Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

З роду Андраноўскіх

Нядаўна, яшчэ раз праходзячы па старых кобрынскіх могілках, што непадалёку ад кансервавага завода, на магільным камені я прачытала: “Антоній Андраноўскі, памёр у 1887 г. ва ўзросце 73 гадоў” (на польскай мове).

Гэта ж магіла бацькі нашага земляка з-пад Кобрына Юзэфата Iпаліта Андраноўскага, паўстанца 1863 года, які памёр у 1905 годзе ў Сібіры, але пахаваны ў Кобрыне. Але дзе? Магчыма, лёс паспрыяе даведацца і пра гэта.

Лёс першы
У вёсцы Андронава (сёння прыгарад Кобрына) у 1841 годзе ў сям’і небагатага мясцовага шляхціца Антонія Андраноўскага нарадзіўся сын. Імя яму далі Юзэфат Іпаліт. Ахрысцілі немаўля ў адным з кобрынскіх касцёлаў.

На той час у Андронава было каля 300 насельнікаў. Пры царкве была прыходская школа. Канечне, Юзэфат у гэтую школу не хадзіў. Першапачатковую адукацыю ён атрымаў дома. Затым была вучоба ў Свіслачы і Варшаве.

Але, відаць, любоў да Радзімы Юзэфат адчуў рана, яшчэ дома, у маёнтку свайго бацькі. Бо як зразумець яго жаданне далучыцца да антыцарскага студзеньскага паўстання 1863 года. Юзэфату на той час было 22 гады.

За час знаходжання ў атрадзе, які сфарміраваўся ў нас на Кобрыншчыне, Юзэфат Андраноўскі стаў даверанай асобай Р.Траўгута і прайшоў праз усе выпрабаванні лёсу разам з паўстанцамі.

А на пачатку 1864 года Ю.Андраноўскі з дзесяццю іншымі паўстанцамі трапіў у палон. Год трымалі яго ў гродзенскай турме. Затым адправілі ў пажыццёвую высылку ў Сібір. Спачатку быў Бійск, дзе аселі каля 500 паўстанцаў. Ю.Андраноўскі працаваў у судзе пісарам. За працу атрымліваў па шэсць рублёў у месяц. На той час гэтых грошай хапала на пражыццё.

А праз чатыры гады яго адправілі ў Томск. Там ён быў касірам на вінакурным заводзе вядомага сібірскага багацея. За добрую працу гаспадар павысіў Юзэфата да кіраўніка гаспадаркі. Яго прыкмеціла і гаспадарова дачка. З ёй Ю.Андраноўскі ў 1875 годзе ажаніўся.

З цягам часу наш зямляк адкрыў сваю справу і сам стаў гаспадаром вінакурнага завода і бровара ў Барнауле. А тут і царскі ўрад абвясціў пра амністыю паўстанцам 1863—1864 гадоў. Выкарыстаўшы магчымасць пабываць на радзіме, Юзэфат у 1887 годзе прыязджае ў Кобрын. І так здарылася, што да свежай бацькавай магілы...

Яго наступныя паездкі ў Кобрын былі ў 1892-м і 1895 гадах. З сабою Андраноўскі па чарзе браў сыноў. У адной з паездак з ім быў сын Максіміліян. Гэта здарылася ў 1904 годзе. Яны тады купілі ў памешчыка Штэра 4800 дзесяцін зямлі каля мястэчка Гарадзец, што за 15 кіламетраў ад Кобрына. Маёнтак меў назву Палагін. У тым годзе Ю.Андраноўскі нечакана захварэў. Падлячыўшыся ў Варшаве, з сынам адбыў у Барнаул. Аднак хвароба была смяротнай, і там Ю.Андраноўскі ва ўзросце 64 гадоў памёр.

Але перад смерцю ён паспеў скласці завяшчанне, ахвяруючы грошы на пабудову каталіцкага сабора ў Барнауле і на збудаванне часткі касцёла Успення Прасвятой Дзевы Марыі ў Кобрыне. Тую частку назвалі “цярністы шлях”. І па яго волі ягонае цела прывезлі ў Кобрын. Тут і пахавалі. Але дзе? Ніякіх звестак да гэтага часу няма. Ёсць толькі здагадкі.

Хутчэй за ўсё ён знайшоў вечны прытулак на старых гарадскіх могілках, што паміж касцёлам і царквой на цяперашняй Першамайскай вуліцы.

Некалькі радкоў пра гэты кобрынскі некропаль. Ніхто ўжо не ведае яго гісторыі. Яшчэ ў 1920-х гадах тут было ўсё дагледжана не горш, чым на могілках Сэн-Жэнеўе дэ Буа ў Парыжы ці на Ваганькаўскіх у Маскве. Ды баі чырвонаармейцаў і белапалякаў пакінулі нам сляды незразумелай помсты вандалаў у будзёнаўках (са слоў відавочцаў).

Другая хваля рабаўніцтва і разбурэнняў пачалася ў 1939 годзе. Паціху пачалі знікаць мармуровыя анёлы з магіл, раскопваліся і самі магілы (шукалі золата). Усё гэта варварам сыходзіла з рук.

А далей — болей. Спачатку — акупацыя, а пасля вайны праз дарогу былі збудаваны казармы для салдат і гаражы для аўтамашын. Тады капалі ўжо без сораму. І, відаць, знаходзілі каштоўнасці. Бо пазней чорнашукальнікі арудавалі тут рыдлёўкамі да 90-х гадоў мінулага стагоддзя. І толькі ў 1990-я гады з ведама ўлады былі выдзелены сродкі на захаванне паўразбуранага. Могілкі агарадзілі высокім плотам, параскіданыя косці сабралі і пахавалі.

Вельмі сімвалічна наступнае: калі стаць побач з любым магільным каменем, то з аднаго боку бачны крыж праваслаўнай царквы, а з другога — вежа касцёла. Паміж дзвюма святынямі пахаваны дзеці аднаго Хрыста.

Пахаваны. Не, былі пахаваны. Сёння там па калена пустазелле. Праўда, хмызняк крыху высеклі. Відаць, ужо ніхто не знойдзе магілу малодшага Андраноўскага.

Хоць цуды бываюць!

Жадаючы знайсці спачын на Радзіме, наш герой дбаў і пра памяць. Думаў правільна! Злачынна рабілі тыя, хто рабаваў магілы, не баючыся кары Боскай.

Лёс другі
Аднак вернемся да Андраноўскіх. Да сына Юзэфата — Максіміліяна. Вышэйшую адукацыю ён атрымаў у Кракаве. У час Першай сусветнай вайны ўзначальваў Сібірска-Польскі банк у Томску. Кастрычніцкую рэвалюцыю не прыняў. Жыў у Варшаве.

У 1922 годзе прыязджаў у свой маёнтак Палагін, што каля Гарадца. Але ўбачыў там усё разбураным. У гэтых мясцінах ішлі баі белапалякаў з чырвонаармейцамі. Пазней ён тыя землі прадаў.

Апошні яго прыезд і сёння помняць старажылы з Гарадца (В.М.Чэрчук — былы настаўнік). Асабліва запомніліся ягоныя рысы твару. Відаць, кроў маці-сібірачкі была мацнейшая за шляхецкую кроў славяніна Андраноўскага ...

Ніна Марчук, газета "Народная Воля", 30.08.2013

Материалы



Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину