Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Населённые пункты Кобринского района от А до Я

Гiрск

ГІРСК, вёска ў Кісялевіцкім сельсавеце. У 1897 г. вёска ў Блоцкай (Балоцкай) воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі, 80 двароў, 579 жыхароў, кузня, 2 крамы, 719 дзесяцін зямлі (на 1890). Побач з вёскай праходзіў гандлёвы шлях Гарадзец — Навасёлкі. У 1905 г. 484 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Блоцкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства; 68 двароў, 468 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. да 31.3.1959 г. у Акцябрскім сельсавеце, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. 798 жыхароў. У 1947 г. працавала пачатковая школа. У 1950 г. 42 вясковыя гаспадаркі аб’ядналіся ў калгас імя Катоўскага. На 1.1.1999 г. 138 двароў, 253 жыхары, магазін, у складзе калгаса «Усход». Помнік на магіле 32 партызан атрада імя Катоўскага, якія загінулі ў баях з гітлераўцамі ў 1942—1944 гг.

Гайкоўка

ГАЙКОЎКА (мясцовая назва Гайківка), вёска ў Хідрынскім сельсавеце. У 1540 г. каралеўскі канюшы Гайка атрымаў зямлю каля вёскі Азяты. У 1890 г. вёска ў Верхалескай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі, 797,25 дзесяціны зямлі. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак, уладанне М.Казярадскай, 430 дзесяцін зямлі. У 1897 г. у вёсцы 43 двары, 326 жыхароў, хлебазапасны магазін, 2 ветраныя млыны, піцейны дом, побач з вёскай праходзіла шаша Кобрын—Владава; у маёнтку 7 жыхароў. У 1905 г. 233 жыхары, у маёнтку — 4. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Навасёлкаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 27 дамоў, 167 жыхароў, школа. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Дзівінскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. да 30.10.1959 г. у Верхалескім сельсавеце, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. вёска, 72 двары, 480 жыхароў, пачатковая школа. На 1.1.1999 г. 92 двары, 255 жыхароў, магазін, клуб, у складзе калгаса «Зара».

Гарадзец

ГАРАДЗЕЦ (мясцовая назва Городэць), вёска, цэнтр Гарадзецкага сельсавета і калгаса-камбіната імя Дзяржынскага. Вядома з XII ст., згадваецца ў 1142 г., у час княжацкіх міжусобіц. У 1286 г. валынскі князь Уладзімір Васількавіч у духоўнай грамаце завяшчаў сваёй жонцы Вользе Раманаўне разам з г. Кобрынам і сяло Гарадзец. Пазней Гарадзец — горад у вотчынным уладанні князёў Кобрынскіх, з пачатку XVI ст. у ліку каралеўскіх «сталовых маёнткаў». У 1563 г. Гарадзец — горад і двор Кобрынскай эканоміі (з 1532), з 1566 г. у Брэсцкім ваяводстве ВКЛ. У горадзе існавалі рынак, 5 вуліц (Кобрынская, Прышыхоцкая, Пінская, Грушаўская, вуліца ўздоўж царквы), Ільінская царква (мела 2 вольныя валокі зямлі), звыш 193 гаспадарак (паводле даследаванняў Ю.А.Якімовіча, 205 двароў), прадмесце, агароды. У двары Гарадзецкім меліся агароды, 2 млыны, ахова. Воласць Гарадзецкага двара складалася з 2 войтаўстваў (даход ад воласці — 275 коп 11 грошаў). У 1589 г. каралева Ганна Ягелонка даравала гораду Магдэбургскае права без уласнага кіравання: Гарадзец па ўсіх справах падпарадкоўваўся Кобрынскаму магістрату. У 1597 г. у горадзе 60 валок зямлі, з якіх 57 былі «на плаце», 1 належала войту, 2 — царкве; меліся рынак, Ільінская царква, дом святара, агароды, млыны, 5 піўных і 1 мядовая карчма. На тэрыторыі двара свіран, дом чэлядзі, кухня, пякарня, стайні, гумно, стадола. У 1618 г. горад налічваў 222 пляцы, з якіх збіралася даходу 218 коп і 13 грошаў. У 1633 г. дзейнічаў Гарадзецкі касцёл, для якога паводле ліста каралеўскага рэвізора Я.Валовіча былі адмераны 15 «аселых» і 3 «пустыя» валокі зямлі ў сяле Грушава. У 1742 г. Ільінская уніяцкая царква карысталася 2 вольнымі валокамі зямлі, у 1789 г. пад царквою лічылася 13 «вольных» пляцаў. Пасля 1757 г. Гарадзец — мястэчка, цэнтр Гарадзецкага ключа (уваходзілі вёскі Асмаловічы, Вуглы, Грушава, Камень Каралеўскі, Худлін і Чалішчавічы). У 1784 г. апошні польскі кароль Станіслаў Аўгуст наведаў мястэчка па дарозе на Гродзенскі сейм. Адначасова кароль разам са світаю агледзеў пабудаваны Каралеўскі канал, праехаў па канале на спецыяльным боце 0,25 вярсты да другога шлюза. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У жніўні 1820 г. жыхары і сяляне мястэчка адмаўляліся выконваць павіннасці на карысць свайго ўладальніка. 24 жніўня ў Гарадзец прыбыў кобрынскі земскі спраўнік, была адпраўлена ваенная каманда ў 50 чалавек. У 1860 г. мястэчка, 149 двароў, прыстань, да 1866 г. дзейнічала каталіцкая парафія. У 1878 г. 1264 жыхары, паштовая станцыя; у 1876 г. у Гарадзец перавезена драўляная Свята-Вазнясенская царква з в. Камень-Шляхецкі (захавалася да нашага часу). У 1886 г. цэнтр Гарадзецкай воласці, 74 двары, 1331 жыхар, валасное праўленне, 2 царквы (у 1888 г. 2576 вернікаў), 2 сінагогі, школа, 4 крамы, 3 заезныя двары, 2 ветраныя млыны, піцейны дом. Каля мястэчка сыраварня, ветраны млын. У 1890 г. у мястэчку 822 дзесяціны зямлі. Маёнтак Гарадзец, уладанне П.Штэра, 5800 дзесяцін зямлі (разам з 4 фальваркамі). У 1897 г. мястэчка, каля гандлёвага шляху Кобрын—Пінск, Палескай чыгункі, Дняпроўска-Бугскага канала; 279 двароў, 275 жылых дамоў, 1691 жыхар, 2 царквы, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы, сінагога, народнае вучылішча (у 1889/90 навучальным годзе было 82 хлопчыкі, 20 дзяўчынак, у 1892/93 г. 89 хлопчыкаў, 17 дзяўчынак; у 1905/06 г. 185 хлопчыкаў, 15 дзяўчынак), валасное праўленне, мяшчанская ўправа, пошта, хлебазапасны магазін, 14 крам, 4 ветраныя млыны, 4 кузні, цагельны завод, 3 піцейныя дамы. У дзень Святой Тройцы праводзіліся кірмашы. Побач з мястэчкам знаходзіліся аднайменныя: маёнтак (пры чыгунцы), 7 двароў, 51 жыхар; пасёлак (каля чыгуначнай станцыі), 6 жыхароў; дом і млын, 3 жыхары — уладанні П.П.Штэра. Пры Дняпроўска-Бугскім канале існавала плаціна № 1 з ахоўным домам 2-го ўчастка Брэсцка-Літоўскага аддзялення Ковенскай акругі, 8 жыхароў. У 1905 г. у мястэчку 2949 жыхароў, у маёнтку 22 жыхары, казённай плаціне — 7. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства. Мястэчка і фальварак налічвалі 99 двароў, 688 жыхароў, чыгуначная станцыя Гарадзец — 10 двароў, 65 жыхароў. У 1931 г. Гарадзецкая гміна налічвала 418 км2, 58 населеных пунктаў, 9500 жыхароў. У 1932 г. у Гарадцы быў пабудаваны Народны дом (мелася зала са сцэнай), пажарнае дэпо, з 1928 г. дзейнічала бібліятэка (знаходзілася ў плябаніі), 611 кніг на польскай мове, 82 чытачы. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. цэнтр сельсавета, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. мястэчка, 305 двароў, 1153 жыхары, 2 паравыя млыны, руская няпоўная сярэдняя школа, фельчарскі пункт, хата-чытальня, кааператыўная лаўка. У Гарадзецкі сельсавет уваходзілі 34 населеныя пункты (578 двароў, 2410 жыхароў). На 1.1.1999 г. вёска, 574 двары, 1461 жыхар, будынкі выканкома сельсавета і адміністрацыі калгаса-камбіната імя Дзяржынскага (у 1977 г. каля будынка ўстаноўлены бюст Ф.Э.Дзяржынскага), клуб, бальніца, кафэ, сярэдняя школа, дзіцячы сад, амбулаторыя, аптэка, бібліятэка, магазін. Помнік архітэктуры — Свята-Вазнясенская царква (1799). Помнік на брацкай магіле 20 воінаў 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі, ён ушаноўвае таксама памяць 78 землякоў, якія загінулі ў барацьбе з гітлераўцамі ў 1941—1945 гг.

Гарыздрычы

ГАРЫЗДРЫЧЫ (мясцовая назва Горыздрычы), вёска ў Буховіцкім сельсавеце. У 1563 г. сяло ў Астрамецкім войтаўстве Кобрынскай эканоміі ВКЛ, 15 валок зямлі, 10 гаспадарак. У 1598 г. вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Жыгімонт ІІІ Ваза надаў прывілей зямяніну Берасцейскага ваяводства Беняшу Бухавецкаму на сяло Гарыздрычы ў пажыццёвае ўладанне. 25.5.1589 г. сяляне адмовіліся выконваць паншчыну і іншыя павіннасці на карысць новага гаспадара. Б.Бухавецкі падаў скаргу на сялян вознаму Берасцейскага павета Я.Б.Лепясоўскаму. У 1710 г. сяло, 15 валок зямлі, ўладанне С.Русецкага, пазней яго жонкі Ганны Трызнянкі, у 1760—1791 гг. уладанне Ляскоўскіх. У 1786 г. фальварак, 12 валок зямлі. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. З 1890 г. вёска ў Падалескай воласці, 320,5 дзесяціны зямлі. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак, уладанне П. Шыраева. У 1897 г. у вёсцы 37 двароў, 249 жыхароў, хлебазапасны магазін, кузня, у маёнтку 21 жыхар, мыза. У 1905 г. у вёсцы 355 жыхароў, у маёнтку 27. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Падалескай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, вёска, 34 двары, 172 жыхары, і фальварак, 2 двары, 10 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Яроміцкім, з 19.7.1976 г. у Буховіцкім сельсаветах. У 1940 г. Гарыздрычы: хутары, 35 двароў, 225 жыхароў, і былы маёнтак, 3 двары, 12 жыхароў. У 1950 г. арганізаваны калгас «12 сакавіка» (старшыня М.Дубовік). На 1.1.1999 г. 22 двары, 45 жыхароў, у складзе калгаса «Звязда».

Глiнянкi

ГЛІНЯНКІ (мясцовая назва Глынянкы), вёска ў Тэвельскім сельсавеце, цэнтр калгаса «Глінянскі». У 1563 г. Глінянка (Глінянкі), сяло ў Глінянскім войтаўстве (войт Волас Хілімановіч) Кобрынскай эканоміі ВКЛ, 27 валок зямлі, 26 двароў. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Пружанскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1890 г. вёска ў Мураўёўскай воласці, 156,75 дзесяціны зямлі. Каля вёскі знаходзіўся маёнтак Глінянскі, уладанне С.Цяльшэўскага, 653 дзесяціны зямлі (разам з хут. Песценькі і ўрочышчам Красналескі). У 1897 г. у вёсцы 19 двароў, 150 жыхароў, хлебазапасны магазін, у маёнтку 6 двароў, 65 жыхароў. У 1905 г. на месцы сучаснай вёскі існавалі: вёска, 167 жыхароў, хутар, 11 жыхароў, 2 маёнткі — 16 і 48 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Мацясаўскай гміне Пружанскага павета Палескага ваяводства, вёска, 10 двароў, 62 жыхары, і фальварак, 3 двары, 26 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Стрыгаўскім, з 11.8.1959 г. у Тэвельскім сельсаветах. У 1940 г. хутары, 52 двары, 224 жыхары. На 1.1.1999 г. 98 двароў, 323 жыхары, будынак адміністрацыі калгаса, клуб, бібліятэка, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад. Помнік на ўшанаванне памяці 27 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Грушава

