Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Интересные статьи

З нетраў народнай памяцi - гэта цiкава ведаць ...

Вякі, як чорныя чаўны,
Праз нетры праплываюць.

М.Башлакоў

Натхненне... Пачуццё, якое ўпрыгожвае кожную справу, дае магчымасць шчыра выказаць свае пачуцці. Без яго любая праца, фізічная ці разумовая, губляе сваю прывабнасць і эмацыянальнасць. Яно ўзнікае нечакана, калі нешта цябе асабліва цікавіць, хвалюе, уражвае. Мне знаёма гэтае адчуванне, калі гатовы кінуць усё, каб займацца тым, што пакінула такі глыбокі адбітак у тваёй памяці. Таму я бяруся за нейкую справу толькі тады, калі адчуваю, што ў мяне сапраўды атрымаецца яе выканаць. І, канешне, напісаць менавіта гэтую працу я таксама вырашыла невыпадкова.

Справа ў тым, што воляй лёсу ў маіх руках апынулася кніжка легендаў і паданняў. Я пачала яе чытаць і, прачытаўшы некаторую частку, здзівілася: колькі ёсць цудаў на зямлі! Асабліва мяне зацікавіла надзвычай прыгожая легенда пра дуб і сасну, што стаяць, абняўшыся, па дарозе ў Нясвіж. Гэтая легенда і стала штуршком да напісання працы, якую вы зараз бачыце перад сабой.

Я, канешне, дачытала кнігу да канца і, ведаеце, што я заўважыла? Што легенды, змешчаныя ў ёй, датычыліся толькі славутых гарадоў і добравядомых мясцін Беларусі. Ніводнай легенды пра Кобрын і навакольныя вёскі, на жаль, у ёй не знайшлося. Тады я зацікавілася гэтай справай усур’ёз і вырашыла знайсці кніжку, дзе былі б сабраны легенды, у якіх апавядаецца пра ўсё, што існуе ў непасрэднай блізкасці ад нас, кабрынчан. І зноў расчараванне, бо ніводнага такога выдання я не адшукала. Гэта мяне абурыла, само па сабе ўзнікла пытанне: няўжо ў нас на Кобрыншчыне няма дзівосных легендаў, паданняў, павер’яў, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне? І я пачала збіраць матэрыял па крупінцы, кожная новая легенда была вялікім здабыткам, бо ўсё цяжэй знайсці чалавека, які паведаў бы табе таямнічыя згадкі мінулага. Але я цвёрда паставіла перад сабой мэту: даказаць, што нашыя мясціны маюць багатае гістарычнае мінулае, якое адлюстравана ў легендах і паданнях, а кабрынчане шануюць і захоўваюць тое, што “ад прадзедаў спакон вякоў” ім засталося ў спадчыну. Я спадзяюся: мне ўдалося ажыццявіць сваю задуму, бо мае намаганні ўвасоблены ў гэтай працы, кожная старонка якой дыхае народнай памяццю.

Гэта цікава ведаць ...
Адгарнуўшы падручнік па беларускай літаратуры для восьмага класа, мы знойдзем ў ім два, на першы погляд, звычайныя паняцці. Складальнікі падручніка даводзяць да нас, што легенда – “фальклорнае фантастычнае апавяданне, якое выдаецца і ўспрымаецца, як верагоднае, хоць яно і не пацверджана гістарычнымі фактамі”, а паданне – “вуснае апавяданне, у якім ад імя сведкі або ўдзельніка падзей расказваецца пра розныя незвычайныя жыццёвыя з’явы, пра значныя гістарычныя падзеі роднага краю, пра народных герояў”. Здаецца, што тут складанага? Усё проста і зразумела: у паданнях апісваюцца падзеі, што маюць гістарычнае абгрунтаванне, а легенды – народная фантазія, яны апавядаюць пра нерэальнае, звышнатуральнае.

Але калі зазірнеш глыбей, зразумееш, што мяжа паміж двума гэтымі тэрмінамі тонкая, выразна не акрэсленая. Нават зараз сярод навукоўцаў няма дастаткова дакладнага і прызнанага азначэння легенды і падання, бо ў некаторых паданнях ёсць столькі фантастычных або гіпербалізаваных элементаў, што цяжка паверыць у верагоднасць апісаных падзей.

Наогул, сістэматызацыя і тыпалогія легенд і паданняў належаць да найбольш складаных пытанняў у галіне вывучэння народнай прозы.

Многія навукоўцы ўнеслі свой уклад у вывучэнне легенд і паданняў і адрозненняў паміж імі. Існуе вялікая колькасць прапаноў і меркаванняў аб размежаванні гэтых паняццяў. Рускія фалькларысты Б.М. і Ю.М. Сакаловы разглядалі легенды і паданні разам з казкамі, не прызнавалі іх права на самастойнае існаванне як асобных жанраў з уласцівымі ім адметнасцямі.

Яны прапанавалі наступную класіфікацыю:
а) казкі-былічкі;
б) гістарычныя легенды і паданні;
в) рэлігійныя легенды.

У.І.Чычараў вылучаў толькі “казкі-легенды” як “казачныя апавяданні з рэлігійным сюжэтам”. Э.В.Памяранцава сцвярджала: “сказ, паданне і былічка падносяцца слухачам як апавяданні пра падзеі, якія сапраўды адбыліся, якімі б малаверагоднымі і фантастычнымі яны часам ні былі ”.

Гэтыя тэзісы з’яўляюцца толькі пачаткам у шматбаковым даследаванні жанраў легенды і падання. Значна далей у сваіх разважаннях пайшоў У.П.Анікін. Ён пісаў, што “фантастычны элемент легенд і паданняў прыводзіць да страты гэтымі жанрамі іх характэрнай агульнай уласцівасці як праўдападобных расказаў. Ён ніколі не разбурае зусім пэўнай фактычнай асновы гэтых апавяданняў”.Так ён растлумачыў, што, хаця ў легендах і паданнях прысутнічае фантастыка, “фактычная аснова” застаецца непахіснай і ўспрымаецца як сапраўднае, рэальнае.

Даволі выразна аддзяліў легенду ад падання В.Я.Проп. Па яго меркаваннях легенда — “вуснае апавяданне, змест якога проста або ўскосна звязаны з хрэсціянскай рэлігіяй”, а паданне — “апавяданне аб гістарычных асобах і падзеях,якім прыпісваецца некаторая гістарычная верагоднасць і важнасць”.

С.М.Азбелеў карэннае адрозненне легенд ад паданняў бачыў у тым, што паданне не мае ў сваёй аснове нічога чарадзейнага, а легенда ж таксама з’яўляецца апавяданнем з устаноўкай на верагоднасць, але асноўным яе зместам служыць нешта незвычайнае.Мэтай падання Азбелеў лічыў атрыманне канкрэтнай інфармацыі, у той час як легенды, на яго думку, ствараюцца больш з эстытычнай, чым з практычнай мэтай.

