Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Як пiнскiя балоты выратавалi Расiю

Да 300-годдзя Палтаўскай бiтвы

Як пiнскiя балоты ўратавалi Расiйскую дзяржаву ў Паўночнай вайне 1700-1721 г.г.

Паўночнай вайне 1700-1721 гг. папярэднiчалi Лiвонская (1558-1583 гг.) вайна, а праз сто гадоў вайна Швецыi супраць Рэчы Паспалiтай, а затым руска-польская вайна. I ўсё гэта за валоданне Прыбалтыкай і выхадам да Балтыйскага мора, якім валодалі Швецыя і ВКЛ.

Як вядома з гісторыі Паўночнай вайны, у лістападзе 1700 года пад Нарвай (Эстонія) адбылася бітва паміж паміж шведамі і рускімі. Рускія біліся за выхад да Балтыйскага мора. Але шведы разграмілі дрэнна абучанае рускае войска на чале з Пятром I. А за некалькі месяцаў да Нарвы шведы пад Рыгай разграмілі польска-літоўскія палкі.

Але менавіта ў гэты час адбылася і другая бітва, на Віленшчыне. Сышліся войскі магнатаў Польшчы Сапегаў і канфедэратаў магнатаў Радзівілаў. Перамаглі Радзівілы. Аднак братазабойчая вайна нічога не змяніла, толькі знясіліла Рэч Паспалітую і «нарадзіла» яшчэ аднаго польскага караля – Станіслава Ляшчынскага, стаўленіка Швецыі і стаўленіка Сапегаў. У той час Радзівілы і польскi кароль Аўгуст падпісваюць саюз з Расіяй, і Пётр I на чале 60-тысячнага войска ўваходзіць у Беларусь, заняўшы Мінск і Гродна. Па-першае, Расія не хоча дань Карлу XII захапіць Польшчу. Па-другое, Пётр I вельмі не хацеў ваенных дзеянняў на тэрыторыі Расіі. А каб Польшча маўчала, Пётр I стаў утрымліваць сваё войска на нашай (на сёння беларускай) тэрыторыі.

С. Ляшчынскi - кароль польскi i вялiкi князь лiтовскi
ў 1704–1709 гг. i ў 1733–1734 гг.

Так цягнулася амаль 5 гадоў, пакуль у студзені 1706 года шведы не аблажылі Гродна, дзе стаялі рускія, амаль на 3 месяцы. Пётр I ў гэты час быў у Маскве. У Гродне быў князь Аляксандр Меншыкаў, «правая рука» цара Пятра I.

Ведаючы, што Пётр I збіраецца ў Гродна, Меншыкаў тайна выязджае яму насустрач. Яны сустрэліся ў Дуброўна (пад Воршай), і цар вярнуўся ў Смаленск. Бо акрамя Меншыкава ў Гродне з конніцай быў і Аўгуст II, польскі кароль (па змове з царом яны павінны былі «ратаваць» Польшчу ад шведаў). Аднак вераломны саксонец Аўгуст II ўцёк з Гродна, прыхапіўшы 2/3 усёй конніцы. Вось чаму рускім было так цяжка ў аблозе. Мабыць, таму яны самі і кінулі шведам Гродна, затапіўшы ў Нёмане свае гарматы, і рушылі да расійскай мяжы: праз Жалудок на Мінск і Кіеў.

А шведы, разбурыўшы Гродна (але згубіўшы рускіх), пайшлі на Слонім і Пінск праз Ружаны, Бярозу, Ляхавічы, а другім рукавом на Наваградак, Карэлічы, Мір, Нясвіж, разбураючы ўсё на сваім шляху. Мне асабліва шкада Нясвіж, з якога яны вывезлі ўсе каштоўнасці, узарвалі бастыён, перарылі валы, спусціўшы воду. А горад сцерлі з твару зямлі (Нясвіж быў калыскай Радзівілаў).

Сам Карл XII ішоў на Пінск. Ужо ў пачатку красавіка 1706 года шведы былі ў Ружанах, дзе дашчэнту знішчылі мястэчка і палац. А 28 красавіка сам Карл XII адпачываў у Бярозе-Картузскай, а затым праз Хомск рушыў да Пінска. Пакуль кароль адпачываў у Пінску, ягоныя салдаты здабылі яму перамогу над рускімі над Клецкам і Ляхавічамі. У маi 1706 года Карл XII ездзіў у Слуцк, але ненадоўга. I зноў вяртаўся ў Пінск.

I тут думаецца, навошта яму так доўга было быць сярод гэтых балот? Бо, адпачываючы так доўга ў Пінску, Карл XII зрабіў непапраўную памылку. Ён страціў час і ўпусціў рускую армію. Не інакш, невядомая прыгажуня полька або літвінка так надоўга паланіла караля, якому на той час не было і 30 гадоў. Трэба дадаць, што шведы, як і рускія, пa гарадах пакідалі свае гарнізоны. Але калі рускія іх папаўнялі, то шведы такой раскошы не мелі.

А што ж Аўгуст II? Ён нават думае аб тым, каб капітуляваць перад шведамі і аддаць карону С. Ляшчынскаму. Вядома, што частка шведскага войска пайшла на Мінск і Магілёў, у якіх разбурыла і разрабавала ўсё. Нават цэрквы і касцёлы. (Дарэчы Пётр I ў гэты час быў у Пецярбургу, будаваў горад)

Але на двары быў ужо 1708 год. Лета. I тут адбываецца бітва пры мястэчку Галоўчын, пад Магілёвам. I гэта была апошняя перамога шведаў у гэтай вайне. Рускія былі разбіты і збеглі за Днепр, нягледзячы на тое, што іх было на 10 тысяч больш за шведаў.

Аднак ужо ў верасні 1708 года ля вёскі Лясная (ля таго ж Магілёва) А. Меншыкаў ушчэнт разбівае 12-тысячнае шведскае войска. I гэта быў пералом у ходзе Паўночнай вайны. Шведы скіраваліся на Украіну, разлічваючы на падтрымку ўкраінскага гетмана Мазепы (праціўніка Пераяслаўскай рады яднання Украіны з Расiяй) і салдат Станіслава Ляшчынскага. Аднак абодва саюзнікі здрадзілі шведам. Мазепа прывёў толькі 2 тысячы казакоў, кароль Ляшчынскі зусім не з'явіўся.

27 чэрвеня 1709 года (па старым стылю) адбываецца славуты Палтаўскі бой, які вырашыў зыход гэтай вайны. Рускіх у бітве было 42 тысячы, шведаў – у 2 разы менш. Карл ХII быў паранены. Без войска і невядома як ён апынуўся на турэцкай тэрыторыі. Дарэчы ёсць 2 версіі ягонай смерці. Першая – загінуў у 1718 годзе, калі вяртаўся ў Швецыю, дзе яго не чакалі, бо ў гэтай вайне Швецыя страціла вельмі шмат. Другая – загінуў пры паходзе ў Нарвегію пасля вяртання з Турэччыны.

А што ж вераломны Аўгуст II? Пётр I вярнуў яму трон і карону Рэчы Паспалітай. Рускія канчаткова разбілі прыхільнікаў С. Ляшчынскага і рэшткі шведаў на Беларусі і ў Прыбалтыцы. Рускі цар «спрыяў» ВКЛ і толькі дзеля таго, каб існавала буферная дзяржава паміж Расіяй і Захадам, але дзяржава слабая і залежная ад Расіі (амаль як і цяпер).

Якія ж страты панеслі нашыя продкі ў гэтай вайне? Першае, у баях, ад гвалту, голаду, эпідэмій загінуў амаль адзін мільён мірных жыхароў – гэта 1/3 усяго насельніцтва. За паўстагоддзя пасля паходу да нас бацькі Пятра I (1654-1667 гг.) край зноў напаткала разруха: бязлюдныя і спаленыя гарады і вёскі, зямля зноў зарастала бур'яном (асабліва гарады Магілёў і Віцебск – за тое, што ў 1708 годзе адмовіліся пастаўляць рускаму войску фураж). У той час на тэрыторыі Расіі ў гэтай вайне не была зруйнавана ні адна пабудова, не загінуў ні адзін мірны жыхар. А выхад да Балтыкі нам не быў патрэбны, ён у нас быў. I такая цана вайны нам не была патрэбна.

Чэрвень 2009 года

Материалы



Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину