Шмат на Беларусі новых
храмаў, пабудаваных якіх-небудзь 10-20 гадоў
таму, пасля таго, як вернікам стала лягчэй
дыхаць і вызнаваць сваю веру. Вось і
прыхаджане царквы ў імя апостала і
евангеліста Іаана Багаслова, што ў вёсцы
Чаравачыцы Кобрынскага раёна, у гэтым годзе
адзначаць толькі 15-годдзе з дня асвячэння
свайго храма. Але ж гэта не першы храм у
вёсцы. Тут захаваліся нямыя сведкі царкоўнай
гісторыі – некалькі камянёў падмурка, што
напамінаюць пра прыгожую белую царкву, дзе
перад святымі абразамі схілялі калені
святары і тысячы вернікаў Чаравачыц на
працягу больш як двух стагоддзяў...
Чаравачыцы
Вёска Чаравачыцы, што за 6 кіламетраў ад
Кобрына, упершыню ўпамінаецца ў 1417 годзе.
Дакладней – гэта звесткі аб царкве Параскевы
Пятніцы. Існуе некалькі версій паходжання
назвы сяла. Найбольш верагодна, што сяло
атрымала назву ад слова «чаравок» – роўчык,
роў. I сапраўды, Чаравачыцы акружаны рвом,
які ўпадае ў Мухавец. Сяло размешчана на
бepaзe гэтай ракі, ля бойкай дарогі
Кобрын-Брэст. Гэта была вотчына князя Сямёна
Кобрынскага. Быў там і прыгожы палац, аб
якім упамінаецца ў 1454 годзе; на жаль, ён
не захаваўся.
У больш позні час у Чаравачыцах было дзве праваслаyныя царквы і капліца на могілках, ад якой захаваўся каменны падмурак. Калі Чаравачыцы належалі каралеве Боне (з 1539 года), то яе муж Зігмунд Стары быў апекуном чаравачыцкай царквы, і так было да падзелу Рэчы Паспалітай, калі Кацярына II «аддзякавала» А. Сувораву, падараваўшы яму Чаравачыцкі Ключ з вёскамі Глінянкі, Батчы, Шыпвавічы, Агароднікі і іншыя землі Кобрынскага павета.
Пазней Чаравачыцкі Ключ купіў
памешчык Ян Нямцэвіч. Ён пабудаваў у Чаравачыцах імпазантны сядзібны
дом-палац, які быў адлюстраваны на малюнку Н. Орды (да сёння не
захаваўся). У той час у Чаравачыцах была паромная пераправа. А калі ў
1848 годзе пабудавалі шашу Брэст-Масква, якая абмінула вёску, яна пачала
прыходзіць у заняпад.
Царква
Абследуючы надмогільныя камяні, я знайшла падмурак былой царквы святого
Іаана Багаслова. Яна была белага колеру, пяцікупальная, з высокай
званіцай. Стаяла на высокім каменным падмурку. 3 пісьмовых звестак
вядома, што па каралеўскаму ўказу за подпісам самога Станіслава
Панятоўскага ў 1782 годзе Пётр Катовіч быў прызначаны святаром гэтай
царквы, відаць, тады яе і пабудавалі.
Была ў Чаравачыцах і яшчэ адна царква, з дрэва, перабудаваная дзесьці ў 1700 годзе, асвячоная ў імя святой Параскевы Пятніцы. Але ніхто не ведае, на якім месцы яна стаяла. Дзве царквы былі неабходны таму, што было шмат вернікаў. Ёсць цікавыя гістарычныя звесткі пра храм у імя Іаана Багаслова. Нагадаю чытачу – вёска і царква былі на бойкай дарозе, каля паромнай пераправы. I таму ваенныя баталіі не міналі іх. Праходзіла і грамада напалеонаўскіх салдат у 1812 годзе. Сталі патрабаваць і ключы ад царквы. Святар Ануфрый Катовіч і яго стары бацька Пётр ключы не давалі, хоць самі ведалі, што самае каштоўнае яны паспелі закапаць. Тады салдаты (гэта былі саксонцы) пабілі абоіх Катовічаў, старога шабляй ранілі ў галаву. Каб не дапамога аўстрыйскага лекара – не выжыў бы. Але ў царкву жаўнеры не заходзілі, пайшлі далей – на Кобрын.
Першая сусветная вайна таксама закранула Чаравачыцы. На двары было лета 1915 года. Жыхары выехалі ў бежанства, пад прымусам. Царскія казакі, выконваючы загад пра «каленую зямлю», падпалілі сяло. Але царкву не зачапіла. Калі ў 1918 годзе чаравачыцкі святар з сваёй сям'ёй вярнуўся на радзіму, то край ужо зарос хмызняком і пустазеллем. Сядзіба святара згарэла. А царква па волі Божай уцалела. Праўда, салдаты кайзера абрабавалі яе і зрабілі ў храме склад. Са званіцы знялі медны звон. Кажуць, дзесьці закапалі яго, бо не паспелі пераправіць у Германію. I да гэтага часу ён не знойдзены.
Не паспелі абжыцца – як
но¬вая навала. Вайна паміж Польшчай і Расіяй. Як вынік – Рыжскі дагавор
1921 года. Кобрыншчына ў складзе Польшчы. Але служба ў царкве не
спынялася ні ў 1939 годзе, ні ў перыяд Другой сусветнай вайны.
У 1943 годзе партызаны непадалёк Чаравачыц узарвалі цягнік з фашыстамі.
Раз'юшаныя салдаты ўварваліся ў сяло, спалілі 18 дамоў, забілі 56
сяльчан. Царква ж ізноў уцалела.
Але ў 1962 годзе навала ўпершыню не мінула чаравачыцкі храм у імя Іаана Багаслова. Яго закрылі. Іконы і царкоўныя прылады разабралі вернікі, частка апынулася ў Кобрыне. Так і стаяў храм з выбітымі вокнамі без нагляду аж 10 гадоў. А 22 красавіка 1972 года царква сярод белага дня згарэла. Ёсць дзве версіі пажару. Першая: царкву відаць з шашы Брэст-Масква, і гэта было не даспадобы ўладзе. Другая: на ленінскім суботніку п'яная моладзь зрабіла «падарунак» да дня нараджэння «любімаму Ільічу».
Сёння толькі некалькі камянёў падмурка напамінаюць пра белую прыгожую
царкву, у якой перад абразамі схілялі калені тысячы вернікаў на працягу
больш як двух стагоддзяў... Але час змяніўся. Зноў у Чаравачыцах ля
дарогі Кобрын- Жабінка, каля старых могілак стаіць прыгажуня-царква. Яе
пабудавалі ў 1990-х гадах і асвяцілі 10 лістапада 1995 года ў імя
святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова.
Святары
Прыбіраючы надмагільныя камяні каля падмурка царквы Іаана Багаслова, я
знайшла помнік – гэта магіла айца Ануфрыя Катовіча (1778-1841). Камень з
аднаго боку адшліфаваны, на ім надпіс на рускай мове.
3 пісьмовых звестак вядома, што ў святара Ануфрыя было дзве дачкі і два
сыны – Антоній і Васілій. Антоній (1811-1876) у 1829 годзе паступіў у
Літоўскую духоўную семінарыю. Пасля вучобы стаў памочнікам пры бацьку ў
царкве Іаана Багаслова. У 1841 годзе стаў яе настаяцелем. Служыў Богу і
людзям – гэта з яго ўдзелам у вёсках Батчы, Літвінкі, Сухаўцы адкрыліся
народныя школы, а ў Ластаўках – бясплатная бібліятэка. Усе пяць сыноў
гэтага бацюшкі сталі святарамі, а тры дачкі былі замужам за
свяшчэннікамі.
У 1855 годзе нечакана памірае малодшы брат айца Антонія – Васілій, які быў святаром у мястэчку Воўчын (у 20 кіламетрах ад Брэста). Брат пакінуў малалетніх сірот, якіх дапамог гадаваць і вучыць айцец Антоній. Пару слоў пра сыноў айца Васілія. Ігнацій – пісьменнік, вучоны, выкладчык Адэскай праваслаўнай семінарыі. Антоній – настаяцель царквы ў Брэсцкім павеце. Пётр – настаўнік Кобрынскага духоўнага вучылішча, святар у Пружанскім павеце.
Пасля смерці айца Антонія настаяцелем царквы быў яго сын Фама (1841-1919), які па дагавору ў 1881 годзе перадаў прыход свайму шурыну – Паўлу Міхайлоўскаму. Менавіта тады стогадовае служэнне святароў Катовічаў змянілася на амаль стогадовае служэнне роду Міхайлоўскіх.
Я ж пазнаёмлю чытача з апошнім святаром рода Міхайлоўскіх – айцом Іаанам
(1873-1956). Гэта старэйшы сын святара Паўла Міхайлоўскага. Ён змяніў
свайго бацьку ў 1911 годзе і праслужыў у гэтай царкве 45 гадоў. На
здымку 1952 года святару 79 гадоў. На грудзях яго ўзнагарода, якой ён
ганарыўся і не баяўся насіць і ў тое «смутное время». Гэта Залаты Крыж
ад Свяцейшага Сінода.
Ён скончыў Віленскую семінарыю ў 1895 годзе. Быў прызначаны псаломшчыкам на прыход да бацькі, потым служыў у суседнім сяле. У час Першай сусветнай служыў у Кашырскім палку (Украіна). За стараннасць на службе атрымаў ордэны святой Ганны 3-й і 2-й ступені, ордэн святога Уладзіміра і Крыж святога Георгія.
Па вяртанні ў 1919 годзе служыy у Чаравачыцкай царкве да 1937 года. Яму прызначылі пенсію, але праз два гады, у 1939-м, святар зноў пачаў служыць і выконваў свае абавязкі да 31 кастрычніка 1956 года – дня сваёй смерці. Пахаваны айцец Іаан на чаравачыцкіх могілках.
Церковное слово, № 9, 2010 г.
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.