Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Перажываюць подзвігі герояў     

З кожным годам усё менш сярод нас ветэранаў Вялікай Айчыннай – жывых сведкаў самай страшнай трагедыі мінулага стагоддзя, час, хваробы і старыя раны няўмольна збіраюць сваю сумную даніну. І, на жаль, вельмі часта разам з самімі ўдзельнікамі той вайны назаўсёды адыходзяць ад нас і жывыя ўспаміны аб тых падзеях, якія ў свой час вызначылі лёс усяго нашага народа. Але бывае і зусім інакш – калі памяць, нібыта моцнае дрэва, прабівае сабе шлях праз гады і пакаленні, калі ўспаміны бацькоў працягваюць жыць у іх дзецях, а потым перадаюцца ўнукам. Менавіта гэткі цудоўны прыклад знайшлі мы ў сям’і Васіля Грыцука – сына ветэрана вайны Васіля Міхайлавіча Грыцука, які пакінуў нас у мінулым месяцы.

- Вайсковая служба для майго бацькі пачалася яшчэ да вайны, – успамінае Васіль Васільевіч. – Здарылася так, што апынуўся ён адразу ў Ленінградзе – там прыняў прысягу і служыў у 2-м пражэктарным палку, які ахоўваў горад ад паветраных налётаў. Стаялі за горадам недалёка ад ракі Іжоры.

Можна толькі ўяўляць сабе, якім вялікім і нязвыклым здаўся для маладога вясковага хлопца славуты горад. Запомнілася Васілю Грыцуку і адна са шматлікіх бацькавых гісторый пра тыя, яшчэ даваенныя часы – як яны, прызыўнікі з самых розных куткоў Савецкага Саюза, упершыню ў жыцці селі ў трамвай. А праз хвіліну, калі трамвай паехаў, усе разам пападалі – аб тым, што трэба трымацца за поручні, ніхто з іх проста не ведаў…

А потым аднойчы ў небе нечакана з’явіліся нямецкія самалёты. Хаця, як расказваў Васіль Міхайлавіч, супрацьпаветраная абарона Ленінграда была арганізавана вельмі шчыльна, і спачатку толькі рэдкія самалёты маглі яе пераадолець. Аднак махавік нямецкага “бліцкрыгу” набіраў абароты – масіраваныя атакі хутка пачаліся адначасова з усіх напрамкаў, а з 8 верасня вакол горада замкнулася блакаднае кола. Ветэран успамінаў, як страшна вылі сірэны падчас паветраных налётаў, як гарэлі Бадаеўскія склады, дзе захоўваўся галоўны прадуктовы запас ленінградцаў, як па вуліцы з месца пажару цяклі сапраўдныя рэкі палаючага цукру… Як у блакадным горадзе проста на вуліцах падалі людзі – каб ужо ніколі не падняцца на ногі. Як адна з бомб прабіла некалькі паверхаў шпіталя, дзе ляжаў з раненнем Васіль Міхайлавіч, і разарвалася недзе ўнізе, змяшаўшы ў адну страшную мешаніну і сцены будынка, і параненых, і дактароў…

Васілю Грыцуку пашчасціла – яго разам з іншымі параненымі вывезлі з блакіраванага горада па славутай “дарозе жыцця”, якая праходзіла па лёдзе Ладажскага возера. Шпіталь у Комі – і зноў на фронт, у гэты раз – Калінінскі, куды Васіль Грыцук трапіў у складзе 79-га Гвардзейскага стралковага палка. Набліжаліся падзеі, па матывах якіх пазней быў зняты фільм “Корпус генерала Шубнікава” – дарэчы, які вельмі любіў глядзець Васіль Грыцук. Падраздзяленням, у якіх ён служыў, было патрэбна звязаць боем нямецкія рэзервы, якія рухаліся на дапамогу войскам Паўлюса, што знаходзіліся ў сталінградскім катле. А ўвогуле за вайну Васілю Грыцуку давялося быць і сувязістам, і аўтаматчыкам, і бранябойшчыкам–стралком супрацьтанкавага ружжа, і паездзіць на брані славутых “трыццацьчацвёрак” у складзе танкавага дэсанта. Але на ўсё жыццё запомніўся той самы непаўторны смак звычайнага хлеба – які ён, нібыта ўпершыню ў жыцці, пакаштаваў пасля выхаду з блакаднага Ленінграда.

