Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Духовная культура

Пахаванне і памінкі. Абраднасць

Сярод простага люду ходзіць павер'е, што на працягу трох дзён пасля смерці чалавека яго душа знаходзіцца ў тым доме, дзе жыў нябожчык. Таму сяляне стараюцца ў гэтыя дні не гаварыць пра памерлага блага, каб не прагнявіць яго душу. У в. Андронава, калі чалавек паміраў, адчынялі акно або дзверы, каб душа нябожчыка магла адляцець.

Цела памерлага блізкія сваякі абмываюць чыстай вадой, апранаюць у белае адзенне і кладуць на лаву галавой у пачэсны кут, дзе ў гэты час павінен стаяць сноп жыта. Дзяўчат звычайна апраналі ў шлюбную сукенку і надзявалі вэлюм, бо лічылі, што на тым свеце яна можа выйсці замуж. Цела нябожчыка накрывалі ручніком, што вісеў над абразамі. Акрамя гэтага, цела нябожчыка-мужчыны накрывалі зверху галінкамі таполі, жанчыны — часцей за ўсё галінкамі бярозы. Памерламу ў рот і правую руку клалі грошы, у труну насцілалі сена і накрывалі яго палатном. Падушку напіхвалі сенам, шылі яе злева направа. Для выхаду душы рабілася ў труне невялікая адтуліна. Каля галавы нябожчыка ставяць крыж, а па баках запаленыя свечкі, і тады пачынаецца аплакванне нябожчыка ўсімі хатнімі. Перш за ўсё пачынае жонка або маці памерлага. У галашэнні жанчыны пералічваюць не толькі ўсе добрыя справы памерлага, але і ўсе словы, з пяшчотай сказаныя ім каму-небудзь з родных яшчэ пры жыцці... Затым нябожчыка аплакваюць бацька, старэйшы брат ці сын нябожчыка, звычайна дарослыя людзі, пасля — іх дзеці.

З кожнай хаты павінна хоць адна асоба наведаць памерлага аднавяскоўца. Дзяўчаты прыходзяць з распушчанымі валасамі. Пахаванне адбываецца на 3-і дзень пасля смерці нябожчыка. Пры вынасе нябожчыка стараліся, каб яго цела не дакранулася да парога. Труну з памерлым у суправаджэнні свяшчэнніка, крыжа, абразоў і харугвы нясуць у царкву, дзе служыцца памінальная літургія, пасля якой памерлага хаваюць.

Усе дарослыя аднавяскоўцы лічаць сваім абавязкам суправаджаць цела нябожчыка са свечкамі ў руках на могілкі. Суправаджаючыя апраналіся ў вывернутае чорнае адзенне. Калі везлі нябожчыка на могілкі, кідалі на дарогу кветкі і галінкі елак і, нават, каменні цераз плячо. Труну ставілі на слой жоўтага пяску ці падсцілку з бярозавых галінак альбо ядлоўцу. Калі дамавіцу апусцяць у магілу, кожны павінен тройчы кінуць на яе жменю зямлі. У в. Андронава ў магілу кідалі грошы, у труну клалі запасную адзежу. Пры вяртанні з могілак забаранялася азірацца назад. Дзеці пры гэтым збіралі кветкі і галінкі, кінутыя на дарогу, калі нябожчыка везлі на могілкі.

Вярнуўшыся з пахавання, сяляне дакранаюцца тварам і абедзвюма рукамі да печы, каб не было болып у доме нябожчыкаў. У в. Андронава існаваў звычай выганяць душу памерлага, якая вярнулася ў дом: мялі венікамі пакой, дзе ляжаў нябожчык, размахвалі сякерай.

У той жа дзень сваякі нябожчыка робяць памінкі. На самым пачатку падаюць куццю — кашу з ячных круп. Старэйшы са сваякоў нябожчыка пасля кароткай малітвы за спачын душы памерлага выкідае адну лыжку куцці за акно са словамі: «Тобі, Сыдорэ!» Пасля гэтага з'ядае сам тры лыжкі куцці, затым пачынаюць есці прысутныя таксама па тры лыжкі кожны. Першую чарку пітва і першую лыжку кожнай стравы старэйшы ў сям'і таксама выкідвае за акно з тымі ж словамі. На памінках гавораць выключна пра нябожчыка. Чыгун, у якім варылася куцця, міска і лыжка адносяцца на могілкі і кладуцца на магіле, прычым так, каб міска з лыжкай знаходзіліся пад чыгуном.

У в. Андронава ў дзень пахавання пад вечар і на наступны дзень нябожчыку на магілу «насілі вячэраць». Няхрышчаных дзецей хавалі ноччу, труну з целам дзіцяці неслі «пазагуменнем». Магілы іх знаходзіліся ў левым верхнім кутку могілак, каля агароджы. Насыпы на магілах няхрышчаных дзяцей мелі форму авала ці круга.

На 40-ы дзень пасля смерці селяніна святар служыць памінальную абедню, пасля якой на магіле нябожчыка сяляне ставяць крыж. У бацькоўскую суботу, на «дзяды», наладжваюць памінальную вячэру, на якую гатуюць 12 страў. У час вячэры частку ад кожнай стравы і чарку гарэлкі ставяць на падаконнік для дзядоў, г.зн. нябожчыкаў, і калі на наступны дзень па якой-небудзь прычыне гарэлкі ці пакінутага на падаконніку не акажацца, то сяляне бываюць цалкам перакананы, што прыходзілі ўначы нябожчыкі, якія з'елі і выпілі прыгатаванае для іх.
 

Комментарии