Кобрынскія — старадаўні княжацкі род у ВКЛ. У 1366 г.
польскі кароль Казімір III Вялікі адрокся ад падляшскіх
гарадоў, а пра Кобрын напісаў, што ён з паветам належыць
вялікаму князю ВКЛ Альгерду. Ад апошняга горад перайшоў да
яго сына Любарта. У 1386 г. Ягайла перадаў яму Ратна і
Ветлы, якія адабраў у Фёдара Любартавіча. У 1387 г. Польшча
зноў захапіла Галіцкую зямлю, якую тады ж адабрала ў яе
Венгрыя. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі і некаторыя валынскія
князі, у т.л. і Фёдар Ратненскі, які са сваёй дружынай рушыў
да Галіча і выступіў супраць венгерскіх феадалаў.
Князь Фёдар пакінуў трох сыноў: Сангушку — родапачынальніка
князёў Сангушкаў (яму перайшлі Ратна і Ветлы), Юрыя (Гурку)
Краснічынскага — род Гуркаў, і Рамана — родапачынальніка
князёў Кобрынскіх.
Першы раз Раман Фёдаравіч упамінаецца ў 1387 г., калі
ручаўся каралю Уладзіславу II Ягайлу за Алехну Дзмітрыевіча.
Паводле прынятага пры каралю звычаю з часу яго шлюбу з
Ядвігай, у іх палацавым жыцці ўдзельнічаў князь Раман разам
з іншымі літоўскімі князямі. Ён жа ўзначальваў новагародцаў
у 1393 г. пад час іх паходаў на ўладанні маскоўскага князя,
а ў 1394 г. — на Пскоў. У тым жа годзе ў каралеўскіх
скарбовых рэестрах запісаны выдатак «за латы, накаленнікі,
шлем і г.д. для князя Рамана». У 1404 г. вялікі князь Вітаўт
пацвердзіў правы Рамана на дзедзічнае ўладанне Кобрынам,
Грушавам, Несухожам і Міланавічамі. У 1411–1417 гг. Раман
быў пры двары караля. Відаць, пасля гзтага памёр, ён больш
нідзе не ўпамінаецца.
Пасля смерці Рамана Кобрын атрымаў у спадчыну яго сын Сямён
Раманавіч — шчыры прыхільнік вялікага князя Свідрыгайлы ў
вайне з Ягайлам. Калі ў 1431 г. кароль пайшоў на Луцк, дзе
знаходзіўся Свідрыгайла, Сямён Раманавіч першы закрыў шлях
Ягайлу. Паводле сведчання польскага гісторыка XV ст. Я.
Длугаша, каралеўскі ваявода Грыцько Кірдзіевіч у час сечы з
князем Сямёнам разбіў ушчэнт яго атрад, а самога князя
«трупам палажыў». Але апошняе не адпавядае рэчаіснасці, бо
Сямён Раманавіч, як вынікае з пісьмовых крыніц, жыў да 1460
г. Існуюць 2 акты, якія належаць гэтаму князю: «Аб
падараванні баярыну Даніле вёскі Прышыхвосты» і «Аб
забеспячэнні вена княгіні Ульяны назначэннем ёй 2000 коп
грошаў асобным запісам (1454) на вотчынах князя Кобрыне,
Чаравачыцах і Грушаве». Такім чынам Ульяне вярнулася
падвоенай тая 1 тыс. коп грошаў, што прынесла жонка пасагу
ад сваіх братоў. Сведкамі таго запісу былі дзядзька Сямёна,
князь Сангушка Фёдаравіч, і стрыечны брат, князь Аляксандр
Сангушка.
Княгіня Ульяна была дачкой Сямёна Гальшанскага, які пры
вялікім князю ВКЛ Вітаўце займаў пасаду намесніка ў
Ноўгарадзе. Болын таго, яна была пляменніцай трэцяй жонкі
Вітаўта, Ульяны Іванаўны Галынанскай, і стрыечнай сястрой
трэцяй жонкі Ягайлы, Соф'і Андрэеўны Галынанскай. Ульяна
намнога перажыла свайго мужа Сямёна Раманавіча і сына Івана.
Пасля смерці сына і паўторнага шлюбу яго ўдавы, бачачы, што
жыццё старэйшай дачкі Марыі Сямёнаўны забяспечанае, Ульяна
запісала на другую дачку Ганну свае 1 тыс. коп грошаў з
Грушава і Чаравачыцаў. Але ў хуткім часе яна разгневалася на
Ганну за яе паўторны шлюб з Вацлавам (Венцлавам) Касцевічам
і хацела той запіс ануляваць. Вялікі князь ВКЛ Аляксандр
пастанавіў, каб Грушава і Чаравачыцы былі падзелены на 3
часткі, дзве з якіх належаць княгіне Ульяне, а трэцяя — пані
Ганне. Княгіня Ульяна Сямёнаўна Кобрынская памерла каля 1500
г., пасля чаго Аляксандр прысудзіў Грушава і Чаравачыцы
Ганне Сямёнаўне. Існаванне Марыі Сямёнаўны пацверджана ў
актах, але звестак пра яе захавалася няшмат. Вядома, што яна
была замужам за маскоўскім князем Іванам Васільевічам
Красным.
Іван Сямёнавіч стаў апошнім мужчынскім прадстаўніком роду
князёў Кобрынскіх. Ён быў адзіны з гэтага роду, хто не
ўдзельнічаў у палітычным жыцці ВКЛ. Вызначыўся князь Іван
сваімі фундацыямі на карысць цэркваў.
У 1469 г. ён запісаў на свайго слугу Сенысу Сярговіча, які
валодаў царквой Святога Міколы, палову «дворышча
Таратопскага». У 1473 г. разам са сваёй жонкай Фядорай,
дачкой пана Івана Рагацінскага, фундаваў царкву ў гонар
Божага Нараджэння ў Дабучыне (Пружаны).
У 1478 г. яны пацвярджаюць запіс свайго дзеда князя Андрэя
Уладзіміравіча, які з жонкай Марыяй адпісаў маёнтак Осава
царкве Прачыстай Божай Маці ў Кіеве, а ў наступным годзе
пацвярджаюць святару Якубу кіраванне царквой Багародзіцы ў
Кобрыне. Іван Сямёнавіч ад імя сваёй жонкі ў 1484 г.
судзіўся з князем Сямёнам Іванавічам (Бельскім) за маёнткі
яе дзеда князя Андрэя Уладзіміравіча, а таксама за маёнткі
Айна, Магільна, Славенск, Лешніца і Палонна. Іх прысудзілі
княгіні Фядоры Іванаўне.
На сваю жонку Фядору князь запісаў трэцюю частку ўсёй сваёй
маёмасці, а 25 студзеня 1487 г. дадаў яшчэ ў якасці пасагу 2
тыс. дукатаў з дзвюх іншых частак. У той жа дзень княгіня
Фядора адпісала яму 2 тыс. злотых з дзвюх частак маёмасці,
атрыманай у спадчыну ад дзеда. 27 студзеня муж і жонка
павялічылі суму на царкву ў Дабучыне.
Іван Сямёнавіч Кобрынскі памёр бяздзетным каля 1490 г.
Выконваючы волю нябожчыка, княгіня Фядора Іванаўна 10
чэрвеня 1491 г. адпісала ўладанне Корчыцы Спаскаму манастыру.
У XV ст. Кобрынскае княства мела 2 цэнтры — Кобрын і Грушава,
у якіх уладарылі ад імя князя ваяводы ці намеснікі. Усе
кобрынскія князі правілі княствам не толькі «памысліўшы» са
сваёй жонкай або сынам, але і «пагадаўшы» са сваімі баярамі
і «нашай вернай радай». У некаторых граматах гаворыцца, што
пры іх складанні былі «добрыя людзі, баяры нашы кобрынскія і
грушаўскія, дваране і мяшчане». Усе яны мелі статус думцаў,
радных паноў (радцаў).
Кобрынскія ўладары правілі самастойна ў межах свайго княства,
не падпарадкоўваліся велікакняжацкім ураднікам і не
падпадалі пад іх юрысдыкцыю.
Пасля сканчэння мужчынскай лініі Кобрын яшчэ некаторы час
пераходзіў да нашчадкаў жанчын.
Кароль Аляксандр пакінуў Фядоры Іванаўне права на валоданне
Кобрынскім княствам і ў 1491 г. ці 1492 г. выдаў яе за пана
Юрыя Паца. Апошні ў 1501 г. адышоў ад удзелу ў грамадскім
жыцці ВКЛ і стаў кіраваць маёнткамі жонкі, але хутка памёр
(каля 1505–1506). Пані Фядора зноў дамагалася пацвярджэння
правоў на Кобрын, для чаго ёй давялося судзіцца з Ганнай
Сямёнаўнай. Каля 1507 г. княгіня Фядора перайшла ў
каталіцтва і ўзяла імя Соф'я, у наступным годзе ўзяла шлюб з
ваяводам віленскім і канцлерам літоўскім Мікалаем Радзівілам.
Фядора перажыла і трэцяга мужа (памёр у 1509), памерла ў
1512 г. Яна завяшчала пахаваць сябе ў касцёле ў Ражанцы.
Ганна Сямёнаўна была апошняй, каму Кобрын належаў на
дзедзічных правах. Праз яе шлюб з Фёдарам Іванавічам
Бельскім павінен быў адбыцца пераход Кобрына ад бяздзетнага
Івана Сямёнавіча да князёў Бельскіх. Але ў дзень вяселля ў
1481 г. была выкрыта спроба дзяржаўнага перавароту, у якім
быў замешаны і Фёдар Іванавіч. Князь Бельскі ўцёк у Маскву.
Адтуль ён настойліва дамагаўся прыезду жонкі. Пра гэта пісаў
і маскоўскі князь Іван Васільевіч. Але Ганну не выпусцілі з
ВКЛ. Не дачакаўшыся жонкі, Фёдар у 1498 г. ажаніўся з
разанскай князёўнай Ганнай Васільеўнай. Ганна Сямёнаўна са
свайго боку выйшла паўторна за пана Вацлава Станіслававіча
Касцевіча. Пасля гэтага яна страціла вёску Яршэвічы,
атрыманую ад вялікага князя Казіміра IV. Ужо ў 1502 г. Ганна
Сямёнаўна запісала на мужа вышэйзгаданую суму з Грушава і
Чаравачыцаў.
Пасля смерці Фядоры Іванаўны Касцевічы заявілі свае правы на
Кобрын. Валодаючы ім, яны судзіліся з баярынам Ёскам
Данілавічам Прышыхвосцкім, які не хацеў ім служыць. 10
лютага 1519 г. кароль Жыгімонт I Стары пацвердзіў
кобрынскаму баярыну Некрашу Сямёнавічу Качаноўскаму права на
валоданне маёнткам Байкавічы, які ён выслужыў у князя Івана
Сямёнавіча. Крыху пазней пасля гэтага запісу памерла княгіня
Ганна Сямёнаўна. Адразу пасля яе смерці кароль згодна з
абяцаннем 1516 г. перадаў Кобрын маршалку гаспадарскаму
Касцевічу на правах арэнды.
Вацлаў Станіслававіч стаў першым старостам кобрынскім.
Ю.А.Барысюк
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.