Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Духовная культура

Вясельная абраднасць

Вясельны абрад складаўся з 4 частак: допытаў, злюбін, запоін і вянца. Нявесту выбіралі звычайна родзічы жаніха. На допыты хадзіла маці жаніха альбо якая-небудзь пажылая родзічка, каб даведацца пра нявесту, распытаць у родных аб іх намерах наконт замужжа дзяўчыны.

Праз некалькі дзён пасля допытаў жаніх са сватам выпраўляліся на злюбіны. Пры іх з'яўленні нявеста выходзіла. Бацька ці маці адзін на адзін распытвалі яе, ці жадае яна выйсці замуж, а затым паведамлялі аб гэтым свату. Пасля гэтага прыхо- дзіла апранутая па-святочнаму нявеста, ставіла стол на покуці, накрывала яго белым настольнікам і выходзіла зноў у клець ці ў суседнюю хату. Сват вымаў з дарожнай сумкі хлеб і гарэлку і ставіў іх на стол, наліваў першую чарку і вітаў усіх наступнымі словамі: «Дай, Божэ, шчоб всэ було гожэ! шчоб сяя пара шчаслыва була, ковшом горілку пыла, коробкою діты міряла, і шчоб до старості тішылася собою». На гэтыя словы ўсе адказвалі: «Hex ім Бог дае, як сам знае і відае». Пасля гэтага пачыналася застолле. Калі ж бацька нявесты пакладзе ў кашэль свату тры буханкі хлеба і столькі ж кавалкаў палатна, гэта азначае, што застолле скончылася, і жаніх павінен вяртацца дамоў.

Пасля злюбін у суботу бываюць заручыны альбо запоіны, на якіх нявеста таксама не прымае ўдзел. У гэты час сват дамаўляецца наконт пасагу і колькасці гасцей з боку жаніха. Аб гэтым можна даведацца і па колькасці буханак хлеба, якія сват перадае бацьку нявесты.

У нядзелю пасля заручын у царкве чытаецца абвяшчэнне. У суботу, напярэдадні вяселля, заручыны паўтараюцца, на іх ужо прысутнічае нявеста разам з сяброўкамі. Да з'яўлення жаніха дзяўчаты плятуць вянкі з руты і спяваюць песні:

У зылёным саду зіллічко зацвытае,
У нашый Мар'юхны высілле почынае.
Нэх жа ій Бог дае да помагае
I рідный батэнько нэх дакладае.
Нэ плач, Мар'юхна, выночкы ўючы,
Будэш плакаты, за Іваном жывучы,
Свікровы порогы пэрэступаючы,
Свыкрухы наровы пэрэймаючы.


Калі нявеста была сіратой:

Ой знаты, знаты, шчо Мар'юхна сырота:
Тленна хатка, узкы ворота.
Пошлю сокола на Украіну,
Нэх на вэсілле збэрэ родыну,
Пошлю до неба сыву зозульку
Зваты на вэсілле свою матульку!
Ой прыды, прыды, мыла матулько!
Не могу встаты, сыва зозулько!
Не могу встаты, порядок даты,
Порядок даты свому дытяты


Калі жаніх прыйдзе, спяваюць:

Ой прыіхалы запывалночкы,
Мар'юхну запываты,
Прывэзлы бочку мэду батэнька частоваты,
А горілонькы дві барылонькі
Для подружэчок, для родынонькы.

Бацькі ў сенях сустракаюць жаніха, вядуць у клець і частуюць. Затым шафер (маршалак) настаўляе яго, як абыходзіцца з нявестай. У гэты час у хаце спяваюць:

Прыіхав Іван до дівкы,
Як ясный місяц до зуркы.
Пытаеться батэньку:
«Шчо мні говорыты?»
Батько кажэ до его:
Нэ говоры нычого,
Есть маршалок для того.

