Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Населённые пункты Кобринского района от А до Я

Верхалессе

ВЕРХАЛЕССЕ (мясцовая назва Вэрхоліссе), вёска ў Навасёлкаўскім сельсавеце, цэнтр калгаса імя Чкалава. У 1668 г. сяло ў Палескім ключы Брэсцкай эканоміі ВКЛ, 24 валокі зямлі. У 1682 г. у Чарнянскім войтаўстве таго ж ключа, 24 валокі зямлі. Інвентар адзначаў дрэнную якасць зямлі («злы грунт»). У 1789 г. вёска ў Астроўскім ключы той жа эканоміі, 24 двары, 120 жыхароў, карчма, бровар. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрын-скім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1886 г. Верхалессе (Мажахіны) — сяло Верхалескай воласці, 22 двары, 295 жыхароў, Мікалаеўская царква, школа, ветраны млын, піцейны дом. Верхалескі праваслаўны прыход у 1888 г. налічваў 1720 вернікаў. У народным вучылішчы ў 1889/90 навучальным годзе было 45 хлопчыкаў, 1 дзяўчынка, ў 1892/93 г. — 42 хлопчыкі. У 1897 г. 45 двароў, 327 жыхароў, 693,75 дзесяціны зямлі (на 1890), хлебазапасны магазін, прыходская царква. У 1905 г. 396 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Навасёлкаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 57 двароў, 357 жыхароў, школа. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Дзівінскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. цэнтр сельсавета, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне, з 30.10.1959 г. у Навасёлкаўскім сельсавеце. У 1940 г. 103 двары, 309 жыхароў, пачатковая школа, паравы млын, магазін, сельсавет. На 1.1.1999 г. 172 двары, 439 жыхароў, будынак адміністрацыі калгаса імя Чкалава, магазін, сельскі Дом культуры, бібліятэка, сярэдняя школа, фельчарска-акушэрскі пункт. Помнік на ўшанаванне памяці 58 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Воса

ВОСА – вёска, цэнтр Восаўскага с/с, за 40 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 69 км ад Брэста. Транспартныя сувязі па аўтадарозе Макраны-Дзівін- Кобрын. 149 гаспадарак, 380 жыхароў (2005). Па пісьмовых крыніцах вядома з XVI ст. У 1566 г. вёска Осая ў Дзівінскім войтаўстве Палескай вол., 36 заселеных участкаў. У 1668 г. Воса – сяло Палескага ключа Брэсцкай эканоміі Рэчы Паспалітай. Разам з сялом Барысаўка налічвала 24 валокі зямлі. У 1789 г. вёска ў Дзівінскім ключы той жа эканоміі, 16 гаспадарак, карчма. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав., з 1801 г. ў Гродзенскай губ. 19.12.1795 г. вёска падаравана ва ўладанне нашчадкам ген.-фельдмаршала графа П.А.Румянцава-Задунайскага; 168 жыхароў. У 1890 г. вёска (1332 1/2 дзес. зямлі) і маёнтак, уладанне Леапольда Гоха (449 1/2 дзес. зямлі), у Дзівінскай вол. У 1897 г. ў вёсцы 65 двароў, 397 жыхароў, прыпісная царква да Дзівінскай Успенскай царквы; у маёнтку – 10 жыхароў. У 1905 г. вёска налічвала 967 жыхароў, маёнтак – 10 жыхароў. У 1911 г. вёска (487 жыхароў) і 5 аднайменных маёнткаў (разам 40 жыхароў) – уладанні Трафіма, Харлампа, Калістрата Сергіевічаў Пятра Лесніка. З 1921 г. вёска ў складзе Польшчы, у Дзівінскай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв., 93 дамы, 468 жыхароў. У 1930-я г. працавалі школа, вячэрнія курсы, чытальня, тэатральны і харавы гурткі. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Дзівінскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10. 1940 г. – цэнтр сельсавета, з 8.8.1959 г. ў Маларыцкім, з 25.12.1962 г. ў Кобрынскім раёнах. У 1940 г. вёска, 108 двароў, 661 жыхар, працавалі пач. школа, сельпо з 1 гандл. кропкай, пажарнае дэпо, сельсавет. На тэр. сельсавета было 8 населеных пунктаў. У Вялiкую Айчынную вайну Воса акупіравана ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. У 1950 г. 60 гаспадарак аб'ядналіся ў калгас «Савецкая Беларусь» (старшыня Д.Сергіевіч). Паводле перапісу ў 1959 г. ў вёсцы было 462 жыхары. У 1970 г. 164 гаспадаркі, 529 жыхароў, размяшчалася праўленне калгаса. У 1999 г. ў вёсцы 169 гаспадарак, 435 жыхароў, цэнтр калгаса «Дружба народаў». Размешчаны будынкі выканкома сельсавета і адміністрацыі калгаса, магазін, фельч.-акушэрскі пункт, сталовая, Дом культуры, б-ка, сярэдняя школа, камбінат быт. абслугоўвання, ветэрынарны ўчастак, аддз. сувязі.

Восаўцы

ВОСАЎЦЫ – вёска ў Астроміцкім с/с, за 19 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 65 км ад Брэста. Транспартныя сувязі па шашы Кобрын-Баранавічы. 31 гаспадарка, 58 жыхароў (2005). Упершыню ўпамінаюцца ў 1563 г. як урочышча. У 1897 г. Восаўцы ў Падалескай вол. Кобрынскага пав. Гродзенскай губ., 6 уласніцкіх сядзіб, 46 жыхароў (разам). Сярод сядзіб знаходзіўся дом ляснога ахоўніка Восаўцы, 6 жыхароў. У 1905 г. ўрочышча, 61 жыхар. У 1911 г. фальварак, 61 жыхар. З 1921 г. ў складзе Польшчы, у Падалескай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв.; вёска і леснічоўка, 10 двароў, 88 жыхароў. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Жухавецкім, з 16.7.1954 г. ў Астроміцкім сельсаветах. У 1940 г. вёска, 10 двароў, 101 жыхар, працаваў магазін. У Вялiкую Айчынную вайну Восаўцы акупіраваны ням.-фаш. Захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. У 1948 г. створаны калгас «30 гадоў Кастрычніка» (старшыня Абрамчук). Паводле перапіса у 1959 г. ў вёсцы 121 жыхар, у 1970 г. – 154 жыхары. У 1999 г. было 36 гаспадарак, 74 жыхары, у складзе калгаса імя Леніна (з 2004 ААТ «Астромічы»; цэнтр – в. Плянта).

Вострава

ВОСТРАВА, вёска ў Тэвельскім сельсавеце. Упамінаецца ў 1563 г. як сяло Станкі. У 1712 г. вёска ў Чаравачыцкім ключы Кобрынскай эканоміі ВКЛ. Розныя ўладальнікі мелі ў вёсцы па 2 ці 4 валокі зямлі. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У маёнтку Востраў (Вострава), каля вёскі, жыў адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гг. Р.Л.Траўгут. Пасля пакарання Таўгута ў жніўні 1864 г. маёнтак канфіскаваны. У 1890 г. маёнтак, 694,5 дзесяціны зямлі знаходзіліся ва ўладанні Л.Навамейскага; у вёсцы — 420,75 дзесяціны зямлі. У 1897 г. вёска, 36 двароў, 283 жыхары, хлебазапасны магазін; маёнтак, 36 жыхароў. У 1905 г. у вёсцы 412 жыхароў, у маёнтку 41. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Стрыгаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, вёска, 36 дамоў, 200 жыхароў, і фальварак, 1 дом. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Стрыгаўскім, з 11.8.1959 г. у Тэвельскім сельсаветах. У 1940 г. Вострава — хутары, 52 двары, 338 жыхароў; былы фальварак, 5 двароў, 40 жыхароў. На 1.1.1999 г. вёска, 57 двароў, 125 жыхароў, у складзе калгаса імя Дзімітрова.

Выгода

ВЫГАДА, вёска ў Аніскавіцкім сельсавеце. У 1890 г. пасёлак у складзе в. Вуглы Гарадзецкай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак, уладанне П.Штэра, пасёлкі Камень-Каралеўскі, Франопаль і Выгада, 140 дзесяцін зямлі (розныя ўладальнікі). У 1897 г. Вуглы (Выгада), вёска, 20 двароў, 133 жыхары, піцейны дом. У 1905 г. вёска Выгада, 145 жыхароў, і казённы плот Выгада, 15 жыхароў. З 1921 г. вёска ў складзе Польшчы, у Гарадзецкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 12 двароў, 56 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Аніскавіцкім сельсавеце, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. 133 жыхары. У 1950 г. 15 вясковых гаспадарак аб’ядналіся ў калгас імя Крупскай (старшыня А.Дубіна). На 1.1.1999 г. 15 двароў, 33 жыхары, у складзе калгаса імя Кірава. Помнік на магіле савецкага салдата У.А.Болдырава, які загінуў у Вялікую Айчынную вайну.

