Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Населённые пункты Кобринского района от А до Я

Ліпава

ЛІПАВА – вёска ў Гарадзецкім с/с, за 19 км на У ад г. Кобрын, 63 км ад Брэста; чыг. станцыя на лініі Жабінка–Драгічын. 49 гаспадарак, 110 жыхароў (2005). У 1890 г. Ліпава – вёска Гарадзецкай вол. Кобрынскага пав. Гродзенскай губ., 214 жыхароў (на 1885), 380 дзес. зямлі. Побач з вёскай знаходзіліся аднайменныя: маёнтак, уладанне І.Аніхімоўскага, 460 1/2 дзес. зямлі, і ўчастак (розныя ўладальнікі), 129 дзес. зямлі. У 1897 г. ў вёсцы было 44 двары, 266 жыхароў працаваў хлебазапасны магазін; у маёнтку – 3 двары, 27 жыхароў. У 1905 г. вёска (301 жыхар) і маёнтак (8 жыхароў), у 1911 г. адпаведна 309 і 5 жыхароў (маёнтак знаходзіўся ва ўладанні Надзеі Буш). У 1921 г. ў складзе Польшчы, у Гарадзецкай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв. Вёска Ліпава і асада Ліпава-Садовіна разам налічвалі 21 двор, 115 жыхароў; фальварак Ліпава – 1 двор, 5 жыхароў (1921). З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Антопальскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Каменскім, з 16.7.1954 г. ў Гарадзецкім сельсаветах, з 8.8.1959 г. ў Кобрынскім р-не.У 1940 г. ў вёсцы 331 жыхар.У Вялiкую Айчынную вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. У 1949 г. 30 гаспадарак аб'ядналіся ў калгас імя Будзённага (старшыня М.Брашчук).Паводле перапісу 1959 г. Ліпава налічвала 237 жыхароў, у 1970 г. – 241 жыхара. У 1999 г. 60 гаспадарак, 132 жыхары, у складзе калгаса-камбіната імя Дзяржынскага (з 2004 ААТ «Гарадзец-Агра»; цэнтр – в. Гарадзец). Працуе магазін. У в. Ліпава нарадзіўся М.П.Гром, які ў Вял. Айч. вайну быў сувязным у партыз. брыгадзе «За Радзіму» імя Флегантава.

Ліпава

ЛІПАВА – вёска ў Дзівінскім с/с, за 26 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 72 км ад Брэста. Транспартныя сувязі па аўтадарозе Кобрын-Дзівін. 25 гаспадарак, 37 жыхароў (2005). У 1563 г. ўрочышча Ліпнікі ў складзе с. Хабовічы. У 1566 г. вёска Ліпавая ў Дзівінскім войтаўстве Палескай вол., 22 заселеныя ўчасткі.У 1668 г. Ліпава – фальварак Палескага ключа Брэсцкай эканоміі, 22 валокі зямлі. У 1789 г. фальварак у Дзівінскім ключы той жа эканоміі, размяшчаўся дворны агарод. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав., з 1801 г. ў Гродзенскай губ. У 1890 г. Ліпава – маёнтак у Блоцкай (Балоцкай) вол., уладанне Е.Тумінскай, 3440 дзес. зямлі (разам з фальваркам Мікалаева). У 1897 г. ў маёнтку 1 двор, 37 жыхароў, у 1905 г. было 29 жыхароў. У 1911 г. вёска, 213 жыхароў. У 1921 г. ў складзе Польшчы, у Дзівінскай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв., 16 дамоў, 116 жыхароў. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Дзівінскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Ягмінаўскім, з 16.7.1954 г. ў Дзівінскім сельсаветах. У 1940 г. вёска налічвала 29 двароў 187 жыхароў. У Вялiкую Айчынную вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г.У 1949 г. жыхары вёсак Ор і Ліпава арганізавалі калгас імя 70-годдзя І.В.Сталіна. Паводле перапісу 1959 г. ў в. Ліпава было 154 жыхары, у 1970 г. – 192 жыхары. У 1999 г. 34 гаспадаркі, 54 жыхары, у складзе калгаса «Новае жыццё» (цэнтр – в. Дзівін).