Я не магу пагадзіцца з навукоўцам, бо лічу, што паданні ствараюцца таксама, каб задаволіць цікаўнасць, дапытлівасць чалавека.

Такім чынам мы ўпэўніліся, што аддзяліць легенды ад паданняў даволі складана, бо існуе вялікая колькасць крытэрыяў іх размежавання, таму я ў сваёй працы буду прытрымлівацца азначэнняў, дадзеных у падручніку.

Што датычыцца класіфікацыі гэтых жанраў, то ў беларускай літаратуры існуюць наступныя віды легенд :

- этыялагічныя або касмаганічныя (пра паходжанне сусвету,нябесных свяціл, зямлі, чалавека, раслін і жывёл і г.д.);

- этнасацыяльныя або гісторыка-культурныя (пра паходжанне плямён, класаў, народаў, розных сацыяльных і культурных з’яў);

- духоўна-этычныя (пра бога і святых,паходжанне свят і розныя вераванні).

Паданні могуць быць гістарычнымі (пра гістарычных падзей і асоб), тапанімічнымі і пра заклятыя скарбы.


Дзяды – вытокі кожнага народа
“Дзяды – вытокі кожнага народа” (А. Лойка)
Існуе адно простае і зразумелае выслоўе: “Дрэва моцнае сваімі каранямі, рака – вытокам, а чалавек – сваімі продкамі, сваімі дзядамі”. Калі мы будзем забывацца на гэта, мы знікнем як народ, бо проста не здолеем нічога перадаць сваім нашчадкам. А духоўная спадчына мае надзвычай важнае значэнне, бо жыццё – рэч складаная, і калі-нікалі так хочацца схавацца ад яго звыклай будзённасці, уцячы ад штодзённых клопатаў і апынуцца хаця б на хвіліну ў сапраўднай казцы. Мне здаецца, у кожнага ў жыцці ўзнікала жаданне паглядзець на наваколле, на падзеі, што адбываюцца у свеце, іншымі вачыма, паверыць у цуд.

Нішто так не дапаможа ўявіць усё тое незвычайнае, што можа адбывацца вакол нас, як легенды-былічкі пра міфічных істот. Як пісаў у адной са сваіх прац А. К. Сержпутоўскі, у іх “сапраўдныя падзеі змешваюцца разам з пачварнай выдумкай. Часта сам апавядальнік не ўсведамляе, дзе канчаецца сапраўднасць і дзе пачынаецца выдумка”.

Такія былічкі рэдка дзе зафіксаваны, яны звычайна перадаюцца ў кожнай мясцовасці з пакалення ў пакаленне ў вуснай форме. Але ад гэтага яны ніколькі не страчваюць прывабнасці, а, наадварот, толькі набываюць усё большую трапнасць і яскравасць зместу з асабістымі дапаўненнямі кожнага наступнага расказчыка.

Як жа ўзнікалі такія легенды? Справа ў тым, што яны маюць глыбокія язычніцкія карані. Некаторых міфічных істот можна лёгка супаставіць з падобнымі вобразамі язычніцкіх багоў. Напрыклад, па ўяўленнях нашых продкаў у кожнай стыхіі быў свой ахоўнік. Гэта адбілася на сучасных героях так званых страхаў: лесавіках, вадзяніках, дамавіках. Кожны з іх з’яўляецца своеасаблівым аналагам сваіх папярэднікаў. Такім чынам, былічкі пачалі існаваць ужо з першымі спробамі зараджэння рэлігіі, а значыць, узніклі раней за ўсе астатнія віды легендаў і паданняў. Менавіта таму я і вырашыла пачаць сваю працу з гэтых легендаў, з самых вытокаў фальклору.

Балотная ведзьма
Жыў некалі ў вёсцы Рынкі пан. Злосны ён быў заўсёды, любіў вылаяцца, як той сабака. І была ў яго дачка-прыгажуня, якая значна адрознівалася ад свайго бацькі дабрынёй і ветлівасцю. Усім адразу кідалася ў вочы яе прыгажосць, ды і пасаг у яе быў неблагі, таму ад жаніхоў адбою не было. Але дзяўчына замуж ісці не спяшалася, быццам ведала, што наперадзе чакае яе сапраўднае каханне.

У суседнім сяле жыў хлопец, які працаваў на таго пана. Дарэчы, працаўнік ён быў выдатны, сумленны, ніколі на яго не скардзіліся. А добры душою чалавек і знешнасць мае адпаведную. Але чамусьці пан яго адразу неўзлюбіў і загадваў самую цяжкую працу выконваць.

Што лёсам наканавана, таго не мінеш ... Мусіць, так нехта зверху ўжо за іх вырашыў: аднойчы яны сустрэліся – панская дачка і просты селянін. Хлопец якраз пайшоў у лес у грыбы, а дзяўчына – у суніцы. Так і ўбачылі яны адно аднаго, а як убачылі – адразу пакахалі. Але нядоўга яны шчаслівыя былі, бо хутка даведаліся, якая паміж імі прорва ляжыць. Ды не здолелі закаханыя спыніць свае сустрэчы, бо надта ж моцныя былі ў іх пачуцці. Вырашылі яны ўпотайкі сустракацца ў лесе.

Як на бяду, ехаў неяк праз той лес панскі служка і ўбачыў паненку з парабкам. Расказаў ен усё пану, каб толькі дагадзіць злыдню. Раз’юшыўся той ушчэнт і загадаў юнака забіць, а дачку выгнаць з палаца. Няшчасная пайшла ад бацькі з радасцю, бо ўжо даўно марыла быць побач з каханым, але, калі даведалася, што яго забілі, ажно пачарнела ад пакут і болю, што пранізаў яе сэрца. Доўга яна блукала па лесе, не ведаючы, што рабіць, а потым не вытрымала і ўтапілася ў балоце. Але душа яе ніяк не магла супакоіцца, гледзячы на жорсткасць і несправядлівасць між людзей, і, кажуць, яна ператварылася ў ведзьму, што жыве ў тым балоце і зараз і калі-нікалі напамінае пра сваё існаванне.

Купальскія страхі
Прыгожае язычніцкае свята...
(Як дзіўна, што дайшло да нашых дзён.)

Спяваюць галасістыя дзяўчаты,
Кідаючы вянкі цераз агонь...
І, узяўшыся за рукі, узлятаюць
Над полымем купальскіх тых кастроў,
На шчасце кветку-папараць шукаюць
Пад шэпт замоўных, таямнічых слоў.


М. Башлакоў.

У некаторых вёсках, у тым ліку і Кобрынскага раёна, захаваўся адзін старажытны звычай, цесна звязаны з язычніцкім веравызнаннем нашых продкаў.

