Прайшло шмат часу, аднак дзень 22 чэрвеня 1941 г. добра
помніцца лётчыкам 123-га знішчальнага авіяцыйнага палка, які стаяў тады ў
Кобрыне. Памятае яго і былы электрамеханік 3-й зскадрыллі гэтага палка
Вікенцій Аляксеевіч Стаканаў. У жніўні мінулага года ён адпачываў у
санаторыі «Буг» і пабываў у нашым горадзе, наведаў музей. А праз нейкі час
прыслаў свае ўспаміны аб паветраных баях над Кобрынам у першы дзень вайны.
На ўзбраенні палка было каля 70 знішчальнікаў І-153 «чайка», а ў маі 1941
года паступілі 20 самалётаў ЯК-І. Канструкцыя іх з’яўлялася прынцыпова новай,
і цяжка было разлічваць, што лётчыкі хутка змогуць асвоіць гэтыя машыны.
21 чэрвеня 1941 года ў 24 гадзіны камандзір палка маёр Б. М. Сурын аб’явіў
баявую трывогу. Самалёты па яго загаду ўбралі з «чырвонай лінейкі» і
замаскіравалі ў бліжэйшых да аэрадрома кустах. Адначасова для авіяцыйных
кулямётаў пачалі набіваць патронамі стужкі. Усе лётчыкі былі ў самалётах,
прагравалі маторы. Гэтыя меры і выратавалі полк ад поўнага знішчэння ў час
першага варожага налёту.
Калія 4 гадзін раніцы 22 чэрвеня над Кобрынскім аэрадромам паказаліся фашысцкія бамбардзіраўшчыкі Ю-88 - каля 70 самалётаў. Спачатку яны высыпалі бомбы на «чырвоную лінейку», а потым пачалі расстрэльваць з гармат і кулямётаў асобныя цэлі. Загарэліся новыя знішчальнікі ЯК-І.
Калі першыя бомбы паляцелі на аэрадром, усе зразумелі, што пачалася вайна. Паступіла каманда: «Усе на ўзлёт!» I закруцілася... «Чайкі» знаходзіліся на вышыні ад 200 да 5000 метраў. Неба прасякалася няспыннымі гарматнымі і кулямётнымі трасамі. У паветры пастаянна ішоў бой, у якім прымалі ўдзел каля 60 фашысцкіх самалётаў і 20 − 30 «чаек» - праціўнік меў яўную колькасную перавагу. Аднак першыя ўспыхнуўшыя «юнкерсы» на нейкі момант збянтэжылі гітлераўскіх лётчыкаў. Паклаўшы ў беспарадку свой груз, бамбардзіроўшчыкі павярнулі назад.
Але праз некалькі мінут ім на змену прыляцелі штурмавікі Ме-110 і знішчальнікі Ме-109. I зноў «чайкі» вялі бой з фашыстамі. Нашы лётчыкі выкарыстоўвалі перавагу «чаек» перад «месершмітамі» ў манеўранасці. Агнявая сіла «чайкі» хоць і ўступала па калібру варожым аўтаматычным гарматам, затое «чайка» за адну секунду рабіла 120 выстралаў.
Былы начальнік штаба 4-й арміі Л. М. Сандалаў у сваёй кнізе «Перажытае» пісаў: «За першы дзень вайны лётчыкі палка збілі 30 фашысцкіх самалётаў... У няроўным баі загінуў камандзір палка маёр Сурын Барыс Мікалаевіч, які правёў у гэты дзень чатыры паветраныя баі і асабіста збіў тры самалёты праціўніка».
Той жа Л. М. Сандалаў пісаў, што каля 10 гадзін раніцы ён бачыў, як на Кобрын на невялікай вышыні ішла армада фашысцкіх бамбардзіроўшчыкаў. Насустрач ім выляцелі дзве невялікія групы нашых знішчальнікаў. Чатыры самалёты капітана Мажаева, лейтэнантаў Жыдава, Рабцава і Наізарава − уступілі ў бой з 8 «месершмітамі». Машына Жыдава была падбіта і пайшла на зніжэнне. Тры фашысты, разлічваючы на лёгкую здабычу, пачалі атакаваць яго зверху. Капітан Мажаеў, прыкрываючы выхад таварыша з бою, трапнай кулямётнай чаргою збіў «месершміта». А сам Жыдаў падпаліў другога. К канцу боя ў лэйтэнанта Рабцава закончыліся боепрыпасы. Аднак савецкі лётчык не палічыўся з небяспекай для жыцця і рашуча накіраваў сваю машыну на самалёт праціўніка, пратараніў яго. Пётр Рабцаў здзейсніў свой подзвіг паміж 10 і 11 гадзінамі і застаўся ў жывых. Яшчэ некалькі месяцаў ён ваяваў, а загінуў у канцы жніўня 1941 года, абараняючы Ленінград.
К 13 гадзінам 22 чэреня фашысцкіх самалётаў у небе над Кобрынам не стала. Праўда, і ў 123-м палку засталося ў страі толькі 12 «чаек». Астатнім лётчыкам паступіў загад пералятаць на Пінскі аэрадром.
Вядома, полк панёс вялікія страты ў першы дзень вайны. Аднак нашы лётчыкі не прайгралі гэты бой, выстаялі перад колькасна пераўзыходзячым ворагам. Вось з такіх першых невялікіх перамог, з першых збітых фашысцкіх самалётаў і падбітых танкаў і вырасла затым Вялікая Перамога.
Н. Пліско,
дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага
музея імя А. В. Суворава.
Пліско, Н. Першы дзень вайны / Н. Пліско // Камуністычная праца. – 1985. – 9 мая. – С. 2.
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.