Пад гукі гэтай песні маршалак уводзіць жаніха ў хату і падае нявесце падарункі: чаравікі, панчохі, стужкі і пярсцёнкі, кажучы: «Пан молодый обсылае панну молодую подаркамы, шчоб була ласкава, прыняла». Нявеста прымае ўсё гэта, нізка кланяецца маршалку і вешае падарункі на сцяне ў куце хаты. Маршалак нявесты выходзіць на сярэдзіну і гаворыць: «Ото панна молодая обсылае подаркамы отца, матку і маршалка пана молодого, шчоб булы ласкавы, прынялы». Жаніх нізка кланяецца бацькам нявесты, а ад маршалка прымае вянок з руты і надзявае яго на шапку. Бацьку жаніха і маршалку падносяць па кавалку палатна, якія яны завязваюць сабе цераз плячо. Палатно для маці хаваюць у сумку, таму што маці ніколі не прысутнічае на запоінах. Затым усе садзяцца за стол, акрамя жаніха і нявесты, якім маршалкі завязваюць хусткі на рукі і тройчы абводзяць вакол стала. За кожным абыходам нявеста кланяецца бацькам і атрымлівае ад іх благаслаўленне; госці пад час гэтага абраду спяваюць:

Ны вітёр калыну ломыть —
Коло стола дівка ходыть
I за собою два янволы водыть,
А трэтёго — Батэнька свого.
Сядь, батэньку, за столом.
Казалы мні
Янволы моі
Поклонытыся тобі. Батэньку,
благословы долэю!

Гэтую ж песню спяваюць і для маці, пасля гэтага саджаюць маладых за стол і пачынаюць спяваць іншыя песні:

Лэтілы гусы чэрэз сад
Клыкалы дівоньку на посад,
Стэлітэ ковдры в складный ряд,
Благословы, батэньку, я сяду.

* * *
Збурная сяя субота —
Зобрала дівонькы подружкы,
Посадыла в ряд і ряд,
I сама сіла на посад.
Гадала гадоньку тыхонько,
Казала замуж не пойду,
Молодая я не люблю.
А ты, батэньку, не вважай,
Мочы ячмінь на солод,
Купы пшеныці на коровай.

За сталом маладыя ўстрымліваюцца ад ежы і пітва. Нарэшце маршалак з жаніхом устае і дзякуе: «Дякую отцу, матеры, сватовы і сватьті за всі пожыткы», — і яны сыходзяць. У гэты час сяброўкі пачынаюць прыбіраць нявесту. Расплятаюць і прычэсваюць касу, завязваюць на галаву белую хустку, упрыгожаную рознакаляровымі стужкамі ў выглядзе невялікага какошніка, апранаюць новы чорны армяк (жупан) з чырвонымі засцежкамі, затым ідуць па сялу з хаты ў хату і запрашаюць на вяселле: «Просыв батько і маты, і я прошу на вэсілле, на хліб-суль, на коровай і на всэ, шчо Буг пошлэ». Гэтак жа запрашае і малады на сваё вяселле, якое адбываецца асобна ў хаце яго бацькоў. Да вянца пешшу не ходзяць. Калі жаніх бярэ нявесту з іншай вёскі, то ён выпраўляецца ў царкву са сваёй хаты ў суправаджэнні свайго поезда. Нявесту папярэджваюць аб часе выезду, каб яна не спазнілася. Калі ж яны абодва жывуць у адной вёсцы, у такім разе жаніх з братам (дружкам) і з маршалкам едзе да нявесты. Бацькі сустракаюць яго на двары з хлебам-соллю, вядуць у хату і садзяць за стол. Нявеста з дружкамі выходзіць з клеці і падае яму на блюдзе два вянцы, хустку, пярсцёнкі і стужку, кажучы: «Прошу тэбэ, Іванэ, на пэршый порядок». Жаніх прымае ўсё гэта, у сваю чаргу дорыць нявесце грошы і ўсаджвае яе каля сябе. Пасля гэтага па загадзе вясельнага старасты маладыя саступаюць месца бацькам, у якіх просяць благаслаўлення, тройчы кланяючыся ім. Бацькі благаслаўляюць: «Благословітэ, отец і матэ пуд царскым вэнцэм статы». Пасля дружка са старастай тройчы абводзяць іх вакол стала і спяваюць: Трысвятую «Ойча наш» і «Уваскрэсенне тваё, Хрысце Спасе». Пры выездзе са двара ў царкву свахі спяваюць:

Ломітэ рожэньку,
Стэлітэ дорожэньку
Молодуй і молодому
До Божого дому

* * *
До шлюбу, дівонькы, до шлюбу...
Упады матюнці до ножок,
Подякуй подружкам за вынок
I красным хлопцюм за танок.
Дывчята выночкы звывалы,
Молодьці таньці наймалы.

* * *
Завыдлывы ворожонькы,
Уступайте з дорожэнькы
Молодуй і молодому
До Божого дому.

* * *
Там йім ручэнькі зьвяжуть,
Вірнэе словцэ скажуть.
Вірнішэ, як батько,
Вірнішэ, як маты.

* * *

Быжітэ, коныкы, сывы нывэлычкы
На гору крутую,
Под цэркву святую.
Першая квітонька — молодый молодэц.
Быжітэ, коныкы, сывы нывэлычкы
Под цэркву святую,
На гору крутую...
Другая квітонька — молодая дівонька.

* * *
Звункое дэрэво топулле
В лісе стояло, шуміло,
Дорогою вэзёнэ звыніло,
На двур звэзёнэ мовыло,
Мовыло дівоньці в нэдільку: —
Навый выночкув з барвынку,
Нэ плэты косы в батужкы,
Наготуй ручнык под нужкы,
I жовту свіченьку в ручкы.
На білом ручнычку стояла,
Жовту ю свічку дэржала,
Як буб слёзонькі роныла,


У Бога долы просыла:

Тут мэнэ, Божэ, споможы,
Моего батэнька прынэсі
На сытэ новэ подвурье,
На запысовэ заступ'е.

* * *

На горы цэрковка —
Святый Спас,
Выйды, батэньку, протыв нас!
Ой выйды, найды протыв нас,
Повынчай діткы в добрый час.


Пры набліжэнні да царквы, спяваюць:

Нэма попа дома,
Поіхав до Львова,
Ключыкы куповаты,
Цэрковку одчыняты,
Нашы діткы вынчаты.

У царкве слухаюць абедню, а пасля заамбоннай малітвы свахі і маршалкі пасярод царквы рассцілаюць кавалак палатна, на краях якога кладуць хлеб, а пасярэдзіне дробную манету, расплятаюць касу ў нявесты і, каб яна ў жыцці не цярпела прыцяснення, расшпільваюць запашку на каўняры кашулі. У час вянчання нявеста імкнецца наступіць на нагу жаніху, каб мець над ім перавагу ў сямейным жыцці. Адыходзячы ад аналоя, нявеста цягне за сабой падножнае палатно, каб дружка і сяброўкі яе не чакалі доўга жаніхоў, а следам за ёй выходзілі замуж. Пасля выхаду з царквы заходзяць у хату да святара за благаслаўленнем і прыносяць падарунак — некаторыя пеўня і курыцу, іншыя — хлеб і гарэлку. Ад'язджаючы, спяваюць:

Дякуймо попоньковы,
Нашому батэньковы,
Шчо нас звынчав,
Нэмного взяв: Пувпьята золотого
Од нашого молодого
I лытовску копу
За дывоцкую косу.

* * *
Прыіхала дівонька з шлюбу,
Поклонылась з рутонькою
Пэрэд своею мотюнкою:
Моя матюнко, рожэ,
Поздоров тэбэ, Божэ,
Шчо ты мэнэ нарадыла
За доброго сем'янына.
На мэнэ попы глядять,
На мэнэ дякы глядять,
На мэнэ задывылыся,
Шчо в ксёнжках помылылыся.

