Яшчэ паўстагоддзя назад шматгранныя бакі жыцця кожнага без выключэння жыхара Кобрыншчыны былі цесна звязаны з пэўным рэлігійным культам. А ў сувязі з тым, што прыхільнікі трох традыцыйных веравызнанняў — праваслаўнага, каталіцкага і іўдзейскага — жылі неадасоблена, то з цягам часу ў іх узаемаадносінах узнікла дастаткова ўстойлівая тэндэнцыя да адносна мірнага суіснавання, і нават вератрываласці. Прычым для значнай часткі насельніцтва ледзь не асноўным сэнсам духоўнага жыцця з’яўлялася праяўленне знешняй, паказной абраднасці: рэгулярны ўдзел у багаслужэнні, захаванне пастоў, няўхільнае святкаванне ўсемагчымых святаў, мноства ікон у хатах і г. д.
Ад нараджэння да смерці кожны быў аўтаматычна замацаваны за той або іншай верай. Дасягалася гэта перш за ўсё тым, што запісь у метрычных кнігах ажыццяўляліся не ЗАГСам, якога тады проста не было, а свяшчэннаслужыцелямі. Аб галоўнай ролі афіцыйнай праваслаўнай рэглігіі гаварыла тое, што нават у элементарным школьным пасведчанні ў пераліку прадметаў навучання першае месца адводзілася «закону боскаму», які выкладаўся свяшчэннікам. Навучанне ж рэлігіі нешматлікіх школьнікаў-католікаў у дарэвалюцыйны час ускладалася на мясцовага ксяндза. Што ж датычыцца яўрэйскага насельніцтва, то да 1917 года яўрэйскія дзеці ў пачатковыя народныя вучылішчы не дапускаліся ўвогуле. Для іх існавалі — прычым выключна для хлопчыкаў — «хедэры», спецыяльныя рэлігійныя школы, якія ўтрымліваліся яўрэйскай суполкай. Там пад кіраўніцтвам маламедаў вучні вывучалі галоўным чынам талмуд.
Дзяржаўныя служачыя — а яны ў пераважнай большасці
набіраліся з асоб праваслаўнага веравызнання — абавязаны былі кожны год
прад’яўляць пасведчаннё аб удзеле ў абрадах споведзі і прычашчэння.
Вальнадумныя чыноўнікі ўмудраліся пазбягаць абрадаў, набываючы патрэбную
паперку за пэўны хабар.
Далучэнне нованароджанага да пэўнага веравызнання адбывалася па-рознаму.
Так, абрад хрышчэння ў праваслаўных праводзіўся свяшчэннікам і
суправаджаўся пагружэннем малыша ў ваду. Каталіцкі ксёндз абмяжоўваўся
абліваннем дзіцячай галоўкі. Самая балючая аперацыя была ў яўрэяў, калі
равін абразаў крайнюю плоць хлопчыка. Найбольш уражальным відовішчам
з'яўляецца хрышчэнне ў евангельскіх хрысціян і баптыстаў, якое адбываецца па дасягненні сталага ўзросту абмываннем хрышчанага ў рачной вадзе.
Акрамя таго, у праваслаўных існуе далучэнне малыша да прыходскага
храма, так званы «увод» маці і дзіцяці ў царкоўным прытворы.
Калі штогадовае прычашчэнне абавязвала кожнага з ранняга дзяцінства, то да споведзі дапускаліся па дасягненні больш свядомага ўзросту. Пры гэтым у католікаў адбываўся даволі ўрачысты абрад канфірмацыі падлеткаў. Чарговы важны этап чалавечага жыцця — уступленне ў шлюб. Ён таксама суправаджаўся прыгожай цырымоніяй, асобныя элементы якой перайшлі і ў цяперашні грамадзянскі абрад. Самыя простыя шлюбныя фармальнасці былі ў яўрэяў.
Зразумела, што і завяршэнне жыццёвага шляху суправаджалася сімвалічным абрадам— у хрысціян, напрыклад, ён пачынаўся з сабаравання памершых. У пахавальіным картэжы звычайна прымала ўдзел духавенства. Па старажытнаму рытуалу труну трэба было несці на могілкі на плячах мужчын, якія перыядычна мяняліся. Праходзячы міма царквы, дзе ў гэты час званілі ў званы, шэсце затрымлівалася. У больш пышным пахаванні багатых католікаў прымяняліся жалобныя катафалкі з балдахінамі. Яўрэяў жа хавалі ўвогуле без труны. Загорнуты ў саван памершы адвозіўся на могілкі ў спецыяльнай дашчатай павозцы, якая напамінала прадаўгаваты куфар, улiчваючы, што тэрыторыя Кобрыншчыны ў розны час падвяргалася істотным перакройкам, рознымі аказваюцца даныя аб наяўнасці храмаў.
Даволі адноснае ўяўленне даюць афіцыйныя звесткі, якія датаваны 30-мі гадамі бягучага стагоддэя. У той час як у Польшчы вядучай рэлігіяй з’яўляўся каталіцызм, у нас пераважала праваслаўе, да якога адносілася 85,7 працэнта насельніцтва. Цэркваў жа было 45. Католікі складалі 6,8 пpaцэнта насельніцтва і ім належала 9 касцёлаў. Да іудзейскай рзлігіі адносілася 4,7 працэнта кабрынчан, у іх было 23 малітоўныя дамы. Чатыры храмы было ў баптыстаў і тры - у евангельскіх хрысціян.
Калі тры традыцыйныя рэлігіі заснаваліся ў нас у далёкім мінулым, то баптысты і евангелісты з'явіліся адносна нядаўна, пасля вяртання эвакуіраваных «з бежанства». У сярэдзіне 20-х гадоў прыехаў з ЗША мясцовы жыхар Фёдар Якімук, які абвясціў сябе «місіянерам евангельскіх хрысціян». Тут у яго найшоўся прыхільнік Георгій Сацэвіч. Потым з той жа Амерыкі прыехаў прасвітэр Ярашэвіч з памочнікам Буковічам. Яны развілі бурную дзейнасць, павялічваючы колькасць сваіх прыхільнікаў за кошт найбольш аморфных праваслаўных. Неафітаў прыцягваў маральны бок новага веравучэння, яго падкрэсленая маральная чысціня, якая характарызавалася барацьбой супраць бытавой распусты, асабліва п’янства.
Caмую, бадай, значную ролю адыгрывалі праваслаўныя святы ў комплексе сельскагаспадарчай дзейнасді. Звычайна земляробчыя работы працякалі ў своеасаблівым частаколе «святаў і прысвятаў», на якія арыентаваліся тыя ці іншыя віды работ. Побач з афіцыйным царкоўным рытуалам у жыцці веруючых існавала паралельна бытавая абраднасць, карані якой адыходзілі да язычніцкіх часоў. Напрыклад, пастухі наймаліся на тэрмін «ад Юрыя (6 мая) да Міхайлы (21 лістапада)». Пры гэтым у сялянскіх сем’ях гаспадыні выпякалі спецыяльныя караваі, якія асвячаліся свяшчэннікамі, а затым адносіліся на поле. Кароў упершыню выганялі на пашу асвячонай вярбой. Увогуле, трэба сказадь, асвячэнне прымянялася часта, пачынаючы з вадасвяцця, вярбы, яец і да яблыкаў, кветак і г. д. Асаблівай павагай у земляробаў карыстаўся святы Мікола, іконы якога абавязкова знаходзіліся ў клунях, дзе складвалася збожжа.
Некалі першым у новым годзе, самым прыгожым відовішчам былі «вадохрышчы» (19 студзеня). У праваслаўных сем’ях напярэдадні гэтага свята збіраліся на ўрачыстую вячэру з посных страў — гэта была так званая «вадзяная каляда». На наступны дзень пасля царкоўнага богаслужэння крыжовыя хады з харугвамі з усіх гарадскіх храмаў сцякаліся на Мухавед, ля моста. Звычайна моцныя ў гэты час маразы дазвалялі тоўстаму лёду вытрымліваць шмат людзей. Да гэтай падзеі на рацэ рабіліся прагаліны, над якімі ўзвышаліся фігурныя крыжы з лёду. Іх фарбавалі сокам з буракоў, а пляцоўку вакол абстаўлялі маладымі елкамі.
У дарэвалюцыйны час на мосце выстройвалася рота салдат з аркестрам, які выконваў царкоўны гімн. У момант пагружэння крыжа ў ваду салдаты тройчы стралялі ў паветра. Адначасова з клетак выпускалася мноства галубоў. Характэрна, што польскія ўлады аднавілі прысутнасць салдат на царкоўнай цырымоніі. Наўрад ці трэба казаць, што на гэта відовішча збіраўся велізарны натоўп іншаверцаў. Праваслаўныя вярталіся дадому не толькі з бітонамі святой вады, якая захоўвалася цэлы год, але і з яловымі галінкамі, якія ўжываліся потым у гаспадарцы. Гэта свята сімвалізуе паварот сонца на лета.
Самаму вялікаму хрысціянскаму святу — Вялікадню папярэднічаў шасцітыднёвы вялікі пост, які пачынаўся адразу пасля масленіцы. На працягу паста адбывалася традыцыйнае «гавенне» — прыгатаванне да споведзі і прычасця. Перадапошні тыдзень паста называўся «вербны», пасля якога ішоў “перадвелікодны» і суправаджаўся спецыяльнымі царкоўнымі службамі і абрадамі. Так, у перадвелікодоны чацвер адбываўся вынас плашчаніцы, чыталіся так званыя ў народзе «дванаццаць евангеляў», а пасля іх прыхаджане вярталіся дадому з запаленымі свечкамі. З іх дапамогай над уваходам у хату рабілася адлюстраванне крыжа, а ў дзяцей падпальваліся ў выглядзе крыжа кончыкі валасоў на галаве.
Адначасова з царкоўнымі абрадамі ў хатах вялася капітальная прыборка, некалькі дзён хатнія гаспадыні рыхтавалі святочныя частаванні. Нават гараджане са сціплым дастаткам стараліся, каб усё было «як у людзей». Якіх толькі страў не было на стале: сыры, булкі, засмажанае парасё, розныя мясныя стравы. Ну і, вядома, адпаведны гарнір з бутэлек. Фарбавалася мноства яец, якімі прынята было абменьвацца пры сустрэчах, гуляць у біткі.
Апоўначы на Вялікдзень у царквах адбывалася ўрачыстая служба з крыжовым ходам вакол храма. Веруючыя тройчы цалаваліся са словамі «Хрыстос уваскрэс», на якія звычайна даваўся не менш традыцыйны адказ. Вярнуўшыся дадому на світанку, сям’я садзілася за багаты стол і прыступала да так званага «разгавення». На Вялікдзень прынята было сем'ямі хадзіць да родных і блізкіх — у госці. Цэлы дзень над горадам не змаўкаў перазвон званоў на царквах, прычым званіць мог кожны жадаючы. Усе тры дні Вялікадня ў календары абазначаліся як святочныя. А ў хуткім часе пасля Вялікадня адбывалася памінавенне памершых, якое называецца «радуніца», а па-беларуску — «дзяды». У некаторых мясцінах па традыцыі на магілках блізкіх назіраліся выпіўкі з добрай закускай — «трызна». Потым праца земляробаў перамежвалася чарадой усемагчымых святаў — з бярозкамі і аірам на «тройцу», з вянкамі і вогнішчамі на Івана Купалу.
Заканчваўся святочны цыкл года галоўным зімовым святам — Калядамі (13 студзеня). Напярэдадні гэтага свята захоўваўся строгі пост. На святочнай вячэры пад абрус на стале клалася сена, выцягваючы якое ўдзельнікі вячэры варажылі аб працягласці свайго жыцця. Да вячэры, на якой збіралася ўся сям’я, прыступалі звычайна пасля паяўлення на небасхіле першай зоркі. Пры гэтым стараліся выставідь на стол тузін рытуальных страў. Некалі адметнай асаблівасцю гэтага свята было вясёлае «калядаванне». Цэлыя кампаніі дзяцей розных узростаў загадзя калектыўна выраблялі «батлейкі», а хлопцы старэйшых узростаў займаліся зоркамі. Батлейка - гэта нешта накшталт вялікага пераноснага ліхтара. На драўляны каркас нацягвалася прамасленая папера, на якую наклейваліся выразныя каляровыя фігуркі і зорачкі. Унутры змяшчалася лёгкае цыліндрычнае прыстасаванне, па спіралі якога знаходзіліся сілуэты жывёлін і гарэла свечка. Ад цёплага паветра цыліндр круціўся, а цені фігурак адлюстроўваліся на прамасленых сценках.
Каляднікі папярэдне развучвалі некалькі калядак і потым іх спявалі. Жыхары да гэтых вечароў назапашвалі медныя пятакі, якімі потым адкупляліся ад каляднікаў. Калядавалі звычайна на працягу трох дзён, а затым напярэдадні Хрышчэння. Зорка была больш мудрагелістым прыстасаваннем і патрабавала большых затрат і ўмейня. У аснове шасцікутнай зоркі былі дзве абічайкі ад сіта. Пры дапамозе даволі арыгінальнага прыстасавання зорка круцілася, а яе цэнтральная частка, у якой знаходзіліся мініяцюрныя фігуркі, пры запаленай свечцы заставалася нерухомай. Каляднікі з зоркай атрымлівалі адпаведна і больш значны ганарар сярэбранымі манеткамі па 10. 15. 20 капеек. Трэба яшчэ заўважыць, што ў кожнай царквы ёсць сваё храмавае свята, якое звязана з імянінамі святога ці падзеяй, якой прысвечана ўзвядзенне гэтай царквы. Гэтае свята адзначаецца асабліва ўрачыста.
Каталiцтва з’явілася ў Кобрыне пазней, чым праваслаўе і іўдзейства: першы кобрынскі касцёл узнік толькі ў сярэдзіне XVI стагоддзя. З увядзеннем уніі ўсе праваслаўныя былі прымусова залічаны ў новае веравызнанне. Унія — гэта своеасаблівы гібрыд каталіцтва з праваслаўем, прычым апошняму была пакінута ранейшая абраднасць пры безумоўным падпарадкаванні Рыму.
Праіснаваўшы больш як два стагоддзі, унія ў нас не пакінула ніякіх слядоў. Нягледзячы на ўсе старанні, каталіцтву не ўдалося заваяваць мясцовае насельніцтва. У простым народзе яго называлі панскай верай.
У сувязі з тым, што пераважная большасць тутэйшых багатых памешчыкаў былі палякі-католікі, першым хрысціянскім каменным храмам у Кобрыне стаў касцёл, пабудаваны ў саракавыя гады мінулага стагоддзя. Зорным часам каталіцтва было дваццацігоддзе ўваходжання «крэсаў усходніх» у склад Рэчы Паспалітай. Каталіцкае духавенства адыгрывала велізарную ролю ў грамадска-палітычным жыцці краіны, актыўна садзейнічала каланізацыі «тутэйшых». У той жа час мэтанакіравана падрываўся ўплыў праваслаўя. Так, у перадваенныя гады ў асобныя фрагменты праваслаўнага богаслужэння па ўказанню зверху ўводзілася нават польская мова.
Пры невялікіх, па сутнасці, дагматычных разыходжаннях гэтыя асноўныя хрысціянскія рэлігіі значна адрозніваюцца па знешняй абраднасці. Калі праваслаўе выкарыстоўвае не вельмі зразумелую прыхаджанам стараславянскую мову, то ў каталіцкім богаслужэнні ўжываецца і ўвогуле чужая, лацінская. Таму веруючым даводзілася карыстацца спецыяльнымі кніжкамі з пераводным тэкстам. Значная розніца назіраецца і ў знешнім выглядзе і рытуальным упрыгажэнні свяшчэннікаў, пачынаючы з барады і доўгіх валасоў у адных і гладка паголенага твару і праголенай лысіны, «танзуры», у друтіх. У той час як праваслаўныя выстойваюць богаслужэнне на нагах, католікі сядзяць на спецыяльных лаўках. Замест шматгалосых царкоўных хораў у касцёлах урачыста гучыць арган.
Незвычайна распаўсюджаны ў католікаў культ багародзіцы, якой узурпіраваны тытул «каралевы польскай кароны». Без сумнення, прэстыж каталіцкага бясшлюбнага духавенства сярод веруючых непараўнальна вышэйшы, чым абцяжараных сямейнымі клопатамі праваслаўных свяшчэннікаў. Адначасова ў католікаў адчуваецца больш цягі да ўрачыстасці, пампезнасці крыжовых хадоў не толькі каля храмаў, але і па гарадскіх вуліцах.
Што ж датычыцца святаў, то ў асноўным каталіцкія супадаюць з праваслаўнымі — з той толькі розніцай, што прытрымліваюцца больш прагрэсіўнага «новага» календарнага стылю. Праўда, некаторыя святы з’яўляюцца спецыфічна каталіцкімі. Сярод іх заслугоўваюць упамінання майскія богаслужэнні, якія працягваюцца цэлы месяц. Асаблівай урачыстасцю вызначаюцца святы «Боскага цела», «Усіх святых» і г. д.
Для пакаўнаты карціны свой беглы агляд хочацца закончыць паўзабытымі звесткамі аб шырока распаўсюджанай у нас у мінулым іудзейскай рэлігіі. Акрамя таго, што іудаізм спавядалі многія кабрынчане, ускосны ўплыў яго істотна адчувауся і на жыцці ўсяго грамадства. Ужо з пятніцы на суботу дзелавое жыццё горада поўнасцю замірала: у яўрэяў наступаў «шабес». Вечарам на вокнах яўрэйскіх дамоў запальваліся свечкі — па адной на кожнага члена сям'і. А ў сувязі з тым, што на «шабес» працаваць увогуле нельга, то рытуальныя стравы да святочнага стала рыхтавалі напярэдадні. Для ацяплення печак наймаліся іншаверцы.
Вядомыя члены яўрэйскай суполкі збіраліся на богаслужэнне ў цэнтральную сінагогу. Жанчыны строга адасабляліся ад мужчын. Самым цесным чынам былі звязаны з рэлігійнымі ўстаноўкамі спецыяльныя рэзнікі, якія ўмелі забіць жывёліну ці птушку адным узмахам нажа, дзякуючы чаму мяса лічылася «кашэрным», прыдатным да ўжывання прававернымі. У праціўным выпадку «трэфнае мяса» паступала ў агульны продаж. На вуліцах не выклікалі здзіўлення мужчынскія фігуры, апранутыя ў доўгія халаты, «лапсердакі», з ярмолкамі на галаве і доўгімі пасмамі валасоў, «пейсамі».
Абавязковай спецыфікай яўрэйскага Вялікадня з'яўлялася маца, якую за некалькі месяцаў да свята ў вялікай колькасці выраблялі пекары. Суседзі яўрэяў успаміналі аб вясёлым свяце «пурым», калі прынята было частаваць гасцей смачнымі «пурымнікамі» і моцна біць малатком сімвалічнага Гамана. Святкаванне новага года суправаджалася цэладзённай галадоўкай.
У пачатку бягучага стагоддзя Кобрын быў вядомы сваім мясцовым яўрэйскім святам — цадэкам. Пісьменнік К. Паустоўскі быў сведкам урачыстай эвакуацыі вельмі старога цадэка пры адступленні рускіх войск у жніўні 1915 года. Для аховы экіпажа святога камандаванне выдзеліла воінскі атрад.
Увогуле можна шмат расказваць аб асаблівасцях розных рэлігій. Я ж ставіў перад сабой мэту хоць крыху пазнаёміць кабрынчан з амаль нам невядомым пластом народнай культуры.
А.М. Мартынов
Мартынаў, А. Рэлігія ў жыцці Кобрыншчыны / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1990. – 15, 17, 19 мая.
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.