Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Духовная культура

Традыцыйныя заняткі насельніцтва

Асноўным заняткам сялян на Кобрыншчыне ў мінулым было земляробства. Сяляне ў асноўным прытрымліваліся двухпольнай сістэмы земляробства, што было звязана з моцнай забалочанасцю мясцовасці і недахопам ворнай зямлі. У сярэдзіне XIX ст. у Кобрынскім павеце забяспечанасць зямлёй на 1 рэвізскую душу складала 4,33 дзесяціны, на 1 цяглы двор — 16 дзесяцін.

Сеялі жыта, ячмень, авёс, пшаніцу, лён. Палявыя работы пачыналіся ў першай палове красавіка. Асноўнай прыладай для ворыва служыла палеская саха. Гэта была масіўная драўляная прылада, сувязным звяном якой была жэрдка (рагач даўжынёй каля 3,5 м), якую звычайна высякалі з бярозавага ці яловага кораня. На адным канцы рагача пакідалі два адгалінаванні, якія служылі ручкамі, на процілеглым свідравалі скарзныя адтуліны, куды ўстаўлялі драўляны калок, на які з дапамогай звітай з лазы пятлі — «галля» — прымацоўвалі ярмо. У рагач знізу, недалёка ад ручак, забівалі дошку, якую называлі «расохай», «плахцінай» ці проста сахой. Ніжні канец расохі раздвойваўся ў выглядзе двух рагоў, на канцы якіх надзявалі жалезныя нарожнікі. Палескую саху цягнула пара валоў.

Перад пачаткам ворыва і сяўбы нельга было забіваць у зямлю калы: гэта значыць «забіць» зямлю, і насенне не ўзыдзе. Пасля ворыва зямлю баранавалі. Для гэтага выкарыстоўвалі плеценую барану на 25 зубоў. Каблук бараны выраблялі з тонкага дубовага ствала, мацаванне бараны («ціпкі») вязалі лазовымі дубцамі. (Запісаў С.Борыс ад Сцяпана Трафімавіча Уласюка, жыхара в. Лелікава).

Зерне сеялі ўручную. Есці насеннае зерне забаранялася, таму што можна было такім чынам загубіць увесь ураджай. У насенне дадавалі збожжа з «вяночкаў», якія асвячалі на Успенне Божай Маці. «Вяночкі» ўяўлялі сабой букеты з усіх злакавых, якія сеялі ў полі. У в. Акцябр пры сяўбе гаспадар чытаў малітву, станавіўся на калені, цалаваў зямлю і прасіў:

Роды, Божэ, на у сякого долю:
На котячу, на собачу і скотячу,
На бідного, богатого,
Побрытого, волосатого.

(Запісалі А. Нароўская і У. I . Шаставаец. Архіў БДМНАiП*.)

Лён сеялі ў пачатку красавіка, так што ў канцы чэрвеня ён ужо паспяваў. Для вымярэння хлеба ў Кобрынскім павеце ў XIX ст. служыў шанок, які раўняўся 2 палушанкам альбо 4 чацверыкам, альбо 40 гарцам. На 1 дзесяціну высявалі азімай пшаніцы 62 гарцы, азімага жыта — 60, яравой пшаніцы —56, яравога жыта — 48, гароху — 54, ільнасемя — 27 гарцаў.

На працягу лета гаспадар пільна сачыў за сваімі палеткамі. Найболыпай небяспекай для іх селянін лічыў «закруцею», ці залом (каля двух дзесяткаў каласоў, звязаных, закручаных і таму высахлых), альбо «абжатыя» загоны. Існаванне залома прадвяшчала смерць гаспадару, падзеж жывёлы ці якую іншую бяду. У гэтых выпадках некаторыя сяляне звярталіся да святара і прасілі яго з малітвай вырваць сваімі рукамі залом. У уніятаў існавала на гэты выпадак нават спецыяльная малітва. Іншыя сяляне звярталіся да знахара. Апошні за пэўную плату згаджаўся «адрабіць» залом. Ен пачынаў свістаць, крычаць, вымаўляў спецыяльныя замовы, а ў заключэнне браў асінавы кол і з яго дапамогай вырываў з зямлі залом, прыгаворваючы: «Няхай так таго чалавека, які зрабіў закруцень, раскідаецца гаспадарка, як я раскідаю закруцень!».

Беларусы Кобрынскага павета лічылі, што паходжанне «абжатых» палос звязана з чараўнікамі і ведзьмамі. Нібыта ноччу тыя прыходзілі аголеныя з сярпамі на поле, калі жыта цвіце, абыходзілі ўсё поле і жалі на кожнай паласе некалькі сцяблін, якія затым хавалі ў сваіх гумнах. Дзякуючы гэтаму нячыстая сіла ў час перавозкі снапоў з поля пераносіць у гумно чараўніка значную частку чужога ўраджаю. Калі ж які-небудзь нявопытны чараўнік абжаў куст замест жыта, якое цвіце, восенню яго гумно напоўніцца лістамі і галінкамі.

Усё жыта ўбіралі ўручную, сярпамі паўкруглай (сферычнай) формы (в. Хідры). Грэчку, гарох, авёс убіралі косамі з грабелькам!. У в. Хідры для гэтых мэт карысталіся касой з двухзубымі вілачкамі. Яны прымацоўваліся да касся пад прамым вуглом. Для часовай сушкі ў полі снапы складвалі ў бабкі. У Кобрынскім павеце яны называліся «мэндлямі», «мэндлікамі».
Для перавозкі снапоў з поля сяляне карысталіся калёсамі, якія мелі бакавіны ў выглядзе драбін. 3 поля звозілі не ўвесь хлеб, а толькі частку яго. Астатні хлеб складвалі на месцы ў торпы. Падобныя торпы, захоўваліся дзясяткі гадоў і служылі лепшай прыкметай багатага і заможнага гаспадара.

Малацілі зерне ў клунях цапамі, правейвалі з дапамогай шуфлікаў. Для перапрацоўкі зерня на крупы і муку выкарыстоўвалі ступы і ручныя жорны. Ступы рабілі з цвёрдых парод драўніны ў выглядзе келішка (в. Аніскавічы). На пачатку XX ст. атрымалі пашырэнне конныя малатарні-манежы. Яны будаваліся ў комплексе з пуняй. Аснову гэтага механізма складала гарызантальнае кола вялікіх памераў, насаджанае на вертыкальную вось. Прыводзілася ў рух яно конскім прыводам, а праз сістэму прыводаў кола прыводзіла ў дзеянне малатарню. Калі такое кола злучалася з жорнамі, атрымліваўся конны млын. Падобны конны манеж быў зафіксаваны ў в. Павіцце.

Ураджайнасць збожжавых і бульбы ў Кобрынскім павеце за перыяд з 1854 г. да 1859 г. ацэньвалася як здавальняючая.
Для атрымання высокіх ураджаяў неабходна было добрае ўгнаенне палеткаў. Ад жывёлы, якую ўтрымлівала сялянская сям'я (у сярэднім гэта адзін конь, пара валоў, 1—2 каровы, каля 10 авечак), можна было атрымаць угнаенняў да 2400 пудоў. Такой колькасці хапала толькі на 1 дзесяціну. У сувязі з гэтым, толькі на 1 /8 часткі палеткаў уносіліся ўгнаенні, у асноўным, на агароды і пад бульбу.

Агароды ў вёсках былі невялікія, служылі для вырошчвання неабходнай агародніны: капусты, буракоў, рэдзькі, цыбулі, агуркоў і морквы. Садзілі таксама каноплі, лён, гарох, боб, часам тытунь і бульбу. Сяўба ў агародах пачыналася ў пачатку красавіка і працягвалася да 25 мая. Праполвалі грады 2 разы. Першы раз гэта адбывалася каля 20 мая. У гэты ж час пачыналі ўжываць у ежу зялёную цыбулю. У Пятроў пост ужо елі бацвінне, а нярэдка і агуркі. Пасля заканчэння жніва пачыналі ўбіраць агародніну, цыбулю сушылі ў хаце на палацях.

Важнае месца ў сялянскай гаспадарцы займала жывёлагадоўля. Па статыстычных звестках, у 2-й палове XIX ст. у Кобрынскім павеце на 100 жыхароў прыпадала 59 галоў буйной рагатай жывёлы, 10,5 каня, 52,5 авечкі. Жывёла была пераважна мясцовай нізкарослай пароды.

У Кобрынскім павеце на 100 дзесяцін ворнай зямлі прыпадала 70 дзесяцін лугоў. Але большая частка лугоў знаходзілася сярод забалочанай мясцовасці, парослай кустамі алешніку. У сувязі з моцнай забалочанасцю глебы трава была дрэннай якасці, утрымлівала шкодныя солі. У зімовы час коней і рагатую жывёлу кармілі сенам з дамешкам саломы. Траву ў XVIII ст. касілі касой, якая ўяўляла сабой пераходны тып ад гарбушы да літоўкі. Сухое сена складвалі ў абарогі — чатыры даволі высокія с лупы, на якіх мацавалася перасоўная (часцей 4-схільная) стрэшка. У в. Стрыі такія абарогі мелі назву «шур».

*Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.