* * *
Знаты Івана, шчо звынчаный:
На юм вынок помыняный;
Як іхав до шлюбу був з калынонькі,
А од шлюбу — з рутонькі.
Ідэ Іван з вынчання,
Ёго батэнько в воротах стоіть,
Білый ручнычок в руках діржыть,
Слёзонькамы облываеться,
Свого дытятка пытаеться:
Шчо ты бачыв, мое дытятко?
Бачыв я, бачыв усі святні,
Бачыв і образ Дівы Прэчыстэі.
Прэчыстая выночкі звывала,
Нам, молодэнькым, до шлюбу подала.


Пад'ехаўшы да хаты нявесты, спыняюцца каля брамы і спяваюць:

Выйды, батэньку, з свічамы —
Вжэ твоі діткі звынчаны!
I ты, матюнко-утко, Чом не выходыш хутко,
Чом нас нэ вытаеш I чому не пытаеш:
Чы зараз шлюб бралы,
Чы всі прыіхалы?


Тут бацькі выходзяць насустрач маладым з хлебам і соллю, віншуюць іх, частуюць півам і вядуць у хату. Да абеда свахі спяваюць:

Дайтэ з кола
Ручныка до стола:
Мар'юхнэна свадьба квокчэ,
Обідаты хочэ.

У іншых вёсках бацькі не вядуць маладых з гасцямі ў хату, а частуюць асобна ў клеці. Пасля гэтага маладая прыходзіць у хату і дапамагае маці частаваць гасцей; між тым малады аглядае гаспадарку цесця і вяртаецца, калі госці адабедаюць. Танцы пачынаюцца пад напеў наступнай песні, якая суправаджаецца музыкай:

Наш сватоньку, коханічку,
Пусты жэ нас до танчыку,
Нужэнькі проломаты,
Шубонькы показаты.


Калі моладзь развесяліцца, свахі пачынаюць спяваць:

Гдэ наші коровайныці
Нап'яно попылыся,
Шчо о нас забулыся?


Вжэ нам спываючы, аж дух занымае, А ныхто і водою нэ прікропляе. Пасля гэтай песні вымаюць з печы каравай і хаваюць у хаце, паку ль не прыйдзе час дзяліць яго. Пасярод танцаў маршалак тайна выводзіць маладых на двор, садзіць іх на воз і вязе на вяселле ў хату маладога. Пры ўездзе на двор, спявае:

Іван звынчанный вэзэ батьковы подарок —
Тонэнькый, былёный сувалок,
Бо вжэ булын годі ждаты,
Хочэ Мар'юхну к собі взяты.

Бацька жаніха сустракае маладых на двары, віншуе іх, прымае ад нявесткі падарунак, вядзе іх у хату і кладзе падарунак на стол. Маці прымае са стала падарунак, садзіць маладых за стол і частуе рознымі стравамі. Пасля гэтага пачынае іграць музыка і моладзь танцуе. Праз некалькі гадзін стараста пасылае вестку бацькам маладой, што хутка прыедзе да іх вяселле ад жаніха. Пасля вяртання пасланца ад старасты пачынаюць спяваць:

Нэ кунь копытом позвоныв,
То Іванко по сінях походыв,
Свого батэнька пробудыв
I так ёму говорыв:
Встань, батэньку, довго спыш,
Мэнэ в дорогу нэ радыш.


На што бацька адказвае:

Ой ты, муй сынку, козачку,
Выбырай сваньку спывачку,
I старосту старого,
I подружка умного,
Шчобысь нэ мів сорома,
Бо там чужа сторона.


Затым благаслаўляе маладых і адпускае іх да бацькоў нявесты ў суправаджэнні баяр. Гэта адбываецца ноччу, таму па дарозе спяваюць:

У нашого Івана чорны очі — Вун нэ боіться чорнэі ночі!
Чого ж маю боятысь,
Чого маю лякатысь:
Буг надо мною,
Кунь подо мною,
Сванькы і прысванькы
Вокруг зо мною.


Бацькі сустракаюць маладых, вядуць іх у клець, дзе нявеста, каб адрозніваць ад сваіх гасцей, перавязвае кожнага палатном цераз плячо. Госці ўваходзяць у хату і пачынаюць весяліцца. Праз некаторы час ідуць у госці да дружкі. У гэты час свахі спяваюць:

Дружка всіх нас до сэбе просыла,
Ужэ бочку мэду давно выкотыла.
А як будэ частоваты,
То будэмо ночоваты.


Пасля таго як павесяляцца ў дружкі, ідуць зноў да бацькоў нявесты, дарогай спяваюць:

Мы у дружкы булы,
Всего доволь мілы,
Мэд і выно пылы,
Пшэнычный хліб йiлы,
А од мяса і ковбас
Мал нэ пускае пояс.


Калі ўваходзяць у хату, тыя дзяўчаты, якія засталіся, спяваюць нявесце:

Нэ лэтай, зозулько, з кутка сыножаткы —
Нэ так добрэ будэ у чужэі маткі!
Соколы сыдять,
На тэбэ глядять,
I возьмуть тэбе на крылочка,
Занэсуть тэбэ од гніздочка.
Нэ выбігай, молодая Мар'юхно,
За свого батэнька подвур'ечко,
Бо боярэ сыдять,
На тэбэ глядять,
Возьмуть тэбэ од батэнька
I завэзуть до свікронька.

Пасля гэтай песні стараста з дружком выносяць з каморы каравай, спяваючы:

Мошчоны мосты з коморы до хаты,
Ту дою нэсюно коровай богаты.

Каравай кладуць на стол, за які садзяцца бацькі і родныя нявесты, а стараста гаворыць: «Благословы, отчэ і маты, своему дытяты на пасаг сядаты». Пасля гэтага бацькі ўстаюць, a іх месца займаюць маладыя. Дружко ставіць перад імі талерку і спявае:

Як з раю, з раю сонэчко встае,
Так молодая Мар'юхна на посаг сядае,
I просыть батэнька о вспомоганне:
— Муй батэньку-місяцю, споможы мэнэ
Шчаслывым бытом,
Копою жытом,
Шчастем, здоров'ем,
Долэю, покоем.

Бацька адказвае:
Нэхай тэбэ, доньку, Буг спомагае I всі святыі, і люды добры. Далей дружко спявае: Ой родэ, родэ богатый Вэды статочок рогатый: Коровы з тэлятамы, Овэчкы з ягнятамы. Пры гэтым кожны з родных падыходзіць да нявесты і адорвае яе. Дружка запісвае кожную падараваную рэч. Стараста ж налівае чарку гарэлкі, перадае нявесце, а яна — кожнаму, хто дорыць. Пры гэтым у нявесты і ў таго, хто прымае чарку, рука павінна быць абвязана хусткай. Але перад гэтым, яшчэ да «перапою» замужнія жанчыны здымаюць з нявесты дзявочы ўбор і завязываюць ёй на галаву хустку, а жаніху надзяваюць шапку, пры гэтым спяваюць:

Завзялыся свахы свое діло зробыты,
Княгыню уповьггы.
Прыды, батэньку, погляды,
Як твое дытя повылы.
Повылы, розквьтговалы,
Шчо всі людэ дывовалы.

За перапоем ідзе дзяльба каравая, пры гэтым бацька нявесты робіць крыжападобную нарэзку на караваі. Стараста тым жа нажом вынімае з каравая крыжападобную часцінку, загортвае яе разам з грашыма, якія падаравалі на перапоі, у белую хустку і аддае нявесце. Пасля гэтага каравай дзеліцца на невялікія кавалкі, якія раздае кожнаму, хто ўдзельнічаў у перапоі. Пасля таго як каравай падзялілі, стараста спявае:

Староста — вызволёный,
Коровай — подылёный.
Дай жэ, Божэ, добрэ літо,
Шчоб роды лося нам жыто,
Ячмінь і пшеныця,
I всяка пашныця.

А маладая ў той час, калі стараста раздае каравай, кожнаму з родных жаніха дорыць па кавалку палатна. Пры гэтым свахі спяваюць:

Жаль, Божэ, дарув
Для тых пышных боярув:
Уміють дары браты,
Не вміють дяковаты,
Шапочкі подыйматы.


Пасля адорвання родных жаніха маладая складвае свае рэчы і рыхтуецца да ад'езду, у той час як бацькі з гасцямі вячэраюць. Пасля вячэры стараста спявае: «Достойно есть», а пасля гэтага прыпявае:

Жаль, Божэ, дарув
Для тых пышных боярув:
Уміють дары браты,
Не вміють дяковаты,
Шапочкі подыйматы.


Далей падхопліваюць жанчыны:

Рычная рыбонько, чы нэ жаль тобі будэ,
Як то говорять добрые людэ,
3 рыкі в озэры, ідучы,
Зэлёну траву мнучы.
Молодая Мар'юхно, чы нэ жаль тобі будэ,
Як о тобі твоя родына забудэ?
Чы нэ жаль тобі будэ, од батэнька ідучы,
Добрануч даючы?

Нявеста ўся ў слязах выходзіць з клеці, у гэты час дзяўчаты спяваюць:

Нэ куй, зозулько, в тэмном лiсы,
Тобі коваты в зэлёнуй дубравы!
Нэ плачь, Мар'юхно, у своеі маткы,
Будэшь плакаты, жівучі в свікрові,
Іі наровы пэрэймаючы, Хліба і солі ужываючы.

Пасля гэтага стараста кажа: «Благословы, отчэ і маты, своёму дытяты на быту статы». Нявеста кланяецца бацькам і атрымлівае благаслаўленне, хрысціцца, цалуе хлеб, бярэ яго пад паху і выходзіць з хаты. У гэты час стараста спявае:

До бору, тэтюрко, до бору,
Там тобі сосны з выбору,
Там тобі вода з крыныці,
Там тобі ягоды ярыця (земляніка).


Дзяўчаты:
Нэправда, соколю, нэправда: Коныкі з'ілы травыцю, Волыкі выпылы водыцю, Ягодкі зклёвалы птыці.

Стараста:
До свікра, Мар'юхно, до свікра, Там тобі вэчэра готова, Там тобі світёлка мэтёна, Мягка постэля стэлёна.

Дзяўчаты:
Нэправда, старосто, нэправда, Світёлку дівэры засілы, Вэчэру зовыці з'ілы, Свыкруха залэгла постэлю.

Калі маладая кладзе рэчы ў воз, дзяўчаты спяваюць:

Накрый мэнэ, сванэчко, поламы,
Шчоб нэ облыла матёнкы слёзамы.


Стараста:
Убырайсяж, Мар'юхно, убырайся,
В кованый вуз вкладайся.
Вжэ пора од'іжжаты,
Свого быту одвідаты.

Пры выездзе:
Дякую тобі, муй батэньку, Дякую тобі, муй місяцу, За твое годованне, За добрэ посыланне! Я в тэбэ лыхого слова нэ чула, Тулько косоньку чэсала, Біло лычко умывала.

Дарогай:
Грай, грай, шчуко-рыбо, по быструм дунаі,
Бо хутко заплывэшь вжэ в чужыі краі;
Там будэшь зловлёна,
3 лушчіцы злуплёна
I молодцэвы на обід зварёна.


Пры набліжэнні да дому бацькоў жаніха спяваюць:

Зурэнька свытовая свытае,
Мар'юхна ворота трогае: —
Одчыны, батэньку, ворота,
Ось тобі нэвістка молода!
Чорны очі заплакала,
Шчо косоньку пострадала.

* * *
Радуйся, батэньку,
Вэзэмо нэвісточку,
Высоку, як ялына.
Чэрвону, як калына.
Калі маладая малога росту:
Не лякайся, батэньку,
Шчо нэвістка малая;
Мы еі подвыжыімо,
На шовку поставымо,
Золотом подважымо.