Пра Купальскую ноч здаўна існуе шмат легенд, асабліва людзей цікавіць, што робяць розныя пачвары ў гэтую ноч. Дык вось існуе легенда, якую я ўпершыню пачула яшчэ ад сваёй бабулі. У ёй гаворыцца, што на Купалле ўсе ведзьмы ператвараюцца ў нябачныя здані і лётаюць у паветры. А людзі, ведаючы, што тыя могуць ім нашкодзіць, распальваюць вогнішча і б’юць ведзьмаў, пакуль не пойдзе густы шэры дым. Тады лічыцца, што ведзьму забілі.

У адной вёсцы быў выпадак, калі пасля Купалля ў адной гаспадыні карова перастала даваць малако. Калі яна звярнулася да адной з вясковых знахарак, тая сказала, што гэта ведзьма ў Купальскую ноч выпіла ў каровы ўсё малако і што нічога ўжо нельга зрабіць. З таго часу дбайныя гаспадыні заўсёды стараюцца абараніць сваю жывёліну, таму яны бяруць крапіву і ў хляве, дзе стаіць карова, затыкаюць ёй кожную шчыліну, прычым усё гэта робяць голымі рукамі.


«Народ умее цёплым словам Радзімы край свой прыласкаць»
Кожнае новае пакаленне ўспрымае назвы сваёй мясцовасці з уласцівым яму бачаннем свету. І можа здарыцца такое, што назва, якая стала цьмянай, раптам адгукнецца здагадкай найбольш дапытліваму чалавеку.Тады народзіцца на свет цудоўнае паданне, якое захаваецца на стагоддзі і будзе распавядаць пра мінулае роднага краю, пра найбольш яркія старонкі яго гісторыі.

Ёсць і іншая крыніца ўзнікнення тапанімічных паданняў – дасціпнае і шматбаковае даследаванне ўсіх фактараў, што ўплываюць на з’яўленне той ці іншай назвы. А гэта можа быць і геаграфічнае размяшчэнне, і асноўныя заняткі карэннага насельніцтва, і гістарычны аспект, і культурная спадчына рэгіёна.

У сувязі з адной з гэтых рыс замацоўваецца сталая назва населенага пункта, якая абавязкова адлюстроўвае характэрныя і найбольш значныя рысы пэўнай мясцовасці.

Канешне, легенды і паданні не з’яўляюцца дакладнымі доказамі таго, што падзеі, апісаныя ў іх, сапраўды адбываліся і з’явіліся фундаментам для фарміравання нейкай назвы. Але ўсё ж такі яны не ўзнікалі на пустым месцы, а адлюстроўвалі падзеі, што маглі мець месца ў гісторыі. Проста з кожным новым пакаленнем нешта змянялася, дабаўлялася і ўзнікалі новыя погляды на існуючую назву. Гэта прывяло да з’яўлення варыяцый амаль што на кожнае тапанімічнае паданне.

Існуе некалькі версій, чаму наш горад называецца Кобрынам, але большасць з іх звязана са старажытным племем обраў, якое быццам бы пражывала даўней на нашай тэрыторыі. Я абрала адну з іх, на мой погляд, самую цікавую і прапаную яе прачытаць.


Адкуль пайшла назва Кобрын…
Жыло некалі на нашай зямлі племя обраў. Напаўдзікі быў народ, але дужы, адчайны, смелы. Не палохалі яго ніколі ні прыродныя стыхіі, ні ваенныя сутычкі з прагнымі суседзямі, ні цяжкасці і выпрабаванні ў час будзённых заняткаў. А што наконт сілы, то сапраўды не людзі, а волаты жылі тут.Але і да іх аднойчы бяда завітала – вялікая бяда, гора несуцяшальнае.

Жыло побач з обрамі шмат вякоў другое племя – дулебы. Усяляк здаралася па суседству, часам валтузіліся мужчыны нечага паміж сабою, часам – мірыліся, а здаралася, што і супраць агульнага ворага выступалі разам. Але аднойчы нечакана сабраліся дулебы разам з іншымі плямёнамі ісці на обраў вайною. Што выклікала яе, мабыць, ніхто дакладна ўжо і не адкажа. А часіна тады выдалася спякотная, хоць ты памірай было ад сонца і засухі. Адступалі обры, панурыўшы галовы, плакалі іх галодныя і неадпачыўшыя дзеці, галасілі, ажно заходзіліся, жонкі. Усё, што не маглі прыхапіць з сабою, палілі, ламалі, кідалі ў глыбокія ямы. Не жадалі, каб усё гэта трапіла ў рукі ворагаў. Моўчкі сунуліся людзі. Іх можна было зразумець – яны пакідалі родную зямлю. Як мужна яны ні змагаліся, перамагчы не атрымлівалася, бо вельмі многа было ворагаў. Усё было на іх баку, а на баку абаронцаў – нянавісць да чужынцаў ды шчымлівы боль за радзіму.

Біліся яны біліся, ды з кожным днём усё меней і меней заставалася абаронцаў. Ужо і жанчыны ўзяліся за мячы і змагаліся побач з мужчынамі. Ды і іх стрэлы і дзіды не абміналі, білі прама ў грудзі. Спрабавалі хітрасцю ворага адвесці – не атрымалася, хацелі выклікаць непрыяцеля на двубой, ды дзе там – адмовіліся. У обраў быў малады, дужы, што той мядзведзь, князь, на галаву вышэйшы за ўсіх. За даўнасцю гадоў і не ведаюць дакладна яго імя, адны кажуць Обрын, ад назвы племені, іншыя – Кобрынус. Не было такога чалавека, якога б ён не перамог у паядынку. Калі ж асмельваўся хто пабарукацца з Обрынам, то яшчэ перад пачаткам прасіў асілка быць асцярожным – не пазбавіць выпадкам жыцця.

Сярод прышэльцаў так і не знайшлося таго, хто б змог супрацьстаяць у паядынку князю. Як ні насміхаліся обры з ворагаў, з кім толькі тых ні параўноўвалі, але хітрасць не дапамагла. Убачыў князь, што няма ўжо паратунку, і загадаў адправіць з абозам усіх жанчын, дзяцей, старых, параненых вояў, якія не маглі ўжо змагацца са зброяй у руках, а ўцалелым пакуль што дружыннікам заняць дзе-небудзь зручную пазіцыю і даць апошні бой. Выслухалі воіны свайго князя, стрымана развіталіся з роднымі і вярнуліся пад штандар валадара.

Змарнелыя людзі, знясіленыя коні ішлі ў свой апошні паход . Умацаваліся на ўзвышшы, адпачылі крыху і сталі чакаць ворагаў . Неўзабаве і тыя паказаліся. Наколькі хапала вачэй – усё было забіта вершнікамі і пяхотай. Усё навокал скрыпела, трашчала, стагнала. Ціха было толькі ва ўмацаванні.

Ужо колькі дзён і начэй бесперапынна атакавалі ворагі ўмацаванае ўзвышша, але нічога зрабіць не маглі. Мужна трымаліся обры. Не чуваць было ніводнага крыку з іх вуснаў, не бачна страху на тварах, а толькі насмешкі, якія прыводзілі ворагаў у шаленства. Абаронцы не прасілі літасці, яны паміралі з усмешкамі. Супраць кожнага з іх ляжала агромністая гурба мёртвых целаў, але з кожнай хвілінай і абаронцаў станавілася ўсе меней і меней. Сціскалася вакол іх кола ворагаў. І бой ужо ішоў не на сценах, а на самім ўзвышшы - апошні,самы кароткі – спіна да спіны, плячо да пляча.

Яшчэ хвілін колькі – і над мертвымі целамі сваіх сяброў узвышаўся адзін магутны Обрын. Настолькі страшны быў ён у гэты момант, што наступаючыя нібы на нейкую нябачную сцяну натыкнуліся і спыніліся адразу ўсе. Обрыну прапанавалі перайсці на бок ворагаў, стаць іх князем, але асілак папрасіў толькі, каб яны не здзекаваліся з целаў яго забітых сяброў.

Ніхто нават і не заўважыў, адкуль у руках князя з’явіўся нож і як ён ударыў ім сябе ў грудзі.

Ворагі не кранулі забітых, аддаючы павагу слаўным воям.

Гару ж тую, дзе дружына князя загінула, назвалі Обрынавай ці Обрын. Там пазней і ўзнік горад Кобрын.


«Вёска, о ціхая вёска мая…» (Я. Купала)
На кобрынскай зямлі ёсць вёскі старыя і новыя, вялікія і малыя. Кожная з іх – своеасаблівая, па-свойму адметная. Нават не кожны горад можа пахваліцца такім багатым мінулым, якое ёсць у некаторых з вёсачак.

Вельмі прыемна, што гэтае мінулае не зарасло быльнягом, а перадаецца з пакалення ў пакаленне, што яно захавалася ў памяці старажылаў і ўвасоблена ў цудоўных паданнях. Для мяне асаблівай каштоўнасцю былі менавіта такія, пачутыя з першых вуснаў, паданні, што тлумачылі паходжанне той ці іншай назвы. З іх дапамогай можна прасачыць моўнае багацце мясцовай гаворкі, развіццё народнай думкі, уяўленні людзей пра сваё мінулае і, канешне, іх сувязь з беларускай міфалогіяй. Што датычыцца мовы, то ў кожнай вёсцы існуе свой дыялект, часам не зусім зразумелы для ўспрыняцця, таму мне давялося папрацаваць над кожным паданнем, зрабіць літаратурную апрацоўку і перакласці на беларускую мову яго змест.

Безумоўна, мне хацелася б сабраць усе існуючыя паданні ў гэтай працы, але вызначаныя памеры не дазваляюць гэта зрабіць, таму мне нічога не засталося, як сабраць найбольш цікавыя і незвычайныя з іх, каб на гэтых прыкладах паказаць, наколькі каларытны фальклор на Кобрыншчыне. Такім чынам, адпраўляемся ў займальнае падарожжа па паданнях вёсак і вёсачак Кобрынскага раёна. Кожная з тых, з якімі мы пазнаёмімся ў час нашых вандровак, адзначана на карце.

Вёска Хабовічы
З расказаў мясцовых старажылаў стала вядома, што спачатку на месцы вёскі стаяла толькі чатыры зямлянкі. У іх жылі людзі, якія прыйшлі туды невядома адкуль, але хутка зручна ўладкаваліся на новым месцы і пачалі жыць як у Бога за пазухай. З цягам часу колькасць людзей павялічвалася, бо іх дзеці ўступалі ў шлюб, дзеці дзяцей таксама ўтваралі сем’і і так па ланцужку. А дзе шмат свабоднага люду, там хутка і пан з’явіцца, які будзе ўсім кіраваць. Так і да тых людзей аднойчы прыехала нейкая паненка невядома адкуль, хаця ніхто яе не клікаў і не чакаў.

Але трэба сказаць, што тагачасным жыхарам вельмі пашчасціла, бо пані, прозвішча якой было Тушынская, была даволі добрая, сумленная, справядлівая, клапацілася пра сваіх сялян і ніколі не крыўдзіла іх дарэмна.

Усякае, канешне, здаралася, але ўвогуле сяляне сваім жыццём былі задаволеныя, вось толькі не ведалі, як ім паселішча сваё называць. Тым часам вёска ўсё павялічвалася ды павялічвалася, а назвы ў яе ўсё не было. Тады паклікалі жыхары войта на дапамогу, каб ён падказаў, як вёску назваць.

Прыехаў войт, але, калі пачаў сялян распытваць, чым яны сярод усіх вылучаюцца, тыя нічога сказаць не маглі. Былі яны сяляне як сяляне, нічым ад астатніх не адрозніваліся, таму, як войт галаву ні ламаў, нічога не прыдумаў. Пачаў ён ужо і назад збірацца, але вырашыў да пані зайсці, а заадно і сялян спытаць, як ім пад яе наглядам жывецца. Дык вось калі спытаў, тыя адказалі: “А што, хіба не можна жыць? Можна!” Войт як пачуў тое “хіба”, дык адразу і даў вёсцы назву “Хабы”, сугучную з цікавым пачутым словам.

Потым назва крыху змянілася, набыла іншы канчатак, але ўсё роўна існуе і сёння.


Бухавічы
Было гэта яшчэ ў далёкую мінуўшчыну, многа сотняў гадоў таму назад. Жылі людцы спакойна і мірна, ворагаў і чуць не чулі.
І вось аднойчы трывожная чутка ўскалыхнула наваколле. Аказалася, што нейкі бадзяга-князь са сваёй дружынай блукае, нібы той адагнаны ад зграі воўк, па блізкіх паселішчах у пошуках здабычы. Не сёння-заўтра можна і сюды прывесці бязлітасных рабаўнткоў, тыя не пашкадуюць – усё расцягнуць-вынішчаць.

Загаманіла – закруціла вёска. Пачалі аратыя і сейбіты рыхтавацца да адпору нечаканаму ворагу. Праўда, зброя была не надта прыдатная для ратнай справы, але затое, якая аказалася пад рукою: хто з сякераю, хто з рагацінаю, хто з таўкачом ад ступы. Што ж тут паробіш, не ваявалі ніколі людзі, але разумелі, што з голымі рукамі супраць ворага не выступіш.

Настаў нарэшце дзень, калі чужынцы рушылі да вёскі. Весела іржалі іхнія коні, заліваліся смехам вершнікі, бо былі ўпэўненыя, што яшчэ зямлі захопяць. Ажно тут на табе! Нідзе раней ніякага супраціўлення не сустракалі, а тут, на вялікім полі, убачылі войска, якое чакала іх... Разгубіліся спачатку няпрошаныя госці, не ведалі, што далей рабіць, але са стану часовага ашаламлення вывеў суровы голас іхняга князя.

Затупалі цяжка коні. Паімчалі наперад здабываць сабе багацце і славу княжацкія дружыннікі. Думалі, што ўбачаць вяскоўцы гэткую грозную сілу, уцякаць будуць. Ды не тут-то было! Цэлы дзень біліся сяляне з ворагамі, але ні на крок не адступілі. Вечар ды густая цемра развялі войскі на супрацьлеглыя бакі поля. Зразумеў свірэпы князь, што такім шляхам не зламаць яму сялян. Вырашыў тады дзейнічаць па-іншаму. Быў сярод ягоных вояў адзін асілак, які заўсёды перамагаў у паядынках. Вось яго і захацеў выпусціць князь на двубой, каб запалохаць вяскоўцаў.

Але ж і сяляне асабліва не затрымцелі. Даведаўшыся пра такую навіну, пачалі меркаваць, каму лепей выклік прыняць. Было і сярод іх многа маладых, дужых, адчайных дзецюкоў, якія самі прасіліся паслаць іх на смяротны паядынак. Параіліся найбольш паважаныя вяскоўцы і вырашылі, што лепш за ўсё адправіць каваля Лукшу. Яму можна смела даручыць такую адказную справу: ён і розумам хуткі, і моцы ў яго болей, чым у іншых, і рука кавальская, да молата прызвычаіўшыся, стала магутнай і цяжкай.

Як пачалі асілкі бязлітасна біцца, дык цэлы дзень, да самага вечара, бухалі азін у аднаго шматпудовымі булавамі, але сілы былі роўныя, ніхто перамагчы не мог. Разышліся яны на наступнай раніцы, а там зноў бойка пачалася.

Калі нарэшце булавы сапернікаў зламаліся, пачалі яны кідацца вялізнымі камянямі. Тры дні і тры ночы насіліся-мільгалі ў паветры саракапудовыя глыбы, ды ніхто не адступаў. Бухала каменне аб глебу так, што ўся зямля калацілася. На чацвёртыя суткі сабраў Лукша ўсю сваю сілу і шпурлянуў камень на 80 пудоў у бок ворага. Адно пачуўся – хруст касцей ды перадсмяротны стогн няпрошанага госця. Пачулі гэта ворагі і давай уцякаць, а вяскоўцы за імі. Гналі да таго часу, пакуль не надакучыла самім, тады і спыніліся.

Пазней жыхары вёскі вырашылі перанесці сваё паселішча на поле мінулага бою, дзе была здабыта такая цяжкая перамога, каб гэтым учынкам ушанаваць памяць усіх, хто тады загінуў. Вось такія яны ўдзячныя былі – нашыя продкі. Саму вёску назвалі Бухавічы ад таго, што там бухалі ажно чацвёра сутак, змагаючыся. Яшчэ зусім нядаўна можна было ўбачыць сляды ад удараў вялізных каменняў, якімі біліся асілкі, але потым іх трактарамі пазаворвалі, а самі камяні людзі на гаспадарчыя патрэбы выкарысталі.

Хідры
Пра назву вёскі ёсць надта страшная гісторыя. Даўней, калі людзі яе расказвалі,то жагналіся і гаварылі шэптам, каб, не дай бог, не пачула пачвара, пра якую будзе ісці размова.

Даўней па той мясцовасці рака паўнаводная цякла, і жыла ў ёй змяюка велізарная. Звалі яе Хідра. Надта страшная была і бязлітасная. Калі хто яе ўбачыць,то на месцы ад жаху сканае або звар’яцее. Пра такога вяскоўцы гаварылі, што ён з Хідрай спаткаўся.

Пачвара гэтая не дазваляла нікому не тое што ў ваду улазіць, але нават падыходзіць да яе. Калі ж яна доўга нікога не магла ўпаляваць у сваім валадарстве, то пад покрывам ночы поўзала па навакольных вёсках і там здзяйсняла свае зладзейскія справы. Колькі так цягнулася, сказаць цяжка. Ні смеху, ні звонкіх галасоў, ні радастных воклічаў – нічога не было чуваць. Усе баяліся, каб не прыцягнуць да сябе ўвагі Хідры, бо тады адзін канец – смерць.

Неяк у адной з вёсак стары варажбіт стаў людзям гаварыць, што ён знайшоў зелле, якое адпалохае непажаданую госцю. Але запатрабаваў за яго вялікія грошы. Што зробіш, жыццё даражэй, таму апошняе аддавалі сквапнаму старому.Абсыпаліся людзі высушаным зеллем, сцежкі да свайго жылля прысыпалі. Але падман хітрага чараўніка выявіўся нечакана. Прачнуліся аднаго дня вяскоўцы і ўбачылі, што з яго двара нейкая чырвоная вада цячэ, а сам ён ляжыць нежывы ў вялізнай лужыне крыві. Аказалася, грошы тыя, каштоўнасці, якія ён у сумленных працаўнікоў падманам адабраў, у слёзы і кроў ператварыліся і менавіта яны ўтварылі цэлую раку на вясковай вуліцы. Зноў разгубіліся людзі. Апошнюю надзею на выратаванне і тую страцілі! Але быў у вёсцы адзін малады і надта ж прыгожы пастух. Звычайна пагоніць ён кароў у поле, сядзе дзе-небудзь у ціхім месцы, каб жывёлу відаць добра было, і грае на жалейцы.

Аднаго разу, калі ён за каровамі сачыў, падалося яму, што нехта за ім наглядае. Вырашыў на іншае месца перайсці. Але калі ўстаў, то так і аслупянеў. Можа, кроках у дзесяці за яго спіной, скруціўшыся, ляжала сама жахлівая Хідра. Паглядзеў хлопец на страшыдла і маланкай думка пранеслася: “Цяпер, вось і мой канец прыйшоў”. Але ўжо праз імгненне замест Хідры перад ім стаяла белавалосая дзяўчына-прыгажуня. Яны загаварылі, і пастух даведаўся, што няшчасную прымушае людзей забіваць яе бацька – сам падводны цар. Спадабалася яна хлопцу і пачалі закаханыя сустракацца.

Людзі ўжо падумалі, што Хідра некуды выбралася з гэтых мясцін, бо не было ўжо колькі часу ніякіх ахвяр сярод вяскоўцаў. Аднойчы, калі пасярод лета ўсчалася жудасная навальніца, прыбеглі ўзрушаныя дзеці і пачалі крычаць: “– Там нейкую дзяўчыну, не нашу, маланкай забіла!”

Пайшлі сяляне, глянулі – і сапраўды, надта прыгожая, але невядомая. Пахавалі яе на могілках. Ніхто і не здагадаўся, што гэта сама Хідра была. Потым і пастух з вёскі некуды знік. А назва з таго часу і пайшла – Хідра, потым – Хідры.

Клятышча
Даўным-даўно жыў у гэтай мясцовасці адзін надзіва злосны пан. Гаварылі, што за здзекі над сялянамі Бог яго яшчэ пры жыцці пакараў: не даў пыхліваму пану дзяцей. А для іх жа, для багатых, самае галоўнае, каб працяг роду быў абавязкова, інакш яны сябе надта зняважанымі лічылі.

Мучыў гаспадар маёнтка людзей, да смерці галоднай і пакутлівай даводзіў, але ж і яму за гэта спакою не было. Спачатку, калі маладым і здаровым быў, то на гэта ніякай увагі не звяртаў. А як пастарэў, тады апамятаўся.

Пачаў Бога маліць праз іншых, сам на каленцы падаў і паклоны адбіваў, але не мог Усявышні дараваць такому вылюдку ягоных грахоў. Бачыць пан, што нічога не атрымліваецца, вырашыў пешкі схадзіць у Кіеўскую лаўру, пакланіцца рэшткам святых ды ў іх ужо прасіць літасцівага заступніцтва.

Прасіў–маліў памешчык у лаўры, каб паслалі яму нашчадка, нічога тады для святой царквы не пашкадуе: ні грошай, ні шчырасці ўласнай. Куды і пыхлівасць тая спала, ганарлівасць сышла, моліцца, нібы самы просты бядняк.

Заснуў ноччу пан на голай зямлі, ажно сніцца яму дзіўны сон: нейкая велічная, прыгожая жанчына, паўстаўшы ў небе, звярнулася да яго і загадала паставіць царкву на тры галавы на самым высокім узгорку сваіх уладанняў ды перастаць з людзей здзекавацца. Яна папярэдзіла: калі ўсё сумленна выканае, толькі тады нашчадка дачакаецца.

Падхапіўся на золку памешчык і рушыў у свой палац. Як толькі апынуўся дома, адразу сам за справу ўзяўся і іншых падганяў. Загадаў свайму аканому прывезці самага таленавітага заморскага майстра, а сялянам паднявольным камяні ды гліну вазіць да месца, дзе меркаваў цудоўную царкву ўзвесці.

Хутка пачалося будаўніцтва. З кожным днём святлеў твар памешчыка, бо усё вышэй і вышэй уздымалася будыніна, што здзіўляла ўсіх людзей сваёй прыгажосцю.Да восені і першую службу адправілі ў новай царкве. Такая яна цудоўная атрымалася, што за сотні вёрстаў прыходзілі на яе глянуць. Здавалася,што не людскія рукі ўзвялі яе, а сам Бог ладкаваў, да справы даводзіў.

Не забылася на сваё абяцанне і дзівосная жанчына, што ўмову перад памешчыкам паставіла. Нарадзіла пані дзіцятка. Толькі надта слабы сынок быў у гаспадара маёнтка. Худзенькі, нягеглы нейкі, ён і есці не браў, а толькі ўвесь час плакаў. Хадзіла за ім, вядома ж, не сама пані, а, прыгонная жанчына – нянька. Стамлялася яна страшэнна без адпачынку: увесь час толькі і калыхала на руках равучага паніча.

Аднаго разу падалося жанчыне, што немаўля нарэшце заснула спакойна, і яна сама задрамала ды, на сваю бяду, упусціла дзіця з рук. Упала яно галавою аб падлогу і забілася насмерць.

Раз’юшыўся пан як ніколі раней. Загадаў вывесці бедную няньку на ўзгорак, дзе царква стаяла, і замураваць яе жывую ў каменную клець. Забыўся злыдзень на абяцанне, якое боскай асобе даваў, — не здзекавацца з бяспраўных людзей.

У тую ж ноч неба скаланулася перунамі, якіх да гэтага і не бачылі, вецер дзьмуў так, што нават камяні цяжкія ў паветра ўздымаў. У панскі палац мо сто маланак за ноч ударыла – дашчэнту ён згарэў, у ім і пані з панам задыхнуліся. А царква разляцелася на дробныя каменьчыкі. Мясцовыя жыхары казалі, што Божая Маці не пажадала, каб святары дзякавалі ў сваіх малітвах таму ваўкалаку.

Вёска Батчы
Жыхароў тутэйшых усе навакольныя чамусьці пустазвонамі называюць, а саму вёску – Батчы. Кажуць, даўно-даўно гэтая назва замацавалася, а дакладней – пасля аднаго смешнага выпадку.

Наогул, у тагачасных жыхароў любімай справай было збірацца па вечарах у чыёй–небудзь хаце і распавядаць былічкі ўсякія. Адзін пачне, астатнія падтрымаюць, і такая гамонка распачнецца, што ніяк яе супыніць нельга. Так і сядзелі ўсе ажно да раніцы, ніхто асабліва дамоў не спяшаўся, хаця дзеці галодныя крычалі, працы ў хаце - непачаты край, ды і паны сварыліся, бо працаваць ніхто зранку не мог. Але гаваркія вяскоўцы ўсё роўна працягвалі займацца ўлюбёнай справай. Так аднаго разу набегла людзей з усяе вёскі і пачалі яны сваю звычайную гаворку. Расказвалі і пра жартачкі палудзенніка, і пра душу непахаванага салдата, і пра пана, якога за нешта Бог пакараў. Сядзелі як заўсёды, ажно пакуль трэці певень не заспяваў.Тады ўсе пачулі, як зарыпелі дзверы і ў хату ўвайшоў нехта высокі і магутны.

Праз імгненне стала зразумела, што гэта быў вясковы каваль. Людзі ўзрадаваліся спачатку, бо ён ніколі да іх раней не прыходзіў, усё толькі лаяўся, лайдакамі абзываў. Але потым убачылі ў яго руках здаравенны цурбалак. Раўнуў той каваль сваім грамавым голасам ды як пачаў мяць аднавяскоўцам бакі:

— Як мне ўжо вашыя батчы надакучылі! Дзяцей бы лепей глядзелі, хаты прыбіралі, есці ў час варылі, дык яны батчы адзін аднаму распавядаюць. Я вас хутка ад іх адвучу!

Ляцяць вяскоўцы па хатах, нібы сабакі за імі гоняцца, а ў вушах словы грозныя гучаць:

— Батчы баяць! Седзьма сядзяць!

Ад таго смяшлівага слова, што азначае “пустая гамонка”, вёску Батчамі і назвалі. А ў жыхароў яе паўсюдна дапытваюцца: “як жа гэта за батчы ў вас плацяць”?

Вёска Закросніца
Дакладна невядома, калі ўзнікла гэтая вёска, але існуе яна даўно. Людзей, якія маглі б сапраўды расказаць пра паходжанне Закросніцы, на жаль, не засталося. Цяперашнія жыхары па-свайму тлумачаць узнікненне яе назвы. Старажылы вёскі расказваюць наступнае:

“У далёкія часы на месцы цяперашняй вескі было некалькі хутароў. Многія хацелі пабудаваць свае хаты на гэтым зручным і ўдалым месцы, але, калі хто-небудзь хоць крыху быў вінаватым перад панам, яго высылалі будавацца “за крісныцю”. А прычапіцца пану заўсёды было да чаго, таму амаль што ўсе жадаючыя жыць на хутары, апыналіся ва ўрочышчы “за крісныцяй”. Хутка тая “крісныця” стала абжывацца і забудоўвацца новымі хацінамі , нават жылі там не горш за іншых. Не так ужо і шмат часу прайшло, як хаты высяленцаў злучыліся з былымі хутарамі. Так і ўтварылася вёска, назву якой далі ад таго ўрочышча, што калісьці было месцам выгнання.

Вёска Камень
Назва Камень гаворыць сама за сябе: відаць на мясцовасці, якая атрымала такую назву, было шмат валуноў. Магчыма, таму вёску так і назвалі, але старыя расказваюць крыху інакш. Яны гавораць, што раней недалёка ад вёскі ляжаў вялікі камень. Аднойчы нейкі вельмі багаты кароль праязджаў праз тую мясцовасць. Ехаў ён аднекуль здалёк, відаць, стаміўся, і сеў адпачыць каля гэтага каменя.

Хоць ён і не затрымаўся там надоўга, нават не загаварыў ні з кім з мясцовых жыхароў, але ўражанне ў людзей засталося вялікае: першы раз бачылі яны ў сваіх краях такую асобу. З таго часу і пачала вёска называцца Камень, спачатку нават Камень Каралеўскі ў гонар таго заезджага. А потым назву скарацілі і атрымалася проста Камень. Так вёска называецца і сёння.

Вёска Грушава
Даўным-даўно на месцы вёскі было вялікае ўрочышча, зарослае дзікімі грушамі. Падарожны мог спыніцца там у спякотны летні дзень і з’есці салодкіх грушак , адпачыць у засені дрэў , паслухаць , як навокал пяюць птушкі і нават пакупацца ў рачулцы , што цякла недалёка ад гэтай мясціны.

Але аднойчы невядома ад чаго ўрочышча загарэлася. Потым толькі людзі галовы ламалі : ці то маланка ўдарыла , ці то спёка нязносная пажар усчала, але ўсё згарэла ўшчэнт. Засталося толькі адно маладзенькае дрэўца , адна кволая грушачка , што тырчэла самотна сярод пажарышча.

Пазней каля яе была пабудавана карчма , дзе , як раней у садку, падарожнікі знаходзілі сабе прытулак. Хутка каля карчмы пачалі будавацца хаткі – так і з’явіліся першыя жыхары вёскі Грушава. Рачулка ж тая , што бегла непадалёк ад карчмы , атрымала назву Грушаўка. З цягам часу яна , на жаль , знікла, мусіць , перасохла ў гарачае лета , таму пра яе памятаюць мала, а вось назва вёскі , што вырасла каля адзінай уцалелай грушы , захавалася і дайшла да сённяшніх дзён.

«Ахоўнікі запыленых вякоў»
У пісьмовай форме да нас дайшла мізэрная частка былога. Невымерна больш мы знойдзем нямых сведкаў гісторыі. Вы спытаеце: каго я маю на ўвазе? Спадзяюся, адказ вас не здзівіць, бо курганы, гарадзішчы, могільнікі, руіны палацаў могуць расказаць пра мінулае нават лепей за розныя летапісы і іншыя пісьмовыя крыніцы. Хаця яны не ўмеюць размаўляць і многія стагоддзі захоўваюць таямніцы, недасягальныя для чалавечага розуму, яны даюць нам глебу для разважанняў і даследаванняў, садзейнічаюць развіццю навукі, дапамагаюць шукаць адказы на невядомыя пытанні і прапаноўваць свае гіпотэзы наконт іх узнікнення.

Яшчэ раз заўважу, што яны маўчаць, але толькі ў прамым сэнсе гэтага слова, бо іх голас – народная памяць. Разам з кожным геаграфічным аб’ектам, які захаваўся, у памяці народа адводзілася месца і падзеям, што мелі з ім непасрэдную сувязь. Потым гэтыя падзеі леглі ў аснову фальклорных твораў.

Мы павінны разумець і шанаваць такую гістарычную спадчыну, бо калі знікнуць казкі, легенды і паданні, то гэтыя сведкі мінуўшчыны ператворацца ў простыя пагоркі ці скопішча камянёў.

Княгінкі
Каля вёскі Бораўна ёсць 2 курганы, вядомыя пад назвай Княгінкі. Пра іх існуе трагічнае паданне. Яно сведчыць, што князь тагачасны ўладар гэтай зямлі, неяк пайшоў ваяваць. Адважна змагаўся ён са сваімі ворагамі, бараніў родны кут, здабываў сабе славу ў баях, а тым часам жонка яго сумавала адна ў палаццы. Вельмі доўга цягнулася тая вайна, ніяк не вяртаўся малады князь назад, і князёўна вырашыла, што загінуў ён недзе, не дачакаўшыся перамогі. Падумала яна, падумала ды й вырашыла знайсці сабе іншага мужа, каб не жыць у адзіноце. Знайшоўся такі чалавек, і яны спакойна ажаніліся, ведаючы, што князь паснуў вечным сном у чужой зямлі.

Але вось скончыліся баявыя дзеянні, і князь, знясілены ад гадоў бесперапынных боек, але шчаслівы, бо ведаў, што хутка ўбачыць каханую, вяртаўся дадому. Але радасць яго адразу ў гнеў ператварылася, калі дазнаўся ён, што адбылося ў яго адсутнасць.

Увайшоў князь у палац, і сэрца ягонае ад болю так затрымцела, ледзь з грудзей не выскачыла. Пабачыў ён князёўну сваю побач з тым, хто ягонае месца заняў. Жонка князева таксама не магла слова молвіць, спалохалася, уся белая, бы снег, зрабілася. Ад таго відовішча так князя гнеў адолеў, што ён не вытрымаў і забіў здрадніцу. А калі зразумеў, што ён нарабіў, узяў яшчэ грэх на душу: і сябе жыцця пазбавіў. Людзі ж пахавалі іх побач, а над магіламі насыпалі 2 вялізныя курганы. Так яны абодва стаяць на тым самым месцы і сёння.

Княжая гара
На Кобрыншчыне, недалёка ад вескі Ляхчыцы, ёсць пагорак выцягнутай формы, які крута ўздымаецца ўверх. Амаль што на дзесяць кіламетраў вакол яго вяршына пануе над навакольнымі палямі. Ды толькі не гэта стала прычынай узнікнення яго назвы, бо непадалёк ёсць і больш высокая ўзвышшы. За што ж звычайнаму пагорку выказалі такую павагу, што пачалі называць Княжай гарой?

Адказ мы знайдзём у мясцовым паданні:
“Даўным–даўно князеўна руская, Вольга Раманаўна, праходзіла праз тую мясцовасць. Забілі мужа яе, Уладзіміра Васількавіча, і пайшла Вольга сама ваяваць з ворагамі, помсціць за смерць князя. Некаторы час у яе атрымлівалася перамагаць злодзеяў жаночай хітрасцю, але здарылася так, што ёй ужо не было куды ўцякаць. Вось-вось павінны былі дагнаць князёўну ворагі. У той час гара ўсвышалася над непраходнымі балатамі, хутчэй за ўсё пагоня павінна была мінуць. Вось Вольга і вырашыла там схавацца, каб выратаваць свае жыццё. Але нічога ўжо князёўне не дапамагло: ворагі знайшлі яе сховішча. На той гары і напаткала яе смерць. Пахавалі Вольгу Раманаўну амаль што на самай яе вяршыні. З таго часу і называюць гару Княжай, у гонар князёўны.

