У бягучым годзе спаўняецца 150 год нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863-64 гг. На Беларусі гэта падзея вядома як паўстанне Кастуся Каліноўскага. Многія ўдзельнікі і кіраўнікі паўстання былі звязаны з землямі сучаснай Беларусі.
Напрыклад, на Кобрыншчыне пачаўся шлях
генерала паўстанцкіх войскаў дыктатара ў Варшаве Рамуальда
Траўгута. Gloria victis (Слава переможаным) – так назвала
серыю апавяданняў пра паўстанцаў 1863 года Эліза Ажэшка. У
цэнтры іх – постаць Рамуальда Траўгута. Род Траўгутаў (Traugutt)
паходзіць з Саксоніі. У Рэчы Паспалітай Траўгуты атабарыліся
ў першай палове ХVІІІ стагоддзя. Дзед Рамуальда, Якуб
Траўгут, стаў пяхотным капітанам, у час паўстання 1794 года
атрымаў асабістую падзяку ад Тадэвуша Касцюшкі.
Бацька, Людвік Траўгут, быў незаможным шляхціцам і арандаваў
маёнтак Шастакова (Камянецкі раён), дзе 28 студзеня 1826
года нарадзіўся Рамуальд. Маці яго, Алаіза, паходзіла з роду
Блоцкіх, гэта, напэўна, было адгалінаванне старажытнай
кобрынскай фаміліі Снежка-Блоцкіх, якім належаў маёнтак
Балата (цяпер Кісялёвіцкі сельсавет Кобрынскага раёна).
Cустрэча ў Божым Дары. Нашчадкі Траўгута і Мітрашэўскага
З сярэбраным медалём Р. Траўгут у 1842
годзе скончыў Свіслацкую гімназію, але не змог паступіць у
інжэнерную акадэмію (Пецярбург), таму пайшоў служыць у Трэці
сапёрны батальён, які размяшчаўся ў Жэлехаве, каля Варшавы.
За час службы атрымаў чын падпаручыка, карыстаўся даверам
саслужыўцаў, быў нават абраны батальённым казначэем.
У сувязі са смерцю бацькі ў лютым 1849 года Рамуальд быў на
28 дзён выкліканы з венгерскага тэатра ваенных дзеянняў па
хадайніцтву пружанскага павятовага маршалка.
У 1852 годзе Рамуальд ажаніўся з дачкой варшаўскага ювеліра
Ганнай Пікель, якая нарадзіла дзве – дачкі Ганну (1853) і
Алаізу (1857). Маладой дапамагала бабуля Рамуальда па
мацярынскай лініі – Юстына Блоцкая (Шуйская).
З 1853 па 1855 год Р. Траўгут зноў адправіўся на вайну.
З 1855 года Рамуальд служыў у Харкаве. А пасля пераводу ў
корпус ваенных інжынераў (С.-Пецярбург), заняўся навукай. Ён
узначаліў адзін з аддзелаў электрамагнетычнай часці,
наведваў ва ўніверсітэце лекцыі прафесараў Ходнева і Ленца,
праводзіў цэлыя дні ў бібліятэках. Р. Траўгут канструяваў
прыборы, якія выклікаюць на адлегласці ўзрывы марскіх і
наземных мін, але, на жаль, яго вопыты не вызвалі інтарэсу ў
вышэйшых марскіх чыноў імперыі.
1859 год прынёс для Траўгута ўдары лёсу – памерлі двое
малалетніх блізнят, за імі сышла ў магілу бабка Юстына, а ў
снежні – і жонка Ганна. У лютым 1860 года памёр брат бабкі
Юстыны, Віталіс Шуйскі, які меў маёнтак Востраў у Кобрынскім
павеце (зараз Маларыцкі раён). Рамуальд Траўгут выехаў у
Кобрын для вырашэння справы спадчыны, бо ён быў не адзіным
спадчыннікам. Напэўна, у Кобрыне ён пазнаёміўся са сваёй
другой жонкай, Антанінай Касцюшка, траюраднай пляменніцай
Тадэвуша Касцюшкі. Яе вельмі палюбілі дочкі Траўгута.
Калі Рамуальд уступіў у валоданне спадчынай Шуйскага, уся
сям’я пераехала ў маёнтак Востраў. 14 ліпеня 1862 года
Траўгута зволілі з расійскай арміі па хваробе, у чыне
падпалкоўніка. Трэба адзначыць, што ён працягваў займацца
навукай. У адным з памяшканняў яго дома ў Востраве была
ўладкавана фізічная лабараторыя з чатырма электрычнымі
машынамі найноўшых узораў, там ён спрабаваў атрымаць вялікую
напругу электрычнасці. Таксама ён падтрымліваў перапіску з
вядомым нямецкім вучоным Вільгельмам Хольтам.
Але яго мірнае жыццё зноў было перарвана. На вялікай
тэрыторыі Беларусі паўстанцкая арганізацыя рыхтавалася да
ўзброенага выступлення ў красавіку.
Пазней Рамуальд Траугут заявіў: «Я нікому не раіў падымаць
паўстанне, наадварот, як былы вайсковец, я бачыў усю
складанасць барацьбы без арміі і ўзбраення з дзяржавай, якая
вядома сваёй ваеннай магутнасцю. Калі ўзброенае паўстанне
павінна было ўспыхнуць у Кобрынскім павеце Гродзенскай
губерні, дзе я жыў, за некалькі дзён да пачатку паўстання да
мяне звярнуліся з просьбай прыняць камандаванне.
Разгубіўшыся, я апісаў усе перашкоды як агульнага, так і
асабістага парадку, і рэкамендаваў адмяніць рашэнне аб
пачатку паўстання. Высветлілася, што зрабіць гэта ужо проста
немагчыма. Тады я прыняў іх просьбу…» Палічыў неабходным не
берагчы сябе там, дзе астатнія ахвяруюць усім.
Хачу прывесці словы беларускага даследчыка Віктара Хурсіка:
«Асабліва спрэчнай выглядае «афарбоўка» паўстанцаў у белы і
чырвоны колер. Усіх беларускіх памешчыкаў прынята адносіць
да «белых», якія раўнадушна назіралі за тым, што адбывалася.
Аднак дакументы сведчаць аб іншым: многія памешчыкі сапраўды
выказвалі засцярогу, не ішлі на адкрытае выступленне,
стрымлівалі ад гэтага сваіх родных і блізкіх. Але калі ўсё ж
нехта трапляў у лес, то яго не цураліся і дапамагалі як
маглі… Зрэшты, дзяцей так званых «белых» у лясах была
большасць (у дзеючых атрадах «сялянскага» паўстання яны
складалі 75%, у той час як сялян было ўсяго 18%). Як сказаў
калісьці Уладзімір Калеснік: «А вось у былыя гады, калі
складалі жыція святых, арыстакратычнае паходжанне мучаніка
шло яму ў залік. Так і павінна быць. Цяжэй ахвяраваць сабой
таму, каму ёсць што губляць».
Недзе ў красавіку 1863 года на тайным зборы ў маёнтку
Мітрашэўскіх Божы Дар (зараз Буховіцкі сельсавет Кобрынскага
раёна) Рамуальд Траўгут прысягнуў на вернасць паўстанню і
прыняў камандаванне Кобрынскім атрадам. Леанід Несцярчук
запісаў апавяданне жыхаркі хутара Божы Дар пра знаходку ў
1970-х гадах куфэрка з узнагародамі і паперамі на польскай
мове. Магчыма, гэта былі дакументы таго тайнага збору. На
жаль, нічога з гэтага кладу не захавалася.
Пасля пачатку паўстання, у красавіку 1863, Траўгут
сфарміраваў і ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад, які ў
баях каля в. Боркі (цяпер Астроміцкі сельсавет Кобрынскага
раёна) тройчы нанёс паражэнне расійскім карным часцям. У
чэрвені 1863-га з Брэсцкім атрадам Я. Ваньковіча зрабіў рэйд
па Піншчыне і Паўночнай Валыні, але атрад Р. Траўгута панёс
значныя страты, і ў ліпені 1863-га з дапамогай Э. Ажэшкі Р.
Траўгут таемна выехаў у Варшаву. Атрымаў чын генерала, быў
прадстаўніком паўстанцкіх улад за мяжой. У кастрычніку 1863
года кіраўнік Нацыянальнага ўраду ў Варшаве і фактычна
дыктатар паўстання. Шмат зрабіў дзеля пашырэння яго
сацыяльнай базы, надання яму новага размаху, рэарганізацыі
ўзброеных сіл інсургентаў. Арыштаваны 30 сакавіка 1864 года.
Паводле прыгавору ваеннага суда павешаны ў Варшаўскай
цытадэлі.
Пасля пакарання смерцю Р. Траўгута яго маёнтак Востраў быў
спалены.
Некаторыя польскія даследчыкі лічаць, што Траўгуту належаў у
Кобрыне дом, у якім зараз месціцца Кобрынскі
ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворова. У выданнях «Палессе.
Фотаздымкі з дваццатых і трыццатых гадоў» і «Polesie»
размешчаны фотаздымак будынка, падобнага да дома-музея, з
подпісам, што гэта дом, які належаў Рамуальду Траўгуту. Як
сведчаць крыніцы, перад атрыманнем у спадчыну Вострава
Траўгут жыў у доме ў Клапоцыне – зараз гэта вул. Піянерская
ў Кобрыне, там жа жыла і Антаніна з дзецьмі пасля знішчэння
маёнтка. Як лічыць А. Цвыд, «чуткі аб кобрынскім доме
Траўгута безпадстаўныя і, напэўна, звязаныя з тым, што праз
восем год пасля гібелі мужа ў былой сядзібе А. Суворава –
Губерніі пасялілася ўдава Траўгута. Яна выйшла замуж за сына
гаспадара маёнтка Аляксандра Міцкевіча – Францішка. У адным
з пакояў гэтага дома быў усталяваны сваеасаблівы музей
Траўгута, там жа захоўваліся яго лісты «з-пад шыбеніцы»,
апошнія лісты Рамуальда перад пакараннем.
Калі сям’я Траўгута пераязджала са спаленага Астроўя у
Клапоцын, яго маленькі сын Рамуальд прастудзіўся і захварэў.
І ўжо не адыйшоў. Пахавалі яго, па ўспамінах Алаізы Траўгут,
каля фамільных магіл Пашкевічаў. Пазней там з’явіліся магілы
Аляксандра і Францішка Міцкевічаў… На магіле Міцкевічаў
узвелі помнік, які і захаваўся».
На гэтых старых могілках знойдзена частка мармуровай пліты
з выбітымі імёнамі:
ur w 1804 r + w 1871 r
Antoniny Kosciuszko
ur w 1806 r + w 1873 r
Tadeusza Kosciuszko
ur w 1833 r + w 1868 r
Romualda Traugutta
18
Яна ўсталявана зараз на паўночным баку касцёла ў Кобрыне.
А на старой частцы новых могілак Кобрына захаваўся магiльны
склеп Касцюшкаў, дзе пахавана Антаніна з Касцюшкаў,
Траўгутава, Міцкевічава.
«Хутка пасля пакарання смерцю бацькі і разарэння Астроўя ў
Клапоцын з Брэст-Літоўска явіўся ўраднік з распараджэннем
цара забраць ва ўдавы дзяцей Рамуальда і аддаць іх у
інстытут шляхетных дзяўчат у Пецярбурзе…
Але Ганну і Алаізу тайна адправілі ў Варшаву, дзе з
дапамогай патрыётаў яны раслі і выхоўваліся ў пансіянаце пад
чужымі прозвішчамі. Затым па чарзе дзяўчаты займаліся ў
інстытуце польскіх паннаў. Старэйшая, Ганна, хутка выйшла
замуж за свайго кузэна Яна Рамуальда Корвін-Юшкевіча і
пасялілася ў Белай – фальварку каля Бярозы-Картузскай, які
належаў тады сястры Р. Траўгута.
Малодшая, Алаіза, пасля вучобы вярнулася ў Варшаву. Тут і
жыла… У Кобрын, да маці і айчыма, прыязджала не раз».
Дзеці былі толькі ў старэйшай сястры, Ганны, – тры сыны,
ніводнага яна не назвала імем Рамуальд – лічыла нешчаслівым.
Старэйшы, Адам, загінуў у мундзіры рускай арміі ў Першую
сусветную; малодшы, Баляслаў, – у верасні 1939-га; унук Ежы
– у лагеры Асвенцым.
З Кобрынам імя Траўгута звязана яшчэ і тым, што тут у
верасні 1939 года на беразе канала Бона прыняў бой 83-ы
пяхотны полк імя Рамуальда Траўгута.
Рамуальд Траўгут жыў і змагаўся на Кобрыншчыне, адсюль
паходзілі яго бабуля, маці і другая жонка, тут жылі яго
дочкі.
Да 140-годдзя паўстання 1863-64 гадоў на хутары Божы Дар па
рашэнню Кобрынскага райвыканкама з дапамогай мясцовых
прадпрыемстваў 21 мая 2003 года быў устаноўлены валун з
мемарыяльнай дошкай. Да Божага Дара таксама быў устаноўлены
ўказальны знак з вёскі Ляскова. Сімвалічна, што праз 140 год
ў Божым Дары 25 мая 2003 года сустрэліся нашчадак Р.
Траўгута – палкоўнік Войска Польскага Анджэй Юшкевіч і
нашчадак гаспадара Божага Дара ў 1863 годзе Яна
Мітрашэўскага – Станіслаў.
Памятны знак у Божым Дары – першы помнік на ўшанаванне
памяці ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага паўстання
1863-64 гг. На тэрыторыі Беларусі помнік Р. Траўгуту быў
устаноўлены ў 1928 г. у мястэчку Свіслач, адноўлены гэты
помнік у 1989 годзе.
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.