Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Дванаццаты памятны год 

У пачатковым перыядзе Айчыннай вайны 1812 года асноўныя сілы 1-й і 2-й рускіх армій былі сканцэнтраваны ў раёне Вільна—Гродна, а 3-я размясцілася на Валыні. Безабаронная тэрыторыя цяперашняй Брэстчыны стала лёгкай здабычай для часцей 7-га корпуса «вялікай арміі» пад камандаваннем генерала Ш. Рэнье, якія захапілі Брэст, Кобрын і тэрыторыю да Пінска. У Кобрыне размясціўся чатырохтысячны атрад саксонцаў пад камандаваннем генерала Кленгеля. Пад націскам пераўзыходзячых сіл ворага 1-я і 2-я рускія арміі з баямі сталі адыходзіць на ўсход. У асабліва цяжкім становішчы апынулася 2-я армія генерала П. I. Баграціёна. З мэтай адцягнення ад яе хоць бы часткі варожых сіл на поўнач былі накіраваны часці 3-й арміі генерала А. П. Тармасава, якія ў сярэдзіне ліпеня прыблізіліся да Кобрына з боку Дзівіна і Брэста. Для папярэджання адыходу Кленгеля Пружанскую і Антопальскую дарогі своечасова заблакіравалі рускія войскі.

15 ліпеня (27 па новаму стылю) на подступах да Кобрына завязалася перастрэлка. Яна перайшла ва ўпарты бой, які зацягнуўся на восем гадзін. Цяснімыя з усіх бакоў, французы сталі сканцэнтроўвацца ў цэнтры горада, падпальваючы на ўскраінах дамы з надзеяй затрымаць рух рускіх салдат. Хутка ўвесь горад быў ахоплены полымем. З 630 дамоў уцалела толькі 82. Апошняе жорсткае супраціўленне войскі Кленгеля спрабавалі аказаць у развалінах старажытнага замка паблізу Мухаўца.

У сувязі з безнайдзейным становіішчам вораг быў вымушаны капітуляваць. У палон здаліся 2 генералы, 76 афіцэраў, 2382 салдаты. Каля адной тысячы чалавек былі забіты. Трафеямі пераможцаў сталі 8 гармат і 4 сцягі, з якіх два цяпер знаходзяцца ля магілы М. I. Кутузава ў Казанским саборы ў Ленінградзе.

Маральнае значэнне гэтай першай значдай перамогі было велізарным. У яе гонар са сцен Петрапаўлаўскай крэпасці быў дадзены першы пераможны салют. Яшчэ не так даўно на паўночна-заходняй ускраіне Кобрына, ва ўрочышчы Шэўня, высіўся адзінокі курган, вядомы сярод мясцовага насельніцтва як «Батарэя». Гэты курган пабываў у баявым агні: у ім знаходзілі абломкі ржавай зброі, ядры, кулі, алавяныя гузікі. Пры раскопках шмат знойдзеных там ядзер паступіла ў музей імя Суворава.

Яшчэ адзін сапраўдны помнік таго часу напамінае аб баявых дзеяннях на Кобрыншчыне ў 1812 годзе. Гэта велізарны валун з напалавіну сцёртым ад часу надпісам, які знаходзіцца паблізу Пінскай шашы, ля вёскі Камень. Мясцовым школьнікам удалося прачытаць, што тут пахаваны казачы палкоўнік Васіль Нечыпарэнка.

Калі блізіўся стогадовы юбілей Айчыннай вайны, у розных месцах Расіі ўзнікалі камітэты для ўвекавечання найбольш знамянальных баявых падзей. Да збору грашовых сродкаў на збудаванне помніка ў Кобрыне прыцягваліся воінскія часці, продкі салдат, якія прымалі ўдзел у баі 15 (27-ліпеня). Закладка помніка, праект якога распрацаваў архітэктар Д. Маркаў, адбылася ў цэнтры горада 15 ліпеня 1912 года, а ўрачыстае адкрыццё — восенню. На яго прыехалі сцягавыя ўзводы палкоў, якія прымалі ўдзел у зборы сродкаў на ўзвядзенне помніка, і дэлегацыі іншых воінскіх часцей.

У першапачатковым выглядзе помнік праіснаваў нядоўга: у першую сусветную вайну нямецкія акупанты знялі і адправілі на пераплаўку арла, знішчылі бакавыя мемарыяльныя дошкі. Выпадкова ўцалела толькі адна пярэдняя пліта.
У 1951 годзе помнік быў адноўлены. Новы варыянт бронзавага арла зроблены скульптарам М. Керзінам.

150-годдзе падзей 1812 года на Кобрыншчыне было адзначана паяўленнем новых памятных знакаў. У цэнтры вёскі Стрыгава была ўстаноўлена сяміметровая стэла. Тут пасля Гарадзечненскага бою рускія войскі на маршы да Кобрына вялі ар’ергардныя баі. У горадзе дадатковыя мармуровыя дошкі ўмацаваны на будынку былога сабора, узведзенага на Брацкай магіле рускіх воінаў-герояў, якія загінулі ў Кобрынскім баі. Другая пліта — на будынку былога Спаскага манастыра, каля якога да ног пераможцаў клалі зброю салдаты і афіцэры капітуляваўшага атрада Кленгеля.

А.М. Мартынов

Мартынаў, А. Дванаццаты памятны год : да 175-й гадавіны Айчыннай вайны 1812 года / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1987. – 30 ліпеня. – С. 2.