«Таямнічыя постаці мінулага»
Знакамітыя Ефрасіння Полацкая Кірыла Тураўскі, Кірыла Тураўскі, Аўраам Смаленскі праславілі свае родныя гарады шмат стагоддзяў назад, але пра іх памятаюць і сёння, іх імёны вядомы нават па-за межамі Беларусі. Іх прозвішчамі з гонарам сталі назвы тых гарадоў, дзе яны здолелі несці святло навукі да беларускага люду, дзе яны выкарысталі свае здольнасці на карысць усяму чалавецтву, але перш за ўсё тым, хто жыў побач з імі, у адным горадзе. Менавіта ў Полацку, Тураве,Смаленску іх памяць ахоўваюць асабліва пільна, бо гэтыя гарады – калыскі вядомых асветнікаў.

Я магу з годнасцю сказаць, што і наш Кобрын меў шчасце выхаваць адну цікавую гістарыную асобу, чый цяжкі лёс заўсёды уражваў чулых кабрынчан. Яе жыццё цесна звязана з мінулым нашай мясцовасці, бо княгіня Кобрынская была апошняй прадстаўніцай свайго роду, якому належыў Кобрынскі маёнтак. Горкая жаночая доля, складаны жыццёвы шлях назаўсёды запомніліся людзям, таму гісторыю яе няшчаснага кахання з цікаўнасцю слухаюць і расказваюць і сёння, у некаторых момантах нават любяць дабаўляць ад сябе, што ў выніку прыводзіць да стварэння падання пра гэтую гістарычную асобу.

Лічу патрэбным заўважыць,што наш горад звязаны яшчэ з адной агульнавядомай асобай з гісторыі Беларусі, памяць пра якую захавалася ў вуснай народнай творчасцю.

У прыведзеных ніжэй паданнях распавядаецца пра нашых знакамітых продкаў, што мелі нейкае дачыненне да Кобрына.

Ганна Кобрынская
Лёс гэтай асобы не можа не пакінуць адбітак у душы чулага да чужога няшчасця чалавека. Бо што ёсць горшае для жанчыны, як ні безнадзейнае каханне? Менавіта шчырыя, але няспраўджаныя пачуцці князёўны пакладзены ў аснову сумнага падання пра лёс апошняй з роду Кобрынскіх, у якім цесна суседнічаюць паняцці “каханне”,”здрада”,”гонар”.

Паходзіла дзяўчына з сям’і, якая вяла радавод ад самога Гедыміна, вялікага князя ВКЛ. Бацька яе быў змагаром за справядлівасць і, хаця ён памёр, калі дачка была зусім маленькай, ёй у спадчыну перадалася гэтая якасць.

Лёс, выпадак ці воля Івана – брата Ганны паўплывалі на тое, што жаніхом князёўны стаў такі ж змагар за пакрыўджаных, сумленны, мужны, як і яе бацька, князь Федар Бельскі. Ён разам з паплечнікамі вырашыў падняць паўстанне супраць князя, выбраў і дзень, калі яно пачнецца – дзень свайго вяселля, на якое быў павінны абавязкова прыехаць і аб’ект увагі змоўшчыкаў.

Невядома, ці кахаў сваю будучую жонку Фёдар. Калі кахаў, то вельмі цяжка зразумець, як згадзіўся ён на такое жорсткае для яе выпрабаванне. Даючы згоду выкарыстаць дзень яго асабістай урачыстасці для пачатку паўстання, Бельскі з жорсткай самаўпэўненасцю палічыў нявартымі ўвагі пачуцці жанчыны, якая кахала яго шчыра, апантана, так, як кахаюць толькі аднойчы ў жыцці.У той дзень яна была самай шчаслівай і самай прыгожай. Абменьваючыся пярсцёнкам з жаніхом ля алтара, князёўна нават не думала, што шчасце яе будзе такім нядоўгім. Яна доўга не магла апамятацца ад відовішча мёртвага цела ды яшчэ вялікага князя на ўласным вяселлі, у родным палацы. Але на самой справе забіты быў не Казімір, бо той неяк даведаўся пра змову і абхітрыў забойцаў. Маладая ж княгіня Бельская, не паспеўшы адчуць сябе жонкай, ператварылася ва ўдаву, бо муж мог выратавацца толькі ўцёкамі, а жонку ўзяць з сабой не змог. Больш ён ніколі ў жыцці яе не бачыў, а няшчасная пакутавала і за сябе і за яго, бо была палонніцай раззлаванага Казіміра, які разлічваў, што Фёдар вернецца за красуняй-жонкай. Ганна прагна лавіла кожную вестачку пра мужа і па-ранейшаму яго кахала. У яе нават не было магчымасці напісаць некалькі радкоў чалавеку, з якім была злучана перад Богам і людзьмі. Жанчыне прапаноўвалі абраць сабе іншага мужа, але яна не згаджалася, хаця ведала , што Фёдар ажаніўся другі раз.

Ганна памерла, так і не дачакаўшыся чалавечай спагадлівасці, разумення і цеплыні, бо вестка пра смерць мужа зрабіла яе абыякавай да жыцця.

Бона і Мухавец
Неяк задумала каралева Бона заснаваць свой горад на рацэ Мухавец. Села яна ў фурманку, узяла сваё дзіця і адправілася ў далёкую дарогу. Доўга яны ехалі ці мала, ды пад’ехалі ўжо і да самой ракі. Хаця і не надта шырокі і глыбокі быў той Мухавец, але ж праз яго быў пабудаваны мост. Як паехала па ім каралеўская фурманка, дык ён пачаў скрыпець: не вытрымаў такой вагі. Каралева з дзіцём апынулася ў вадзе. А на дне ракі тады быццам бы жыў вадзянік. Ён забіраў да сябе ўсіх, хто трапляў у рукі. Хапануў ён і дзіця Боны і бясследна знік у вадзяной цемры. Каралеву ледзь выратавалі з халоднай ракі, беспрытомную, кволую. А калі яна расплюшчыла вочы і ўспомніла, што з ёю адбылося, з крыкам і енкам пачала шукаць сваё дзіця. Даведаўшыся, што яго забраў вадзянік, Бона закляла тое месца: “Каб гэты Мухавец зышоў на мізінны канец!”

Так з таго часу і пайшло: улетку, калі была вялікая спёка, рака ў тым месцы перасыхала і заставалася ў ёй вады вельмі мала, на мізінны палец, як людзі кажуць.


Названия статей

Поиск по сайту



Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину