Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Кобрынцы

Так з гордасцю называлі сябе артылерысты палка, у якім мне давялося служыць з 1944 года і да канца вайны. Пасля ранення ў палескіх балотах непадалёку ад г. Калінкавічы мяне накіравалі ў гэты полк.

Штаб дывізіёна быў размешчаны ў вёсцы Лісіцы пад Пінскам. Народ у дывізіёне падабраўся добры, дружны. Душою падраздзялення быў камандзір дывізіёна, каржакаваты мужчына ніжэй сярэдняга росту, педагог па прафесіі. Мы, моладзь, многім абавязаны яму. Маёр Дзьячкоў валодаў багатым вопытам. Усе яго вельмі паважалі за спакойны і роўны характар, бясстрашнасць у баі і ўменне, не крыўдзячы чалавека, гаварыць аб яго недахопах.

Асабліва пасябраваў я з фельчарам дывізіёна лейтэнантам Аркадзіем Сцяпанавічам Ісаевым. Гэты стройны малады чалавек родам з Урала вельмі быў падобны на цыгана. Цёмны колер твару, курчавыя валасы, чорныя, як воранава крыло, уменне іграць на гітары садзейнічалі таму, што ўсе мы лічылі, што ён цыган. Другім маім сябрам стаў Іван Пятровіч Карпухін, старшы тэхнік-лейтэнант. Наколькі быў шумлівы і мнагаслоўны Аркадзь, настолькі ціхі і маўклівы Іван. Ён вельмі любіў гульню ў шахматы і Ленінград, дзе закончыў артылерыйскае вучылішча.

Асабліва нас здружыла наступленне пад Пінскам, калі адна з нашых батарэй была накіравана ў тыл праціўніка. Гарматы цягнулі па дошках, што падкладвалі пад колы. Бязлітасна паліла сонца, не давалі спакою камарыг але мы, абліваючыся потам, упарта прабіваліся праз балота. Праца наша не прапала дарма. Калі батарэя адкрыла агонь, немцы разгубіліся і кінуліся бегчы. Палонныя расказвалі, што ніяк не чакалі, што рускія могуць перайсці цераз балоты.

Чым далей ішлі мы на захад, тым больш мацнела наша дружба. Пад Кобрынам наш полк адзначыўся, за што і атрымаў назву «Кобрынскі». У Кобрыне мы былі нядоўга. Хоць і ведалі, што тут жыў Аляксандр Васільевіч Сувораў, але паглядзець гэтыя месцы не паспелі.

Пад Брэстам з намі на назіральным пункце быў фельчар Аркадзь. Палажэнне складвалася вельмі цяжкае. У нас было мала снарадаў. Усе гарматы дывізіёна стаялі на прамой наводцы. Немцы літаральна засыпалі наша распалажэнне мінамі і снарадамі. Побач з намі раніла пехацінца. Раптам чуем: «Ой, перавяжыце!»

− Каго раніла? — спытаў камандзір.

− Ложу майго аўтамата, — адказвае без цені ўсмешкі Аркадзь. Усе так і грымнулі вясёлым раскацістым смехам. Гітлераўцы паўтарылі артналёт.

— Гэта яны нас пачулі, — жартаваў Аркадзь.

Пад вечар раніла ардынарца камандзіра дывізіёна. Аркадзь на сабе, пад абстрэлам, вынес яго з назіральнага пункта і адправіў у медсанбат.

Ўжо пад Рыгай да нас у дывізіён прышоў капітан Мікалай Мікалаевіч Осіпаў, назначаны намеснікам камандзіра дывізіёна па страявой частцы. Ён стаў нашым сябрам.

Вайна раскідала нас. Першым пайшоў ад нас і назаўсёды Іван Пятровіч Карпухін. Гэта здарылася ў баях у Германіі. Глыбока ў тылу, ля адной з вёсак рамантаваў гармату. Ён вялікі майстар гэтай справы. Часта рабіў рамонт нават на прамой наводцы, Калі закончыў работу, рашыў выпрабаваць гармату выстралам. Зарадзілі (з ім былі наводчык і камандзір гарматы), як убачылі некалькі нямецкіх танкаў. Адкрылі агонь. Шкоды асколачнымі прынесці не маглі. Танкі таксама з дарогі звярнуць не маглі. Палі раскіслі, і немцы не рашалі рухацца па цаліне. Больш гадзіны стрымлівала наша гармата танкі. I тут асколкам снарада быў забіты Іван Пятровіч. Усе мы абавязаны яму жыццём, таму што танкі ішлі на нас. Праз нядоўгі час быў паранены Мікалай Мікалаевіч Осіпаў. Ён з 13 пехацінцамі, над якімі прыняў камандаванне, і разлікам 45 мм гарматы заняў вёску ў Германіі. Калі да завалу, што быў у вёсцы, заставалася метраў 200, раздаўся выстрал. Яны заляглі. Другім быў паранены капітан. Калі да яго падпоўз ардзінарац, Мікалай Мікалаевіч загадаў яму паўзці назад і падцягнуць гармату. Пасля двух дзесяткаў выстралаў каля 30 немцаў паднялі рукі. Толькі пасля гэтага капітана ўдалося адправіць у медсанбат. Пад Берлінам раніла мяне, затым Аркадзя.

Пасля вайны сустракаўся я з Аркадзіем у Пермі і Мікалаем Мікалаевічам − у Маскве. Яны і цяпер жывыя. Аркадзій служыць на Урале, Мікалай працуе ў Маскве. У нас ёсць задума сустрэцца ў гонар вызвалення ў ліпені ў Кобрыне − імя якога насіў наш полк.

Іваноў, У. Кобрынцы / У. Іваноў // Камуністычная праца. – 1969. – 14 ліпеня. “Кобрынцы” – так называлі сябе артылерысты палка, які вызваляў Кобрын.

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Познай Кобрин