Летам 1941 года, калі фашысцкія галаварэзы разбуралі гарады і вёскі нашай краіны, расстрэльвалі мірных жыхароў, я быў у нямецкім палоне. Спачатку пакутваў у канцлагеры. Потым трапіў у групу ваеннапалонных, якую адправілі на работу ў адзін з маёнткаў. Працавалі мы тут ад досвітку да позняга вечара, без адпачынку. I вось аднойчы, калі малацілі жыта, я ў адзін са снапоў запіхнуў камень. Хутка ў малацілцы гучна загрукатала, яна выйшла са строю. Пачалі шукаць вінаватага. Адзін ваеннапалонны паляк паказаў пальцам на мяне... Карцэр... Невыносныя пакуты, здзекі... I я вырашыў уцячы з палону.
...У Беларусь дабраўся толькі ў канцы 1941 года. Вось і родная вёска Сасноўка, што ў ІІружанскім раёне. З хваляваннем заходжу ў свой двор, адчыняю дзверы і пераступаю парог хаты. На кухні маці пячэ аладкі. Паглядзела на мяне, спытала:
-Вы да нас па якой справе?
-Мама! Дык гэта ж я, Косця, твой сын.
Маці некалькі хвілін уважліва глядзіць на мяне твар яе палатнее, яна траціць прытомнасць. Я падтрымліваю яе пад рукі, даю вады. Апрытомнеўшы, мама гаворыць:
- Што яны, праклятыя фашысты, з табою, Косцік, зрабілі?..
Неўзабаве я стаў партызанскім сувязным. Разам з аднавяскоўцамі Рыгорам Супруном, Іванам Давыдзюком збіраў патроны, вінтоўкі, снарады. Іх мы адпраўлялі ў лес да народных мсціўцаў.
Немцам хтосьці данёс, што я ўцёк з палону і падтрымліваю сувязь з партызанамі. Аднак мяне своечасова папярэдзілі свае людзі. Ноччу я запрог каня, пасадзіў на воз жонку з чаторыхмесячнай дачкою, шасцігадовага сына і паехаў у Дахлаўскія лясы. Камандзір партызанскага атрада імя Чапаева Ф. I. Маскаленка спытаў:
-Ты кім, Косця, хочаш быць; кулямётчыкам, падрыўніком?
-А мне ўсё роўна, - адказаў я. - Галоўнае, каб быць пры справе - біць фашыстаў.
I ўсё ж я стаў падрыўніком. Якраз тады у наш атрад былі закінуты чатыры дэсантнікі з Вялікай Зямлі. Яны абучалі партызан падрыўной справе. Мяне ў хуткім часе прызначылі камандзірам дыверсійнай групы.
...Ноч выдалася цёмнай, дажджлівай. Мы вырашылі пусціць пад адхон эшалон з жывой сілай і тэхнікай ворага на участку Брэст-Янаў. Непадалёку ад вёскі Андронава дабраліся да чыгункі. Я ўзабраўся на насып, падклаў пад рэйкі зарад, замацаваў шнур, ціха адпоўз у кусты і пачаў чакаць цягніка. Неўзабаве справа пачулася незнаёмая гаворка. Гэта, пабліскваючы ліхтарыкам, ішоў нямецкі патруль. Я налічыў сем чорных постацяў. Яны заўважылі шнур і збіраліся яго перарэзаць. Выйсце ў мяне было адно - я з сілай пацягнуў за шнур. Слупок агню і дыму ўзвіўся над чыгункай. Усе фашысты загінулі.
-Нічога, Косця, не перажывай, - гаварылі мне таварышы.
- На тваім рахунку яшчэ шмат будзе падарваных паяздоў.
Літаральна ў другую ноч мая група ўзяла кірунак на чыгунку, што паміж станцыямі Тэўлі і Аранчыцы. Таварышы з аўтаматамі засталіся ў кустах, каб у выпадку небяспекі прыкрыць мяне. Я хутка дабраўся да палатна чыгункі і ўстанавіў зарад. Цягніка доўга не было. I вось з боку Тэўляў пачуўся перастук колаў. Ад хвалявання я ўзмакрэў ад поту. Хацелася хутчэй тузануць за шнур. Але я чакаў. I не дарэмна. Наперадзе цягніка каціліся тры платформы з пяском. Калі яны прабеглі міма, а паравоз уз'ехаў на месца, дзе ляжаў зарад, я пацягнуў за шнур. Магутны выбух, скрогат жалеза і нечалавечыя крыкі фашыстаў абудзілі наваколле. Хутка над нашымі галовамі засвісцелі кулі, але мы ўжо былі далёка.
Такіх баявых эпізодаў можна было б прывесці шмат. Скажу адно, што толькі за адзін год сіламі аднайменнай партызанскай брыгады, у якую ўваходзілі атрады імя Арлова, Паставалава, Маленкова, Чапаева, былі знішчаны сотні салдат і афіцэраў праціўніка, пушчана пад адхон звыш 40 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай ворага. Я асабіста падарваў 23 фашысцкія цягнікі.
Праўда, іншы раз у нас здараліся цяжкасці з боепрыпасамі. Але мы знаходзілі выйсце. Неяк нам паведамілі, што ў вёсцы Імянін знойдзена некалькі 180-кілаграмовых бомбаў, якія не разарваліся. Паехалі туды, паклалі іх на воз, даставілі ў лес. Вырашылі выплавіць з бомбаў тол. Я пачаў іх асцярожна раскручваць. У адной бомбе замест толу аказаліся драўляныя апілкі. «Значыць, не толькі Савецкая Армія, партызаны прыбліжаюць перамогу, - падумалася мне. - Ёсць антыфашысты і ў самой Германіі».
Тысячы кіламетраў давялося прайсці партызанскімі сцежкамі. Мы, народныя мсціўцы, і ўдзень, і ўначы не давалі спакою гітлераўцам, кавалі перамогу над імі. У сярэдзіне ліпеня 1944 года немцы, не вытрымаўшы націску нашых войск, пачалі адступаць з Кобрыншчыны. Неўзабаве наш атрад у вёсцы Баршчы злучыўся з часцямі Савецкай Арміі. А праз дзень партызаны ўжо былі у вызваленым Кобрыне.
Краўчук, К. Партызанскімі сцежкамі / К. Краўчук // Камуністычная праца. – 1982. – 17 ліпеня. – С. 2. К. Краўчук, былы партызан атрада імя Чапаева, персанальны пенсіянер, расказвае пра сваё баявое мінулае.
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.