Ёсць людзі, якія, як зоркі, свецяць доўга і прыгожа. Для кабрынчан такім з’яўляецца Аляксей Міхайлавіч Мартынаў, 100-годдзе з дня нараджэння якога грамадскасць горада адзначыла дзвюма падзеямі, што адбыліся 20 жніўня.
Першая адбылася на рагу вуліц Чырвонаармейскай і Чырвонагвардзейскай, ля дома, дзе прайшла большая частка жыцця Аляксея Міхайлавіча. На сцяне гэтага сціплага збудавання ў памяць аб яго гаспадары была адкрыта мемарыяльная дошка. Перад тым, як зняць традыцыйнае палотнішча, аб жыццёвым шляху Аляксея Мартынава расказапа загадчыца экспазіцыйнага аддзела імя А. В Суворава Алена Рысь, аб грамадскім значэнні яго працы - намеснік старшыні райвыканкома Валерый Іванюк і пераемніца па кіраўніцтву музеем імя Суворава, былы яго дырэктар Ніна Кладчанка.
Злятае белае палатно, і перад прысутнымі з’яўляецца выява гаспадара дома і кароткія звесткі аб жыцці. Знак павагі і глыбокай удзячнасці гэтаму чалавеку - букеты кветак, што ўскладаюцца да дошкі. У гэтым добрым мерапрыемстве прыняла ўдзел дачка Аляксея Міхайлавіча Марыя Мартынава, якая выказала шчырую ўдзячнасць раённай уладзе, кабрынчанам за памяць аб бацьку.
Але на гэтым юбілейныя мерапрыемствы не скончыліся. У 11 гадзін дня ў музеі імя А. В. Суворава адкрылася выстава, прысвечаная жыццю і дзейнасці былога дырэктара, выдатнага чалавека і грамадзяніна. Тут можна было ўбачыць не толькі шматлікія дакументы Аляксея Міхайлавіча, сярод якіх не маглі не прыцягнуць увагі пасведчанне аб заканчэнні на «выдатна» прыходскай школы, фотаздымкі з сямейнага архіва, папкі з артыкуламі, апублікаванымі ў розных выданнях, Ганаровыя граматы і дыпломы за ўмелае кіраўніцтва даверанай установай, але і ўявіць рабочыя моманты хатняга жыцця. Дапамаглі гэтаму стол, за якім працаваў, старэнькая машынка, на якой друкаваў артыкулы аб гісторыі Кобрыншчыны, і іншыя рэчы. Уважлівыя людзі не маглі не абмінуць і малюнкі карандашом, зробленыя ў юнацтве, што сведчыць яшчэ аб адной здольнасці нашага земляка... I былі ўспаміны, радасныя і сумныя, што раскрывалі многія невядомыя бакі і старонкі жыцця чалавека, які пакінуў такі след у гісторыі Кобрына.
Марыя ХІЛЬЧУК, Анатолій ШУГАЙ (фота)
Хільчук, М. І яшчэ пра Аляксея Мартынава… / Марыя Хільчук ; фота Анатолія Шугая // Кобрынскі веснік. – 2004. – 25 жніўня.
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.