Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Кобрынскiя бібліятэкi

З успамінаў А. Мартынава.

Пра існаванне ў пачатку нашага стагоддзя ў г. Кобрыне Гродзенскай грамадскай бібліятэкі дакладна вядома. Аднак адсутнічаюць звесткі, каму яна належала, якімі былі кніжны фонд і склад чытачоў. Гэта бібліятэка перастала дзейнічаць у жніўні 1915г., калі ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі ў час 1-й сусветнай вайны значная колькасць насельніцтва эвакуіравалася ў глыб краіны.

У перыяд нямецкай /1915-1918/, а потым у першыя гады польскай акупацыі шмат зрабіу для развіцця бібліятэчнай справы у Кобрыне мясцовы уладальнік адной з трох кнігарняу Абрамовіч. На яго складзе захоўвалася шмат рускай літаратуры, з якой была скамплектавана невялікая бібліятэка агульнага карыстання. Зразумела, кнігамі карысталіся зусім не бясплатна нешматлікія кнігалюбы. Гэта бібліятэка дзейнічала напаўлегальна і ў пачатку 1920-х г. была закрыта польскай адміністрацыяй.

У 1921 г. пры мясцовым клубе памешчыкаў "Адраджэнне" ўзнікла першая ў горадзе польская бібліятэка. Кніжны фонд яе складаўся з 940 кніг і брашур, якімі карысталіся 35 падпісчыкау. Потым у 1934 г. пры павятовым паліцэйскім упрауленні была арганізавана бібліятэка закрытага тыпу, кніжны фонд якой налічвау 700 экзэмплярау, чытачоу - 155.

Найбольш папулярнай і агульнадаступнай была створаная ў 1925 г. бібліятэка Польскага школьнага таварыства, якая мела 1370 кніг і 308 чытачоў. Усе гэтыя бібліятэкі былі платныя, літаратура выключна на польскай мове. Мелася таксама бібліятэка пры яўрэйскім культурна-асветным таварыстве Брэнера з 1400 кнігамі і 175 чытачамі. У 1928 г. групай інтэлігенцыі пры мясцовым саборы была адкрыта бібліятэка Рускага дабрачыннага таварыства з кніжным фондам 750 экзэмпляраў і 50 чытачамі. Уся літаратура была пераважна рэжскіх выдавецтвау на рускай мове, меліся таксама савецкія выданні.

Заслугоўвае асаблівай увагі рабочая бібліятэка пры аб’яднанні прафсаюзаў, якая шмат разоў закрывалася ўладамі. Дзейнічала яна на добраахвотных пачатках, літаратура складалася з ахвяравых кніг. Увесь фонд гэтай бібліятэкі, якая мела шэраг творау класікаў марксізму-ленінізму (адно з першых выданняу "Капіталу” на рускай мове, двухтомнік У.І. Леніна на польскай мове, кнігі Ф. Ласаля, П.А. Крапоткіна і інш.), поўнасцю ўмяшчаўся ў адной шафе. Гэта ў значнай ступені аблягчала частыя пераезды бібліятэкі, якая ніколі не мела сталага памяшкання і вымушана была весці качавы спосаб жыцця. На бібліятэку часта рабіліся паліцэйскія налёты, у час якіх з уважлівасцю правяралася літаратура і спіс чытачоў. Наведвальнікаў, якія ў гэты час знаходзіліся ў памяшканні, затрымлівалі, правяралі дакументы і дапытвалі.

Агульны кніжны фонд усіх 5 платных бібліятэк складаў крыху больш за 5000 экзэмпляраў, а максінальная колькасць чытачоў перавышала 800 чалавек пры насельніцтве горада 12000 жыхароў. У Польшчы кнігі выдаваліся малымі тыражамі і каштавалі вельмі дорага, нешматлікай была і колькасць уласных бібліятэк.

Не менш паказальнымі з’яўляюцца лічбы, якія сведчаць пра афіцыйна зарэгістраваныя бібліятэкі ў сельскай мясцовасці. Так, у мястэчку Гарадзец пры мясцовым каталіцкім касцёле мелася бібліятэка з кнігамі рэлігійнага зместу і 89 чытачамі. У Дзівінскай яўрэйскай бібліятэцы было 560 кніг і 43 чытачы. У в. Ілаўск пры сельскагаспадарчым гуртку былі зарэгістраваны 72 найменні, а ў в. Запруды - 45, якімі карысталіся 39 чытачоў. Так выглядала бібліятэчная справа да 1939г. у Кобрынскім павеце з насельніцтвам 130 тысяч чалавек.

Пасля уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 г., нягледзячы на вялікую занятасць жыццёва неабходнымі адміністрацыйнымі і гаспадарчымі пытаннямі, ужо ў першыя тыдні Часовае ўпраўленне прыняло рашэнне аб адкрыцці гарадской бібліятэкі. Пад яе быу адведзены драўляны дом з 7 пакояў на вул. Суворава, 14. Раней ён належыў мясцо- вай памешчыцы Шыраевай. Штат складаўся з 7 чалавек, сярод якіх не было ніводнага прафесійнага бібліятэкара.

У новае памяшканне была звезена літаратура і абсталяванне з усіх нацыяналізаваных бібліятэк. Папауняць кніжны фонд савецкімі выданнямі было даволі цяжка, паколькі ў кнігагандаль паступала абмежаваная колькасць самай неабходнай літаратуры. На выручку прыйшла шырокая цэнтралізаваная пастаўка кніг з бібліятэк усходніх абласцей рэспублікі. У хуткім часе ў адрас нашай бібліятэкі сталі паступаць аб’ёмістыя кніжныя пасылкі.

Дзякуючы самаадданаму старанню маленькага калектыву бібліятэкі ўдалося вельмі хутка зрабіць неабходную чыстку кніжнага фонду і бібліятэчную апрацоўку часткі літаратуры і ў канцы года прыняць першых чытачоў. З месяца ў месяц расшыраўся аб’ём дзейнасці нашага асяродка культуры: наладжвалася рэгулярнае чытанне лекцый, афармленне кніжных выстаў, камплектаванне перасовак для сельскіх хат-чытальняў і інш. Не спынялася папаўненне кніжнага фонду, які да 1941 г. налічваў ужо 14 тысяч экзэмпляраў, тады як колькасць чытачоў да пачатку вайны пераваліла за 2000.

Трэба адзначыць, што шмат часу адымалі ў нас частыя прагляды і спісанні літаратуры. Справа у тым, што мясцовы райліт Берасцень поўнасцю перадаверыў гэту аперацыю бібліятэкарам, каб не займацца самаму даволі працаёмкай і адказнай справай. Між тым у зусім сакрэтных на канфіскацыю часта ўзнікалі прыкряя ляпсусы у адносінах да польскай літаратуры. Напрыклад, трэба было поўнасцю знішчыць творы папулярнага пісьменніка Е. Серашэўскага, якія захоўваліся ў некалькіх экзэмплярах. Яны былі парваны і адпраўлены ў макулатуру. А праз некалькі месяцаў прыйшло новае распараджэнне - аднавіць Серашэўскага поўнасцю за выключэннем адной п’есы. Асабліва цяжкае ўражанне рабіла на нас неабходнасць прымаць удзел у канфіскацыі ўсіх антыфашысцкіх выданняў, грампласцінак і інш. 22 чэрвеня 1941 г., нягледзячы на бамбежку Кобрына на світанні, усе супрацоўнікі знаходзіліся на сваіх месцах. Толькі пасля поўдня, пераканаўшыся, што ваенкамат і іншыя ўстановы ужо эвакуіраваліся, дзверы бібліяткі былі зачынены на ўсе замкі.

У першыя дні фашысцкай акупацыі гітлераўцы вывесілі загады з патрабаваннем пад пагрозай расстрэлу здаць зброю і савецкія кнігі (асабліва палітычнага зместу), якія меліся на руках у насельніцтва. Перапалоханыя мяшчане сталі дастаўляць названую літаратуру ў пэуныя месцы, толькі некаторыя спрабавалі прадаваць каштоўныя выданні.

У перыяд акупацыі актыўнымі памагатымі гітлераўцаў у Кобрыне зрабіліся многія польскія інтэлігенты, якія набылі давер немцаў. Дзякуючы гэтай акалічнасці, у горадзе была адкрыта бібліятэка з літаратурай выключна на польскай мове. Аднак вялікай папулярнасцю яна не карысталася. Загадчыцай была Яніна Антонаўна Крэйвіс, былая настаўніца, якая потым выехала ў Польшчу.

Фашысты былі выгнаны з Кобрына 20 ліпеня 1944 г., а ўжо 22 ліпеня на нарадзе актыву ў райкоме КП(б)Б мне даручылі ў самы кароткі тэрмін аднавіць працу бібліятэкі. Сваю дзейнасць я пачау з таго, што стаў "прачэсваць" безгаспадарчыя дамы /у горадзе засталося не больш за 2-3 тысячы жыхароў, пустых дамоў было вельмі шмат/ з мэтай выратавання уцалелых кніг, а таксама выяўлення прыгоднай для бібліятэкі мэблі і асабліва аконнага шкла. Усё гэта збіралася ў шэрагу апорных пунктаў. Праз паўтара месяца аднавілася праца райана, у падпарадкаванні якога знаходзілася бібліятэка. Толькі тады можна было аформіць штат з 4 чалавек.

Наступным этапам з’явілася перавозка сабранага ў даваенны дом бібліятэкі. Усё гэта было звязана з вялікімі цяжкасцямі у сувязі з недахопам транспарту і адсутнасцю памочнікаў. Калі ж заставалася завяршыць перавозку кніг і бібліятэчнага інвентару з дзеючай польскай бібліятэкі, мяне сустрэла горкае расчараванне. Раніцай пры уваходзе у будынак я быў спынены вартавымі, якія прыгразілі страляць, калі я паспрабую пранікнуць унутр. Аказваецца, за ноч дом паспела аблюбаваць вайсковая часць. Усе намаганні адстаяць сабраную для бібліятэкі маёмасць былі марнымі, а гарадскія кіраўнікі прапанавалі ўзамен выбіраць любы іншы пусты дом. Спыніліся на аднапавярховым цагляным будынку № 10 па вул. Савецкай. Прауда, у яго вокнах не захавалася шкла, затое засталіся аканіцы з моцнымі запорамі.

Што датычыцца літаратуры, то нам пашанцавала. У памяшканні былой кгігарні быў знойдзены вялікі кніжны склад. Частка кніг была са штампам бібліятэкі. Многа літаратуры насельніцтва здало, астатнюю вайна застала на магазінных паліцах.
Такім чынам, бібліятэка адразу займела трывалую базу і ў адносна кароткі тэрмін змагла наладзіць нармальную працу.

Навигация



Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину