Вёска Казiшча
Казiшча – вёска ў Бухавіцкім с/с, за 18 км на Пн ад горада і
чыг. ст. Кобрын, 69 км ад Брэста. Аўтадарогамі звязана з
Кобрынам, Жабінкай, Пружанамі. 54 гаспадаркі, 89 жыхароў
(2005). Па пісьмовых крыніцах вядома з XVI ст. як сяленне ў
Трокскім ваяв. ВКЛ.
У 1563 г. Казішча – сяло Кобрынскай эканоміі, 5 гаспадарак,
7 валок зямлі, з якіх 4 валокі вольныя (асочніцкія).
У 1597 г. сяло ў складзе Лягатаўскага войтаўства той жа
эканоміі; 7 валок зямлі, з якіх 1 вольная (асочніцкая). Пры
сяле меліся 3/10 валокі (вольныя) зямлі, якія былі нададзены
сялянам «на выган». Засценак налічваў 4 валокі зямлі.
Інвентар адзначаў дрэнную якасць зямлі.
У 1786 г. сяло Кобрынскай эканоміі, 7 валок 229 маргоў зямлі.
У 1795 г. 2 гаспадаркі, 12 жыхароў. Пасля 3-га падзелу Рэчы
Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав.,
з 1801 г. ў Гродзенскай губ.
У 1864 г. адкрыта нар. вучылішча.
У 1886 г. Казішча – сяло, цэнтр Казішчанскай вол., 46 двароў,
432 жыхары, меліся валасное праўленне, царква (праваслаўны
прыход у 1888 налічваў 1826 вернікаў), школа, кузня, заезны
двор.
У 1890 г. – сяло, 1112 1/2 дзес. зямлі; царк. прычт, 110 1/4
дзес. зямлі; у нар. вучылішчы ў 1889/90 навуч. годзе
вучыліся 64 хлопчыкі; у 1892–93 гг. – 80 хлопчыкаў, 2
дзяўчынкі; у 1905–06 гг. – 92 хлопчыкі.
У 1897 г. сяло (каля гандл. шляху Кобрын–Пружаны), 80 двароў,
581 жыхар, Свята-Троіцкая царква, нар. вучылішча, валасное
праўленне, хлебазапасны магазін, кузня, 3 ветраныя млыны,
піцейны дом.
У 1905 г. сяло налічвала 598 жыхароў, у 1911 г. – 638
жыхароў. З 1921 г. вёска ў складзе Польшчы, у Падалескай
гміне Кобрынскага пав. Палескага ваяв., 93 двары, 532 жыхары.
З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Кобрынскім р-не Брэсцкай
вобл., з 12.10. 1940 г. – цэнтр Казішчанскага с/с, з
11.8.1959 г. да 19.7.1976 г. ў Яроміцкім с/с.
У 1940 г. вёска, 140 двароў, 680 жыхароў, працавалі пач.
школа, хата-чытальня, магазін, сельсавет. На тэр. сельсавета
было 11 населеных пунктаў, 338 двароў, 2013 жыхароў. У
Вялiкую Айчынную вайну Казішча акупіравана ням.-фаш.
захопнікамі з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. Каля вёскі ў
баях з ням. акупантамі ў 1943 г. і пры яе вызваленні ў ліп.
1944 г. загінулі 12 воінаў Сав. Арміі і партызан брыгады імя
Чапаева М.Усікаў. Пахаваны каля будынка былой школы (у 1965
устаноўлены абеліск). На могілках таксама пахаваны партызан
атрада імя Чапаева І.А.Петруковіч, які загінуў у баі з
ням.-фаш. акупантамі 13.6.1944 г. (у 1976 устаноўлена стэла).
У 1948 г. ў в. Казішча пабудаваны клуб і хата-чытальня, у
1950 г. створаны калгас імя Хрушчова (старшыня Б.Качан).
Паводле перапісу 1959 г. вёска налічвала 512 жыхароў, у 1970
г. – 386 жыхароў.
У 1999 г. 78 гаспадарак, 132 жыхары, у складзе калгаса «Перамога»
(з 2004 СВК «Пакроўскі»; цэнтр – в. Бухавічы). Працуюць
магазін, фельч.-акушэрскі пункт. Помнік архітэктуры –
Свята-Троіцкая царква (сярэдзіна XIX ст.).
Свята-Троіцкая царква
Адрас: 225872 Брэсцкая вобласць, Кобрынскі раён,
в.Казішча
Тэлефон: +3751642-349-59
Епархія: Брэсцкая
Благачынне: Кобрынскае
Архітэктар: невядомы
Від будаўніцтва: першапачаткова праваслаўны будынак (пабудова)
Тыпалогія Храма: вясковы прыходскі храм
Стан Храма: дзейнічае
Будаўнічы матэрыял сцен: драўляны
Стагоддзе сканчэння будаўніцтва: 19
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.