Вялiкi Рудзец

ВЯЛІКІ РУДЗЕЦ – вёска ў Гарадзецкім с/с, на паўд. беразе Дняпроўска-Бугскага канала. За 29 км на ПдУ ад г. Кобрын, 5 км ад чыг. ст. Гарадзец (на лініі Брэст-Гомель), 73 км ад Брэста. Транспартныя сувязі па шашы Кобрын-Лунінец і далей на пароме. 26 гаспадарак, 54 жыхары (2005). У 1563 г. Вялікая Рудца – урочышча-востраў с. Вуглы Вуглоўскага войтаўства Кобрынскай эканоміі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав., з 1801 г. ў Гродзенскай губ. У 1890 г. вёска, 968 1/2 дзес. зямлі (разам з пас. Жукі), і пасёлак, 92 дзес. зямлі; у Гарадзецкай вол. Побач знаходзіліся 2 аднайменныя маёнткі, уладанні: А.Штэра, 2100 1/4 дзес. зямлі (разам з калоніяй Дзюрдзюўка), і Б.Снежкі-Блоцкага, 674 дзес. зямлі. У 1897 г. вёскі: Рудзец 1 – 33 двары, 214 жыхароў, хлебазапасны магазін; Рудзец 2 – 44 двары, 257 жыхароў; выселак Рудзец (Вугал) – 5 жыхароў. У 2 маёнтках адпаведна 13 і 42 жыхары. У 1905 г. вёска налічвала 520 жыхароў, маёнткі – 6 і 20 жыхароў. У 1911 г. вёска Рудзец, 504 жыхары; 2 маёнткі Рудзец – уладанне Андронаўскіх (53 жыхары) і ўладанне Б.Снежкі-Блоцкага (8 жыхароў). З 1921 г. ў складзе Польшчы, у Гарадзецкай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв. Вялікі Рудзец – вёска (33 двары, 136 жыхароў) і фальварак (2 двары, 18 жыхароў). У 1930-я г. працавалі школа, вячэрнія курсы, чытальня, тэатральны гурток. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Антопальскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Гарадзецкім с/с, з 8.8.1959 г. ў Кобрынскім р-не. У 1940 г. вёска налічвала 284 жыхары. У Вял Айч. вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г.  У 1950 г. арганізаваны калгас імя Шчорса (старшыня Кулік). Паводле перапісу 1959 г. Вялікі Рудзец налічваў 217 жыхароў. У 1970 г. – 143 жыхары. У 1999 г. вёска, 29 гаспадарак, 67 жыхароў, у складзе калгаса-камбіната імя Дзяржынскага (з 2004 ААТ «Гарадзец-Агра»; цэнтр – в. Гарадзец). Працуе магазін.

Вялiкiя Лепясы

ВЯЛІКІЯ ЛЕПЯСЫ (мясцовая назва Вылыкі Лыпысы), вёска ў Буховіцкім сельсавеце. У 1563 г. Лепясы — маёнтак у Брэсцкім ваяводстве ВКЛ. У маёнтку быў пабудаваны манастыр з царквой Крыжа Гасподня, які ў 1638 г. атрымаў 1 валоку 9 маргоў зямлі і дазвол на рыбную лоўлю ад В.Ю.Прышыхоцкага і яго жонкі Р.А.Пякарскай. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1890 г. вёска ў Стрыгаўскай воласці, 314 дзесяцін зямлі. Побач знаходзіліся маёнткі Лепясы і Дубава, уладанне Дз.Грозмана, 256 дзесяцін зямлі. У 1897 г. вёска Вялікія Лепясы (2 вярсты ад чыгункі Брэст — Бранск і р. Мухавец), 35 двароў, 227 жыхароў, хлебазапасны магазін, карчма, крама, цагельны завод. Каля вёскі размяшчаліся: дом аховы пры плаціне № 4, 8 жыхароў; маёнтак, 8 жыхароў; ваенныя казармы (пры Маскоўска-Варшаўскай шашы), 2562 вайскоўцы і інш., 2 палкавыя царквы, палкавыя майстэрні, будынак ваеннага сходу з буфетам, салдацкая чайная і прадуктовая крама. У 1905 г. у вёсцы 284 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Стрыгаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, вёска, 33 двары, 184 жыхары, і фальварак Лепясы, 2 двары, 11 жыхароў. У 1930-я гады працавалі школа, вячэрнія курсы, чытальня. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. цэнтр Лепясоўскага сельсавета, з 30.10.1959 г. у Яроміцкім, з 19.7.1976 г. у Буховіцкім сельсаветах. У 1940 г. 75 двароў, 409 жыхароў, цагельны завод, магазін, сельсавет, чырвоны куток, пачатковая школа, хата-чытальня, дзіцячы сад, крама. У 1947 г. у вёсцы дзейнічалі медпункт, цагельны завод (старшыня сельсавета Н.І.Шаўчук). На 1.1.1999 г. 457 двароў, 1246 жыхароў, у складзе калгаса «Кобрынскі». Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Вялiчкавiчы

ВЯЛІЧКАВІЧЫ (мясцовая назва Вылычковычы), вёска ў Аніскавіцкім сельсавеце. У 1890 г. пасёлак у складзе вёскі Чалішчавічы Гарадзецкай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі. У 1897 г. вёска, 12 двароў, 79 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Гарадзецкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 17 двароў, 84 жыхары. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Аніскавіцкім сельсавеце, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. 74 жыхары. На 1.1.1999 г. 9 двароў, 16 жыхароў, у складзе калгаса імя Кірава.

Навигация

Поиск по сайту

Наши партнеры

Центр-Тур, Туризм, Путешествие, Кобрин, Беларусь