Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Аб нашым музеі 

Многiя наведвальнікі ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава, у тым ліку і некаторыя кабрынчане, нярэдка задаюць пытанне наконт стварэння яго, цікавяцца, ці жыў у гэтым доме вялікі палкаводзец, ці ён узведзены пазней. Каб даць адказ, трэба звярнуцца да гісторыі.

У жніўні 1775 года імператрыца Кацярына II узнагародзіла фельдмаршала А. В. Суворава вялікім і багатым маёнткам «Ключ Кобрынскі». Центральная сядзіба «Ключа», маёнтак Губернія, была закладзена на ўскраіне Кобрына ў шасцідзесятых гадах ХУІІІ стагоддзя.

Маёнтак Губернія, які знаходзіўся ў цэнтры цяперашняга парка, спачатку займаў 3—4 дзесяціны зямлі. У цэнтры яго каля штучнай саджалкі стаяў драўляны панскі дом з сямі пакояў. У 1894 годзе ён быў разабраны. Што ж датычыцца гарадскога дома палкаводца, у якім цяпер размешчаны музей, то ён перайшоў ва ўласнасць Суворава крыху пазней, адначасова са старажытным кобрынскім замкам, сцены якога ўзвышаліся на Замкавай гары ля маста цераз раку Мухавец. Астаткі замка па распараджэнню Суворава былі знесены ў канцы XVIII стагоддзя. Дом Суворава быў пабудаван пазней і на фоне драўляных домікаў сельскага тыпу мог лічыцца амаль палацам. На план Кобрына ён быў нанесены ў 1798 годзе.

Як вядома, Сувораў пабываў у Кобрыне ў 1771 і 1794 гадах. У сувязі з ваеннымі аперацыямі надоўга тут затрымлівацца ён не мог. Даўжэй пажыў ён у маёнтку ў 1797 і 1800 гадах. У 1797 годзе разам з Суворавым у Кобрыне жылі 18 «атстаўных афіцэраў, якія трапілі ў няміласць цара. Частка іх знаходзілася ў маёнтку, другая — у гарадскім доме. Калі ў пачатку лютага 1800 года, пасля заканчэння швейцарскага паходу, цяжка хворы генералісімус спыніўся ў Кобрыне, невялікая світа на чале з генералам Багратыёнам размясцілася з гаспадаром у гарадскім доме.

Пасля смерці Суворава ў маі 1800 года яго наследнікі распрадалі ўсе вёскі, у тым ліку і Губернію. З таго часу гарадскі дом палкаводца не раз мяняў гаспадароў. У апошнія месяцы фашысцкай акупацыі гітлераўскія салдаты ператварылі гістарычны дом у канюшню. Захаваўся фотаздымак 1945 года, дзе можна бачыць, да якога стану давялі гэты дарагі кожнаму рускаму чалавеку дом гітлераўцы. Па ўспамінах партызан, адразу ж пасля выхаду з лесу яны сталі ачышчаць дом Суворава ад бруду, гною.

Па рашэнню бюро ЦК КПБ ад 18 чэрвеня 1946 года восенню таго ж года было пачата аднаўленне дома, у якім цяпер размясціўся музей імя А. В. Суворава. Такім чынам, у гэтым годзе наш музей будзе адзначаць сваё трыццацігоддзе. Час накладвае след на доме Суворава. Нас непакоіць значная асадка вонкавых сцен, якая ў некаторых месцах дасягае 15—20 сантыметраў. Пры першапачатковым рамонце ў 1946—1947 гадах былі зроблены спробы выпраміць шматлікія перакосы старых сцен пры дапамозе двухбаковых зажымаў. Цяпер навуковыя вытворча-рэстаўрацыйныя майстэрні Міністэрства культуры БССР заканчваюць складанне праектнай дакументацыі на рэстаўрацыю дома, пасля чаго пачнуцца складаныя ўзнаўленчыя работы.

Многія наведвальнікі задаюць нам пытанні аб тым, як, нягледзячы на разбуральныя войны, маглі захавацца шматлікія экспанаты музея. Як было сказана вышэй, музей узнік пасля Вялікай Айчыннай вайны. Усё тое, што сёння ёсць у яго фондах, паступіла да нас у пасляваенны час. Актыўную дапамогу створанаму на заходніх рубяжах нашай краіны Кобрынскаму музею рускай воінскай славы аказалі цэнтральныя музеі. Сярод іх старэйшы музей нашай арміі — Артылерыйскі гістарычны, які ўзнік яшчэ пры Пятры I. Ён паступова перадаў нам такую вялікую колькасць экспанатаў, што некаторымі з іх мы маглі падзяліцда з іншымі музеямі Беларусі.

Каштоўныя рэліквіі мінулага паступілі да нас з Эрмітажа, Гістарычнага музея, Рускага музея, музея імя Суворава ўЛенінградзе, Беларускага дзяржаўнага музея і іншых. Дзякуючы гэтай дапамозе мы сёння маем столькі экспанатаў, што іх колькасць заўсёды здзіўляе нашых наведвальнікаў, якіх у нас з кожным годам бывае ўсё больш. Толькі ў мінулым годзе з экспазіцыямі музея пазнаёміліся больш як 130 тысяч чалавек. Кожны з іх панёс у сваім сэрцы пачуццё гордасці за наш рускі народ, за яго вялікую венную славу.

А. Мартынов

Навигация



Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину