БАЛАТА, БАЛОТЫ (мясцовая назва Болота), вёска ў Кісялевіцкім сельсавеце, цэнтр калгаса «Усход». Упамінаецца ў 1513 г. У 1559 г. маёнтак Балачане ў Кобрынскім павеце ВКЛ, уладанне Фёдара Балоцкага з братамі Кірылам і Тарасам. У 1623 г. уладанне луцкіх езуітаў. У 1652 г. вядома Балоцкая царква (у маёнтку). Ад Луцкага езуіцкага калегіума ёй быў нададзены фундуш на пару валоў, жыта, 50 злотых і г.д. У маёнтку і сяле Балоты (Блоты) дзейнічалі карчма і бровар. У 1672 г. К.П.Брастоўскаму дадзены прывілей на маставое мыта ў маёнтку. У 1773 г. Балоты—фальварак у Брэсцкім ваяводстве. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1882 г. пабудавана драўляная царква Прападобнай Параскевы Сербскай (захавалася да нашага часу), праваслаўны прыход у 1888 г. налічваў 1385 вернікаў.У Блоцкім народным вучылішчы ў 1889/90 навучальным годзе вучыліся 64 хлопчыкі; у 1892/93 г. 46 хлопчыкаў; у 1905/06 г. — 93 хлопчыкі. У 1890 г. на месцы сучаснай вёскі і ў яе наваколлі існавалі: пасёлак Снежкі-Блоты, сяло Блоты-Паезуіцкія, маёнткі — Блоты-Паезуіцкія, уладанне А.Гана (разам з 4 фальваркамі 3819 дзесяцін зямлі), Блоты-Шляхецкія, уладанне П.Базілеўскага (454,25 дзесяціны зямлі), Блоты, уладанне Ф.Гіржа (48 дзесяцін зямлі). У 1897 г. маёнткі: Блоты-Паезуіцкія, 50 жыхароў, і Блоты-Шляхецкія, 29 жыхароў, у Блоцкай воласці.У 1905 г. у маёнтках адпаведна 26 і 16 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, фальварак Блоты (Балоты)-Шляхецкія і вёска Балоты Вялікія, 114 дамоў, 771 жыхар, у Блоцкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства. У 1930-я гады працавалі школа, вячэрнія курсы, чытальня, тэатральны гурток. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Кісялевіцкім сельсавеце. У 1940 г. хутары: Балота-Шляхецкія, 8 двароў, 50 жыхароў, і Вялікія Балоты, 365 двароў, 1303 жыхары; былы маёнтак Балота, 3 двары, 30 жыхароў. На 1.1.1999 г. вёска, 256 двароў, 570 жыхароў, магазін, клуб, бібліятэка, сярэдняя школа. У 1983 г. устаноўлена надмагілле на магіле 20 чырвонаармейцаў, якія загінулі ў час савецка-польскай вайны 1920 г. Помнікі архітэктуры: ветраны млын, царква Прападобнай Параскевы Сербскай.
БАРОДЗІЧЫ (мясцовая назва Бородзічы), вёска ў Гарадзецкім сельсавеце. Бародзічы і воласць Бародзіцкая вядомы з 1500 г. У 1516 г. уладанні Мікалая Кезгайлы (Кежгайлы) у ВКЛ. У 1554 г. сын М.М.Кезгайлы Станіслаў з жонкай Соф’яй прадалі воласць за 1,5 тыс. коп літоўскіх грошай біскупу луцкаму і брэсцкаму Валерыяну Пратасевічу, які ў 1559 г. падараваў яе Віленскай капітуле. Вёскі Бародзіцкай воласці (Таракані, Брашэвічы, Сімановічы, Літоўскае, Бародзічы і інш.) размяшчаліся на вялікай адлегласці адна ад адной уздоўж усходніх межаў Кобрынскага павета і не стваралі адзінага гаспадарчага комплексу ўладанняў Віленскай капітулы. Вёскі Бародзічы і Мяфёдавічы (Няхвёдавічы) утваралі своеасаблівы востраў на тэрыторыі Кобрынскага павета, і з прычыны сваёй аддаленасці ад астатніх вёсак воласці паступова страцілі гаспадарчую значнасць. Гаспадарчым цэнтрам воласці стала в. Брашэвічы, а ў інвентары 1747 г. Бародзічы пазначаны як незаселеная, пустая вёска (з 1636 г. Брашэвіцкі ключ знаходзіўся ва ўладанні Альбрыхта Станіслава Радзівіла). У 1766 г. Бародзічы — сяло маёнтка Брашэвічы, уладанне Віленскай капітулы, мелася праваслаўная царква. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1886 г. сяло ў Антопальскай воласці, 17 двароў, 247 жыхароў, царква (Бародзіцкі праваслаўны прыход у 1888 г. складаўся з 2288 вернікаў), 2 піцейныя дамы. Каля сяла знаходзіліся: сядзіба Уладзіслава Сімановіча, 18 дзесяцін; фальварак Бародзічы, уладанне Сафіі фон Брэверыч. У 1897 г. у сяле 49 двароў, 294 жыхары, царква, школа граматы (побач праходзіў Дняпроўска-Бугскі канал); у фальварку 3 двары, 19 жыхароў. У 1905 г. сяло, 289 жыхароў; фальварак, 14 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Антопальскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 25 дамоў, 118 жыхароў, школа; фальварак, 5 двароў, 34 жыхары; асада, 2 дамы, 10 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Худлінскім, з 16.7.1954 г. у Грушаўскім сельсаветах, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне, з 21.1.1961 г. у Гарадзецкім сельсавеце. У 1940 г. у вёсцы 333 жыхары. У 1950 г. арганізаваны калгас «8 Сакавіка» (старшыня Ф.Сцепанюк). На 1.1.1999 г. 52 двары, 81 жыхар, магазін, бібліятэка, у складзе калгаса-камбіната імя Дзяржынскага. Гістарычныя камяні-валуны. Вайсковыя могілкі часоў 1-й сусветнай вайны.
БАРШЧЫ (мясцовая назва Боршчі), вёска ў Буховіцкім сельсавеце. У 1795 г. вёска ў Кобрынскай эканоміі ВКЛ, 22 двары, 160 жыхароў. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1890 г. вёска ў Казішчанскай воласці, 101 дзесяціна зямлі. Побач знаходзіліся 3 маёнткі: Баршчы-Рэчыца, уладанне С.Вяроўкіна-Шэлюты, 216 дзесяцін зямлі; Гуска-Баршчы, уладанне М.Астрамецкай, 350 дзесяцін зямлі; Гуска-Баршчы, уладанне А.Андронаўскага, 222 дзесяціны зямлі. У 1897 г. у вёсцы 11 двароў, 86 жыхароў, хлебазапасны магазін, кузня, ветраны млын; у маёнтках: Баршчы (Гуска), 22 жыхары; Баршчы, 15 жыхароў; Баршчы (Рэчыца), 20 жыхароў, цагельны завод; Баршчы (Асавіца), 6 жыхароў. У 1905 г. у вёсцы 81 жыхар; у маёнтках: Баршчы — 7 жыхароў; Баршчы-Рэчыца — 5 . З 1921 г. у складзе Польшчы, у Падалескай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, вёска, 8 двароў, 33 жыхары; фальварак, 1 двор, 7 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Засімскім, з 16.7.1954 г. у Яроміцкім, з 19.7.1976 г. у Буховіцкім сельсаветах. У 1940 г. у вёсцы 21 двор, 99 жыхароў. На 1.1.1999 г. 9 двароў, 19 жыхароў, у складзе калгаса «Звязда».
БАРЫСАВА (мясцовая назва Борысово), вёска ў Кісялевіцкім сельсавеце. Упамінаецца ў 1563 г. як в. Барысавічы. У 1890 г. вёска ў Блоцкай (Балоцкай) воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі, 238 дзесяцін зямлі. Побач знаходзіліся аднайменныя: пасёлак, 245 дзесяцін зямлі (разам з в. Замосце і пас. Кісялёўцы) і маёнтак, уладанне Восіпа Віткоўскага, 156 дзесяцін зямлі. У 1897 г. у вёсцы 32 двары, 241 жыхар, хлебазапасны магазін, ветраны млын, піцейны дом, у маёнтку 15 жыхароў. У 1905 г. вёска, 351 жыхар, і маёнтак, 6 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Блоцкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства; вёска, 19 двароў, 150 жыхароў, школа, і фальварак, 1 двор, 12 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. да 16.7.1954 г. у Хідрынскім сельсавеце. У 1940 г. вёска, 50 двароў, 301 жыхар, цагельны завод (6 рабочых). На 1.1.1999 г. 179 двароў, 460 жыхароў, пачатковая школа, у складзе калгаса «Магдалінскі».
БАРЫСАЎКА (мясцовая назва Борысовка), вёска ў Осаўскім сельсавеце. У 1668 г. сяло ў Палескім ключы Брэсцкай эканоміі ВКЛ. Разам з Осаю — 24 валокі зямлі, з іх 1 вольная, 23 двары. У 1682 г. сёлы Барысаўка і Оса таго ж ключа і эканоміі, 24 валокі зямлі, з якіх 1 валока адмерана на Дзівінскую царкву, 2 валокі ў войта, 4 у 2 сялян, 7 пустых; 30 двароў. У 1789 г. вёска, 25 двароў, карчма, студня, уваходзіла ў Дзівінскі ключ Брэсцкай эканоміі. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1890 г. Барысаўка — вёска Макранскай воласці, 2338 дзесяцін зямлі; у 1897 г. 102 двары, 609 жыхароў, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У 1905 г. 809 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Дзівінскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 130 двароў, 653 жыхары. У 1930-я гады працавалі школа, вячэрнія курсы, тэатральны гурток. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Дзівінскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Осаўскім сельсавеце, з 8.8.1959 г. у Маларыцкім, з 25.12.1962 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. у вёсцы 217 двароў, 830 жыхароў, пачатковая школа, чытальня, кааператыў. У Вялікую Айчынную вайну 23.9.1942 г. гітлераўскія карнікі расстралялі ў лесе 206 жыхароў вёскі і навакольных хутароў, вёску (225 двароў) спалілі. Пасля вайны вёска адноўлена. На 1.1.1999 г. 130 двароў, 313 жыхароў, магазін, сельскі клуб, бібліятэка, базавая школа, у складзе калгаса «Дружба народаў». Помнікі ахвярам фашызму ў цэнтры вёскі і ў лесе, на магіле расстраляных мірных жыхароў.
БАСЯЧ (мясцовая назва Босяч), вёска ў Буховіцкім сельсавеце. Упамінаецца ў 1589 г. У 1629 г. маёнтак у Брэсцкім ваяводстве Рэчы Паспалітай. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1890 г. вёска, 144 дзесяціны зямлі, у Стрыгаўскай воласці. Побач знаходзіліся аднайменныя: ваколіца (розныя ўладальнікі), 311 дзесяцін зямлі; 2 маёнткі — уладанне А.Басяцкага, 203 дзесяціны зямлі; уладанне А.Слаўскага, 167,5 дзесяціны зямлі. У 1897 г. у вёсцы 30 двароў, 207 жыхароў, хлебазапасны магазін; у ваколіцы 14 двароў, 92 жыхары; у маёнтках: Басяч — 30 двароў і 13 жыхароў; Басяч (Канавалаўшчына) — 4 жыхары. У 1905 г. у вёсцы 283 жыхары, маёнтку — 34. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Стрыгаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства; вёска, 35 двароў, 196 жыхароў; калонія, 10 двароў, 72 жыхары. У 1930-я гады працавалі школа і вячэрнія курсы. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Яроміцкім, з 19.7.1976 г. у Буховіцкім сельсаветах. У 1940 г. 68 двароў, 333 жыхары. У 1948 г. 57 вясковых гаспадарак аб’ядналіся ў калгас «Перамога» (старшыня Л.Гузюк). На 1.1.1999 г. 58 двароў, 132 жыхары, магазін, у складзе калгаса «Перамога».
БАТЧЫ (мясцовая назва Батчэ), вёска, цэнтр Батчынскага сельсавета і калгаса «Запаветы Ільіча». Вядомы з XVI ст. як сяло Кобрынскай эканоміі Брэсцкага ваяводства (з 1566) ВКЛ. У 1563 г. уваходзіла ў Паляціцкае войтаўства, 46 двароў, 47 валок зямлі. У 1597 г. цэнтр войтаўства, карчма, 45 валок зямлі лічыліся на чыншы, 2 вольныя — у цівуна і бондара. У 1786 г. сяло, у Брэсцкай эканоміі. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1886 г. вёска ў Прускаўскай воласці, 64 двары, 461 жыхар, 1270,75 дзесяціны зямлі (у 1890); школа, піцейны дом. У 1897 г. 90 двароў, 555 жыхароў, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін. У 1905 г. 599 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Прускаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 49 двароў, 268 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. цэнтр сельсавета. У 1940 г. 128 двароў, 590 жыхароў, пачатковая школа, магазін, хата-чытальня. На 1.1.1999 г. 145 двароў, 411 жыхароў, будынкі выканкома сельсавета і адміністрацыі калгаса «Запаветы Ільіча», магазін, сельскі Дом культуры, бібліятэка, сярэдняя школа, фельчарска-акушэрскі пункт, сталовая.
БЕЛЬСК (мясцовая назва Більск), вёска ў Навасёлкаўскім сельсавеце, цэнтр калгаса «За Радзіму». У сярэдзіне ХVI ст. маёнтак у Брэсцкім павеце ВКЛ. Адпаведна ваеннаму перапісу 1567 г. уладальнікамі маёнтка з’яўляліся Багдан Панкевіч і яго сын. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1890 г. вёска ў Верхалескай воласці. Побач з вёскай знаходзіліся 3 аднайменныя маёнткі: уладанні Сіміліцыяна Бельскага, 319 дзесяцін зямлі; Станіслава Бельскага, 1623,5 дзесяціны зямлі і ўладанне Паўла Скібнеўскага, 316 дзесяцін зямлі. У 1897 г. вёска, 61 двор, 363 жыхары, хлебазапасны магазін. Каля вёскі існавалі ўжо 5 маёнткаў Бельск, з якіх уладанне Скібнеўскага налічвала 2 двары, 10 жыхароў. Астатнія належалі Бельскім: Рыгору (5 жыхароў), Іасафату (5 жыхароў), Сіміліцыяну (9 жыхароў), нашчадкам іншых Бельскіх (3 двары, 28 жыхароў, ветраны млын). Забудова 3 маёнткаў размяшчалася сумежна з вясковымі будынкамі. У 1905 г. вёска, 657 жыхароў, і маёнтак, 56 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Навасёлкаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, вёска, 117 двароў, 670 жыхароў; фальварак, 3 двары, 21 жыхар. У 1930-я гады працавалі школа, вячэрнія курсы, чытальня. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Дзівінскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Навасёлкаўскім сельсавеце, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. у вёсцы 221 двор, 1123 жыхары, пачатковая школа, арганізавана таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі. На 1.1.1999 г. 338 двароў, 803 жыхары, магазін, сельскі Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, базавая школа. Помнікі на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан і на ўшанаванне памяці воінаў-землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
БОРКІ, вёска ў Астроміцкім сельсавеце. У 1786 г. сяло ў Брэсцкай эканоміі ВКЛ, 16 валок зямлі. У 1795 г. вёска Кобрынскай эканоміі, 17 двароў, 94 жыхары. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1890 г. вёска ў Падалескай воласці, 93 дзесяціны зямлі. Побач знаходзілася аднайменнае ўрочышча, уладанне П.Паўзуна, 60 дзесяцін зямлі. У 1897 г. Боркі — вёска, 13 двароў, 83 жыхары; дом (былая Жухавецкая застава) пры Варшаўска-Маскоўскай шашы, 11 жыхароў; 2 прыватнаўласніцкія сядзібы Боркі (Палоншчызна), 16 і 11 жыхароў. У 1905 г. вёска, 183 жыхары, і фальварак, 7 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Падалескай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, вёска, 20 двароў, 121 жыхар. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Красналескім, з 16.7.1954 г. у Астроміцкім сельсаветах. У 1940 г. вёска, 29 двароў, 162 жыхары, і хутар, 2 двары, 15 жыхароў. У 1949 г. арганізаваны калгас «Чырвоны бор». На 1.1.1999 г. 38 двароў, 89 жыхароў, магазін, у складзе калгаса імя Леніна. Помнік ахвярам фашызму, на ўшанаванне памяці 18 жыхароў вёскі, якія былі расстраляны фашыстамі ў 1943 г.
БРЫЛЁВА, вёска ў Кісялевіцкім сельсавеце. Упамінаецца ў 1549 г. у інвентары Кобрынскага Спаскага манастыра. У 1563 г. урочышча каля Кобрына, у Кобрынскім павеце ВКЛ. У 1739 г. маёнтак у Брэсцкім ваяводстве. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1890 г. вёска ў Блоцкай (Балоцкай) воласці, 120,75 дзесяціны зямлі. Побач знаходзіліся аднайменныя: урочышча, уладанне Д.Вайнштэйна, 20 дзесяцін зямлі; 2 маёнткі, уладанні Я.Брадзінскай, 214,5 дзесяціны зямлі, і Ф.Гіржа, 51 дзесяціна зямлі. У 1897 г. у вёсцы 15 двароў, 105 жыхароў, хлебазапасны магазін, у маёнтках: Брылёва, 36 жыхароў, Брылёва-Падлясок, 17 жыхароў. У 1905 г. вёска, 209 жыхароў, і маёнтак, 8 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Блоцкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства; вёска, фальварак і асада налічвалі 26 дамоў, 157 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Кісялевіцкім сельсавеце. У 1940 г. Брылёва — хутары, 45 двароў, 236 жыхароў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы працаваў торфазавод «Брылёва». На 1.1.1999 г. 79 двароў, 201 жыхар, у складзе калгаса «Магдалінскі».
БУХОВІЧЫ (мясцовая назва Буховычы), вёска, цэнтр Буховіцкага сельсавета і калгаса «Перамога». Вядомы з XVI ст. як вёска і маёнтак у Кобрынскім павеце ВКЛ. У 1559 г. маёнтак Буховічы знаходзіўся ва ўладанні братоў Галянішчавічаў. У маёнтку, ва ўрочышчы Гарбанцы, была пабудавана царква (Буховецкая-Гарбанская), якая ў 1599 г. атрымала фундуш на землі Верашчакаў. Сяло Буховічы ўваходзіла ў склад Кобрынскай эканоміі, войтаўства Астрамецкае, 13 валок зямлі. У 1597 г. сяло ў Кобрынскім старостве, 13 валок зямлі, знаходзілася ў пажыццёвай заставе ў Крыштофа Зяновіча, ваяводы брэсцкага. У 1786 г. у сяле 11 валок зямлі, у аднайменным засценку 12 маргоў зямлі. Маёнтак Буховічы (ці Кулікоўшчызна, ці Астрамеч) з 1732 г. закладзены Буховецкаму дамініканскаму манастыру (у 1674 г. пабудаваны дамініканскі касцёл). Манастыр існаваў да 1832 г. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1886 г. 2 праваслаўныя царквы (адна з іх былы касцёл, да якога ў 1889 г. прыбудавана званіца); у 1888 г. прыход налічваў 2637 вернікаў. У 1890 г. у Падалескай воласці, сяло, 359 дзесяцін зямлі, маёнтак, уладанне С.Каішэўскай, 241 дзесяціна зямлі. У 1897 г. вёска, 44 двары, 254 жыхары, хлебазапасны магазін, прыходская Пакроўская царква (захавалася да нашага часу, былы касцёл), дом царкоўнага ахоўніка (4 жыхары). Побач існавалі фальварак Буховічы (Карастоўка), 7 жыхароў; прыватная сядзіба Буховічы, 53 жыхары, ветраны млын. У 1905 г. вёска, 289 жыхароў, і 2 маёнткі: Буховічы, 20 жыхароў і Буховічы Малыя, 3 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Падалескай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства. Буховічы — вёска, 20 двароў, 106 жыхароў; фальварак, 4 двары, 26 жыхароў. Фальварак Буховічы Малыя (Карастоўка) налічваў 2 двары, 16 жыхароў. У 1930-я гады дзейнічалі школа, чытальня, тэатральны гурток. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Яроміцкім сельсавеце, з 19.7.1976 г. цэнтр сельсавета. У 1940 г. у вёсцы 58 двароў, 260 жыхароў; у былым маёнтку 4 двары, 37 жыхароў, працаваў паравы млын. У 1948 г. арганізаваны калгас «Савецкая Беларусь». На 1.1.1999 г. 127 двароў, 372 жыхары, магазін, сельскі клуб, бібліятэка, базавая школа, дзіцячы сад, будынкі выканкома сельсавета і адміністрацыі калгаса «Перамога». Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1674). Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
БЫСТРЫЦА (мясцовая назва Быстрыця), вёска ў Залескім сельсавеце. У 1541 г. Быстрычы, маёнтак каля Кобрына, уладанне манастыра Святога Спаса ў Кобрыне (падаравана манастыру Іванам Сямёнавічам Кобрынскім). У 1597 г. млынар Быстрыцы Лягатаўскага войтаўства Кобрынскага староства меў 2 валокі зямлі. У 1742 г. Быстрыца, ці Млынары — сяло, 30 маргоў зямлі, царква. У 1786 г. 10 валок 18 маргоў зямлі. З 1795 г. у Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1897 г. вёска ў Залескай воласці, 56 двароў, 333 жыхары, хлебазапасны магазін; 385,5 дзесяціны зямлі (на 1890). У 1905 г. 342 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Прускаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства, 12 двароў, 60 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Закросніцкім, з 16.7.1954 г. у Залескім сельсаветах. У 1940 г. хутары Быстрыца, 74 двары, 330 жыхароў. На 1.1.1999 г. 221 двор, 609 жыхароў, магазін, цэнтр брыгады № 3 калгаса імя Суворава.
БЯРОЗА (мясцовая назва Быроза), вёска ў Буховіцкім сельсавеце. У 1559 г. Бяроза (Беразое) — маёнтак і сяло ў Кобрынскім павеце ВКЛ. Частка маёнтка знаходзілася ва ўладанні пана Касцюшкі, другая частка — ў Сенкі, Дзяменція і Карнілы Кулневічаў. У 1597 г. сяло Бяроза ў Лягатаўскім войтаўстве Кобрынскага староства, 32 валокі зямлі, 3 засценкі (усяго з засценкамі 40 валок); знаходзілася ў пажыццёвым уладанні З.В.Гузельфа. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1864 г. пабудавана драўляная Крыжаўзвіжанская царква (захавалася да нашага часу; у 1888 г. прыход налічваў 1999 вернікаў). У 1886 г. сяло Стрыгаўскай воласці, 30 двароў, 328 жыхароў, царква, школа. У 1890 г. у сяле 349 дзесяцін зямлі. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак, уладанне Восіпа Трашынскага, 237,5 дзесяціны зямлі. У 1897 г. сяло, 62 двары, 398 жыхароў, прыходская царква, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У маёнтках: Бяроза — 29 жыхароў, Божы Дар (ці Бяроза) — 7 жыхароў. У 1905 г. у сяле 471 жыхар, у маёнтку Бяроза — 46. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Стрыгаўскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства. Бяроза, вёска, 79 дамоў, 358 жыхароў, і фальварак, 2 дамы, 8 жыхароў. У 1930-я гады працавалі школа і тэатральны гурток. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. у Яроміцкім, з 19.7.1976 г. у Буховіцкім сельсаветах. У 1940 г. у вёсцы 111 двароў, 507 жыхароў; у былым маёнтку — 2 двары, 10 жыхароў. У 1950 г. 45 вясковых гаспадарак аб’ядналіся ў калгас «Сцяг Перамогі» (старшыня В.Дземянчук). На 1.1.1999 г. 119 двароў, 244 жыхары, магазін, бібліятэка, базавая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, у складзе калгаса «Перамога». Помнікі архітэктуры — цэрквы Ільінская (1863) і Крыжаўзвіжанская (1864). Помнік 46 землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
БЯРОЗНА (мясцовая назва Бырозна), вёска ў Астроміцкім сельсавеце. У 1555 г. маёнтак у Кобрынскім павеце ВКЛ, уладанне зямяніна Д.Мацковіча. Ён не меў свайго сына і ўсынавіў зямяніна Яна Церабенскага, якому пазней пакінуў у спадчыну маёмасць. 18.6.1558 г. Жыгімонт II Аўгуст сваёй граматай пацвердзіў правы Церабенскага на Бярозну. Другі маёнтак Бярозна належаў пану Аляхновічу з братамі. У 1563 г. Бярозна — сяло воласці Гарадзецкага двара, Грушаўскага войтаўства Кобрынскай эканоміі, 15 валок зямлі, 13 двароў. У 1786 г. у складзе Брэсцкай эканоміі, 15 валок зямлі. З 1795 г. у складзе Расійскай імперыі, у Кобрын-скім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1795 г. у вёсцы 8 жыхароў. У 1890 г. 1171,5 дзесяціны зямлі, у Іласкай воласці; у 1897 г. 96 двароў, 533 жыхары, хлебазапасны магазін. Каля вёскі праходзіў гандлёвы шлях Антопаль — Пружанскі павет, знаходзіўся ўчастак Бярозна, 17 дзесяцін зямлі, уладанне А.Максімовіча (1890). У 1905 г. 565 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Іласкай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства; 32 двары, 112 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. да 16.7.1954 г. у Іласкім сельсавеце, з 8.8.1959 г. у Кобрынскім раёне. У 1940 г. 573 жыхары. На 1.1.1999 г. 99 двароў, 200 жыхароў, магазін, у складзе калгаса «Праўда».
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.