Ліпнiкi

ЛІПНІКІ – вёска ў Гарадзецкім с/с, на паўн. беразе Дняпроўска-Бугскага канала. За 22 км на ПдУ ад г. Кобрын, 6 км ад чыг. ст. Гарадзец (на лініі Брэст–Гомель), 66 км ад Брэста. Транспартныя сувязі па лясной дарозе і далей па шашы Кобрын-Лунінец. 2 гаспадаркі, 2 жыхары (2005). У 1563 г. ўпамінаецца ўрочышча Ліпавы Груд Гарадзецкага гасп. двара. У 1897 г. Франопаль (Ліпнікі) – вёска пры Палескай чыгунцы, у Гарадзецкай вол. Кобрынскага пав. Гродзенскай губ., 18 двароў, 107 жыхароў. З 1921 г.ўскладзе Польшчы, у Гарадзецкай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв., 9 дамоў, 50 жыхароў. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Антопальскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Каменскім, з 16.7.1954 г. ў Гарадзецкім сельсаветах, з 8.8.1959 г. ў Кобрынскім р-не. У 1940 г. вёска налічвала 99 жыхароў. У Вялiкую Айчынную вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. 22.12.1942 г. ням. акупанты спалілі в. Арол (12 двароў), якая знаходзілася за 1 км на Пд ад в. Ліпнікі, на беразе Дняпроўска-Бугскага канала. 18 вяскоўцаў загінулі ў Вял. Айч. вайну. У 1974 г. на месцы спаленай вёскі ўстаноўлены помнік. Паводле перапісу 1959 г. Ліпнікі налічвалі 57 жыхароў (вёска і аднайменны хутар), у 1970 г. – 49 жыхароў. У 1999 г. 2 гаспадаркі, 3 жыхары, у складзе калгаса-камбіната імя Дзяржынскага (з 2004 ААТ «Гарадзец-Агра»; цэнтр – в. Гарадзец).

