ХІДРЫ – вёска, цэнтр Хідрынскага с/с, за 10 км на Пд ад горада і чыг. ст. Кобрын,
56 км ад Брэста. Каля аўтадарогі Кобрын–Дзівін. 295 гаспадарак, 773 жыхары
(2005).
Па пісьмовых крыніцах вядомы з XVI ст. як сяленне ў Трокскім ваяв. ВКЛ.
У 1563 г. Хідры – сяло Патрыкаўскага войтаўства воласці Чаравачыцкага двара, 22
валокі зямлі, з якіх 1 вольная валока была нададзена войту, 21 – «на плаце»; 20
гаспадарак. Акрамя таго, сялянам належалі 15 лясных валок зямлі (на чыншу) і 7
валок на сенажаць і патрэбы замкавыя.
У 1597 г. сяло, 22 валокі зямлі, мелася карчма.
У 1642 г. адпаведна з уставай рэвізора Дз.Сапегі на павіннасць сяляне плацілі 55
грошаў з валокі.
У 1786 г. засценкі сяла налічвалі 259 маргоў зямлі. Пасля 3-га падзелу Рэчы
Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав., з 1801 г. ў
Гродзенскай губ.
У 1890 г. Хідры – хутары (уладальнікі Скаўронскі і Задарноўскі), 124 1/2 дзес.
зямлі, у Верхалескай вол.
У 1897 г. вёска, 63 двары, 432 жыхары, дзейнічалі хлебазапасны магазін, штучная
крама.
У 1905 г. 413 жыхароў.
У 1911 г. вёска Навасёлкаўскай вол. таго ж павета, 530 жыхароў.
З 1921 г. ў складзе Польшчы, у Навасёлкаўскай гміне Кобрынскага пав. Палескага
ваяв., 36 дамоў 246 жыхароў працавалі школа, вячэрнія курсы.
З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940
г. і з 18.12.1972 г. – цэнтр сельсавета таго ж раёна, з 16.7.1954 г. ў
Пецькаўскім с/с.
У 1940 г. хутары, 99 двароў, 436 жыхароў дзейнічалі магазін, хата-чытальня, пач.
школа. На тэр. сельсавета налічваліся 23 населеныя пункты, 426 двароў, 2111
жыхароў.
У Вялiкую Айчынную вайну ў баях з ням.-фаш. захопнікамі каля вёскі загінулі 2
воіны Сав. Арміі і партызан. У 1965 г. на магіле (на паўн.-зах. ускраіне вёскі)
устаноўлены абеліск, які таксама ўшаноўвае памяць 37 аднавяскоўцаў загінуўшых у
баях з акупантамі.
У 1949 г. створаны калгас імя Сталінскай канстытуцыі (аб'ядноўваў 40 гаспадарак).
Паводле перапісу 1959 г. 503 жыхары, у 1970 г. – 515 жыхароў.У 1999 г. 284 гаспадаркі, 812 жыхароў цэнтр калгаса «Зара» (з 2004 СВК «Узыходзячая
зара»). Працуюць 2 магазіны, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, спарт. комплекс з
басейнам, сярэдняя школа, сталовая, аддз. сувязі, фельч.-акушэрскі пункт,
камбінат быт. абслугоўвання.
ХАБОВІЧЫ – вёска ў Дзівінскім с/с, на паўд.-зах. беразе Казацкага канала. За 18
км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 63 км ад Брэста. Транспартныя сувязі па
аўтадарозе Кобрын–Дзівін. 242 гаспадаркі, 668 жыхароў (2005).
Па пісьмовых крыніцах вядомы з XVI ст. як сяленне ў Трокскім ваяв. ВКЛ.
У 1563 г. Хабовічы – сяло ў Кобрынскай эканоміі ВКЛ, 17 валок зямлі.
У 1597 г. сяло Сялецкага войтаўства Кобрынскага староства, дзейнічала карчма.
У 1724 г. сяло ў Брэсцкай эканоміі, 29 валок зямлі.
У 1789 г. вёска, 29 валок 40 маргоў зямлі, 47 гаспадарак, 260 жыхароў, карчма; у
складзе Дзівінскага ключа той жа эканоміі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай
(1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав., з 1801 г. ў Гродзенскай губ.
У 1890 г. сяло – 2350 1/4 дзес. зямлі, царква; царк. прычт – 60 дзес. зямлі; у
Блоцкай (Балоцкай) воласці. Пры сяле В.Дзембскі валодаў 4 дзес. зямлі.
У 1888 г. Хабовіцкі праваслаўны прыход налічваў 1148 вернікаў.
У 1897 г. сяло (пры ваенна-камунікацыйнай дарозе Кобрын–Дзівін), 76 двароў, 551
жыхар, дзейнічалі Пакроўская царква, царк.-прыходская школа, хлебазапасны
магазін, 2 ветраныя млыны, піцейная ўстанова.
У 1905 г. 670 жыхароў.
У 1911 г. 607 жыхароў.
З 1921 г. вёска ў складзе Польшчы, у Балоцкай (Блоцкай) гміне Кобрынскага пав.
Палескага ваяв., 143 дамы, 741 жыхар.
У 1930-я г. працавала школа.
З 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Дзівінскім р-не Брэсцкай вобл., з 12.10.1940
г. да 30.10.1959 г. – цэнтр сельсавета таго ж раёна, потым вёска ў складзе
Кісялёвіцкага с/с, з 8.8.1959 г. ў Кобрынскім р-не.
У 1940 г. ў вёсцы 184 двары, 852 жыхары, дзейнічалі пач. школа, магазін. На тэр.
сельсавета налічваліся 3 населеныя пункты, 1431 жыхар.
У Вялiкую Айчынную вайну ў баях з ням.-фаш. захопнікамі на франтах загінулі 14
аднавяскоўцаў (у 1965 устаноўлены абеліск).
У 1949 г. 22 гаспадаркі аб'ядналіся ў калгас імя Молатава (старшыня М.С.Місюк).
Паводле перапісу 1959 г. ў Хабовічах 448 жыхароў, у 1970 г. – 1048 жыхароў.
У 1999 г. 255 гаспадарак, 713 жыхароў, цэнтр калгаса імя Кутузава (з 2004 СВК «Кутузаўскі»).
Ёсць магазін, Дом культуры, б-ка, дзіцячы сад, 8-гадовая і філіял муз. школы,
фельч.-акушэрскі пункт, сталовая, аддз. сувязі, ветучастак.
ХАДЫНІЧЫ – вёска ў Навасёлкаўскім с/с, за 23 км на Пд ад горада і чыг. ст.
Кобрын, 60 км ад Брэста. Транспартныя сувязі па аўтадарозе Кобрын–Макраны. 104
гаспадаркі, 226 жыхароў (2005).
У 1567 г. Хадынічы – маёнтак, уладанне Рамана і Майка Кульневічаў (у 1565 Сямён
і Дзям'ян Кульневічы), у Брэсцкім пав. Побач з маёнткам праходзіла мяжа
Кобрынскага пав. Пазней Кандрат Хадыніцкі завяшчаў маёмасць Лепясоўскаму
праваслаўнаму манастыру.
У 1667 г. Ст.Табенскі на чале свайго атрада здзейсніў набег на маёнтак, але быў
паранены манахамі і памёр. Брэсцкі падсудак Пшаздзецкі апраўдаў манахаў, аднак у
хуткім часе сам таксама разрабаваў маёнтак. Пасля хадайніцтва Кляменція Трызны,
архімандрыта Віленскага Святадухаўскага манастыра, быў атрыманы каралеўскі ліст
з загадам Пшаздзецкаму і Табенскім вярнуць маёмасць манахам.
У 1679 г. Галоўны Літоўскі трыбунал вырашыў справу на карысць манастыра.
З 1691 г. да 1740 г. маёнтак знаходзіўся ва ўладанні базыльян Лепясоўскіх.
Пазней зноў узнікалі спрэчкі за маёмасць паміж манахамі і панамі Славакамі і
Пухальскімі, і справа была вырашана на карысць апошніх. Пасля 3-га падзелу Рэчы
Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав., з 1801 г. ў
Гродзенскай губ.
У 1890 г. вёска ў Верхалескай вол., 1774 дзес. зямлі. Побач знаходзіліся
аднайменныя: пасёлак, 179 1/2 дзес. зямлі, і 2 маёнткі, уладанні С.Мар'яновіча
(399 1/2 дзес. зямлі) і А.Любімава (186 дзес. зямлі).
У 1897 г. ў вёсцы 40 двароў, 274 жыхары, царква на могілках, хлебазапасны
магазін; у аколіцы – 15 двароў, 76 жыхароў. Маёнткі налічвалі: Хадынічы-Шаўчука
– 8 жыхароў, Хадынічы-Мар'яновіча – 10 жыхароў, Хадынічы-Маціюка – 14 жыхароў,
меўся ветраны млын.
У 1905 г. існавалі вёска (302 жыхары) і маёнтак (10 жыхароў).
У 1911 г. ў складзе Навасёлкаўскай вол.; вёска – 374 жыхары; аколіца – 32 жыхары;
маёнтак, уладанне А.Корсака – 43 жыхары.
З 1921 г. ў складзе Польшчы, у Навасёлкаўскай гміне Кобрынскага пав. Палескага
ваяв.; вёска, 59 двароў, 308 жыхароў, і 2 фальваркі, 3 двары, 26 жыхароў
(разам).
У 1930-я г. працавала школа.
З 1939 г. ў складзе БССР, з 15.1.1940 г. ў Дзівінскім р-не Брэсцкай вобл., з
12.10.1940 г. ў Верхалескім, з 30.10.1959 г. ў Навасёлкаўскім сельсаветах, з
8.8.1959 г. ў Кобрынскім р-не.
У 1940 г. вёска, 95 двароў, 489 жыхароў, працавала пач. школа.
У Вял, Айч. вайну Хадынічы акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941 г. да
ліп. 1944 г.
У 1949 г. 17 гаспадарак аб'ядналіся ў калгас «Перамога» (старшыня Ул.П.Мікалаюк).
Паводле перапісу 1959 г, 352 жыхары, у 1970 г. – 356 жыхароў.
У 1999 г. 115 гаспадарак, 258 жыхароў, у складзе калгаса імя Чкалава (з 2004 СВК
«Верхалескі»; цэнтр – в. Верхалессе). Ёсць магазін, клуб, бібліятэка.
У в. Хадынічы нарадзіліся бел. мастак І.В.Андрасюк, бел. лінгвіст, педагог,
журналіст В.І.Іўчанкаў (з'яўляецца членам рэдкалегіі часопіса «Роднае слова»).
ХУДЛІН – вёска ў Гарадзецкім с/с, за 27 км на У ад г. Кобрын, 4 км ад чыг. ст.
Гарадзец (на лініі Брэст–Гомель), 71 км ад Брэста. Каля аўтадарогі Кобрын–
Іванава. 49 гаспадарак, 108 жыхароў (2005).
У 1499–1500 гг. у лісце княгінь Ульяны і Ганны ўпамінаецца як в. Ходлін.
У 1563 г. Ходлін – сяло Грушаўскага войтаўства воласці Гарадзецкага двара
Кобрынскай эканоміі, 16 валок зямлі (якасць зямлі дрэнная), 13 гаспадарак, з іх
3 гаспадары-буднікі (на Палессі развозчыкі тавараў).
У 1786 г. сяло ў Брэсцкай эканоміі, 16 валок зямлі. Пасля 3-га падзелу Рэчы
Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав., з 1801 г. ў
Гродзенскай губ.
У 1890 г. сяло, 360 1/2 дзес. зямлі; маёнтак, уладанне І.Мітрашэўскага, 276 дзес.
зямлі; у Зелаўскай вол.
У 1897 г. вёска (пры паштовым шляху Кобрын–Пінск і лініі Палескай чыгункі), 67
двароў, 420 жыхароў, працавалі школа граматы, хлебазапасны магазін. Маёнтак
налічваў 11 дамоў, 72 жыхары.
У 1905 г. ў вёсцы 483 жыхары.
У 1911 г. вёска Гарадзецкай вол. таго ж павета, 544 жыхары.
З 1921 г. ў складзе Польшчы, у Гарадзецкай гміне Кобрынскага пав. Палескага
ваяв., 31 дом, 192 жыхары.
З 1939 г. ў складзе БССР, з 15.1.1940 г. ў Антопальскім р-не Брэсцкай вобл., з
12.10.1940 г. – цэнтр сельсавета таго ж раёна, з 16.7.1954 г. ў Грушаўскім, з
21.1.1961 г. ў Гарадзецкім сельсаветах, з 8.8.1959 г. ў Кобрынскім р-не.
У 1940 г. ў вёсцы 109 двароў, 372 жыхары, працавалі пач. школа, каап. магазін;
арганізаваны калгас імя 6-й сесіі Вярх. Савета БССР (55 коней, 80 галоў буйной
рагатай жывёлы).
У Вялiкую Айчынную вайну Худлін акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі з чэрв. 1941
г. да ліп. 1944 г.
У 1949 г. 52 гаспадаркі аб'ядналіся ў калгас імя Шверніка.
Паводле перапісу 1959 г. 308 жыхароў, у 1970 г. – 235 жыхароў.
У 1999 г. 51 гаспадарка, 116 жыхароў, у складзе калгаса-камбіната імя
Дзяржынскага (з 2004 ААТ «Гарадзец-Агра»; цэнтр – в. Гарадзец). Дзейнічае
магазін.
У в. Худлін нарадзіўся ўдзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі, адзін з
арганізатараў партыз. руху на Кобрыншчыне ў гады Вял. Айч. вайны М.Ц.Шыш (у 1974
у цэнтры вёскі ўстаноўлена стэла).
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.