Дзівінская гміна налічвала 8326 жыхароў, 84 населеныя пункты, займала плошчу ў 280 км2, працавалі яўрэйская бібліятэка, тэатральны і харавы гурткі. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. цэнтр раёна і сельсавета Брэсцкай вобласці. У 1940 г. у мястэчку 1009 двароў, 4187 жыхароў, у асадзе вайсковай Дзівін 13 двароў, 64 жыхары; працавалі паштовае аддзяленне, сямігадовая школа (400 вучняў), аптэка, бальніца з амбулаторыяй, ветпункт, народны дом, 20 прыватных крам, хлебны і кніжны магазіны, 2 маторныя млыны, 3 хлебапякарні, бойня жывёлы, рэстаран, сельпо, абутковая і кавальская арцелі, завод прахаладжальных напіткаў, маслазавод. Дзівінскі раён налічваў 138 населеных пунктаў, 11 сельсаветаў, 26 117 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну 24.6.1941 г. Дзівін акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў раёне і вёсцы 2819 жыхароў. Вызвалены 21.7.1944 г. часцямі 61-й арміі 1-га Беларускага фронту. У цэнтры вёскі пахаваны 74 савецкія воіны і 2 партызаны, якія загінулі ў баях пры вызваленні вёскі (у 1949 г. на магіле пастаўлены абеліск). 1450 жыхароў вёскі, якія былі расстраляны гітлераўскімі карнікамі ў 1942 г., пахаваны на тэрыторыі завода металічных вырабаў (у 1951 г. на магіле пастаўлены абеліск). У 1945 г. адноўлена МТС, пачала друкавацца райгазета «Ленінскі прызыў» (адказны рэдактар А.Мельнікаў), у 1947 г. будавалася няпоўная сярэдняя школа, працавалі раённы клуб, бібліятэка, новы магазін, на тэрыторыі раёна 11 хат-чытальняў. У 1949 г. у вёсцы створаны калгас «Зара», у 1950 г. адкрыты дзіцячыя яслі, пачалося будаўніцтва новага будынка райбальніцы. З 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. На 1.1.1999 г. 1553 двары, 4293 жыхары, будынкі выканкома сельсавета і адміністрацыі калгаса, Дом культуры, клуб, 3 бібліятэкі, музычная, спартыўная і сярэдняя школы, бальніца, школа-інтэрнат, дзіцячы сад, камбінат бытавога абслугоўвання, кафэ, 6 магазінаў. Помнікі археалогіі: стаянка і паселішча на беразе воз. Любань. Помнікі архітэктуры: Прачысценская царква (1902) і царква Параскевы Пятніцы (1740).

Дзевяткi

ДЗЕВЯТКІ (мясцовая назва Дыв’яткі), вёска ў Залескім сельсавеце. Упамінаецца ў 1563 г. У 1890 г. вёска ў Залескай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі, 308,5 дзесяціны зямлі. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак, уладанне О.Верашчагі, 242,75 дзесяціны зямлі. Ваколіца (Дзевяткі, Карылаўшчына і інш.) налічвала 358 дзесяцін зямлі. У 1897 г. вёска, 40 двароў, 350 жыхароў, хлебазапасны магазін, ветраны млын (жылы дом Д.Паўлючыка, 1 жыхар), у маёнтку 18 жыхароў. У 1905 г. у вёсцы 358 жыхароў, у маёнтку 7. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Прускаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 9 двароў, 46 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Закросніцкім, з 16.7.1954 г. у Залескім сельсаветах. У 1940 г. хутары, 75 двароў, 260 жыхароў. У 1949 г. 26 вясковых гаспадарак аб’ядналіся ў калгас «Дружба». На 1.1.1999 г. 4 двары, 5 жыхароў, у складзе калгаса імя Суворава.

Дзевяткi

ДЗЕВЯТКІ (мясцовая назва Дыв’яткі), вёска ў Тэвельскім сельсавеце, цэнтр калгас «1 Мая». Упамінаецца ў 1563 г. як сяло Дашкевічы. У 1890 г. вёска ў Мураўёўскай воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні, 459,25 дзесяціны зямлі. Побач знаходзіўся аднайменны фальварак, уладанне І.Багуслаўскай, 1882,5 дзесяціны зямлі (разам з хут. Ківацічы, фальваркамі Свічы і Заверша). У 1897 г. у вёсцы 53 двары, 351 жыхар, хлебазапасны магазін, кузня; у 1905 г. 396 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Мацясаўскай гміне Пружанскага павета Палескага ваяводства, 25 двароў, 109 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Тэвельскім сельсавеце. У 1940 г. вёска, 64 двары, 306 жыхароў. У 1949 г. 42 вясковыя гаспадаркі аб’ядналіся ў калгас імя Куйбышава. На 1.1.1999 г. 89 двароў, 246 жыхароў, магазін, бібліятэка. Помнік на ўшанаванне памяці 37 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзямiдаўшчына

ДЗЯМІДАЎШЧЫНА (мясцовая назва Дымыдовшчына), вёска ў Гарадзецкім сельсавеце. У 1563 г. урочышча на грунце горада Гарадзец, у Кобрынскай эканоміі ВКЛ. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1890 г. вёска ў Іласкай воласці, 513,5 дзесяціны зямлі. Побач знаходзілася аднайменная пусташ, уладанне Ганны Сельван, 16,5 дзесяціны зямлі. У 1897 г. у вёсцы 81 двор, 475 жыхароў, хлебазапасны магазін, у 1905 г. 545 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Іласкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 61 двор, 328 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. цэнтр сельсавета таго ж раёна, з 16.7.1954 г. у Грушаўскім сельсавеце, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне, з 21.1.1961 г. у Гарадзецкім сельсавеце. У 1940 г. у вёсцы 124 двары, 559 жыхароў, цагельны завод, пошта, пачатковая школа (86 вучняў), сельсавет. Каля вёскі размяшчаліся залежы торфу (85 га) і гліны. На тэрыторыі сельсавета 8 вёсак, 322 хутары, 419 двароў, 2467 жыхароў. На 1.1.1999 г. 83 двары, 173 жыхары, магазін, клуб, бібліятэка, у складзе калгаса-камбіната імя Дзяржынскага. Гістарычны камень-валун. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні вёскі, ён ушаноўвае таксама памяць землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Добрае

ДОБРАЕ (мясцовая назва Добрэ), вёска ў Аніскавіцкім сельсавеце. У 1563 г. урочышча-востраў сяла Чалішчавічы ў Кобрынскай эканоміі ВКЛ. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1890 г. пасёлак у складзе в. Чалішчавічы Гарадзецкай воласці. Разам з іншымі пасёлкамі вёска налічвала 383,5 дзесяціны зямлі. У 1897 г. вёска, 15 двароў, 88 жыхароў, у 1905 г. 89 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Гарадзецкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства; 17 двароў, 87 жыхароў. У 1930-я гады працавала школа. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Аніскавіцкім сельсавеце, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. 84 жыхары. На 1.1.1999 г. 1 двор, 2 жыхары, у складзе калгаса імя Кірава.

Дубiны

ДУБІНЫ (мясцовая назва Дубыны), вёска ў Аніскавіцкім сельсавеце, цэнтр калгаса імя Кірава. Упершыню ўпамінаецца ў 1546 г. як урочышча. У 1890 г. пасёлак у складзе в. Вуглы Гарадзецкай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні, 1130 дзесяцін зямлі (разам з 7 іншымі пасёлкамі в. Вуглы). У 1897 г. вёска Вуглы (Дубіны), 8 двароў, 76 жыхароў. У 1905 г. 160 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Гарадзецкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 9 двароў, 40 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Аніскавіцкім сельсавеце, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. 32 жыхары. У 1949 г. вяскоўцы стварылі калгас «Маладая гвардыя». На 1.1.1999 г. 51 двор, 126 жыхароў, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт. Помнік на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Дубовае

ДУБАВОЕ (мясцовая назва Дубовэ), вёска ў Буховіцкім сельсавеце. У 1563 г. сяло ў Лягатаўскім войтаўстве Кобрынскага староства ВКЛ, 10 валок зямлі, 10 гаспадарак. У 1597 г. сяло, 10 валок зямлі, карчма і засценак (4 маргі зямлі). З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1890 г. вёска ў Стрыгаўскай воласці, 129 дзесяцін зямлі. Побач знаходзіліся аднайменныя: пасёлак, 17,5 дзесяціны зямлі, і маёнтак, уладанне Дамецкага, Мількоўскага і інш., 184,5 дзесяціны зямлі. У 1897 г. у вёсцы 25 двароў, 194 жыхары, меўся хлебазапасны магазін, у маёнтку 8 жыхароў. У 1905 г. у вёсцы 249 жыхароў, у маёнтку 13. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Стрыгаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, вёска, 28 двароў, 147 жыхароў, і фальварак, 3 двары, 19 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Лепясоўскім, з 30.10.1959 г. у Яроміцкім, з 19.7.1976 г. у Буховіцкім сельсаветах. У 1940 г. 40 двароў, 170 жыхароў. На 1.1.1999 г. 22 двары, 30 жыхароў, у складзе калгасе «Кобрынскі». Металічны крыж на ўшанаванне памяці сям’і Кішмановічаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Навигация

Поиск по сайту

Наши партнеры

Животный мир Кобринщины, Кобрин, Беларусь


отель в центре СПб