А 25 лістапада 1942 года Васіля Міхайлавіча напаткала другое раненне – яму ў некалькіх месцах перабіла левую руку. І ў мірны час яшчэ доўга Васіль Грыцук успамінаў прафесіяналізм і адказнасць ваенных хірургаў і тыя намаганні, якія яны нават у тых сціслых умовах прыкладалі да таго, каб паставіць чалавека ў строй. Паставілі і яго. Доўгае лячэнне, рэабілітацыя – і зноў на фронт.

Успамінаў Васіль Грыцук і дні, калі за адзін дзень выбівалі цэлыя стралковыя палкі, і так званыя “жаночыя” батальёны, якія кідалі ў баі з-за недахопу асабістага саставу… Калі з некалькіх тысяч чалавек літаральна праз дзень-другі ў жывых заставалася адна няпоўная рота. Калі стаяў над палямі страшны смурод ад соцень трупаў – і нашых, і нямецкіх, якія не паспявалі прыбіраць.

Ну а потым пачалася ўжо зусім іншая вайна – Савецкая Армія рухалася на Захад, вызваляючы горад за горадам. Беларусь, Польшча, Германія… Там, у Германіі – дарэчы, у даволі цікавых абставінах – Васіль Грыцук сустрэўся з саюзнікамі.

- Бацька ўспамінаў, што ў канцы вайны на сваёй тэрыторыі немцы часта рабілі на нашы калоны засады, – успамінае Васіль Васільевіч. – Напрыклад, укопвалі ў зямлю танк па самую башню, добра маскіравалі і чакалі. Таму наперадзе і крыху збоку ад калон звычайна ішла разведка. Бацька на той час недзе паспеў здабыць трафейны веласіпед, на якім у той дзень і перамяшчаўся наперадзе калоны… Бачыць – нейкі гарадок, а ў ім – людзі. Спачатку думаў – немцы. Потым уважліва паглядзеў – а форма іншая, ды і машыны не нямецкія. Глядзіць – а некаторыя ўвогуле чарнаскурыя! Ну, дакладна не гітлераўцы. Аказалася – амерыканцы. Сустрэліся, абмяняліся цыгарэтамі… Цыгарэты саюзнікаў, дарэчы, нашым салдатам зусім не спадабаліся – прывыклі да сваёй, звычнай махоркі.

Там, на нямецкай зямлі, і скончылася вайна для Васіля Грыцука. І сёння ў ваенным білеце ветэрана можна прачытаць: “Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне з чэрвеня 1941-га па 1945 год”. Ад пачатку і да самага канца – на перадавой, пад агнём, сам-насам са смерцю. А ў 1946 годзе былы франтавік развітаўся з ваеннай службай. Настаў час мірнай працы – Васіль Міхайлавіч стаў першым старшынёй першага калгаса імя Леніна, вёў актыўную грамадскую дзейнасць – ды і ўвогуле, усё жыццё правёў у працы. Ён лічыў, што чалавек як машына, якая без працы імгненна пакрываецца ржой і выходзіць са строю. Гэтая ўпэўненасць ды “старая загартоўка” чалавека, які прывык перамагаць цяжкасці, і дапамагалі яму не губляць энергіі на працягу ўсяго яго жыцця. Што ж да памяці пра ваенныя і мірныя заслугі, то сёння, пасля смерці ветэрана, іх доказы пяшчотна захоўвае сын. Ордэн Леніна, ордэн Вялікай Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, ордэн Чырвонай Зоркі, два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і многія іншыя ўзнагароды, узнагародныя лісты, ордэнскія кніжкі – як памяць аб тым, што нельга забыць…

Слухаючы Васіля Васільевіча, можна толькі здзіўляцца дакладнасці і падрабязнасці, з якімі ён запомніў усе ўспаміны бацькі. Магчыма, менавіта ў гэтай вечнай сувязі паміж пакаленнямі і заключаецца наша галоўнае багацце. Таму што немагчыма пакарыць народ, пакуль у ім з вуснаў у вусны перадаюцца ад бацькоў дзецям успаміны аб мінулым, подзвігі перажываюць герояў, а памяць захоўвае ўрокі гісторыі – якія не павінны паўтарыцца ніколі.

Дзмітрый БЯЛОЎ.
На здымках: Васіль Міхайлавіч Грыцук; Васіль Васільевіч Грыцук.
Фота аўтара.

Бялоў, Дз. Перажываюць подзвігі герояў / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. – 2015. – 11 лютага. – С. 4. Сын ветэрана вайны Васіля Міхайлавіча Грыцука ўспамінае аб ваенных гадах свайго бацькі.

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину