Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

На паверхні і ў глыбіні

Ці будуць у Кобрыне археалагічныя раскопкі?

Другая палова мінулага стагоддзя выдалася для Кобрына памятнай: спрадвечная непралазная гразь дзесятка гарадскіх вуліц пачала. паступова выцясняцца «кашэчымі лбамі», як не без іроніі хутка назвалі мясцовыя жартаўнікі брук. Ажыццяўленне прымітыўнага добраўпарадкавання аблягчалася той абставінай, што ў значнай частцы павета палі былі багата ўсеяны невялікімі валунамі: сюды заходзілі крайнія паўднёвыя «языкі» велізарнага Скандынаўскага ледніка. Сяляне ачышчалі свае надзелы зямлі, а заадно падзараблялі — прадавалі каменне «казне». Дарэчы, гэтым жа каменнем да апошняй вайны забрукоўваліся мясцовыя шашэйныя дарогі. Велізарная карысць несумненная: не прыходзілася завозіць матэрыял для будаўнічых работ здалёку.

На жаль, гарадская казна была бедная, таму забрукоўванне вузкай праезджай часткі, а потым і пракладка аднабаковых тратуараў на чатырох цэнтральных вуліцаіх зацягнулася на дзесяцігоддзі. I ўсё ж да пачатку бягучага стагоддзя Кобрын па добраўпарадкаванню займаў сярод васьмі павятовых гарадоў Гродзенскай губерні першае месца пасля губернскай сталіцы.

У трыццатыя гады XX ст. было вырашана перамасціць некалькі цэнтральных вуліц эксперыментальнай навінкай — гранітна-бетоннымі шашкамі «трылінкамі» (яны названы так па прозвішчы вынаходніка, інжынера Трылінскага). Асобныя ўчасткі «трылінак» захаваліся — і да сённяшняга дня.

Калі ў пачатку вуліцы Савецкай пачаліся падрыхтоўчыя работы да перамошчвання, верхні слой зямлі выдаляўся да «мацерыка» поўнасцю. Пры гэтым прыблізна на глыбіні 1 метр быў знойдзены даволі тоўсты паўгнілы фашынны насціл, якім некалі гацілі забалочаныя ўчасткі дарог. Сярод вывозімай зямлі трапляліся цікавыя прадметы: старажытныя манеты, рэшткі скураных вырабаў, зброі і г. д. Адным словам, нікому непатрэбны хлам, які многа гаворыць сапраўднаму археолагу. Хутка звесткі аб гэтым дайшлі ДА Варшавы. У Кобрын прыехалі супрацоўнікі польскай акадэміі навук і забралі з сабой найбольш цікавыя знаходкі.

Але, бадай, самай дзіўнай аказалася знаходка, зробленая ў канцы саракавых гадоў. Тады пры пракладцы нейкіх камунікацый вырылі глыбокую траншэю, якая перасякала Першамайскую вуліцу ў самым яе пачатку. У раскопе былі знойдзены кавалкі даволі добра захаванага драўлянага насцілу. (Па аналоги ў памяці міжволі ўзнікаюць вядомыя наўгародскія драўляныя маставыя, колькасць якіх месцамі дасягае дваццаці. Справа ў тым, што ў далёкім мінулым нашы продкі не прызнавалі ні гігіены, ні санітарыі і выкідвалі на вуліцу бытавое смецце і гаспадарчыя адходы. Калі вуліца станавілася непраходнай, на яе зверху насцілалася чарговая маставая).

Два бервяны, якія землякопы выцягнулі па маёй просьбе, я хацеў забраць у музей. А пакуль шукаў транспарт, вырашыў пакінуць сваю знаходку ў суседнім двары. Калі прыехала падвода, мае «экспанаты» ужо зніклі — напэўна, хтосьці паквапіўся на «нічыйную» маёмасць (У той час быў вельмі востры дэфіцыт паліва).

Цікаўныя землякопы сцвярджалі потым, што пад першым слоем бярвёнаў былі і іншыя. Я звярнуўся з просьбай да старшыні гарвыканкома, каб выкарыстаць момант і працягнуць раскопкі. Аднак атрымаў адмову і абяцанак: калі, маўляў, зацікавяцца мінскія вучоныя, то ім будзе дадзены дазвол на далейшыя раскопкі. Я напісаў у Інстытут гісторыі АН БССР, але безвынікова.

