Тэрыторыя Кобрынскага раёна ўваходзіць у гісторыка-этнаграфічны рэгіён заходняе Палессе. Паводле тыпу засялення Кобрыншчына адносіцца ў асноўным да раўніннага, але сустракаюцца таксама лясны, берагавы, балотны (вёскі Дзівін, Хабовічы).
Сярэдняя адлегласць паміж пасяленнямі тут складае 20 — 25 км. У сярэдзіне XIX ст. населенасць на 1 квадратную вярсту ў Кобрынскім павеце складала 24,5 чалавека. Для параўнання: у Слонімскім павеце — 16,6, у Бельскім павеце — 35,2. Асноўнымі тыпамі пасяленняў на Кобрыншчыне ў мінулым былі вёска і сяло, сустракаліся хутары, ваколіцы, мястэчкі. У XVI ст. на тэрыторыі Кобрыншчыны меліся невялікія вёскі — Плоскае (3 двары), Ляхчыцы (7 двароў), Гарыздрычы (10 двароў), сярэдніх гіамераў — Камень (58 двароў), Шыповічы, Батчы (па 47 двароў), Ілаўск (30 двароў). Каля в. Чаравачыцы знаходзіліся засценкі Луталазы і Млынарскі. Засценкі як тьш пасялення былі блізкія да хутароў. Яны звычайна знаходзіліся на краі поля і здаваліся ў арэнду дробнай шляхце.
У фарміраванні паселішчаў прысутнічалі бессістэмная забудова, абумоўленая складаным геаграфічным становішчам моцна забалочанай мясцовасці, і вулічная планіроўка, што было звязана з правядзеннем зямельнай рэформы XVI ст. Вёскі часцей за ўсё былі аднавулічныя (Аніскавічы, Балоты, Бярозна, Грушава, Дубіны, Заверша, Залессе, Лышчыкі, Навасёлкі), сустракаліся і шматвулічныя (в. Хабовічы). Вуліцы былі як з адна, так і з двухбаковай забудовай, хаты размяшчаліся фасадам да вуліцы. Каля вёсак знаходзіліся шматлікія ўрочышчы.
Пераходнай формай паміж горадам і сялом былі мястэчкі, населеныя ў асноўным рамеснікамі і гандлярамі. У сярэдзіне XIX ст. на тэрыторыі сучаснага Кобрынскага раёна былі два мястэчкі — Дзівін і Гарадзец. Мястэчка Дзівін было заснавана на «суровым карні» пры правядзенні валочнай рэформы. Яно знаходзілася на шляху з Кобрына ў Ковель. У 1566 г. у Дзівіне меўся цэнтральны рынак і 5 вуліц, якія ад яго адыходзілі. Усяго на той час у мястэчку налічваліся 184 двары. Гарадзец атрымаў статус мястэчка толькі ў XVI ст., хоць упершыню згадваецца ў летапісах пад 1142 г. У 1563 г. у ім было 5 вуліц, у цэнтры знаходзіўся гандлёвы пляц.
Найболып распаўсюджанымі былі двары пагоннага тыпу (суцэльны пагон, альбо пагон з разрывам). У вёсках з вулічнай забудовай пагонныя двары давалі магчымасць скараціць даўжыню вуліцы. Зямельная рэформа XVI ст. толькі павялічыла распаўсюджванне пагонных двароў на Кобрыншчыне.
Традыцыйнае жыллё мела наступныя тыпы планіроўкі:
а) хата — сені (хата Нічыпара Міхайлавіча Балановіча, 2-я палова XIX ст., в.
Руховічы Дзівінскага сельсавета);
б) хата — сені — камора (хата пачатку XX ст. з в. Лелікава Дзівінскага
сельсавета);
в) хата — сені — варыўня — камора (хата 1812 г. з в. Завужоўе, хата 1880 —
1890 гг. з в. Хабовічы).
Адносна цёплы клімат дазваляў выкарыстоўваць для будаўніцтва хаты акрамя традыцыйных матэрыялаў (сасны і елкі) несмалістыя пароды — алешыну, асіну, таполю (в. Яўсімавічы). Лакальным будаўнічым прыёмам было выкарыстанне пры ўзвядзенні зруба хаты дыляў — расколатых бярвён.
Будаўніцтва такіх зрубаў у 2 разы скарачала расход драўніны. Са ствала вялікага дыяметра рабілі некалькі дыляў таўшчынёй 13 —15 см, але значнай шырыні, так што з 7 —9 дыляў можна было скласці ўвесь зруб. Даследчыкі вылучаюць нават так званы Кобрынска-Маларыцкі лакальны раён, дзе шырока выкарыстоўвалі гэты прыём.
Вясковая хата ў лесе каля Кобрына
Для злучэння дыляў выкарыстоўвалі асаблівую канструкцыю драўлянага замка — вугал «у каню» («у пальцы»). Такі вугал мае ўнутры выразы, якія робяць злучэнне бярвён болып трывалым. Як адзначаюць даследчыкі, у Кобрынскім раёне вугал меў складаны выраз.
Зруб ставілі на «палі» на калодках (хата пачатку XX ст. з в. Лелікава), на пастаўленых пад вуглы хаты роўна з зямлёй камянях (хата канца XIX ст. з в. Яўсімавічы, хата сярэдзіны XIX ст. з в. Акцябр). На пачатку XX ст. сустракаўся ўжо і каменны падмурак (хата 1908 г. з в. Бярозна, хата 1922 г. з в. Завужоўе).
Стрэхі крылі саломай, коласам уніз. Па статыстычных звестках у Кобрынскім павеце саломай было накрыта амаль 100% хат. Рабілі іх звычайна з прычолкам спачатку на ключах, пазней на кроквах; бытавалі таксама двухсхільныя стрэхі. У в. Хабовічы зафіксавана хата, у якой страха абапіраецца не на верхні вянец, а на бэлькі, якія пакладзены на кансолі і выступаюць з плоскасці сцяны.
Святло ў хату трапляла праз 3 — 4 акны, са слоў старажылаў, у курных хатах замест акна рабілі проразь у адным бервяне, куды ўстаўлялі шкло. (Запісана С.Борысам ад Ірыны Майсееўны Власюк, в. Лелікава.) Падлогу ў хаце, сенях і варыўні часцей за ўсё рабілі глінабітнай ці земляной. Гліну насілі на насілках, загладжвалі спецыяльнымі прыстасаваннямі — «каталкамі» і забівалі молатамі. На падлогу ў хаце ішло каля 15 вазоў гліны, у сенях — каля 9 (в. Хабовічы). Да свят падлогу ў хаце абмазвалі шэрай глінай, пасыпалі пяском. У каморы, а на пачатку XX ст. і ў хаце падлогу сталі рабіць з сасновых дошак, пакладзеных на лагі.
Столь у хаце магла быць з дошак, пакладзеных унакладку, упрытык альбо ў разбежку (в. Пецькі). Справа ад увахода стаяла печ. Сустракаліся печы на слупах, як, напрыклад, у в. Навасёлкі. У зімовы час у падпеччы трымалі свойскую птушку. Перад печчу ў столі мацаваўся «посвет» з рашоткай, на якой гарэла лучына.
Злева ад увахода ў «бабіным куце» мацавалася паліца, на якой знаходзіліся міска, куды клалі лыжкі і накрывалі зверху ручніком, гліняны посуд, які набывалі ў Кобрыне на кірмашы ці з вазоў гаршэчнікаў, якія праязджалі праз вёску. Тут жа на паліцы пад ручніком ляжаў і хлеб, які пяклі раз на тыдзень. (Запісана І.М.Бобер ад Яўхіміі Мікалаеўны Чалей, в. Акцябр.)
Спалі на «запеках», якія знаходзіліся за печчу і ўяўлялі сабой насціл з дошак, падняты над падлогай на слупках. На «запеку» ляжаў сяннік, напханы сенам ці саломай. Уздоўж сцен стаялі лавы. Іх рабілі на ножках ці на слупках. На пачатку XX ст. распаўсюджваюцца канапы без спінак, з фігурна выразанымі падлакотнікамі, а таксама канапы з глухімі (в. Навасёлкі) ці брусковымі спінкамі (в. Завужоўе), разныя палічкі. На змену «запекам» прыходзяць драўляныя ложкі, пры афармленні спінак якіх выкарыстоўвалі элементы рашоткі ці зробленыя на такарным станку балясіны (в. Навасёлкі). У канцы XIX-пачатку XX ст. у інтэр'еры хаты з'явіліся акаваныя куфры, пафарбаваныя ў зялёны колер.
Дзіцячыя люлькі плялі з неакоранай лазы. На поле немаўлят насілі ў палатняных калысках. Традыцыйнымі гаспадарчымі збудаваннямі былі клеці, свірны, істопкі, варыўні. У варыўні захоўвалі агародніну, бочкі з ка-пу стай, гуркамі, у каморы — адзенне, прадукты. Тут жа знаходзіліся куфры, бочка для зерня, дзежкі з мясам, салам, на шасце віселі кошыкі-каўбаснікі, кумпякі і інш.
На паліцах стаялі бадзейкі для вады, каробкі для ягад, грыбоў і інш. (в. Хабовічы). Часам для захоўвання бульбы і караняплодаў выкарыстоўвалі ямы ці так званы ямы-склепы. Апошнія ўяўлялі сабой нешта сярэдняе паміж варыўнёй і склепам.
Склеп паглыбляўся ў зямлю не болып як на 1 — 1,5 м, а над ім узводзіўся зруб з 3 — 5 вянкоў. Паміж столлю і страхой склепа ставілі бочкі, кадушкі, іншы гаспадарчы скарб і начынне. У сядзібны комплекс уваходзілі таксама хлявы для жывёлы, гумно (клуня), сянніца, павець (шопа), клець. Тыповы хлеў складаўся з 2 памяшканняў, якія ў сваю чаргу былі разбіты на адсекі — адзін на 6, другі — на 3. Вароты заглыблены, а ў аб'ёмах, якія выступалі з плоскасці асноўнай сцяны, захоўваўся гаспадарчы інвентар. У першым памяшканні знаходзілася жывёла, у другім — сена, салома. Такі хлеў зафіксаваны ў в. Руховічы Дзівінскага сельсавета.
Хлеў з хутара Сучча (каля в. Хабовічы, гаспадар Раман Раманавіч Вакуліч) уяўляе сабой двухкамерную пабудову — уласна хлеў і прыбудова-трысцен. Уласна хлеў мае двое варотаў, што дазваляе падзяліць яго на дзве функцыянальныя часткі. У «чыстай» зоне складалі кармы (сена, салому і т.д.), зона для жывёлы пад зелена перагародкамі на месцы для кароў, валоў, авечак, цялят. Справа ад варот «чыстага» хлява дошкамі адгароджаны куратнік. Прыбудова-трысцен меў свой уваход і служыў як павець. Усе памяшканні хлява накрыты адной чатырохсхільнай саламянай страхой на кроквах.
Гумно ставілі ў некаторым аддаленні ад сядзібы. У Кобрынскім раёне гумно пазначалася тэрмінам «клюня». Яно мела прамавугольную форму, чатырохсхільную страху. У некаторых клунях, як напрыклад у в. Гуцкі, пад агульнай страхой меліся вузкія гарышчы для захоўвання сена і саломы. Калодзежы былі не на кожнай сядзібе. Даволі часта адзін калодзеж быў на 2 суседнія сядзібы, як у в. Акцябр. У XIX ст. калодзежы часам рабілі выдзеўбанымі з суцэльнага ствала дрэва, пазней — зрубныя. Нават у канцы XIX ст. у вёсках Кобрыншчыны, у прыватнасці ў в. Павіцце, захаваліся старажытныя калодзежы-журавы, якімі карыстаюцца мясцовыя жыхары.
3 боку вуліцы, а таксама з боку поля і ад суседзяў сядзібы абгароджвалі. Для гэтай мэты выкарыстоўвалі «пляцянык» (вёскі Лелікава, Завужоўе), жардзяны плот — «жэрды», а таксама «штахет». У Кобрынскім раёне сустракаліся таксама плятні з гарызантальна сплеценых хлыстоў даўжынёю да 2 — 3 м, часта вырваных з карэннем. У стварэнні архітэктурных ансамбляў у гарадах, мястэчках і вёсках важную ролю адыгрывалі грамадскія будынкі, адным з якіх з'яўляецца карчма.
Прататыпам карчмы з'яўлялася традыцыйнае народнае жыллё. Самыя старажытныя з іх складаліся з сенцаў і шынка. У трохкамерных корчмах адно памяшканне адводзілася пад шынок, астатнія служылі жыллём. У мястэчку Гарадзец у 1588 г. было 15 корчмаў (11 піўных і 4 мядовыя).
У в. Вельск знаходзілася карчма пачатку XX ст. 3 сяней быў уваход у кухню, потым у склад, справа ад сяней размяшчалася «спіжарня» (камора), злева ад сяней — крама-карчма, якая мела ўваход у хату. Самыя распаўсюджаныя вытворчыя збудаванні — млыны, на тэрыторыі Кобрынскага раёна сустракаліся вадзяныя і ветраныя. Аднаколавыя сялянскія млыны ў актах XVI —XVII ст. часта называюцца «вешнякамі». Так у інвентарах 1668 г. апісваюцца балотныя «вешнякі» каля Дзівіна. У XVIII ст. ужо былі даволі пашыраны ветраныя млыны. «Козлаўкі», у якіх увесь корпус млына паварочваўся супраць ветру, захаваліся ў вёсках Хабовічы і Бярозна.
Важную ролю ў арганізацыі ансамбля паселішча адыгрывалі і мемарыяльныя знакі. Гэта мог быць прыдарожны крыж ці ахвярны камень. Каля в. Слаўнае да нашага часу захаваўся камень, на якім выбіты крыж. Зверху на камень завязана хустка.
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.