Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Населённые пункты Кобринского района от А до Я

Авады

АВАДЫ (мясцовая назва Оводы), вёска ў Хідрынскім сельсавеце. У 1747 г. вёска ў Брэсцкім ваяводстве; у 1890 г. у Верхалескай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі, 178 дзесяцін зямлі (1 дзесяціна = 1,0925 га). У 1897 г. 16 двароў, 116 жыхароў, хлебазапасны магазін. У 1905 г. 154 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Навасёлкаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 4 двары, 22 жыхары. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Дзівінскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. да 30.10.1959 г. у Верхалескім сельсавеце, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. 20 двароў, 77 жыхароў. На 1.1.1999 г. 19 двароў, 36 жыхароў, у складзе калгаса «Зара».

Агароднiкi

АГАРОДНІКІ (мясцовая назва Огородныкы), вёска ў Батчынскім сельсавеце. У 1597 г. сяло ў Патрыкоўскім войтаўстве Кобрынскага староства Брэсцкага ваяводства Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Сяло размяшчалася пры фальварку Чаравачыцы, налічвала 10 валок зямлі ( 1 валока = 21,36 га), падзеленых па паўвалокі. Вяскоўцы выконвалі агародніцкую службу ў полі, а жанчыны — на агародах. З 1795 г. вёска ў складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1897 г. 20 двароў, 178 жыхароў. У 1905 г. 193 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Прускаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 22 двары, 126 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Батчынскім сельсавеце. У 1940 г. хутары Агароднікі, 41 двор, 221 жыхар. У 1949 г. арганізаваны калгас «Радзіма» (старшыня Ф.Я.Белюсь). На 1.1.1999 г. 15 двароў, 28 жыхароў, у складзе калгаса «Запаветы Ільіча».

Адрынка

АДРЫНКА (мясцовая назва Одрынка), вёска ў Гарадзецкім сельсавеце. Упамінаецца ў 1563 г. У 1897 г. Адрынка — лясная ахова, 7 жыхароў, у Іласкай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі. Побач знаходзіліся: лясная ахова Адрынка (Мазуры), 4 жыхары, і выселак Адрыні (Астраўкі), 2 двары, 28 жыхароў, шкіпінарны завод. У 1905 г. аховы: Адрынка, 3 жыхары, і Адрынка-Мазуры, 2 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Іласкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, вёска, 11 двароў, 59 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Дзямідаўшчынскім, з 16.7.1954 г. у Грушаўскім, з 21.1.1961 г. у Гарадзецкім сельсаветах, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. 62 жыхары. У 1949 г. створаны калгас «Бальшавік» (17 гаспадарак, старшыня М.Гаранюк). На 1.1.1999 г. 1 двор, 1 жыхар, у складзе калгаса-камбіната імя Дзяржынскага.

Акцябр

АКЦЯБР (да 1940 г. Камень Шляхецкі; мясцовая назва Камэнь Шляхэцькый), вёска ў Гарадзецкім сельсавеце, цэнтр калгаса «Кастрычнік». У 1524 г. Жыгімонт І Стары выдаў пацвярджальны прывілей на маёмасць Камень дваранам Верашчакам. У 1582 г. Камень у Кобрынскім старостве ВКЛ. У 1739 г. маёнтак, уладанне Верашчакаў, у Брэсцкім ваяводстве; у 1777 г. Камень Шляхецкі, уладанне князёў Шуйскіх. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1886 г. сяло ў Гарадзецкай воласці, 45 двароў, 590 жыхароў, царква, школа, 2 кірмашы. У 1890 г. сяло, 683,75 дзесяціны зямлі, 77 дзесяцін зямлі; пасёлак (на тэрыторыі Залескай воласці), 27,5 дзесяціны зямлі, другі пасёлак (Гарадзецкая воласць), 213,75 дзесяціны зямлі розных уладальнікаў. Побач знаходзіліся аднайменныя 5 маёнткаў, уладанні Э.Чарноцкага, 250 дзесяцін зямлі (разам з фальваркам Адэлін); Ю.Багуслаўскай, 281,25 дзесяціны зямлі; І.Бржастоўскага, 91 дзесяціна зямлі; І.Пятрова, 175 дзесяцін зямлі; У.Міцкевіча, 102,5 дзесяціны зямлі. У 1897 г. Камень Шляхецкі: сяло, 119 двароў, 792 жыхары, хлебазапасны магазін; 2 двары, 12 жыхароў, царква (у 1888 г. у праваслаўным прыходзе 2650 вернікаў), 1 двор, 7 жыхароў, народнае вучылішча (у 1889/90 навучальным годзе было 60 хлопчыкаў, 1 дзяўчынка, у 1892/93 — 72 хлопчыкі, 5 дзяўчынак, у 1905/06 г. — 76 хлопчыкаў, 11 дзяўчынак). У 5 маёнтках налічвалася 70 жыхароў. У 1905 г. у сяле 896 жыхароў, у 5 маёнтках 36 жыхароў. З 1915 г. сяло і маёнткі акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі, з 1919 г. — польскімі войскамі. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Гарадзецкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, вёска, 68 двароў, 312 жыхароў, і 5 фальваркаў, 36 жыхароў. У 1930-я гады працавалі школа, чытальня, вячэрнія курсы, тэатральны і харавы гурткі. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. цэнтр Акцябрскага сельсавета, з 31.3.1959 г. у Гарадзецкім сельсавеце, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. 152 двары, 681 жыхар, няпоўная сярэдняя школа (257 вучняў), хата-чытальня, кааператыўная лаўка, сельсавет. У 1949 г. 40 вясковых гаспадарак аб’ядналіся ў калгас (старшыня А.П.Шаўчук), у вёсцы працавала хата-чытальня. На 1.1.1999 г. 277 двароў, 641 жыхар; будынак адміністрацыі калгаса «Кастрычнік», 2 магазіны, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, сельскі Дом культуры, бібліятэка, сярэдняя школа, помнік архітэктуры — Свята-Пакроўская царква (драўляная, пабудавана ў 1937 г.). Помнікі на ўшанаванне памяці 129 землякоў і на 2 магілах партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Альхоўка

АЛЬХОЎКА (мясцовая назва Ольхівка), вёска ў Навасёлкаўскім сельсавеце. У 1897 г. вёска ў Верхалескай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі, 19 двароў, 190 жыхароў, 368,5 дзесяціны зямлі (на 1890). У 1905 г. 238 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Навасёлкаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, вёска, 12 двароў, 73 жыхары. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Дзівінскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Верхалескім сельсавеце, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне, з 30.10.1959 г. у Навасёлкаўскім сельсавеце. У 1940 г. 85 двароў, 155 жыхароў, пачатковая школа. У 1949 г. 40 вясковых гаспадарак аб’ядналіся ў калгас імя Калініна (старшыня П.І.Пшано). На 1.1.1999 г. 60 двароў, 145 жыхароў, магазін, у складзе калгаса імя Чкалава.

Аніскавічы

АНІСКАВІЧЫ (мясцовая назва Онысковычы), вёска, цэнтр Аніскавіцкага сельсавета. Вядомы з XVI ст. (1563 г.) як сяло Вуглы Кобрынскай эканоміі ВКЛ. У 1563 г. сяло размяшчалася сярод балот на поўдзень ад в. Бародзічы, а валокі (рэзаныя) раздаваліся сялянам астраўкамі. Усяго 21 валока зямлі, з якіх 1 вольная была нададзена войту І.Валатковічу; 18 гаспадарак. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1890 г. вёска Вуглы складалася з 8 пасёлкаў: Аніскавічы, Выгода, Вашчэвічы, Дашэвічы, Дубіны, Мелянкова, Соўплі, Старадубцы, 1130 дзесяцін зямлі, у Гарадзецкай воласці. У 1897 г. вёска Вуглы (Аніскавічы), 44 двары, 251 жыхар, хлебазапасны магазін. У 1905 г. в. Аніскавічы, 321 жыхар. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Гарадзецкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 70 двароў, 394 жыхары. У 1930-я гады працавала школа. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. цэнтр Аніскавіцкага сельсавета, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. 64 двары, 454 жыхары, пачатковая школа, кааператыўная крама, сельсавет. У 1949 г. арганізаваны калгас імя А.Неўскага (старшыня М.Даўжук). На 1.1.1999 г. 86 двароў, 239 жыхароў, будынак выканкома сельсавета, сельскі Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, сярэдняя школа, у складзе калгаса імя Кірава.

Андронава

АНДРОНАВА, вёска ў Батчынскім сельсавеце, цэнтр аграфірмы-калгаса «Патрыкі». Упамінаецца ў 1465 г. У 1563 г. у Кобрынскай эканоміі Падляшскага, з 1566 г. Брэсцкага ваяводстваў ВКЛ. У 1729 г. сяло, 14 валок зямлі, мелася царква (уніяцкая). У 1704 г. брэсцкі падстароста Ян Бенклеўскі пацвердзіў Андронаўскай царкве 1,5 валокі зямлі, якія былі нададзены ёй яго продкамі. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1886 г. сяло ў Стрыгаўскай воласці, 23 двары, 264 жыхары, меліся праваслаўная царква і піцейны дом. У 1890 г. сяло, 393 дзесяціны зямлі, ваколіца Андронава (уладанні розных уласнікаў), 93 дзесяціны зямлі. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак, уладанне Ф.Банькоўскага, 552 дзесяціны зямлі. У 1897 г. у Андронаве 53 двары, 329 жыхароў, прыходская царква, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін. Вакол сяла размяшчаліся: маёнтак Андронава, 41 жыхар, працаваў маслабойны завод; жылы дом Андронава, 6 жыхароў і 4 прыватнаўласніцкія сядзібы Андронава, якія налічвалі адпаведна 7, 16, 5 і 5 жыхароў. У 1905 г. на месцы сучаснай вёскі існавалі: сяло, 452 жыхары, і маёнтак, 84 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Стрыгаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства. У 1921 г. Андронава — вёска, 35 двароў, 183 жыхары, і 2 фальваркі: Андронава 1-е, 4 двары, 43 жыхары; Андронава 2-е, 2 двары, 7 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Батчынскім сельсавеце. У 1940 г. Андронава — хутары, 11 двароў,77 жыхароў, школа; былыя фальваркі 1-ы, 2-і, 3-і, 4 двары, 25 жыхароў. На 1.1.1999 г. 132 двары, 339 жыхароў, сельскі клуб, адміністрацыйны будынак гаспадаркі.

Арэхаўкі

АРЭХАЎСКІ (мясцовая назва Оріховськый), пасёлак у Дзівінскім сельсавеце, цэнтр саўгаса Днепра-Бугскі (створаны ў студзені 1981). Пабудаваны ў 1980-я гады на месцы непраходнага балота. На 1.1.1999 г. 324 двары, 1248 жыхароў, амбулаторыя, дзіцячы сад, комплексны прыёмны пункт бытавога абслуговання насельніцтва, баня, 2 магазіны, сталовая, сярэдняя школа, сельскі Дом культуры, бібліятэка.

Асмолавічы

АСМОЛАВІЧЫ (мясцовая назва Осмоловычы), вёска ў Гарадзецкім сельсавеце. У 1786 г. сяло ў Брэсцкай эканоміі Брэсцкага ваяводства ВКЛ, 1 валока 90 маргоў зямлі ( 1 морг = 0,71 га). З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1897 г. вёска ў Іласкай воласці, каля гандлёвага шляху Антопаль — Пружанскі павет, 33 двары, 198 жыхароў, 189,25 дзесяціны зямлі (на 1890), народнае вучылішча. Побач знаходзіўся аднайменны пасёлак, 16 жыхароў, карчма. У 1905 г. у вёсцы 194 жыхары; пасёлку — 17. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Іласкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 25 двароў, 97 жыхароў. У 1930-я гады працавалі школа, вячэрнія курсы, тэатральны гурток. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Дзямідаўшчынскім, з 16.7.1954 г. у Грушаўскім, з 21.1.1961 г. у Гарадзецкім сельсаветах, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. 210 жыхароў. На 1.1.1999 г. 28 двароў, 51 жыхар, у складзе калгаса-камбіната імя Дзяржынскага.

Астраўляны

АСТРАЎЛЯНЫ (мясцовая назва Островляны), вёска ў Хідрынскім сельсавеце. У 1897 г. вёска ў Прускаўскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі, 22 двары, 133 жыхары, хлебазапасны магазін, майстэрня, 106 дзесяцін зямлі (разам з урочышчам Вялікі роў, на 1890). У 1905 г. 159 жыхароў і аднайменнае ўрочышча, 9 жыхароў. У 1921 г. у складзе Польшчы, у Прускаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 2 двары, 19 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Пескаўскім, з 16.7.1954 г. у Пецькаўскім, з 18.12.1972 г. у Хідрынскім сельсаветах. У 1940 г. 25 двароў, 131 жыхар. У 1949 г. арганізаваны калгас імя Астроўскага. На 1.1.1999 г. 60 двароў, 163 жыхары, у складзе аграфірмы «Беларусь».

Астромічы

ААСТРОМІЧЫ (да 1970 г. Астромічы Каралеўскія, мясцовая назва Остромічы), вёска, цэнтр Астроміцкага сельсавета і калгаса імя Мічурына. Вядомы з XVI ст. як сяло і маёнткі Астрамечаны ў Кобрынскім павеце ВКЛ. У 1559 г. адзін маёнтак Астрамечаны знаходзіўся ва ўладанні Барыса, Васкі і Івана Харычаў, другі — Мацвея, Андрэя Жалабовічаў і Богуша Казловіча. У сяле Астрамечаны сваю частку аселасці і маёмасці мелі Лазар Мачаловіч (разам з людзьмі), Лаўрын Лубвіч і Фёдар Мацкевіч. У 1563 г. сяло Астрамеч у Кобрынскай эканоміі, 24 валокі зямлі. У 1597 г. сяло (Астравец), у Кобрынскім старостве, 24 валокі зямлі, знаходзілася ў пажыццёвым уладанні ў Крыштофа Зяновіча, ваяводы брэсцкага. У 1612 г. маёнтак Астрамеч ва ўладанні К.Гарноўскага, у Брэсцкім ваяводстве. У 1786 г. у сяле 24 валокі 50 маргоў зямлі. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1890 г. Астромічы Каралеўскія, вёска ў Падалескай воласці, 430 дзесяцін зямлі; ваколіца (розныя ўладальнікі), 134 дзесяціны зямлі; маёнтак, уладанне Уладзіслава Баяроўскага, 345 дзесяцін зямлі. Непадалёку размяшчаліся: вёска Астромічы Шляхецкія, 38,75 дзесяціны зямлі; аднайменны маёнтак, уладанне Станіслава Манькоўскага, 236,5 дзесяціны зямлі; фальварак Астрамеч, уладанне П.Шыраева (разам з маёнткам Запруды, лясной дачай Гіркаўка 736 дзесяцін зямлі). У 1897 г. в. Астромічы Каралеўскія (Зарубічы), 17 двароў, 133 жыхары; в. Астромічы Каралеўскія (Гадкі), 30 двароў, 71 жыхар; в. Астромічы Каралеўскія (Канец), 18 двароў, 109 жыхароў; аднайменны выселак, 9 жыхароў, мелася кузня. Тры пасёлкі Астрамеч Каралеўскі (пры Маскоўска-Варшаўскай шашы) налічвалі 36 жыхароў, меліся ветраны млын, крама штучнага гандлю; аднайменны маёнтак, 35 жыхароў. У в. Астромічы Шляхецкія 13 двароў, 76 жыхароў; у аднайменных: ваколіцы — 10 двароў, 56 жыхароў; маёнтку — 35 жыхароў. У 1905 г. вёскі Астромічы, 336 жыхароў, і Астрамеч Шляхецкі, 129 жыхароў; маёнткі: Астрамеч Каралеўскі, 16 жыхароў, і Астрамеч Шляхецкі, 17 жыхароў. Працавала народнае вучылішча, у якім у 1905/06 навучальным годзе было 70 хлопчыкаў, 8 дзяўчынак. У 1906 г. сяляне в. Астромічы адмаўляліся працаваць у памешчыка. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Падалескай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства. Астрамеч Каралеўскі, вёска, 52 двары, 299 жыхароў, і фальварак, 2 двары, 30 жыхароў; Астрамеч Шляхецкі, вёска, 20 двароў, 108 жыхароў, і фальварак, 4 двары, 30 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Жухавецкім сельсавеце, з 16.7.1954 г. в. Астромічы — цэнтр сельсавета. У 1940 г. існавалі хутары Астрамеч Каралеўскі, 61 двор, 361 жыхар, паравы млын, магазін, і Астрамеч Шляхецкі, 30 двароў, 190 жыхароў, пачатковая школа; аднайменныя маёнткі: 2 двары, 15 жыхароў, і 1 двор, 20 жыхароў. На 1.1.1999 г. 285 двароў, 908 жыхароў; будынкі выканкома сельсавета і адміністрацыі калгаса імя Мічурына, магазін, сельскі Дом культуры, бібліятэка, музычная і сярэдняя школы, фельчарска-акушэрскі пункт. Помнік на магіле 18 савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 г.

Навигация

Поиск по сайту

Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину


https://dozeninfo.com/news/whatsapp_rassylka_vozmozhnosti_i_organizacija/2021-09-26-10245