Ажыўленая палеміка, выкліканая нядаўна зацверджаным праектам рэгенерацыі цэнтральнай часткі Кобрына, абудзіла павышаны інтарэс грамадскасці да мінулага нашага горада і, вядома, да яго старажытнага замка. Аб аднаўленні асобных фрагментаў якога гаворыцца ў праекце. Дык што ўяўляў з сябе некалі наш замак?
Аб часе першага прымітыўнага ўмацавання ў цэнтральнай частцы сённяшняга Кобрына ніякіх дакладных звестак да нас не дайшло. Можна з упэўненасцю сказаць адно. Паколькі крайнія паўночна-заходнія рубяжы Кіеўскай Русі, у якую на заранку нашай гісторыі ўваходзілі мясцовыя землі, межавалі з ваяўнічымі яцвяжскімі плямёнамі, якія жылі на поўнач ад Белавежскай пушчы, прыходзілася прымаць неабходныя абарончыя меры. Часта для гэтай мэты выбіраліся старыя гарадзішчы. У нашым выпадку паказальна тое, што ў І287 годзе, калі назва Кобрына ўпершыню паяўляецца ў пісьмовым дакуменце, ён ужо названы горадам. А гэта, у сваю чаргу, неразрыўна звязана з неабходнай наяўнасцю якіх-небудзь умацаванняў.
У аднолькавай ступені «пакрыта цемрай невядомасці», якую
ролю мог адыгрываць замак потым, у перыяд жорсткіх
міжасобных разладаў якія трэслі Вялікае княства Літоўскае,
далучыўшае да сябе ў сярэдзіне XIV стагоддзя нашы землі.
Адзінае грунтоўнае і дакладнае апісанне Кобрынскага замка —
адносна позняга паходжання і датуецца 1597 годам. У той час
каралеўскія камісары Мельхіёр Райскі, Данііл Дамарацкі і
Яраш Звер праводзілі рэвізію Брэсцкага стараства, па ходу
якой даследавалі стан замка. Па іх апісанню, ён да таго часу
па нейкіх прычынах прыйшоў у заняпад. На жаль, апісанне да
такой ступені хаатычнае і непаслядоўнае, што на яго аснове
цікаўныя нашчадкі пазбаўлены магчымасці скласці больш-менш
выразнае ўяўленне аб замку.
Вось як прыкладна апісваюць замак каралеўскія камісары.
Ніжні і верхні замкі акружаны валамі з частаколамі (абарончае
збудаванне з завостраных тоўстых бярвенняў) і драўлянымі
вежамі. Па мосту, перакінутаму цераз р.Кобрынку, уваходзім у
крапасную браму з веснічкамі для пешаходаў. За бакавымі
сценамі брамы знаходзілася некалькі пакояў, зверху — жыллё з
ганачкам (балконам?), пры кожным жыллі меліся сенцы з
вялікімі каменнымі комінамі. У пакоях стаялі доўгія сталы і
лавы з ліпы або сасны. Печы кафляныя, распісаныя, цагляныя
або проста чорныя. Шкло ў вокнах апраўлена ў драўляныя або
алавяныя рамы. Ад брамы налева цягнуўся штыкетнік, над якім
узвышалася вонкавая драўляная вежа. Непадалёку ад гэтай
сцяны знаходзіўся драўляны дом з камерамі, святліцамі,
каморкамі, перагародкамі і з неабходнымі для жылля
прадметамі — сталамі, лаўкамі, палаткамі, печкамі і комінамі.
Пад сталамі дзе-нідзе стаялі дубовыя куфары. У лепшых
памяшканнях вокны ў алавяных рамах за жалезнымі кратамі. Пры
святліцах — некалькі сенцаў, камор і кладовак. Ва ўсім замку
наўрад ці меўся яшчэ адзін унутраны замак. За домам на
крапасным валу стаяла пустая высокая вежа, насупраць якой
звонку вала была меншая вежа. Далей ішоў агароджаны сад, у
якім раслі слівы, грушы і яблыні, знаходзіліся склеп, ганак,
нешта падобнае на альтанку і кладоўка з простай каменнай
печчу і комінам. У наступнай — чацвёртай — вежы змяшчаўся
млын з вінтом, за ім — канюшня і студня. Нарэшце, пятая вежа
і брама, якая вяла на ніжні замак, і пад якой знаходзіўся
падвал з жалезнымі дзвярыма. У высокай вежы на некалькі
паверхаў захоўваўся стары складны мост. З ніжняга на верхні
замак вёў стары мост на сваях. Пасярод яго была даволі
чыстая лазня з кафлянай печкай. На канцы моста ў браме
верхняга замка змяшчалася пад'ёмная машына на калёсіках. Ад
брамы па баках стаялі некалькі веж, з'яднаных каменнымі
пабудовамі, якія ўтваралі вонкавыя сцены абарончай лініі,
некаторыя дзверы ў вежах запіраліся драўляным засавам пры
дапамозе ланцугоў і прабояў. Унутры ўмацаванняў стаяла
некалькі пустых пабудоў. Вонкавыя пакатасці бруствераў былі
абшытыя драўлянымі дошкамі.
Як бачым, разабрацца, што да чаго — вельмі складана.
Што датычыцца ўзбраення замка, то яно складалася з дзвюх гармат, чатырох цэлых змеявікоў (лёгкіх пушак), 15-ці гакоўніц-зацінных пішчаляў, 17-ці рушніц (ружжаў). У замку жыў стары пушкар, надзелены дзвюма валокамі зямлі, тады як другі штатны пушкар памёр. У абавязкі пушкара ўваходзіла ўтрыманне ў парадку замкавай зброі, ачыстка яе і штогадовы выраб па шэсць новых рушніц, для чаго казна пастаўляла неабходны матэрыял. Але, улічваючы яго сталы ўзрост, яму дазвалялася абмежавацца вырабам чатырох рушніц. Акрамя яго, у замку жылі два кавалі, надзеленыя зямлёй і абавязаныя вырабляць усё неабходнае для замка. Дрэва на пабудовы і рамонт дахаў дастаўлялі штогод тры пастаўшчыкі. Ачысткай і рамонтам замка, пабудовамі, падтрымкай гацяў і млынавых плацін па звычаю займаліся гараджане.
У заключэнне дарэчы тут успомніць характэрную дробязь. Хоць сляды замка і «замкавай гары» поўнасцю зніклі з твару кобрынскай зямлі ў першай палове мінулага стагоддзя, памяць аб іх сярод каранных кабрынчан захоўвалася аж да апошняй вайны. Часта можна было пачуць выраз «Пойдзем праз замак» — гэта значыць прапаноўвалася павярнуць ля кінатэатра «17 Верасня» на цяперашнюю плошчу 700-годдзя г. Кобрына.
А.М. Мартынов
Мартынаў, А. Дык якім быў замак? : старонкі гісторыі / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1990. – 23 жніўня. – С. 2.
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.