Убачанае і пачутае доўга не выходзіла з галавы. Чаму лёс аднаго аберагае, а другога, не горшага, у такія ціскі зацісне, што і асэнсаваць цяжка. Як, напрыклад, Георгія Карпінчыка з вёскі Верхалессе, чалавека з мудрымі ад перажытага вачамі. Дарэчы, што ён можа рабіць, калі пішуцца гэтыя радкі? Варыць вячэру сабе і жонцы, якая ўжо шосты год цяжкай хваробай прыкавана да ложка? А можа, прысеў паслухаць радыё, каб не адстаць ад жыцця? Спраўны тэлевізар, што стаіць у кутку пакоя, не ўключае: з-за хваробы вачэй амаль нічога не бачыць. Ці, можа, прыбегла сацыяльны работнік Таццяна, каб закапаць на нач лекі ў хворыя вочы? Ці сусед, настаўнік матэматыкі Аляксандр, зайшоў запаліць газавы кацёл у сувязі з пахаладаннем? Вось і пачуе ад іх Георгій Цімафеевіч апошнія вясковыя навіны, словам перакінецца... А потым цішыня і думкі, успаміны. Пра сына, які заўчасна памёр і чыя вайсковая форма да гэтай пары захоўваецца ў старэнькай шафе, пра пражыты дзень. А можа, пра свае франтавыя дарогі? Аб іх роздумаў хопіць не на адну гадзіну.
Пачаліся ў 1940-м, калі яго прызвалі ў Чырвоную Армію і адправілі служыць ажно ў Чалябінск. Толькі паспеў асвоіць усе тонкасці сваіх абавязкаў, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. I вось ужо эталон, сярод пасажыраў якога хлопец з Кобрыншчыны, імчыць на Захад...
З немцамі сутыкнуўся пад Полацкам. Баі былі жорсткімі. Многія з аднапалчан загінулі ў першыя дні, другім удалося пратрымацца больш, трэція трапілі ў палон. Сярод апошніх быў і Георгій Карпінчык...
Іх трымалі ў лагеры пад Лідай. «Заходнікаў» час ад часу адпускалі. Пашанцавала і Георгію. Праз некалькі дзён быў дома, але ў бацькоўскай хаце не затрымаўся - адразу пайшоў у партызанскі атрад імя Фрунзе. Пасля выгнання акупантаў - зноў у арміі. У баях ля польскага горада Вроцлаў быў паранены ў галаву. Шэсць месяцаў лячэння ў шпіталі - і ён зноў едзе ваяваць, ужо на Усход. Давялося шмат перажыць і тут: пешы пераход цераз Манголію, баі з японцамі...
Не сорамна яму перад людзьмі і за гады мірнага часу. Хоць і сядзелі ў галаве кавалачкі шрапнелі, у калгасе працаваў брыгадзірам, кладаўшчыком. У будаўнічых работах дапамагаў. I свой дом узводзіў. Працоўнага стажу займеў ажно 41 год.
Яшчэ да паездкі ў Верхалессе ведала, што Георгій Цімафеевіч вельмі сціплы чалавек. Ніколі ваеннымі заслугамі не хваліўся, нічога асаблівага не патрабаваў. - А што патрабаваць? - усміхнуўся на гэтыя словы ў час сустрэчы. - Здароўя усё роўна ніхто не дасць. А астатняе ёсць...
Многім з гэтага «астатняга» займаецца сацыяльны работнік Таццяна Шчурава. Яна, згодна са службовымі абавязкамі, павінна наведваць сям’ю два разы на тыдзень. На самой справе прыходзіць кожны дзень і не адзін раз. У хаце прыбірае, ваду з калодзежа носіць, прадукты з магазіна дастаўляе, малако ад суседзяў. Нярэдка ў сябе дома згатуе што-небудзь смачнае, з чым Георгій Цімафееевіч не можа ўправіцца, і цёпленькае прынясе. Таццяна і бульбу ў агародзе садзіць і капаць дапамагае. Сёлета Карпінчык ад гэтай работы адмовіўся. Кіраўніцтва гаспадаркі ветэранам, якія бульбы ў поле не садзяць, па 600 кілаграмаў бясплатна, з дастаўкай выдзяляе. З улікам гэтага Георгій Цімафеевіч вырашыў сам не мучыцца і іншым галавы не дурыць. А яшчэ Таццяна разам з вучнямі школы ў двары парадак навяла, наконт кансультацый у дактароў клапоціцца. Летась у Навасёлкі на праверку вачэй сваім транспартам вазіла. У гэтым годзе акуліста дадому запрасіла...
Добра ведаюць Карпінчыкі і загадчыцу аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Святлану Ханцэвіч. Пры паяўленні яе змучаны твар жонкі ветэрана, Вольгі Піліпаўны, павесялеў - шчырае слова спачування і надзеі таксама лечыць. Як і пачуццё таго, што ты не адзін на гэтым свеце са сваімі бедамі і праблемамі, камусьці яшчэ патрэбны. Можа, такое пачуццё і змяншае вечаровы сум ветэрана і дае яму сілы наступны дзень сустракаць і праводзіць з годнасцю, так, каб ніхто не заўважаў здрадніцкай слязы, што час ад часу выкатваецца з вачэй...
Хільчук, М. Лёсам так наканавана / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. – 2004. – 8 мая. – С. 3. Пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Георгія Карпінчыка з в. Верхалессе.
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.