Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Не забыць дарогі тыя

Раніцай ля цантральнай майстэрні саўгаса «Звязда» заўседы шматлюдна. Механізатары, рамонтнікі спяшаюцца да сваіх машын, землеапрацоўчых агрэгатаў, каб адрамантаваць той ці іншы вузел, зрабіць прафілактыку. І цяпер, калі зямля адпачывае пад снегам, самы спрыяльны час падрыхтавацца як след да веснавых палявых работ.

На першы погляд, нічым асаблівым сярод іншых працаўнікоў майстэрні не выдзяляецца - невысокага росту мужчына, немалады, але даволі рухомы. Аднак механізатары з павагай вітаюцца з ім, спяшаюцца падзяліцца сваімі думкамі наконт новай тэхнікі, будучага ўраджаю або звяртаюцца за дапамогай.

- Максімавіч, паглядзеў бы паліўную помпу ў маім трактары. Замучыла, праклятая. Тры разы разбіраў, а ўсё адно не працуе, - прасіў яго малады механізатар.

-Давай, нясі на «аперацыйны» стол, паспрабуем вылечыць, - з усмешкай адказвае Аляксей Максімавіч.  Пачынаецца новы працоўны дзень, а з ім і новыя клопаты, за якімі, ма- быць, А. М. Нічыпарук, слесар-наладчык саўгаса «Звязда», забывае аб сваім узросце, аб тым, што можна было б даўно сядзець зімой у натопленай хаце, чытаць газеты, глядзець тэлевізар. Ён гэта заслужыў. Аднак пенсія пенсіяй, а сярод людзей спадручней. Ды і праца, веды, вопыт яго неабходныя механізатарам. Дзе ж тут усядзіш дома, нават калі табе 69 гадоў?! Пэўна, так разважаў ветэран працы саўгаса А. М. Нічыпарук.

Усё сваё свядомае жыццё ён не ўхіляўся ад работы. А ў вёсцы яе заўсёды шмат. I кожная справа ладзіцца ў працавітых руках Аляксея Максімавіча. Яшчэ юнаком пайшоў у вучні да шаўца, а праз некаторы час і сам рамантаваў абутак, шыў новы, папаўняючы мізэрны сямейны бюджэт. Калі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўстанавілася Савецкая улада, Аляксей марыў пайсці вучыцца, але не паспеў. Пачалася вайна, пацягнуліся доўгія дні фашысцкай акупацыі.

Новаспечаныя гаспадары везлі ў Германію не толькі хлеб і жывёлу, але і маладую рабочую сілу. Неяк на досвітку акружылі і вёску Аляксея. Каб пазбегнуць палону, юнак падаўся на млын да дзядзькі. Той выпэцкаў яго мукой і паслаў на самы верх высыпаць мяшкі. Заглянуўшы ў млын, немцы нічога не западозрылі. Юнаку пашанцавала выратавацца, а яго аднагодкаў пагрузілі ў машыны, каб адправіць батрачыць у нямеччыну. На другі дзень пасля вызвалення Кобрыншчыны А. М. Нічыпарук стаў воінам Савеіцкай Арміі. Трапіў у стралковую роту другім нумарам станкавага кулямёта.

Ваенныя дарогі... Калькі іх змералі за гады вайны салдацкія боты. Не раз кулямёт Нічыпарука трапным агнём спыняў націск ворага, выручаў нашых байцоў. Ваяваў Аляксей, як і працаваў, сумленна. А калі даводзілася асабліва горача, як, напрыклад, пад Варшавай, не падаў духам, а наадварот, жартам, трапным словам падтрымліваў таварышаў.

Асабліва запомніў Аляксей вясну 1945 года. Рота заняла новыя пазіцыі пад Берлінам. Навокал ні ямы, ні дрэўца, нават і схавацца недзе. Куды ні глянь - па калені гразь.

-Давай патроны, - крыкнуў першы нумар кулямёта. Аляксей спачатку хацеў паўзком дабірацца за новымі стужкамі, але вырашыў, што ў поўны рост будзе хутчэй. Кругом свісталі кулі, ляцелі асколкі, але, не звяртаючы на небяспеку ўвагі, Нічыпарук бег да кулямёта з новымі стужкамі ў руках.

-Табе што, жыць надаела, - крыкнуў у самае вуха лейтэнант, а потым дадаў, - відаць, смеласці табе, хлопец, не займаць.

За гэты бой А. М. Нічыпарук быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Шмат выпрабаванняў выпадала на долю Аляксея. Здавалася, смерць недзе побач крочыла з салдатам, касіла яго таварышаў. Толькі яму шанцавала. Праўда, аднойчы асколак міны трапіў у нагу, але не надта пашкодзіў яе, таму А. М. Нічыпарук наадрэз адмовіўся ісці ў медсанбат, а рушыў з байцамі далей па франтавых дарогах. I самай шчаслівай дарогай у жыцці Аляксея была дарога дамоў пасля звальнення ў запас.

У роднай весцы адпачываць доўга не давялося, патрэбна было працаваць за дваіх, аднаўляць разбураную вайной гаспадарку.

Пасля вайны А. М. Нічыпарук здейсніў сваю мару - пайшоў вучыцца ў МТС на трактарыста. Потым кіраваў трактарнай брыгадай. Пасля рэарга- нізацыі станцыі перайшоў у гаспадарку і апошнія 15 гадоў працуе слесарам- наладчыкам. Ён дасканала ведае ўсе айчынныя маркі трактараў, можа ліквіда- ваць любую няспраўнасць у рухавіку. Лічыць гонарам для сябе ўсялякую работу і ніколі не адмаўляецца ад яе. За такі характар і паважаюць яго таварышы па рабоце, кіраўнікі саўгаса.

А.М.Нічыпарука часта запрашаюць да сябе вучні Мінянскай школы, каб паслухаць расказ аб падзеях ваенных гадоў, аб подзвігах сваіх бацькоў і дзядоў. I, ідучы на сустрэчу, Аляксей Максімавіч надзявае свае ўзнагароды - медалі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна» і «Ветэран працы», якім нядаўна ўзнагародзілі аднаго з лепшых рабочых саўгаса.

Сацук, А. Не забыць дарогі тыя / А. Сацук // Камуністычная праца. – 1985. – 5 лютага. Пра ветэрана вайны А. М. Нічыпарука з Мінянкі, які вызваляў Варшаву, браў Берлін, за што быў узнагароджаны медалямі.

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину