Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Вуліца, якая носіць імя Леніна 

Наўрад ці знойдзецца ў нашай краіне горад, у якім адна з цэнтральных вуліц ці плошчаў не насіла б імя вялікага правадыра чалавецтва У. I. Леніна. Ёсць такая вуліца і плошча і ў нашым горадзе. Аб многіх падзеях мінулага і буйных пераменах ў жыцці Кобрына раскажа знаёмства з імі.

Кабрынчане больш сталага ўзросту добра памятаюць горад у 1939 годзе, вуліцу Садовую, якая зараз носіць імя Пушкіна. Тады, ды і яшчэ гадоў 15 таму назад, на месцы цяперашняй плошчы стаялі крытыя саломаю хацінкі. Па другі бок — першая ў гісторыі Кобрына невялічкая аўтобусная станцыя, якая пры рэканструкцыі горада была знесена. А калі ўспомніць больш даўнія гады, то памяць падкажа, што ўсяго чвэрць стагоддзя назад адрэзку вуліцы паміж плошчамі Леніна і Свабоды наогул не існавала. У даваенны час, калі адзіным транспартам у гарадзе былі аднаконныя падводы, кpуты паварот з плошчы Свабоды на вуліцу Савецкую не перашкаджаў. У пасляваенныя гады, калі гарадскія вуліцы запрудзіў аўтатранспарт, трэба было прымаць меры па забеспячэнню бяспекі руху. Прапаноўваліся розныя варыянты. Згодна з адным з іх паміж вуліцамі Савецкай і Пушкіна пралёг пачатак цяперашняй вуліцы імя Леніна. Да гэтага ж часу ацносіцца і ўзнікненне плошчы, якая таксама носіць імя правадыра.

На вуліцы імя Леніна ў пасляваенныя гады на былых пустэчах і агародах выраслі новыя, двухпавярховыя дамы. На нашых вачах быў знесен стары драўляны дом, што знаходзіўся паміж гэтымі новымі дамамі і ўнівермагам. Гэты будынак, так званая «папоўка», — апошні сведка мінулага комплекса, які ўзнік каля старажытнай Петрапаўлаўскай царквы, якая існавала «В Кобрини на городи» яшчэ ў 1465 годзе. Гэтая драўляная царква ў 1911 годзе была перанесена на старыя могілкі ў канцы вуліцы Першамайскай, а на яе месцы планавалася пабудаваць цагляную Петрапаўлаўскую-Сувораўскую. Першая сусветная вайна перашкодзіла ажыццяўленню гэтага плана. А нарыхтаваную для будаўніцтва цэглу ўкраў памешчык Банькоўскі на ўзвядзенне ў вёсцы Андронава жывёлагадоўчых памяшканняў. На месцы былога цвінтару зараз сквер імя Героя Савецкага Саюза А. I. Марозава.

3 першых дзён узнікнення горада Рыначная плошча, да ўзнікнення плошчы імя Леніна з'яўлялася гістарычным цэнтрам горада. Яна была сведкай важнейших падзей. На ёй закончыўся жорсткі бой у 1812 годзе, тут адбываліся мітынгі і дэманстрацыі салдат, прызваных у армию ў 1905 годзе. Адсюль выйшла першая першамайская дэманстрацыя рэвалюцыйнай моладзі Кобрына ў 1925 годзе. Тут была праведзена ў 1931 годзе дэманстрацыя беспрацоўных пад лозунгам «Хлеба і работы». А у 1939 тут з кветкамі ў руках сустракалі савецкіх воінаў, прынёсшых свабоду.

Некалькі двухпавярховых дамоў з вузкімі трохаконныміі фасадамі пераносяць нас у яшчэ больш аддаленае мінулае, калі згодна з Магдэбургскім правам, якое атрымаў горад у 1589 годзе, дамы ў цэнтральнай частцы горада маглі быць строга абмежаваных размераў, расці ўверх, а не ў шырыню.

Побач з корпусам швейнай фабрыкі стаіць рад рознастыльных дамоў, у якіх зараз размешчаны магазіны. Гэта — былыя гандлёвыя рады, пабудаваныя ў двадцатых гадах на месцы драўляных, згарэўшых у 1915 годзе. На старым плане Кобрына добра бачны два ўзгоркі, размешчаныя па абодвух баках вуліцы Леніна пры пад’ёме на мост праз раку Мухавец. Некалі гэтыя ўзгоркі называліся «Замкавымі гарамі». Злева знаходзіўся верхні замак, абнесены каменнымі сценамі, справа — ніжні, акружаны насыпамі з драўлянымі палісадамі. Разваліны замкаў былі знесены ў канцы XVIII стагоддзя. Апошнія сляды замкавай гары зніклі ў саракавых гадах мінулага стагоддзя, калі зямля з яе была ўзята на будаўніцтва насыпу шашы.

У 1864 годзе на брацкай магіле рускіх воінаў, якія загінулі ў баі 15 ліпеня 1812 года, быў пабудаваны каменны праваслаўны сабор. Зараз у ім размяшчаецца архіў. У непасрэднай блізкасці ад будынка — манументальны помнік у азнаменаванне першай перамогі над войскамі Напалеона.

Мост, праз які сёння праходзяць тысячы машын, пабудаваны пасля вайны. Яго драўляныя папярэднікі згарэлі ў час ваенных дзеянняў у 1915, 1939, і 1944 гадах. За ракой вуліцу Леніна перасякае чыгунка, якая пралягла па глухой ускраіне ў васьмідзесятых гадах мінулага стагоддзя.

У даваенныя гады за чыгункай уздоўж вуліцы было не больш 10—15 невялічкіх домікаў, гаспадары якіх займаліся апрацоўкай зямлі. Зараз з абодвух бакоў яе выраслі новыя жылыя кварталы, з новымі дамамі, вуліцамі, сваёй школай, дзіцячым садам, добраўпарадкаванымі магазінамі, сталовымі, швейным атэлье камбіната бытавога абслугоўвання.

А. Мартынаў

Навигация



Наши партнеры

Кобрин, Беларусь, Достопримечательности, Интересные места