Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Іх вадзіла маладосць

Больш як паўстагоддзя аддзяляе нас ад той жудаснай вайны. Але людская памяць назаўсёды захавала падзеі вогненнага ліхалецця, ды і раны ветэранаў, што прайшлі праз гэтае пекла, не даюць забыцца, выкінуць з памяці падзеі таго грознага часу.

Не забывае аб дарогах вайны і былы франтавік Дзмітрый Дзмітрыевіч Ратнікаў. Аднак расказваць аб вайне не любіць. Магчыма, гэтыя ўспаміны прымушаюць балюча сціскацца сэрца, яшчэ раз у думках развітвацца з таварышамі, магілы якіх засталіся на розных узгорках ад Масквы да Берліна.

Дзмітрый Дзмітрыевіч да мабілізацыі на фронт два гады паспеў папрацаваць трактарыстам у МТС. Ужо ў мінамётным вучылішчы яму споўнілася толькі 17 гадоў. Летам 1944 года маладога камандзіра мінамётнага разліку накіравалі на фронт пад Чавусы, што ў Магілёўскай вобласці. Тут ён прыняў і першы бой. У гэты час камандаванне нашых войск праводзіла аперацыю «Баграціён». Немцы ўпарта супраціўляліся і на ўчастку мінамётнай батарэі нават пацнснілі савецкія войскі крыху назад. У той летні дзень Д. Д. Ратнікаў разам з двума камандзірамі вырашылі падабраць новую пазіцыю для батарэі. Не паспелі як след адысці ад распалажэння часці, як натыкнуліся на групу конных немцаў, якіх было каля трыццаці. Давялося прыняць бой. Першых немцаў знішчылі трапным аўтаматным агнём, а 21-го, у асноўным афіцэраў, захапілі ў палон. За гэты бой Дзмітрый Дзмітрыевіч атрымаў сваю першую ўзнагароду - ордэн Славы ІІІ-й ступені. Потым яго мінамётны разлік трапна знішчаў ворага пад Мінскам, на тэрыторыі Польшчы. Цяжкае раненне надоўга прыкавала да шпітальнага ложка маладога афіцэра. У санітарным поездзе давялося праехаць амаль усю Расію, да самай кітайскай мяжы. Падлячыўся і зноў у строй. Доўгачаканы Дзень Перамогі сустрэў нападалёку ад Берліна, дзе савецкія войскі сустрэліся з амерыканскімі.

Вайна скончылася, але Дзмітрый Дзмітрыевіч не зняў афіцэрскія пагоны. У 1946 годзе ён ідзе працаваць у Кобрынскі ГРАУС. Спачатку быў старшым інспектарам службы па баявой падрыхтоўцы, потым перавялі ў крымінальны вышук. Цяпер ужо на іншым фронце даводзілася не раз рызыкаваць жыццём, абараняючы мірны спакой людзей. Дзевяць гадоў працаваў намеснікам начальніка ГРАУС, а ў 1974 годзе яго праводзілі на заслужаны адпачынак у званні падпалкоўніка міліцыі.

Але і пасля гэтага энергічны чалавек Д. Д. Ратнікаў не сядзеў без справы. Ён дзесяць гадоў узначальваў арганізацыю ветэранаў аддзела міліцыі, быў, як кажуць, на быстрыні жыцця.

Цяпер былы мінамётчык не толькі кавалер ордэна Славы ІІІ-й ступені. На яго грудзях ззяюць ордэн Айчыннай вайны І-й ступені і 16 медалёў, сярод якіх асабліва выдзяляецца медаль «За баявыя заслугі». У музеі імя А. В. Суворава захоўваецца Падзячнае пісьмо ветэрану ад імя маршала Ракасоўскага.

Былы франтавік - герой вайны Д. Д. Ратнікаў у жыцці просты і сціплы. Яго паважаюць і суседзі, і былыя саслужыўцы, ён заўсёды жаданы ў ветэранскай арганізацыі. 3 ім прыемна пагаварыць на розныя тэмы. Праўда, калі гаворка заходзіць аб вайне, аб яго асабістым укладзе ў Перамогу, Дзмітрый Дзмітрыевіч амаль заўсёды збянтэжана змаўкае, а потым у задуменні гаворыць: «Навошта каго-небудзь вылучаць, не я адзін каваў Перамогу. Проста быў такі час, калі нас, маладых, выпрабоўвалі на стойкасць, адданасць Радзіме. Лепш давайце ўспомнім тых, хто аддаў сваё жыццё, каб выстаяць і перамагчы. Хай ім будзе вечная слава!».

Сацук, А. Іх вадзіла маладосць…/ А.Сацук // Кобрынскі веснік. – 1998. – 8 мая. – С. 2. Пра кабрынчаніна Дзмітрыя Дзмітрыевіча Ратнікава, ветэрана Вялікай Айчыннай, героя – ардэнаносца.

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Познай Кобрин