Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Духовная культура

Кобрынскi строй

Сярод строяў заходняга Палесся асаблівай завершанасцю формаў і віртуознай распрацоўкай арнаменту жаночага касцюма вылучаецца Кобрынскі строй, які бытаваў у XIX — пачатку XX ст. пераважна на тэрыторыі Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў. Кашулю шылі з саматканага адбеленага палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, планачкай-манішкай і стаячым ці адкладным каўняром. Рукавы заканчваліся фальбонкамі ці манжэтамі, аздабляліся вышыўкай крыжам, падліковай гладдзю, «роспісам», выразамі, радзей узорыстым браным ткацтвам і маршчэннем тканіны. Дробнаўзорысты геаметрычны або раслінны арнамент, выкананы чырвона-малінавымі з невялікімі ўкрапінамі чорнага, белага ці цёмна-сіняга колеру ніткамі, размяшчаўся вузкімі, аднолькавай шырыні шлячкамі ў падоўжным ці папярочным напрамку па ўсёй паверхні рукавоў.

Фартух, пашыты з 2 полак ільняной тканіны ў зборку, аздабляўся накшталт кашулі з выкарыстаннем бранага ткацтва, чырвоных, чорных і сініх шляк. Адметнасцю кобрынскага строю з'яўляецца спосаб нашэння фартухоў. Верхні фартух быў карацейшы і з-пад яго выглядваў асноўны арнамент ніжняга фартуха. Летняя святочная льняная спадніца («палатнянік») шылася з 4 полак серабрыста-белай тканіны, выкананай у тэхніцы шматнітовага ткацтва ў крыжы, акенцы, паскі. Упрыгожвалася папярочнымі арнаментаванымі шлякамі з чырвоных нітак — адным шырокім па падоле і шматлікімі вузкімі вышэй яго.

Кобрынскі строй. Жанчынчы ў святочных касцюмах. Вёска Дзівін.

Часам шлякі рабілі ў тэхніцы бранага ткацтва. Пярэдняя полка спадніцы часта афармлялася ў іншым, болып насычаным, рытме шлякоў, што надавала ёй выгляд фартуха. У БДМНАіП захоўваецца калекцыя такіх «палатнянікаў» з вёсак Лелікава і Дзівін. У в. Лелікава святочныя льняныя спадніцы мелі назву «фартух». (Запісаў С.Борыс.)

Асаблівай прыгажосцю вылучаюцца дзівінскія андаракі (в. Дзівін раней была мястэчкам). Выраблялі іх з 4 полак чырвонага сукна ці паўсукна, запоўненых вузенькімі вертыкальнымі лініямі-прасноўкамі з сініх, зялёных, жоўтых, белых, малінавых нітак. На поясе спадніца збіралася ў складкі, ніз падшываўся паласой з жоўтай ці чорнай тканіны. У БДМНАіП захоўваецца некалькі экзэмпляраў такіх спадніц пачатку XX ст. Бэзава-фіялетавыя андаракі насілі жанчыны вёсак Падбярэззе, Завужоўе і Хабовічы. Радзей андарак шылі з чорнай ці цёмна-сіняй тканіны з белымі, зялёнымі, сінімі, фіялетавымі прасноўкамі. У в. Хабовічы андаракі шылі таксама з шэра-малінавага, зялёна-шэрага ці зялёнага сукна. Спадніцу падпяразвалі вытканым у рознакаляровыя пал осы поясам з кутасамі. Суконны жаночы пояс называўся ў в. Лелікава «крайка».

Зрэдку касцюм дапаўняўся гарсэтам. На тэрыторыі Кобрынскага раёна былі распаўсюджаны 2 асноўныя тыпы жаночых безрукавак: з адразной спінкай і прамымі суцэльнымі полкамі, а таксама суцэльныя доўгія безрукаўкі з разрэзамі ўнізе. На захадзе раёна безрукаўкі не насілі.

Самая каларытная і маляўнічая частка жаночага касцюма — галаўныя ўборы. У канцы XIX — пачатку XX ст. на Кобрыншчыне сустракаліся два тыпы складаных галаўных убораў: чапец-тканка-хустка і чапец-намітка. Намітка ўяўляла сабой падоўжаны кавалак палатна (55 — 60 см шырынёй і 310 см даўжынёй) з ільняных адбеленых нітак, упрыгожвалася мярэжкай, вышыўкай баваўнянымі чырвонымі ніткамі. Яе закручвалі паверх гладка зачасаных валасоў, сабраных на патыліцы ў пук ці гульку, накшталт «грэчаскага вузельчыка», і замацаваных невялічкім, з далонь, вязаным чэпчыкам. Зверху намітка абвівалася вузкай дыядэмкай («кілбаскай»), утвараючы прыгожую драпіроўку вакол твару і на спіне. Касцюм дапаўняўся шыйнымі ўпрыгожаннямі — пацеркамі, стужкамі, абразкамі ( «лыгманамі» ).

Мужчынскі касцюм складаўся з кашулі навыпуск, падпяразанай поясам, нагавіц і галаўнога ўбору — шапкі з чатырохвугольным верхам ці саламянага картуза, аздобленага ўзорыстай тасёмкай па версе і какардай. Найбольш пашыранай на Кобрыншчыне была паліковая сарочка. Палікі прамавугольнай формы ўшываліся на плячах паміж асноўнымі полкамі, што рабіла сарочку занадта шырокай, таму вакол шыі яна збіралася ў зборкі. Нагавіцы шыліся з ромбападобнай ці квадратнай устаўкай.

    Жанчына ў касцюме з наміткай. Вёска Яўсімавічы.

Галаўныя ўборы, кашулі, спадніцы, фартухі, настольнікі, ручнікі часам аздаблялі вышыўкай. На поўдні Кобрынскага раёна назіраецца асаблівая ўстойлівасць геаметрычнага «нашывання». Вышыўка ўяўляла сабой, як правіла, сукупнасць раўназначных бардзюраў, размешчаных на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго. На пачатку XX ст. атрымалі пашырэнне аплікацыя, вышыўка крыжыкам, а таксама раслінны арнамент.

Верхнім адзеннем мужчын і жанчын служылі белыя нядубленыя кажухі і суконныя світы (латухі), якія шыліся з белага, шэрага ці карычневага сукна. У БДМНАіП захоўваецца калекцыя світ з вёсак Бельск, Дзівін, Лелікава, Руховічы, Хабовічы. Яны прадстаўлены 2 тыпамі — вусам і з падразнымі бачкамі. Крой світы з вусам заключаўся ў наступным: спінка рабілася суцэльная, крыссе гладкае, а ў бакавыя швы ўстаўляліся трохвугольныя кліны-«вусы». У другім тыпе світы пярэдняя частка складалася з 2 суцэльных полак, спінка ж на лініі з бакоў падразалася, а ў цэнтры прыкладна на 9 — 12 см заставалася неадразной. Падразныя бачкі прызборваліся і прышываліся да верхний часткі. Такая світа шчыльна аблягала фігуру. На каўняры, грудзях, бакавых клінах, часам і па краях рукавоў латухі аздабляліся стракатымі пышнымі кутасамі і вышыўкамі малінавымі, зялёнымі, сінімі, ружовымі, чырвонымі і блакітнымі ніткамі. Часам замест вышыўкі выкарыстоўвалі абшыўку шнуром тых жа колераў і чорнай тасьмой. У канцы XIX ст. атрымала распаўсюджванне і кароткае верхняе адзенне — куртка.

Да гэтага часу на Кобрыншчыне не перавяліся майстрыхі, якія ведаюць шматлікія сакрэты ткацтва і вышыўкі. У в. Дзівін ткацтвам займаецца Ганна Ігнацьеўна Шудрый, 1929 г.н.

Комментарии