У гэтым годзе спаўняецца чатырохсотгоддзе прысваення Кобрыну магдэбургскага права, г. з. гарадскога самакіравання — аддаленага правобраза сучаснага гарадскога савета.
Магдэбургскім правам называліся законы і звычаі, што дзейнічалі ў нямецкім горадзе Магдэбургу, і сабраныя ў пачатку 13-га стагоддзя ў заканадаўчы зборнік. Нямецкімі каланістамі гэтыя законы былі перанесены ў Польшчу і Літву, а таксама ў Беларусь і на Украіну, дзе атрымалі шырокае распаўсюджанне.
Па шэрагу прычын польскія каралі і літоўскія князі ў розны час давалі яго асобным гарадам, якія вызваляліся ад цяжару феадальных павіннасцей, у тым ліку ад юрысдыкцыі стараст і ваявод, набывалі ў значнай ступені прававую самастойнасць. У той жа час магдэбургскае права насіла яскрава выражаны класавы характар, вызначаючы правы і абавязкі гараджан у залежнасці ад маёмаснага стану, паходжання, рэлігіі.
Новая адміністрацыя ўзначальвалася магістратам, які складаўся з «рады» (савета) і «лавы». Савету былі дадзены функцыі гарадской улады і суда па маёмасных і грамадзянскіх справах, лаве — разгляд крымінальных спраў. У савет выбіраліся бургамістры і саветнікі тэрмінам на адзін год, лаўнікі — на больш працяглы перыяд. Судзіў сход выбарных прысяжных (лаўнікаў).
У кампетэнцыю рады ўваходзіла ўстанаўленне функцый асобных органаў гарадскога самакіравання — паліцыі, суда, вызначэнне пакарання за злачынствы. Радай таксама рэгуляваліся аб'яднанні купцоў і пытанні гандлю, дзейнасць рамесніцкіх цэхаў, апекі, правоў наследавання. Рамеснікі мелі магчымасць аб'ядноўвацца ў цэхі, якія пад кіраўніцтвам сваіх майстроў вырашалі пытанні вырабу тавараў і ўстанаўлення цэн. Цэхі мелі вялікі ўплыў на дзейнасць гарадской адміністрацыі.
З беларускіх гарадоў першым у 1390 годзе атрымаў магдэбургскае права Брест. У наступным стагоддзі гэтае права распаўсюдзілася на 5 іншых гарадоў. Аднак найбольшая колькасць гарадоў вызвалілася ад феадальнага прыгнёту ў 16—17 стагоддзях.
Пасля смерці польскага караля Стэфана Баторыя ў 1586 годзе Кобрынская эканомія перайшла да яго ўдавы каралевы Ганны Ягелонкі, дачкі караля Сігізмунда Старога і яго жонкі Боны.
Прыехаўшы ў Кобрын у канцы 1588 года, Ганна вызваліла гараджан ад земскіх павіннасцей, а ў 1589 годзе «пажалавала» гораду магдэбургскае права. Адначасова жыхары атрымалі магчымасць свабоднага карыстання лесам на дровы і на пабудову ратушы, два гадавыя кірмашы — 6 студзеня і 8 верасня, гандлёвыя дні па панядзелках. У той жа час быў устаноўлены першы гарадскі герб з адлюстраваннем багародзіцы і яе маці св. Ганны.
У выніку гэтых перамен значна ўзрос дабрабыт насельніцтва. Але ён быў значна падарваны бурнымі ваеннымі падзеямі сярэдзіны 17 стагоддзя, калі горад неаднаразова пераходзіў у рукі ваюючых бакоў, а затым шведскай акупацыяй пачатку 18 стагоддзя. Упадак горада быў настолькі глыбокім, што ў ім не знаходзілася адукаваных людзей для адміністрацыйных пасад.
У выніку рашэннем сейма ў 1766 годзе Кобрын, у ліку іншых беларускіх гарадоў, быў пазбаўлены прывілей магдэбургскага права і стаў цэнтрам эканамічнай адзінкі «Кобрынскі ключ». Кіраўніцтва «Ключом» было пераведзена са старажытнага замка ў цэнтры горада ў загарадную сядзібу «Губернія», спецыяльна закладзеную з гэтай мэтай на паўднёвай ускраіне горада (цяпер парк імя Суворова).
У заключэнне варта адзначыць, што і першы гарадскі герб 1589 года, і другі — 1846 года, з зубрам і сахой, мелі шырокае практычнае прымяненне, гарадскія пячаткі з гэтымі гербамі завяраюць шмат старых дакументаў. А вось нядаўна зацверджаны новы герб з буслам да гэтага часу амаль не выкарыстоўваецца, пакуль толькі ўпрыгожыў нагрудныя значкі, выпушчаныя да 700-годдзя Кобрына. Між тым у шэрагу савецкіх гарадоў, якія зацвердзілі новыя гербы, яны змяшчаюцца на гарадскім транспарце, на шыльдах мясцовых устаноў і г. д. Магчыма, і нам трэба пачаць гэта з устанаўлення герба хоць бы на будынку гаррайвыканкомаў і ў зале пасяджэнняў.
А.М. Мартынов
Мартынаў,А. Знамянальная гадавіна : старонкі гісторыі / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1989. – 20 чэрвеня.
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.