Літвiнкi

ЛІТВІНКІ (Ліцвінкі) – вёска ў Батчынскім с/с, за 12 км на ПнЗ ад г. Кобрын, 5 км ад чыг. ст. Батча (на лініі Брэст-Кобрын), 52 км ад Брэста. 78 гаспадарак, 206 жыхароў (2005). У 1563 г. Літвінкі – сяло воласці Чаравачыцкага двара Кобрынскай эканоміі, 19 валок зямлі, 19 гаспадарак. Побач знаходзіўся засценак, 60 маргоў зямлі, уладанне В.Твароўскага. У 1597 г. сяло ў Патрыкаўскім войтаўстве Кобрынскага староства, 19 валок зямлі, з якіх 1 валока вольная (на войта). У 1712 г. вёска Чаравачыцкага ключа Кобрынскай эканоміі; па 6 валок зямлі ў вёсцы мелі Ядоўскі і Пачобут. У 1744 г. вял. князь ВКЛ і кароль Польшчы Аўгуст III выдаў Шагану і Іаанне Абрагімовічам прывілей на 12 валок зямлі ў вёсцы (на чыншавай аплаце). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав., з 1801 г. ў Гродзенскай губ. У 1886 г. вёска ў Прускаўскай вол., 28 двароў, 334 жыхары; працавала нар. вучылішча, у якім у 1889/90 навуч. годзе займаліся 26 хлопчыкаў, у 1892–93 гг. – 27 хлопчыкаў, 2 дзяўчынкі. У 1890 г. Літвінкі налічвалі 548 1/4 дзес. зямлі; уладальнік І.Мальчук пры вёсцы меў 63 дзес. зямлі. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак, уладанне Шадурскіх, 1421 1/2 дзес. зямлі (у 1841 маёнтак, спадчыннае ўладанне І.І.Шадурскага, уключаў фальваркі і вёскі Літвінкі, Пруск, Ластоўкі з 533 сялянамі). У 1897 г. ў вёсцы 47 двароў, 398 жыхароў, нар. вучылішча, хлебазапасны магазін; у маёнтку – 33 жыхары; у пас. Літвінкі 2–1 двор, 10 жыхароў (сям'я Ю.Паразоўскага). У 1905 г. вёска налічвала 428 жыхароў, маёнтак – 32 жыхары; у нар. вучылішчы ў 1905– 06 гг. вучыліся 32 хлопчыкі, 8 дзяўчынак. У 1911 г. ў вёсцы 490 жыхароў, у маёнтку С.Шадурскага – 50 жыхароў, у маёнтку Б.Шадурскага – 44 жыхары. З 1921 г. ў складзе Польшчы, у Прускаўскай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв.; вёска – 27 двароў, 134 жыхары, і фальварак – 3 двары, 20 жыхароў. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Батчынскім с/с таго ж раёна. У 1940 г. Літвінкі: хутары – 64 двары, 340 жыхароў, і былы маёнтак – 2 двары, 33 жыхары. У Вялiкую Айчынную вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. У 1948 г. арганізаваны калгас «Запаветы Ільіча» (старшыня Мальчук). Паводле перапісу 1959 г. вёска налічвала 344 жыхары, у 1970 г. – 304 жыхары. У 1999 г. 81 гаспадарка, 218 жыхароў, у складзе калгаса «Запаветы Ільіча» (з 2004 СВК «Батчы»; цэнтр – в. Батчы). У в. Літвінкі нарадзілася В.С.Селівонік, удзельніца рэв. руху ў Зах. Беларусі, ганаровы грамадзянін г. Брэст (1969).

Ластаўкі

ЛАСТАЎКІ – вёска ў Тэвельскім с/с, за 12 км на ПнЗ ад г. Кобрын, 4 км ад чыг. ст. Стаўпы (на лініі Брэст–Баранавічы), 45 км ад Брэста. 41 гаспадарка, 103 жыхары (2005). У 1563 г. Ластаўкі – сяло Глінянскага войтаўства Кобрынскай эканоміі, 29 валок зямлі, з якіх вольных: 1 валока на войта, 2 валокі на служкоўства; 18 гаспадарак (сярод гаспадароў 2 лаўнікі). У 1786 г. сяло Брэсцкай эканоміі, 29 валок зямлі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав., з 1801 г. ў Гродзенскай губ. У 1890 г. вёска Прускаўскай вол., 418 дзес. зямлі. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак, уладанне В.Шадурскага, 664 1/2 дзес. зямлі. У 1897 г. вёска, 35 двароў 264 жыхары, меліся школа граматы, хлебазапасны магазін; маёнтак налічваў 17 жыхароў. У 1905 г. ў вёсцы 294 жыхары, у маёнтку – 23 жыхары. У 1911 г. вёска (285 жыхароў) і маёнтак (36 жыхароў; розныя ўладальнікі) знаходзіліся на тэр. Прускаўска-Раманаўскай вол. таго ж павета. З 1921 г. вёска ў складзе Польшчы, у Прускаўскай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв., 18 дамоў, 78 жыхароў. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Стрыгаўскім, з 11.8.1959 г. ў Тэвельскім сельсаветах. У 1940 г. 67 двароў, 263 жыхары.У Вялiкую Айчынную вайну вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. У 1949 г. 30 гаспадарак аб'ядналіся ў калгас імя Горкага. Паводле перапісу 1959 г. Ластаўкі налічвалі 272 жыхары, у 1970 г. – 155 жыхароў. У 1999 г. 48 гаспадарак, 124 жыхары, у складзе калгаса «Глінянскі» (цэнтр – в. Глінянкі). Працуе магазін.

Лелікава

ЛЕЛІКАВА – вёска ў Дзівінскім с/с, на паўд.-ўсх. беразе Церабовіцкага канала. За 47 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 97 км ад Брэста. 332 гаспадаркі, 1077 жыхароў (2005). Вядома ў XVI ст. на тэр. Ратненскага пав. Каралеўства Польскага. У 1546 г. ўпамінаюцца Лолікаўцы. У 1774 г. Лелікава – маёнтак у складзе Холмскай зямлі Рэчы Паспалітай (тэр. Польшчы). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Ковельскім пав. У 1883 г. вёска, цэнтр Лелікаўскай вол., у Ратненскай паліцэйскай акрузе. Побач знаходзіўся аднайменны фальварак, уладанне Быкоўскіх. Мелася каталіцкая капліца Ратненскай парафіі. У XVIII ст. ў вёсцы пабудавана драўляная Дзмітрыеўская царква (захавалася да нашага часу). З 1921 г. вёска ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Камень-Кашырскага пав. Палескага ваяв., 157 дамоў, 744 жыхары. На тэр. гміны налічвалася 136 населеных пунктаў 10 372 жыхары. У 1930-я г. ў вёсцы працавалі школа, вячэрнія курсы, чытальня, тэатральны гурток. У 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 ў Дзівінскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. да 16.7.1954 г. – цэнтр Лелікаўскага с/с, потым у складзе Павіццеўскага, Дзівінскага (1970) сельсаветаў, з 8.8.1959 г. ў Кобрынскім р-не. У 1940 г. ў в. Лелікава 266 двароў, 1294 жыхары, меліся няпоўная сярэдняя і пач. школы, магазін, хата-чытальня, паштовае аддз., сельсавет (тэлефанізаваны), медпункт, пажарнае дэпо, участкі лясгаса і леспрамгаса. На тэр. сельсавета знаходзіліся 4 населеныя пункты, 378 двароў, 1489 жыхароў. У Вялiкую Айчынную вайну ў баях з ням.-фаш. захопнікамі загінулі 39 аднавяскоўцаў (у 1965 на могілках устаноўлены абеліск). У 1949 г. 60 гаспадарак аб'ядналіся ў калгас «Чырвоная зорка». Паводле перапісу 1959 г. вёска налічвала 960 жыхароў, у 1970 г. – 1084 жыхары, дзейнічала праўленне калгаса. У 1999 г. 354 гаспадаркі, 1064 жыхары, цэнтр калгаса «Чырвоная зорка». Працуюць магазін, фельч.-акушэрскі пункт, Дом культуры, б-ка, сярэдняя школа, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры – Дзмітрыеўская царква.

Лука

ЛУКА – вёска ў Астроміцкім с/с, за 28 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 72 км ад Брэста. Транспартныя сувязі па аўтадарогах Кобрын–Івацэвічы і Брэст– Мінск. 234 гаспадаркі, 651 жыхар (2005). У 1897 г. Лука – вёска Іласкай вол. Кобрынскага пав. Гродзенскай губ., 28 двароў, 229 жыхароў, мелася кузня. Побач знаходзіліся аднайменныя: выселак (пры Маскоўска-Брэсцкай шашы; 6 жыхароў) і лясная ахова (5 жыхароў).  У 1905 г. вёска налічвала 200 жыхароў, выселак – 9, ахова – 7 жыхароў. У 1911 г. ў вёсцы 316 жыхароў. У 1921 г. ў складзе Польшчы, у Іласкай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв., 29 дамоў, 146 жыхароў. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Антопальскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. да 16.7.1954 г. ў Іласкім с/с, з 8.8.1959 г. ў Кобрынскім р-не. У 1940 г. вёска налічвала 366 жыхароў. У Вялiкую Айчынную вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. У 1944 г. ням. акупанты расстралялі 30 вяскоўцаў (у 1974 на ўшанаванне іх памяці ўстаноўлена мемарыяльная дошка). У 1949 г. арганізаваны калгас імя К. Маркса. Паводле перапісу 1959 г. ў вёсцы 223 жыхары, у 1970 г. – 213 жыхароў. У 1999 г. 228 гаспадарак, 721 жыхар, цэнтр племзавода «Дружба». Працуюць магазін, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, дзіцячы сад, сярэдняя школа.

Луцэвічы

ЛУЦЭВІЧЫ – вёска ў Бухавіцкім с/с, за 6 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 49 км ад Брэста. На шашы Брэст-Мінск. 133 гаспадаркі, 357 жыхароў (2005). У 1890 г. Луцэвічы – вёска ў Падалескай вол. Кобрынскага пав. Гродзенскай губ., 214 1/2 дзес. зямлі. Побач знаходзіўся аднайменны пасёлак, 22 дзес. зямлі (розныя ўладальнікі). У 1897 г. ў вёсцы 48 двароў, 323 жыхары, хлебазапасны магазін, кузня, піцейны дом; дом аховы №16 на 14-й вярсце ад ст. Запруды–Кобрын налічваў 7 жыхароў. У 1905 г. вёска, 335 жыхароў. У 1911 г. вёска (415 жыхароў) і аднайменны дом каля шашы (5 жыхароў). З 1921 г. вёска ў складзе Польшчы, у Падалескай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв., 18 двароў 103 жыхары. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Лепясоўскім, з 30.10.1959 г. ў Яроміцкім, з 19.7.1976 г. ў Бухавіцкім сельсаветах. У 1940 г. вёска, 65 двароў 259 жыхароў, і б. фальварак Луцэвічы, 6 двароў, 30 жыхароў. У Вялiкую Айчынную вайну Луцэвічы акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. У 1947 г. пабудаваны будынак пач. школы. Паводле перапісу 1959 г. вёска налічвала 280 жыхароў, у 1970 г. – 300 жыхароў.
У 1999 г. 143 гаспадаркі, 387 жыхароў, у складзе калгаса «Кобрынскі» (цэнтр – в. Імянін). Працуюць магазін, пач. школа.

Лушчыкі

ЛУШЧЫКІ – вёска ў Астроміцкім с/с, каля р. Мухавец. За 13 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 56 км ад Брэста. Транспартныя сувязі па шашы Брэст- Баранавічы. 53 гаспадаркі, 123 жыхары (2005). У 1563 г. сяло Укалоды (Уклоды) Астрамецкага войтаўства Кобрынскай эканоміі; 6 валок зямлі, з якіх 4 вольныя валокі былі дадзены на асочніцтва, а 2 валокі «на плаце» (баброўніцкія). Асочнікі (І.Карагодавіч з 2 сынамі і 2 браты Аўдзеевічы) ахоўвалі Кобрынскую пушчу разам з ляснічымі; баброўнікі плацілі чынш. У 1597 г. сяло Лягатаўскага войтаўства той жа эканоміі, 6 валок зямлі, з якіх 1 валока вольная (на асочніцтва). Інвентар адзначаў дрэнную якасць зямлі сяла. У 1742 г. сяло Лушчыкі (Уклоды), у складзе Кобрынскай эканоміі, 7 валок зямлі. У 1795 г. вёска, 5 гаспадарак, 26 жыхароў. Каля вёскі, у моста цераз р. Мухавец, знаходзіўся жылы дом ляснічага з гасп. пабудовамі і млыном. У 1890 г. ў складзе Падалескай вол. Кобрынскага пав. Гродзенскай губ., 357 дзес. зямлі. У 1897 г. 48 двароў, 293 жыхары, хлебазапасны магазін; побач размяшчалася былая карчма, 6 жыхароў. У 1905 г. ў вёсцы 326 жыхароў. У 1911 г. 358 жыхароў. У 1921 г. ў Падалескай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв. Польшчы, 30 дамоў, 188 жыхароў. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Жухавіцкім, з 16.7.1954 г. ў Астроміцкім сельсаветах. У 1940 г. Лушчыкі – хутары, 60 двароў, 263 жыхары. У Вялiкую Айчынную вайну ў баях з ням.-фаш. захопнікамі загінулі 6 жыхароў вёскі, 23 вяскоўцы былі расстраляны ням. акупантамі. У 1957 г. на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму ў цэнтры вёскі ўстаноўлены абеліск. У 1949 г. 35 гаспадарак аб'ядналіся ў калгас «Шлях Ільіча» (старшыня А.Дз.Страчук). Паводле перапісу 1959 г. Лушчыкі налічвалі 265 жыхароў, у 1970 г. – 236 жыхароў. У 1999 г. 39 гаспадарак, 76 жыхароў, у складзе калгаса імя Мічурына (цэнтр – в. Астромічы). У в. Лушчыкі нарадзіўся С.Дз.Страчук, які ў гады Вял. Айч. вайны з'яўляўся сакратаром аргцыі КСМЗБ, а таксама знаходзіўся на ваенна-будаўнічых работах у сав. тыле.

Лышчыкі

ЛЫШЧЫКІ – вёска ў Тэвельскім с/с, за 16 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 53 км ад Брэста. На чыг. ст. Стаўпы (на лініі Брэст-Баранавічы). Транспартныя сувязі па аўтадарогах на Камянец, Жабінку. 53 гаспадаркі, 107 жыхароў (2005). У 1563 г. згадваецца с. Данкавічы. У 1786 г. Лышчыкі – сяло ў Брэсцкай эканоміі, 27 валок 7 маргоў зямлі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Пружанскім пав., з 1801 г. ў Гродзенскай губ. У 1890 г. вёска ў Мураўёўскай вол., 248 1/2 дзес. зямлі. Побач знаходзіліся: маёнтак Лышчыкі, уладанне А.Чарноцкай, 217 дзес. зямлі; 2 маёнткі Лышчыкі-Боркі, уладанні В. і С. Властоўскіх (Уластоўскіх, 167 дзес. зямлі), П.Баркоўскага (90 1/2 дзес. зямлі). У 1897 г. вёска, 21 двор, 294 жыхары, меліся хлебазапасны магазін, кузня, ветраны млын, і сядзіба млынара (8 жыхароў); у 2 маёнтках 9 і 12 жыхароў, у фальварку – 11 жыхароў. У 1905 г. вёска, 248 жыхароў, і 3 аднайменныя маёнткі – адпаведна 2,8 і 9 жыхароў.З 1921 г. ў складзе Польшчы, у Мацясоўскай гміне Пружанскага пав. Палескага ваяв.; вёска – 13 двароў, 78 жыхароў, фальварак – 5 жыхароў, калонія – 4 двары, 19 жыхароў. У 1930-я г. працавалі школа і вячэрнія курсы. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Стрыгаўскім, з 11.8.1959 г. ў Тэвельскім сельсаветах. У 1940 г. вёска налічвала 57 двароў, 290 жыхароў. З 1949 г. арганізаваны калгас «Новая зара» (старшыня Ф.І.Міхнюк). Паводле перапісу 1959 г. ў Лышчыках было 307 жыхароў, у 1970 г. – 254 жыхары. У 1999 г. 63 гаспадаркі, 120 жыхароў, у складзе калгаса «Глінянскі» (цэнтр – в. Глінянкі). Працуе магазін. У в. Лышчыкі нарадзіўся бел. літаратуразнавец і перакладчык І.А.Чарота.

Лягаты

ЛЯГАТЫ – вёска ў Бухавіцкім с/с, на паўд.-ўсх. беразе р. Шэўня (прыток Мухаўца). За 6 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 57 км ад Брэста. На шашы Кобрын-Высокае. 118 гаспадарак, 307 жыхароў (2005). У 1563 г. згадваюцца як с. Легатавічы. У 1597 г. Лягаты – сяло, цэнтр Лягатаўскага войтаўства Кобрынскага староства, 31 валока зямлі, з якіх 1 валока вольная (была нададзена войту). У 1724 г. сяло ў Кобрынскім ключы Брэсцкай эканоміі, 31 валока зямлі.У 1757 г. паводле прывілея вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Аўгуста III Марыя і Францыск Астроўскія атрымалі ў сяле 3 валокі зямлі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав., з 1801 г. ў Гродзенскай губ. У 1890 г. вёска Стрыгаўскай вол., 521 дзес. зямлі. Побач знаходзіліся аднайменныя: аколіца, 98 дзес. зямлі, і маёнтак, уладанне К.Кунаховіча, 366 3/4 дзес. зямлі. Маёнтак Лабачоў-Лягаты, уладанне Міцкевіча, налічваў 129 1/2 дзес. зямлі.У 1897 г. ў вёсцы (5 вёрст ад чыгункі Брэст–Бранск) 89 двароў, 534 жыхары, хлебазапасны магазін; у маёнтках: Лягаты – 40 жыхароў, Лягаты (Лабачова) – 13 жыхароў. У 1905 г. вёска, 628 жыхароў, і маёнтак, 31 жыхар. У 1911 г. вёска налічвала 559 жыхароў; аднайменны маёнтак, уладанне Меланні Баркоўскай, 30 жыхароў; маёнтак Лабачова-Лягаты, уладанне Грудзінскага – 31 жыхар. З 1921 г. ў складзе Польшчы, у Стрыгаўскай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв.; вёска – 71 двор, 402 жыхары, фальварак – 1 двор, 13 жыхароў. У 1930-я г. працавала школа. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Лепясоўскім, з 30.10.1959 г. ў Яроміцкім, з 19.7.1976 г. ў Бухавіцкім сельсаветах. У 1940 г. хутары Лягаты – 110 двароў, 528 жыхароў, і асада – 5 двароў, 70 жыхароў. У Вялiкую Айчынную вайну вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. У 1950 г. створаны калгас імя К.Маркса. Паводле перапісу 1959 г. ў Лягатах 501 жыхар, у 1970 г. – 365 жыхароў. У 1999 г. 124 гаспадаркі, 296 жыхароў, у складзе калгаса «Кобрынскі» (цэнтр – в. Імянін). Дзейнічае магазін.

Ляскова

ЛЯСКОВА – вёска ў Бухавіцкім с/с, за 12 км на Пн ад горада і чыг. ст. Кобрын, 57 км ад Брэста. Транспартныя сувязі па шашы Кобрын-Высокае і Брэст-Баранавічы. 71 гаспадарка, 172 жыхары (2005). У 1559 г. – маёнтак і сяло Ляскоўскае, у Кобрынскім пав., уладанне Рыгора і Фёдара Аглядовічаў. Пад 1602 г. пазначаны маёнтак Ляскова. У 1629 г. маёнтак, уладанне Ляскоўскіх, у Брэсцкім ваяв. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав., з 1801 г. ў Гродзенскай губ. У 1890 г. Ляскова – вёска ў Стрыгаўскай вол., 148 дзес. зямлі; аколіца, 66 1/2 дзес. зямлі, і 3 маёнткі – уладанні: В.Ляскоўскага, 144 1/2 дзес. зямлі; К.Стэфаноўскай, 121 дзес. зямлі; Франкоўскага, 145 1/2 дзес. зямлі (маёнтак Ляскова-Лягаты). У 1897 г. вёска – 42 двары, 279 жыхароў, хлебазапасны магазін; аколіца (вёска) – 10 двароў 65 жыхароў, 2 кузні, сталярная і калёсная майстэрні. Побач знаходзіліся 3 маёнткі Ляскова, адпаведна 17, 7 і 4 жыхары. Жылы дом Ляскова (Мелехава) пры ўрочышчы Мелехава налічваў 11 жыхароў. У 1905 г. вёска (291 жыхар) і маёнтак (18 жыхароў). У 1911 г. ў вёсцы 354 жыхары, у маёнтку (уладанне Вацлава Ляскоўскага) – 14 жыхароў. З 1921 г. ў складзе Польшчы, у Стрыгаўскай гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв.; вёска – 66 двароў, 374 жыхары; фальварак – 1 двор, 20 жыхароў. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Яроміцкім, з 19.7.1976 г. ў Бухавіцкім сельсаветах. У 1940 г. вёска – 76 двароў, 450 жыхароў былы фальварак – 2 двары, 25 жыхароў. У Вялiкую Айчынную вайну Ляскова акупіравана ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г.mПаводле перапісу 1959 г. 445 жыхароў, у 1970 г. – 362 жыхары. У 1999 г. 90 гаспадарак, 215 жыхароў, у складзе калгаса «Перамога» (з 2004 СВК «Пакроўскі»; цэнтр – в. Бухавічы). На зах. ускраіне вёскі пахаваны рус. воіны, якія загінулі на Кобрыншчыне 13.7.1812 г. ў баях з напалеонаўскімі войскамі. У 1986 г. на магіле насыпаны курган і ўстаноўлена стэла.

Ляхчыцы

ЛЯХЧЫЦЫ – вёска ў Хідрынскім с/с, за 14 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 59 км ад Брэста. Транспартныя сувязі па прасёлачнай дарозе цераз канал Бона і далей па аўтадарозе Дзівін–Кобрын. 64 гаспадаркі, 173 жыхары (2005). Назва вёскі ўтворана ад слова «ляха» – незасеянае поле («ляшыць» – значыць засяваць). Паводле нар. падання, назва паходзіць ад прозвішча першапасяленца Ляха, які быў палякам. Каля вёскі былі знойдзены крамянёвыя наканечнікі стралы і дзіды. У 1563 г. Ляхчыцы – сяло, 7 валок зямлі, у складзе Сялецкага войтаўства Кобрынскай эканоміі ВКЛ. Таксама ўпершыню ўпамінаецца ўрочышча Княжая Гара, на якім, паводле нар. падання, пахавана княгіня Вольга. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав., з 1801 г. ў Гродзенскай губ. У гэты ж час упамінаюцца прадстаўнікі Ляхчыц Дзятлік і Марчук. У 1890 г. вёска Блоцкай (Балоцкай) вол., 913 дзес. зямлі, у 1897 г. было 38 двароў, 268 жыхароў, меўся хлебазапасны магазін. У 1905 г. вёска (367 жыхароў) і аднайменны маёнтак (13 жыхароў). У 1911 г. вёска налічвала 318 жыхароў. З 1921 г. ў складзе Польшчы, у Блоцкай (Балоцкай) гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв., 40 дамоў 214 жыхароў. З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Дзівінскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940 г. да 30.10.1959 г. ў Верхалескім с/с, з 8.8.1959 г. ў Кобрынскім р-не. У 1940 г. вёска налічвала 73 двары, 285 жыхароў, працавала пач. школа. У Вялiкую Айчынную вайну Ляхчыцы акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. У 1949 г. 32 гаспадаркі аб'ядналіся ў калгас імя Мічурына. Потым разам з вёскамі Корчыцы, Хадынічы, Верхалессе і Альхоўка складалі калгас «Перамога». Паводле перапісу 1959 г. ў Ляхчыцах было 211 жыхароў, у 1970 г. – 253 жыхары. У 1999 г. 72 гаспадаркі, 204 жыхары, у складзе калгаса «Сцяг Перамогі» (з 2004 СВК «Раданежскі»; цэнтр – в. Корчыцы). Ёсць Дом сац. паслуг, б-ка, магазін, лазня. Каля вёскі знаходзяцца 2 магілы ахвяр фашызму і курган Княжая Гара.

Навигация

Поиск по сайту

Наши партнеры

Животный мир Кобринщины, Кобрин, Беларусь

магазин ковролина в москве
амилоидоз почек у кошек.