У некаторых мясцовасцях дамашнія, пачуўшы набліжэнне вяселля, складаюць вогнішча каля брамы і праз яго маладыя павінны ўязджаць на двор.

На двары спяваюць:

Прыіхала пані
В чорному жупані,
Нэ хочэ вставаты,
Трэба повытаты.

Бацькі жаніха выходзяць насустрач, віншуюць нявесту і вядуць у хату. Маці сустракае нявестку ў футры поўсцю наверх.
Калі маладая ўваходзіць у хату, спяваюць:

Радуйся, маты,
Ідэ нэвістка до хаты,
3 вэлыкымі очіма,
3 шырокымы плэчыма,
Добрая роботуха,
А ліпша колотуха.

Маладая кладзе прывезены хлеб на стол і пад печ кідае курыцу, пасля гэтага бярэ вядро і ідзе за вадой. У гэты час госці вячэраюць. Для маладых вячэра падрыхтавана ў клеці. Пасля вячэры стараста вядзе маладых, ім спяваюць наступныя песні:
Вжэ дівонька з ложа ідэ, Свому свікровы добры-дэнь дае. Ой, рада б я була добры-дэнь дала, Алэ сэрдэнько мое туча заняла: Нэ могу говорыты, Сэрдэнько звэсэлыты.
Пры падыходзе да дома, маладыя пачынаюць танцы на двары, а за імі і ўсе госці, спяваючы:

Дай жэ, Божэ, добрый час,
Як у людэй, так і у нас.
Дай, Божэ, добру годыну,
Умножай ему родыну.

Маладыя ў суправаджэнні гасцей ідуць з віншаваннямі да пана, спяваючы па дарозе:

Мы до пана ідэмо,
Подарок нэсэмо;
До пана молодого,
Мы служэнькы его.

Пан з ганка прымае падарунак (палатно) і віншуе маладых, адпускае некалькі гарцаў гарэлкі на заканчэнне вяселля. На дарозе сустракаюць дружак маладой, якія ідуць павіншаваць яе на новым стане, заязджаюць у госці да старасты і дружкі, а ад іх зноў у хату да бацькоў жаніха, дзе дзеляць каравай жаніха і працягваюць гулянне. Калі разыходзяцца, спяваюць:

Склонылося сонэчко до долу,
Час нам, пановэ, до дому.
Вжэ вітёр ворота відчыныв,
I місяц дорогу освытыв.


Музыкі вядуць гасцей за браму і на развітанне з гаспадарамі спяваюць:

Бэры, чортэ, гостя,
А музыку посля.

У в. Хабовічы пасля вянчання нявеста, калі выходзіла з царквы, цягнула за сабой абцасам ручнік, на якім стаяла ў час вянчання, каб яе дружкі хутчэй маглі выйсці замуж. (Запісаў П.Дудзінскі ад Марыі Дзянісаўны Вакуліч.)

У в. Акцябр вяселле святкавалі 3 дні. У зборную суботу дзяўчаты з барвінку вілі вянок нявесце, потым клалі яго ў сіта і бацькі выкуплялі яго. Потым гэты вянок надзявалі на каравай і маці з бацькам 3 разы абводзілі ім вакол галавы нявесты. У нядзелю адбывалася вянчанне. Перад ад'ездам у царкву бацька з вядром вады, а маці з хлебам і соллю 3 разы абыходзілі святочна ўбраны воз і лілі ваду пад капыты коням. Пасля вянчання жаніх і нявеста раз'язджаліся, потым прыязджалі сваты і выкуплялі нявесту. Жаніх забіраў яе ў панядзелак. Калі дзялілі каравай і дарылі маладых, казалі: «Дарую грошы на 4 капы, каб былі 4 сыны і ўсе музыканты», альбо «Дарую грошы, каб былі дзеці харошы». (Запісала І.М.Бабер.)
 


 

Комментарии