ГРУШАВА (мясцовая назва Грушово), вёска ў Гарадзецкім сельсавеце. Вядома з XV ст. як сяло Кобрынскага княства ВКЛ. У 1404 г. упамінаецца ў лісце князя Вітаўта сярод іншых населеных пунктаў, якія ён аддаў князю Раману Фёдаравічу (родапачынальнік князёў Кобрынскіх). Жонка князя Сямёна Раманавіча княгіня Ульяна завяшчала пасля сваёй смерці палац Чаравачыцы і сяло Грушава дачцэ Ганне (жонка Фёдара Бельскага). 22.8.1495 г. вялікі князь літоўскі Аляксандр выдаў княгіні Ганне пацвярджэнне на гэтыя землі. З 1519 г. пасля смерці Ганны сяло знаходзілася ва ўладанні яе другога мужа маршалка ВКЛ Вацлава Касцевіча, з 1532 г. у Кобрынскай эканоміі, уладанне каралевы Боны. У 1-й палове ХVI ст. паміж вёскамі Кобрынскай эканоміі Іласк, Бярозна і Грушава знаходзілася «добра» зямян грушаўскіх — Еські Аляхновіча з братамі. У 1563 г. сяло ў Грушаўскім войтаўстве воласці Гарадзецкага двара Кобрынскай эканоміі, 23 двары, 24 валокі зямлі (зямля дрэннай якасці), сярод іх 1 валока вольная была дадзена на войта І.Ільяшэвіча; сярод гаспадароў Грушава было 2 лаўнікі. Меліся царква з сядзібай святара С.Грыцковіча (на царкву 3 валокі зямлі) і млын (млынар А.Ансаповіч). У 1668 г. вёска той жа эканоміі, у якой Д.Валовіч атрымаў 6 валок зямлі. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1886 г. сяло Іласкай воласці, 78 двароў, 917 жыхароў, царква (у 1888 г. 3206 вернікаў), піцейны дом, Іласкае валасное праўленне. У 1890 г. у сяле 1344,25 дзесяціны зямлі. Побач знаходзіўся маёнтак Грушава, уладанне Генрыха Радзевіча, 1741 дзесяціна зямлі (разам з ляснымі дачамі Студзенка, Белалессе). У маёнтку пэўны час жыла вядомая польская пісьменніца Марыя Радзевіч. У 1897 г. сяло, 175 двароў, 1040 жыхароў, хлебазапасны магазін, царква, маёнтак, 7 двароў, 76 жыхароў, вінакурны завод, кузня, 2 вінныя склепы. У 1905 г. сяло, 1065 жыхароў, народнае вучылішча (у 1905/06 навучальным годзе было 100 хлопчыкаў, 3 дзяўчынкі), у маёнтку Грушава 47 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Іласкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, вёска, 101 двор, 431 жыхар, і фальварак, 5 двароў, 39 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Худлінскім сельсавеце, з 16.7.1954 г. цэнтр сельсавета, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне, з 21.1.1961 г. у Гарадзецкім сельсавеце. У 1940 г. у вёсцы 877 жыхароў, працавала МТС (5 трактароў, 2 аўтамашыны), у былым маёнтку 11 коней, 23 каровы. У 1948 г. 12 гаспадарак аб’ядналіся ў калгас імя Леніна (старшыня С.Жаглей). На 1.1.1999 г. 224 двары, 599 жыхароў, сельскі клуб, бібліятэка, базавая школа, дзіцячы сад, 3 магазіны, у складзе калгаса-камбіната імя Дзяржынскага. Парк XVII ст. Помнік на магіле савецкіх воінаў, якія загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні вёскі, ён ушаноўвае таксама памяць 37 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Гуцкі

ГУЦКІ, вёска ў Батчынскім сельсавеце. Упершыню ўпамінаецца ў 1737 г. У 1890 г. вёска ў Стрыгаўскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі, 156 дзесяцін зямлі. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак, уладанне А.Біча, 92 дзесяціны зямлі. У 1897 г. у вёсцы 17 двароў, 166 жыхароў, хлебазапасны магазін, у маёнтку 12 жыхароў. У 1905 г. у вёсцы 197 жыхароў, у маёнтку 27. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Стрыгаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, вёска і фальварак, 25 двароў, 151 жыхар. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Батчынскім сельсавеце. У 1940 г. хутары, 45 двароў, 170 жыхароў. У 1950 г. арганізаваны калгас імя Малянкова (32 гаспадаркі). На 1.1.1999 г. 3 двары, 3 жыхары, у складзе калгаса «Патрыкі».

Навигация

Поиск по сайту

Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину