Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Лагішынскі зямельны бунт 1874-1876

Першае пісьмовае ўпамінанне аб Лагішыне адносіцца да 1552 году, калі пасяленне згадваецца ў “Пісцовай кнізе Пінскага княства”, як “востраў на Лагішыншчыне” Берасцейскага ваяводства ВКЛ. Мястэчка мела свой герб “Воўк на ласіных нагах” (гэты ж герб і зараз).

Кароль Уладзіслаў ІV у 1643 годзе дае мястэчку Лагішын Магдэбургскае права з усімі вольнасцямі, якімі карысталіся многія гарады ВКЛ. Граматай былі вызначаныя і зямельныя ўладанні мястэчка. Лагішынскія мяшчане ў вечным валоданні мелі пашы (землі тыя – пясок сярод балота) з невялікай платай у каралеўскую казну (дарэчы, гэты прывілей быў адным з нямногіх на тэрыторыі ВКЛ).

Аднак, ужо па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) Лагішын быў пазбаўлены гарадскіх правоў. Зямлю, праўда, пакуль не кранулі. А праз амаль 30 гадоў, у 1828 годзе расійскія ўлады ўсё ж пацвердзілі зямельныя правы мяшчан, атрыманыя імі раней.

           Герб Лагішына ХVII стагоддзя

У гэты час у 400 дамах Лагішына пражывалі каля 2800 жыхароў. Дзейнічаў касцёл (пабудаваны яшчэ ў 1634). Пры ім была ўтвораная езуіцкая місія, пры якой узнік бясплатны шпіталь і аптэка. Меліся гандлёвыя рады. Ладзіліся 2 двухтыднёвыя гадавыя кірмашы.

Крыху пазней у Лагішыне была створаная і яўрэйская малітоўная школа. У прыгарадзе дзейнічаў ветраны млын, працавала маслабойня, скураны цэх. Па Ясельдзе зімою і летам ездзілі да Гарадзішча. У Ясельдзе лавілі рыбу, у лясах збіралі грыбы і ягады, палявалі (дзічыны было шмат).

  Сучасны герб Лагішына

У верасні 1771 году праз Лагішын праходзіў Аляксандр Сувораў, як прыбыў у наш край па загадзе расейскай імператрыцы Кацярыны ІІ для падаўлення канфедэратаў. У гэты час Расея і Прусія выступілі з праектам ураўнання у правах хрысціян-некатолікаў з католікамі. Але гэтаму знайшліся праціўнікі, якія стварылі канфедэрацыю. Гэта не спадабалася Кацярыне ІІ і яна сілай свайго войска разграміла барскіх канфедэратаў, что садзейнічала першаму падзелу (1772) Рэчы Паспалітай.

У 1772 годзе ў Лагішыне пачалі будаваць Прачысценскую царкву (грэка-каталіцкую). Дарэчы, яна згарэла ў 1842 годзе, а на месцы пажарышча паставілі капліцу. Пасля ІІІ падзелу Рэчы Паспалітай (1795) раптам 2260 жыхароў Лагішыну (з 2800) “прымаюць” праваслаўе. Дакладней, усё гэта было па змушэнню. А католікі, якія засталіся, упарта адстойваюць свае рэлігійныя традыцыі. Касцёл расейскія ўлады зачынілі толькі ў 1863 годзе, а дакладней, перадалі яго праваслаўнай царкве.

Царква і касцёл у Лагішыне сёння

У апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя Лагішын становіцца вядомы амаль ва ўсёй Расеі і замежжы ў сувязі з так званай “Лагішынскай справай”. Аб гэтым тады пісала і расейская і замежная прэса. Памятаеце аб той зямельнай Грамаце, якую пазней пацвердзілі расейскія ўлады? І вось, у 1865 годзе менскі губернатар Токараў пры дапамозе начальніка менскай губернскай люстрацыйнай камісіі забіраюць лагішынскія пашы, а гэта 131 валока (2755 га), у казну. А праз амаль 10 гадоў было аддадзена распараджэнне, якое давала права губернатару Токараву “за заслугі” усе пашы выкупіць за 14 тысяч рублёў, з выплатай напрацягу 20 гадоў.

Аднак лагішынскія сяляне аддаваць зямлю ня збіраліся. Пачалі ва ўсе інстанцыі накіроўваць скаргі, у тым ліку і губернатару. Аднак адказу ня было. І толькі ў 1874 годзе ўлады паведамілі, што ў сувязі з рашэннем “справы”, зямлю яны чапаць ня меюць права. А тут і сеяць трэба! І ўборка не за гарамі! Узнікла незадаволенасць, якая перарасла ў насілле. Пралілася кроў. Тады ўлады накіроўваюць у Лагішын з Пінска 50 супрацоўнікаў паліцыі, узброеных і на конях. Аднак яны ня здолелі ўціхамірыць бунт. Бунтавалі больш тысячы лагішынцаў.

Пачалося следства. Паведамілі губернатару Токараву. У 1875 годзе Міністэрства унутраных спраў дасылае ў Лагішын генерала Лашкарова на чале двух батальёнаў пяхоты і сотняй казакоў. З кроўю, але бунт задушылі. Тры дні усіх лагішынцаў білі розгамі. Пяць галоўных завадатараў этапам саслалі ў Сібір. 20 чалавек асудзілі на 12 год катаргі. Мяшчанам прысудзілі выплаціць у казну больш 5 тысяч рублёў кантрыбуцыі.

Аднак, мяшчане не здаюцца. Наймаюць адваката (акрамя гэтага, у мяшчан быў і пакравіцель, нехта Уладзіслаў Галенскі) і накіроўваюць скаргі ў Пецярбург. Было гэта ў 1875 годзе. А 23 красавіка 1876 году купчая губернатара Токарава была адмененая і ўсе старажытныя правы лагішынцаў былі пацверджаныя. Аднак пройдзе яшчэ не адзін год, пакуль з катаргі і Сібіры вернуцца завадатары бунту. Аднак і вінаватыя былі пакараныя: губернатар Токараў і генерал Лашкароў былі вызваленыя ад службы бяз права працы на дзяржаўнай службе. Лагішынцам вярнулі іх землі, выплаты ў казну і матэрыяльныя страты на вядзенне судовых спраў.

І гэтымі землямі лагішынцы карысталіся да сярэдзіны ХХ стагоддзя, да калектывізацыі.

Материалы



Наши партнеры

Познай Кобрин