Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Архитектура Кобринщины

З гісторыі палацава-паркавых комплексаў Кобрыншчыны

ГАРАДЗЕЦ

Колішні палацава-паркавы комплекс. Мястэчка Гарадзец, паводле працы польскага даследчыка Марэка Газдава («Tегуtorjum Dawnej Ziemi Brzeskiej»), упамінаецца ў летапісах з 1287 г. Належала да Кобрынскай эканоміі, размяшчалася над Каралеўскім каналам (пасля 1846 г. канал называецца Дняпроўска-Бугскі).

Каля 1465 г. кобрынскімі князямі тут была пабудавана Ільінская царква. Каталіцкая парафія ўзнікла ў Гарадцы разам з узвядзеннем касцёла праз фундацыю караля Уладзіслава IV. У 1563 г. у Гарадцы была праведзена каралеўская рэвізія, паводле якой упершыню з'явіліся запісы пра назвы вуліц Гарадца (Кобрынская, Прышахоцкая, Пiнская, Грушаўская, Ілінская, Базарная і інш.).

У 1586 г. Гарадзец перайшоў па спадчыне каралеве Ганне Ягелончык, дачцэ каралевы Боны і Жыгімонта I Старога. Ганна, як і яе маці, была актыўнай і мэтанакіраванай у вырашэнні гаспадарчых і палітычных спраў, мела рэфарматарскі дух. Каб стымуляваць развіццё рамяства, гандлю і ў цэлым усіх гаспадарак, новая каралева 5 студзеня 1589 г. асабіста ўручыла Кобрыну і Гарадцу прывілей на права самакіравання (Магдэбургскае права). Але Гарадцу не было дадзена права мець уласны магістрат як адміністрацыйны орган улады.

Гарадзец. Палац. 3 малюнка Ю.Крашэўскага сярэдзіны XIX ст.

У 1784 г. у Гарадцы затрымаўся праездам цераз ПІарашова, Шчарчова і Кобрын на Гродзенскі сейм апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Кароль быў вельмі зацікаўлены каналам, выказаў жаданне асабіста агледзець яго і застаўся задаволены яго станам. Канал даваў магчымасць мясцоваму люду перапраўляць свае тавары аж да Гданьска, а таксама пашыраў іх надзелы за кошт асушанай зямлі. Калі кароль плыў на велізарнай лодцы, накрытай балдахінам, на ўсім шляху караля віталі тысячы мясцовых жыхароў ... У гонар канала, які пасля наведвання манархам Рэчы Паспалітай атрымаў назву Каралеўскі, у 1786 г. быў выбіты медаль.

Палацава-паркавы ансамбль у Гарадцы ўзнік пры Ордах, якія сталі ўладальнікамі сядзібы ў 1808 г. Паводле малюнка Юзафа Крашэўскага, палац складаўся з рознавялікіх аб'ёмаў, меў гладкую тынкоўку, вялікія вокны, высокі падмурак. Перад парадным уваходам існавала вялікая круглая клумба. Найбольш верагодна, што палац быў зруйнаваны яшчэ ў 1-ю сусветную вайну. Пра існаванне ў Гарадцы некалі шыкоўнага палацава-паркавага ансамбля нагадваюць адзінкавыя старыя дрэвы.

ЗАПРУДЫ

Колішняя сядзіба роду Маераў. Узнікла на тэрыторыі сярэдневяковага замчышча. Да цяперашняга часу тут захаваліся рэшткі абарончых умацаванняў (валы і равы), якія ў плане нагадваюць упісаныя адзін у адзін прамавугольнікі. Да 2-й сусветнай вайны сядзіба належала Маерам. Дом не захаваўся. Ён быў разабраны ў пасляваенны час. На месцы ансамбля размясцілася базавая школа. Будынак школы ўзведзены на месцы існавання сядзібы. Дом быў драўляны, аднапавярховы, накрыты гладкім двухсхільным дахам. 3 боку цэнтральнага пад'езда меўся невялікі ганак.

Захавалася частка парку ў паўночна-заходняй частцы сядзібы. У парку растуць клёны, ліпы, дубы, шмат ляшчыны, акацый, побач сочыцца крыніца, непадалёку існуе штучная сажалка.

ІМЯНІН

Колішні маёнтак. Размяшчаецца за 0,5 км на паўночны захад ад в. Імянін. У пісьмовых крыніцах в. Імянін упершыню ўпамінаецца ў 1563 г. Сядзіба з'яўлялася радавым гняздом Навумінскіх. Парк закладзены ў 2-й палове XIX ст. Цэнтрам кампазіцыі быў сядзібны дом, пабудаваны з дрэва, аднапавярховы, па цэнтры мансардны, вылучаны невялікім ганкам на драўляных слупах. Парк не вылучаўся кампазіцыйнай дасканаласцю. У пасляваенны час у ім размяшчалася воінская часць, асноўны дрэвастой знішчаны. Захаваўся колішні мураваны будынак кашары.

Імянін. Будынак колішняй кашары.

КАМЕНЬ

Колішняя сядзіба роду Сулкоўскіх. У пісьмовых крыніцах упамінаецца пад назвай Камень Каралеўскі ў 1563 г. Захавалася частка аб'ектаў сядзібы (жылы дом, гаспадарчыя пабудовы, парк). На месцы ансамбля месціцца базавая школа. Дом драўляны, аднапавярховы, з нізкім дахам. Будынак практычна не перабудоўваўся. У цэлым фасад захаваў аўтэнтычнае аблічча, знаходзіцца ў добрым стане. Пабудаваны ў другой палове XIX ст. Пасля 2-й сусветнай вайны перададзены гаспадарамі пад класы для навучання мясцовых дзяцей. Унутры перапланаваны пад патрэбы школы.

Пейзажны парк, закладзены разам з будаўніцтвам дома, захаваўся часткова. Асноўную тэрыторыю сядзібы займаў пладовы сад. Усю сядзібу абкружаў абвадны канал, які ў паўночна-заходнім баку злучаўся з невялікай сажалкай выцягнутай формы. Былыя будынкі аборы, стайні, сыраварні і інш. знішчаны. Часткова захавалася ўязная алея, абсаджаная ліпай, бярозай.За 0,7 км на захад ад вёскі Камень каля дарогі на Кобрын існуе курган з гістарычным каменем-валуном. Надпіс на ім сведчыць пра пахаванне ў 1637 г. шляхціца Вадзілы Нічыпаровіча.

ПЛЯНТА

Колішні палацава-паркавы ансамбль. Паводле даследавання Р.Афтаназы, маёнтак належаў роду Петрашэўскіх, пазней перайшоў да генерала Зданьскага, герб «Корніч». Яшчэ да 1-й сусветнай вайны маёнтак падлягаў падзелу і распрадажы. 3 1920-х гадоў і да 2-й сусветнай райны ў палацы працавала сельскагаспадарчая школа для дзяўчат. Дырэктарам гэтай школы да 1939 г. была Смоляр.

Плянта. Паркавы фасад палаца. 1920 г.

Палац, у якім размяшчалася школа, уяўляў сабою аднапавярховы будынак, у плане прамавугольны, з шырокімі вокнамі. На архіўным здымку адлюстраваны паркавы фасад палаца. Па цэнтры фасада выступаў паўкруглы двух'ярусны рызаліт, накрыты стажковым дахам. Увесь палац накрываў чатырохсхільны высокі дах. Паводле ўспамінаў старажылаў, цэнтральны ўваход у палац быў акцэнтаваны невялікім ганкам на калонах.

Унутраная планіроўка палаца анфіладная. Меліся 2 круглыя залы для гасцей, адна на першым, другая — на другім мансардным паверхах. Архітэктурны стыль палаца сведчыць, што ён пабудаваны ў XVIII ст. У 1939—1941 гг. у будынку палаца-школы пасяліліся рускія перасяленцы, а вышэйназваная дырэктар Смоляр выехала ў Польшчу. У пачатку вайны ў 1941 г. немцы спалілі палац. 3 гаспадарчых пабудоў засталася стайня, якая выкарыстоўваецца мясцовымі жыхарамі пад жыллё. У старадаўнім пейзажным парку пасля вайны размяшчалася МТС. Большая частка парку знішчана, засталіся адзінкавыя векавыя дрэвы і фрагменты алей.

Друкуецца са скарачэннямі па кн.: Несцярчук Л.М. Замкі, палацы, паркi Берасцейшчыны X— XX стагоддзяў. Мн., 2002. С. 190-191, 194-196, 201-202.

А.М.Кулагін

Комментарии


Названия статей

Поиск по сайту



Наши партнеры

Животный мир Кобринщины, Кобрин, Беларусь

Пицца с доставкой на дом Уфа