Пачаліся чорныя дні акупацыі. Літаральна з першых дзён горад сістэматычна прачэсваўся групамі ваенных з літарамі «ГФП» на пагонах, што ў пераводзе азначала «тайная палявая паліцыя». Раз’язджалі яны па дакладна ўстаноўленых адрасах, сабраных нямецкімі агентамі яшчэ ў перадваенны перыяд. Разам з іншымі шпіёнскімі заданнямі складалі спісы партыйных і савецкіх актывістаў, асоб, якія варожа адносіліся да фашысцкай ідэалогіі.
У асабняку доктара Невяроўскага на плошчы Камсамольцаў рэгулярна засядаў ваенна-палявы суд. Першай яго ахвярай стала актывістка КПЗБ, былы вязень канцлагера ў Картуз-Бярозе Кацярына Гасілевіч. Большасць схопленых адразу расстрэльвалі, астатніх адпраўлялі ў канцлагер.
А неўзабаве страшэнны механізм знішчэння людзей пачаў працаваць на поўную магутнасць. У ліпені гестапаўцы правялі на вуліцах горада аблаву. У час яе захапілі больш як дзвесце чалавек, якіх расстралялі на палях прыгараднага маёнтка Патрыкі. Наступная вялікая група кабрынчан была знішчана ў жніўні. На гэты раз пад выглядам рэгістрацыі для выдачы дапамог у будынку СШ № 1 сабралі 180 чалавек хворых і непрацаздольных. Іх вывозілі на расстрэл у раён вёскі Імянін.
З пачатку акупацыі месцам рэгулярных расстрэлаў гітлераўцы абралі адхон шашы ля моста праз Днепра-Бугскі канал. Сюды, на вялікай скорасці, пад’язджалі крытыя грузавікі з ахвярамі. Людзей са звязанымі дротам рукамі ставілі на каленях на самым краі адхона. Кат абыходзіў шарэнгу і страляў з пісталета кожнаму ў патыліцу. Часам асуджаных ударамі прыкладаў спіхвалі з адхону ўніз, страляючы наўздагон у спіны тых, хто спрабаваў уцячы. Такім чынам былі забіты маладажоны Грынюкі, якія пабеглі насустрач смерці, трымаючыся за рукі.
Сярод мноства закатаваных тут нявінных людзей трэба назваць жыхара вёскі Залессе Кірылу Іванавіча Пракапука. Матрос балтыйскага флоту, ён прымаў актыўны ўдзел у падзеях Вялікага Кастрычніка ў Петраградзе. Затым − актыўная дзейнасць у радах КПЗБ, канцлагер Картуз-Бяроза. Тут, ля адхону, была зверскі знішчана сям'я партызана Рыгора Кошаля.
З мэтай застрашвання насельніцтва трупы расстраляных пакідалі незакапанымі некалькі дзён. Калі партызанскі рух пачаў набіраць сілу і праводзіць расстрэлы ля моста фашысты баяліся, экзекуцыі былі перанесены ў сцены турмы.
Восенню 1941 года Кобрын стаў цэнтрам адзінкі “гебітскамісарыята” і ваеннае ведамства змянілася грамадзянскім. Узначаліў яго гебітекамісар Панцэр, які заняў пад сваю ўстанову памяшканне СШ № 1. Для яўрэйскага насельніцтва было створана гета з дзвюх асобных частак. У гета «А» залічвалі больш «перспектыўных» (з пункта гледжання карыснасці нявольнікаў для рэйха) − спецыялістаў, кваліфікаваных работнікаў і наогул найбольш моцных фізічна людзей. За хабар сюды пранікалі проста багатыя сем’і. Гета «А» размяшчалася ў паўднёвай частцы, абмежаванай з захаду вуліцай Суворава, з поўдня і ўсходу − плошчай Свабоды, вуліцамі Першамайскай і Кірава.
У заходняй частцы горада было размешчана гета «Б». Яго межамі служылі: заходні бок плошчы Свабоды да моста, правыя бакі вуліц Савецкай і Спартыўнай. У адрозненне ад асноўнага гета межы тут насілі чыста сімвалічны характар, нават агароджа адсутнічала. Было бачна, што яно яўна прызначалася для першачарговай ліквідацыі.
Перасяленне жыхароў праводзілася ў крайне сціслыя тэрміны. Усе людзі неяўрэйскай нацыянальнасці былі выселены з адведзеных пад гета вуліц. Немцы мелі зносіны з гета праз «юдэнрат» (яўрэйскі савет), які ўзначаліў буйны купец Ангяловіч. На работы жыхары гета накіроўваліся пад канвоем паліцэйскіх з ліку яурэяў. Пры гэтым хадзіць па тратуарах забаранялася. Кожны яўрэй абавязаны быў насіць нашыты на плячах жоўты кружок. Зносіны з гета, а тым больш дапамога яго жыхарам, жорстка караліся.
У такіх умовах прайшла зіма 1941−1942 гадоў. Летам фашысты прыступілі да ліквідацыі гета «Б». Па расказах сведак, усе жыхары былі сабраны ў адно месца, дзе да іх звярнуўся Ангяловіч. Ён ведаў аб намерах фашыстаў, аднак спакойным голасам заклікаў усіх да спакою, запэўніў, што нічога дрэннага людзям не пагражае. Проста будзе адпраўка на работы, пагэтаму трэба забраць з сабой самыя неабходныя рэчы і прадукты харчавання.
Натоўп людзей з плачучымі жанчынамі і дзецьмі акружылі паліцэйскія з сабакамі і павялі на чыгуначную станцыю, дзе ў вагон упіхвалі да двухсот чалавек. Канцавым пунктам іх падарожжа стала Бронная Гара, месца паміж Бярозай і Івацэвічамі...
Вось што расказаў адзін са служачых станцыі, на вачах якога ўсё адбывалася. Напярэдадні 800 мясцовых сялян выкапалі 8 равоў даўжынёй 40−60, шырынёй 6 і глыбінёй 4 метры кожны. Участак быў абнесены калючым дротам. На спецыяльна прыгатаваных пляцоўках ахвяр прымушалі распрануцца дагала. Затым ударамі прыкладаў, нацкоўваннем сабак людзей прымушалі спускацца на дно ямы і класціся радамі тварам да зямлі. Бездапаможныя людзі моўчкі выконвалі загад. Зверху іх палівалі аўтаматнымі чэргамі. На забітых і раненых лягалі наступныя ахвяры, ажно пакуль яма не запаўнялася акрываўленымі целамі людзей. Ямы на Броннай Гары сталі апошнім прытулкам больш як 50-ці тысячам людзей, дастаўленых з Кобрына, Гарадца, Бярозы, Брэста, Драгічына, Іванава, Пінска.
Жорстка падмануліся ў сваіх падзеях і жыхары гета «А», якія былі ўпэўнены ў тым, што дзякуючы іх карыснасці, удасца ўцалець да канца вайны. Расправа адбылася позняй восенню 1942 года. На гэты раз месцам масавых забойстваў сталі палі цяперашняга калгаса «Новы шлях», што прымыкаюць да паўднёвай ускраіны Кобрына. Папярэдне 160 мужчынам з вёскі Хідры загадана было прыйсці сюды з рыдлёўкамі. Убачыўшы, што прыйшлі не ўсе, карнікі папярэдзілі: за невыкананне работы ва ўказаны тэрмін − расстрэл. I работа закіпела. Каты падлічылі, што хопіць чатырох швоў 60 на 60 метраў. Месца расстрэлу было акружана аўтаматчыкамі. Калі ў крытых машынах была дастаўлена першая партыя ахвяр, усё паўтарылася.
У тыя трагічныя дні гета прачэсвалі па некалькі разоў. Карнікі ўзломвалі дзверы, лазілі па гарышчах і падвалах. Нават зямлю правяралі жалезнымі прутамі: некаторыя людзі спрабавалі схавацца ў загадзя выкапаных ямах. Хворых і пакінутых у дамах дзяцей прыстрэльвалі на месцы. Вырвацца з акружэння і прабрацца да партызан удалося нямногім.
Гэты кашмар працягваўся некалькі дзён. Здранцвелы ад жаху і свядомасці ўласнай безабароннасці горад дні і ночы напружана ўслухоўваўся ў гукі, што даносіліся з тэрыторыі гета і месцаў расстрэлу ўчарашніх суседзяў.
Затым наступіў другі акт трагедыі − рабаванне маёмасці ахвяр. Усе рэчы звозіліся ў вызначаныя месцы, перабіраліся, сартаваліся. Больш каштоўнае ўпакоўвалася для адпраўкі ў «рэйх», астатняе раздавалася мясцовым жыхарам, якія былі заняты на гэтай рабоце. Праводзімая пад пільным наглядам фашысцкіх спецслужб гэтая аперацыя зацягнулася на некалькі тыдняў.
А. Мартынаў
Мартынаў, А. Першыя ахвяры вайны / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1988. – 14 красавіка. Першыя гады акупацыі (1941-1942гг.) на Кобрыншчыне.
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.