Пры наступнай пракладцы аналагічнай траншэі па вул. 17 Верасня была знойдзена драўляная плаха, абструганая па краях і з адтулінай. Магчыма, яна служыла прыступкай лесвіцы ці ўваходзіла ў насціл пешаходнага мосціка. Нешта падобнае на драўляную маставую напамінала знаходка ў паўночнай частцы сквера імя Марозава. Калісьці там ставілі дзве дошкі гонару з цэглы. Капаючы катлаван пад іх, знайшлі ў глыбіні рэшткі драўляных канструкцый.

Што ж датычыцца цікавых для гісторыка экспанатаў з паверхні зямлі, то ў даваенны час на адным з агародаў на Беларускай вуліцы была знойдзена каменная сякера. На жаль, ніякіх падрабязнасцей аб гэтай сенсацыі да нашых дзён не дайщло. Можна не сумнявацца толькі ў адным: старажытная сякера —не імпартнага паходжання, і яна пацвярджае, што наш горад узнік на месцы даўняга чалавечага пасялення.

Побач з Беларускай вуліцай знаходзіцца тэрыторыя былога Спаскага манастыра. У дарэвалюцыйны час у заходняй частцы гэтага манастыра меліся дзве сажалкі для развядзення рыбы. Па расказах суседзяў-старажылаў, з сажалак некалі выцягвалі старую зброю, якая, напэўна, была выкінута ў ваду салдатамі атрада генерала Кленгеля (ён капітуляваў тут 15 ліпеня 1812 года).

Помнік у гонар першай перамогі над вайскамі Напалеона ў межах Расіі вядомы кожнаму кабрынчаніну. Але мала хто ведае, што, пракладваючы катлаван пад яго, землякопы выкапалі шмат чалавечых касцей. Па некаторых прыметах устанавілі: гэта астанкі больш як тысячы загінуўшых тут саксонцаў.

На паўночна-усходняй ускраіне Кобрына, непадалёку ад дома састарэлых, больш як 150 гадоў узвышаўся на раўніне адзінокі курган штучнага паходжання (у горадзе яго называлі «батарэяй»). У пачатку стагоддзя пастухі выкопвалі тут з зямлі кулі, медныя гузікі, ядры і г. д. Узнікненне гэтай батарэі адносіцца да ліпеня 1812 года, калі ў Кобрыне і вакол яго вяліся баявыя дзеянні. 20 гадоў назад батарэя поўнасцю знікла. Хтосьці самавольна раскапаў яе, выкарыстаўшы зямлю для дарожных работ. Аб гэтым варварскім учынку, музей даведаўся толькі тады, калі адзін з жыхароў дома састарэлых даставіў нам паўтара дзесятка чыгунных ядраў, падабраных у час знішчэння батарэі.

У заключэнне варта прыпомніць, што яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя ў Кобрыне захоўваліся руіны старога замка, які належаў тады А. В. Сувораву. Палкаводзец загадаў іх зрыць. Напэўна, да 1812 года зрабіць гэта не ўдавалася, бо вядома, што менавіта тут французы аказвалі моцнае супраціўленне войскам генерала Тармасава. Да нашых дзён апошнім следам назаусёды знікшага замка можна лічыць след рова, які акружаў замак з боку Мухаўца. Пры ўздыме на мост справа, сярод агародаў, бачна паглыбленне Пасля незвычайна вялікага разліву Мухаўца вясной 1958 года ў гэтых мясцінах знаходзілі вымытыя вадой чарапкі глінянага посуду (па-навуковаму, «фрагменты керамікі») з характэрным для першых стагоддзяў бягучага тысячагоддзя арнаментам.

Як вядома, «замкавая гара» — два насыпаныя ўзгоркі, адзначаныя на плане Кобрына 1798 года, — поўнасцю знікла. Але, думаецца, яшчэ шмат цікавага ўтойваюць у сабе нетры цэнтральнай часткі нашага горада. На жаль, да сённяшняга дня не зроблена нават спроба, каб правесці сапраўдныя мэтавыя археалагічныя раскопкі. А варта было б гэта зрабіць.

А.М. Мартынов

Мартынаў, А. На паверхні і ў глыбіні : ці будуць у Кобрыне археалагіч-ныя раскопкі? / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1990. – 26 мая.