Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

История сёл и деревень

Деревня Тевли (Тэўлі)

Вёска Тэўлі (мясцовая назва — Тэвелі) — старажытнае паселішча, і мы недалёка адыйдзем, калі будзем трымацца таго погляду, што карані нашы выходзяць з XIII—XIV ст.ст., калі на скрыжаванні старажытных шляхаў Кобрын-Камянец-Высокае-Брэст пасяліліся нашы продкі — дрыгавічы.

Месца было выбрана не выпадкова: паўночная — дрымучыя, багатыя дічынай лясы, паўднёвая — балоты і багатыя рыбай і птушкамі плесы і сажалкі. Да гэтага неабходна дабавіць, што і зямельныя палеткі вызначаліся добрымі супясчанымі і чарназёмнымі глебамі.

Адсюль можна ўпэўнена сказаць, што нашы продкі займаліся земляробствам, паляваннем, рыбнай лоўляй. Што тычыцца назвы, то думкі старажылаў супадаюць. Так гістарычна склалася, што гэтыя мясціны аблюбавалі яўрэі. Дзякуючы сваім прыродным рысам прыстасоўвацца да любых абставін, яны займаліся рамесніцтвам, гандлем.

Аднаго з іх, разбагацеўшага і больш удачлівага, звалі Тэўль. І калі людзі, каб дацягнуць да новага ўраджаю, вырашалі як гэта зрабіць, адказ быў адзін: “Трэба ісці да Тэўля!” Адсюль і назва “Тэўлі”, бо, як кажуць, пасяленцаў-яўрэяў з такім іменем было некалькі. Ну, а калі праз нашы мясціны пралажылі чыгунку, назва “Тэўлі” стала насіць афіцыйны статус і зацвердзілася на картах і ў падручніках.

Мясцовае паданне

На паўночна-заходнім напрамку ад вёскі Тэўлі ёсць невялічкае ўзвышша, якое носіць назву “Туркава гара”. Адкуль такая назва? І тым больш “Туркава”? Адкуль на Беларусі ўзяліся туркі?

У старажытныя часы, калі чарговая навала захопнікаў абрушылася на Беларусь, у нашых мясцінах з’явіўся вялікі атрад турак (хутчэй усяго, атрад воінаў Батыя, а гэта —1240-1242гг.). Яны вярталіся ў свае землі, нарабаваўшы мноства дабра, золата, ювелірных вырабаў.

Вёў атрад высокі, прыгожы, але вельмі крыважэрны турак. І было ў яго мноства паланянак, у адну з якіх — беларуску — ён закахаўся да бяспамятства і нікуды ад сябе не адпускаў. І вось у тым месцы, што носіць назву “Туркава гара”, атрад сутыкнуўся з нашымі воінамі. У жорсткай бітве паляглі амаль усе нашы воіны і туркі. Загінуў і малады важак турак.

Глыбокай ноччу туркі сабралі рэшткі свайго атрада, выбралі месца, дзе пахавалі воінаў, і другое месца — для свайго камандзіра, з якім, па іхняй веры, разам пахавалі яго любімую паланянку, перад тым забіўшы яе, бо яна была жывая. У магілу воіна-турка і яго каханай злажылі ўвесь свой скарб, золата і ўпрыгожванні, бо везці ўсе з сабою не было сіл.

Гавораць, магіла таго турка была пад вялізным валуном з прыкметамі, вядомымі толькі самім туркам. Валуноў у тую пару было паўсюль, вельмі многа, так што магіла загубілася сярод іх. З тых часоў прайшло многа вякоў, але ўжо пры памяці нашых дзядоў знаходзіліся людзі, якія варочалі тыя валуны ў надзеі знайсці клад, але ўсё ўпустую. У наш час валуны закапалі ў зямлю. Разаралі, аставіўшы нам прыгожую легенду, назву “Туркава гара” і нясбытную надзею калі-небудзь знайсці той клад.

Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае (… — 1569)

Вёска Тэўлі вядома з XVI ст. У Рэвізіі Кобрынскай эканоміі 1563 года каралеўскім рэвізорам Дзмітрыем Сапегаю пра вёску Тэўлі не ўпамінаецца, але ёсць такі запіс:

Село Залесье
1. Иван Тевелевичъ
14. Панько Тевелевичъ
15. Данило Тевелевичъ
16. Яцъ Тевелевичъ, лавникъ
17. Мацько Тевелевичъ
18. Поликарп Тэвелевичъ

Гэта сведчыць аб тым, што вёска ўжо існавала. Тым больш, што ўжо праз тры гады ў 1566 г. Кобрынскі староста С. Д. Двойна, троцкі кашталян А. Валовіч і іншыя падпісалі ліст на заснаванне ў Тэўлях Святога Дзмітрыя, царкве надалі 2 валокі зямлі. На той час гэта была значная падзея.

У складзе Рэчы Паспалітай (1569 —1795)

У 1679 г. у Кобрынскай эканоміі ВКЛ, сяло, 50 валок зямлі. У 1712 г. вёска ў Чаравачыцкім ключы Кобрынскай эканоміі. У 1724 г., паводле інвентарнага апісання сяла, царква валодала 1 валокай зямлі (вольнай). У 1764 г. сяло, дзейнічала уніяцкая царква. У 1786 г. вёска ў Тэвельскім ключы той жа эканоміі.

“Отторженная возвратих” (1795 — 1917)

3 1795 г. в. Тэўлі ў складзе Расійскай імперыі, у Пружанскім павеце, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1812 г. фронт Гарадзечанскай бітвы расцягнуўся да вёскі Тэўлі. У 1886 г. сяло ў Мураўёўскай воласці, 26 двароў, 283 жыхары, 2 царквы (Успенская і Дзмітрыеўская), школа, піцейны дом, станцыя Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. У 1888 г. Тэвельскі праваслаўны прыход налічваў 1506 вернікаў. У 1890 г. сяло, 306,5 дзесяціны зямлі, хутар, уладанне А.Дзяконскага, 390 дзесяцін зямлі. Побач з сялом знаходзіліся: маёнтак, уладанне К.Высоцкага, 325 дзесяцін зямлі (разам з хут. Шляг), і сядзібы В.Снігурскага (24 дзесяціны зямлі), Л.Нямцэвіча (42 дзесяціны зямлі), О.Саковіча (26,5 дзесяціны зямлі), О.Стржалкоўскага (11 дзесяцін зямлі), А.Акунеўскага (10,5 дзесяціны зямлі). У 1897 г. у сяле 42 двары, 313 жыхароў, хлебазапасны магазін, 2 ветраныя млыны, заезны двор і піцейны дом (пры Тэвельскім гандлёвым тракце, 3 жыхары), чыгуначная станцыя (7 двароў, 53 жыхары), 2 царквы, прычтавая сядзіба (12 жыхароў), народнае вучылішча (3 жыхары). У 2 выселках Тэўлі 2 двары, 21 жыхар, у 6 аднайменных сядзібах 72 жыхары; у фальварку 20 жыхароў, у маёнтку 5 двароў, 51 жыхар. У Тэвельскім народным вучылішчы ў 1889/90 навучальным годзе вучыліся 51 хлопчык, 11 дзяўчынак, у 1892/93 г. — 48 хлопчыкаў, 4 дзяўчынкі; у 1905/06 г. — 49 хлопчыкаў, 11 дзяўчынак. У 1905 г. сяло, 410 жыхароў, паштовая станцыя, 8 жыхароў, чыгуначная станцыя, 62 жыхары, 7 маёнткаў, 95 жыхароў. У 1-ю сусветную вайну, у жніўні 1915 г., каля вёскі ішлі баі рускай арміі з войскамі кайзераўскай Германіі. У баях загінула каля 200 салдат рускай арміі. У 1916 годзе на брацкіх і ідывідуальных магілах былі устаноўлены надмагільныя помнікі.

Дзмітрыеўская капліца (1881)

Помнік народнага драўлянага дойлідства. У ХІХ ст. было прынята рашэнне замяніць драўляную пабудову цаглянай. Драўляны будынак перанеслі за вёску. Богаслужэнне праводзілася 2 разы на год: на свята Усекнавення главы Іаана Прадцечы і на свята святога Дзмітрыя. Пры савецкай уладзе амбар, але на святы зерне прыбіралі, праводзілі Богаслужэнне. Потым памяшканне аддалі пад склад.

У цяперашні час праводзіцца рэканструкцыя капліцы. Ужо адноўлены падлога і столь, пастаўлены новыя дзверы і вокны. Вясной 2007 года плануецца закончыць аднаўленне капліцы і пачаць Богаслужэнні.

Свята-Успенская царква

Пабудавана ў 1872—1874 гг. з цэглы на ўрадавыя сродкі (7000руб.) на месцы ранейшага храма. Архітэктурная выразнасць кампазіцыі дасягаецца “гульнёй” рознавялікіх і разнастайных па форме аб’ёмаў і дахаў. Падоўжана-восевая і аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з шатровай 3-яруснай (васмярык на 2 чацверыках) званіцы, куба

падобнай малітоўнай залы, паўкруглай апсіды з бакавой рызніцай. Пакаты 4-схільны дах асноўнага аб’ёму завершаны цыбулепадобным купалком на гранёным барабане, шацёр званіцы — макаўкай. Геаметрычныя плоскасці фасадаў акаймаваны вуглавымі лапаткамі з зубчастым фрызам, расчлянёны арачнымі вокнамі ў ліштвах. Галоўны і бакавыя арачныя ўваходы аформлены пластычнымі парталамі з фігурнымі франтонамі (запазычаны з рускай церамной архітэктуры XVI—XVII ст.). у інтэр’еры апсіда вылучана драўляным іканастасам з разнымі царскімі варотамі. Мастацкую каштоўнасць мае абраз “Раство Хрыстова” (датуецца 2-й паловай ХІХ ст.)

Час узрушэнняў (1917 — 1921)

У ліпені 1920 года каля вёскі Тэўлі ў баях з польскімі інтервентамі загінулі 50 чырвонаармейцаў. Яны пахаваны ў трох брацкіх магілах. У 1925 —1926 гг. На магілах устаноўлены надмагільныя помнікі.

“Усходнія крэсы” (1921—1939)

3 1921 г. Тэўлі ў складзе Польшчы ў Мацясаўскай гміне Пружанскага павета Палескага ваяводства, вёска, 62 двары, 473 жыхары, і калонія, 3 жыхары. У 1931 г. цэнтр гміны таго ж павета. У Тэўлях трохгадовая школа, паліцэйскі ўчастак.

Храналогія падзей

4 жніўня 1928 г. Успыхнула забастоўка на будаўніцтве гравійнай дарогі Кобрын—Тэўлі. Забастоўка была сарвана штрэйкбрэхерамі.

1 сакавіка 1929 г. Падраён у Тэўлях Кобрынскай партыйнай арганізацыі КПЗБ.

15 чэрвеня 1929 г. Найбольшую актыўнасць праяўляюць камуністычныя арганізацыі ў гмінах: Кобрынскай, Тэвельскай, Жабінкаўскай, Дзеткавіцкай і часткова ў іншых.

1 верасня 1929 г. У в. Мацы прайшла камуністычная дэманстрацыя ў гонар МЮДа.

1 мая 1930 г. Забастоўка ў маёнтку Стрыгава сезонных рабочых скончылася паспяхова.

13 чэрвеня 1930 г. У в. Стрыгава гміны Тэўлі адбылася дэманстрацыя рабочых, накіраваная супраць фашызму і вайны з СССР.

31 ліпеня 1930 г. У в. Стрыгава адбылася камуністычная дэмансрацыя.

30 снежня 1930 г. У в. Лышчыкі Тэвельскай гміны адбылася канферэнцыя членаў Кобрынскага РК КПЗБ.

8 лістапада 1931 г. Дэманстрацыя ў в. Ластаўкі з пратэстам супраць падаткаў і дыктатуры Пілсудскага.

4 лютага 1931 г. Адбыўся “працэс 14-і” на Мікалаем Кукасем, Сцяпанам Катом, Паўлам Пішчыкам, Ганнай Глінскай і інш. (Тэвельская гміна). Абвінавачваюцца ў арганізацыі дэманстрацыі 8.11.1931г. у вёсцы Ластаўкі.

Падпольшчыкі Тэвельскай гміны (злева направа): стаяць К. Каляда, М. Ефімук, І. Мышленнік, Р. Гарашка, І Кананец; сядзяць М. Барздун, К. Пашкевіч, Л. Буклага, Туруцька, У. Барздун, М. Дзенісюк, на пярэднім плане П. Грышчук, А. Мартысь.

14 студзеня 1932 г. У в. Мярніца гміны Тэўлі адбылася масоўка, прысвечаная памяці У. І. Леніна. На гэтай масоўцы ўшанавалі памяць закатаванага ў беластоцкім астрозе А. Каляды. У гэты ж дзень каля 100 чалавек выйшла на масоўку ў в. Малышы гміны Тэўлі.

Напярэдадні 1 Мая 1932 года камсамольцы Кобрынскага райкома КСМЗБ рыхтавалася да правядзення дэманстрацыі ў в. Тэўлі. Падрыхтавалі лістоўкі і сцягі. Але 28-29 красавіка паліцыя арыштавала 22 камсамольцы. Актыўнай камсамолцы Федасюк Аляксандры пашанцавала збегчы ў Варшаву.

1933 г. Напярэдадні 1 Мая ў гмінах Кобрын і Тэўлі было вывешана 13 сцягаў.

19.03.1934 г. Артысты на фонеТэвельскага чыгуначнага клуба

У Тэвельскім участку пры кожным зручным вападку (гульні, вяселлі і інш.) збіраюцца грошы на МОПР, прадукты і рэчы для палітычных зняволенных.

2 ліпеня 1935 г. Забастоўка возчыкаў лесу на тэрыторыі Тэвельскай гміны. Гэта забастоўка — справа рук камуністаў.На чале былі вядомыя камуністы Аляксандр Мартынюк і Мікіта Дзенісюк з вёскі Тэўлі. Пасля правядзення следства паліцыя накіравала віцэ-пракурору справу аб прыцягненні вінаватых да адказнасці.

28 лістапада 1935 г. Устаноўлена, што сакратаром Кобрынскага райкома КПЗБ з’яўляецца Уладзімір Барздун з в. Тэўлі.

1 снежня 1935 г. У в. Тэўлі ў доме Уладзіміра Барздуна была праведзена дыскусія на тэму “Высылка Троцкага з Савецкай Расіі”.

23 снежня 1935 г. У в. Залессе (Тэвельская гміна) былі арганізаваны гурткі сярод моладзі, у якіх вялася падрыхтоўка кандыдатаў для ўступлення ў рады КПЗБ. Арганізатары — Нічыпар Кірысь і Мікіта Дзенісюк.

25 снежня 1935 г. На ўчастку Тэўлі створана піянерская арганізацыя, якой было даручана правесці калядкі і даход ад іх павінен быў пайсці на МОПР.

Красавік — лістапад 1936 г. Канстанцін Раманюк з в. Тэўлі зняволены ў кобрынскую турму.

11 жніўня 1936 г. Назіраецца ўзмоцненая дзейнасць КСМЗБ у Кобрынскай, Тэвельскай, Дзеткавіцкай часткова ў Жабінкаўскай і Падалесскай гмінах.

31 жніўня 1936 г. У в. Тэўлі адбылося пахаванне камуністычнага дзеяча Сцяпана Марфіды, які памёр ад пабояў.

21 кастрычніка 1936 г. Сакратаром Тэвелькага падраёна з’яўляецца Нічыпар Кірысь, ён жа сакратар ячэйкі ў в. Залессе.

1 мая 1938 г. У в. Тэўлі маладыя дзяўчаты ўпрыгожвалі магілу Сцяпана Марфіды вянкамі з чырвонымі зоркамі на працягу трох начэй.

Ліпень 1938 г. Арыштаваны і прыцягнуты да судовай адказнасці члены Коб-рынскага РК КПЗБ: Вольга Кімановіч — сакратар ячэйкі ў в. Тэўлі, Арсень Таруцька — член ячэйкі ў в. Тэўлі.

10 лістапада 1938 г. “Працэс 27-і” у Кобрыне. Асуджаны на 8 гадоў Мікіта Дзенісюк.

Савецкі перыяд (1939 —1991)

3 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. цэнтр Тэвельскага сельсавета. У 1940 г. у вёсцы 120 двароў, 758 жыхароў, нафтавы і газагенератарны млыны, няпоўная сярэдняя школа, хата-чытальня, пошта, ветпункт, сельпо з гандлёвай кропкай, сельсавет, фельчарска-акушэрскі пункт, чыгуначная станцыя.

Пастанова Бюро Брэсцкага Абкома КП(б)Б і Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта “Аб утварэнні сельсаветаў па Кобрынскім раёне”

5 ліпеня 1940г.

Постановили: I. Утвердить постановление Кобринского РК КП(б)Б и Райисполко-ма от 23.6.1940 г. об образований следующих сельсоветов:
<…>
2) Тевельский сельсовет с административным центром в деревне Тевли в составе деревень: Тевли, Залесье, Девятки, Завершье, Старые Киватичи, Новые Киватичи, Кале-ница, Рынки; хутора Мостки; бывших имений: Туличи, Киватичи, Калкница и поселка Киватичи.
<…>
Просить ЦК КП(б)Б и Президиум Верховного Совета БССР утвердить настоящее постановление.

Сельсавет у 1939 — 1940 гг.

14 населеных пунктаў, 454 двары, 2749 жыхароў; 5075 га зямлі (1993 га ворыва, 1526 га сенажаці, 700 га пашы, 206 га лесу, 650 га няўдобіцы), няпоўная сярэдняя і 4 пачатковыя школы, хата-чытальня, пошта, 4 магазіны, сельпо, 2 газагенератарныя млыны, ветпункт, фельчарска-акушэрскі пункт, чыгуначная станцыя Тэўлі.

З 22 чэрвеня 1941 г. па ліпень 1944 г. у сувязі з акупацыяй тэрыторыі раёна і вобласці нямецка-фашысцкімі захопнікамі дзейнасць сельсавета была спынена.

Вялікая Айчынная вайна (1941—1945)

23 чэрвеня 1941 года часткі 28-га стралковага корпуса 22-й танкавай дывізіі пад націскам дзвюх танкавых, адной матарызаванай і некалькіх пяхотных дывізій 12-га армейскага корпуса немцаў павольна адступалі ад Жабінкі да Кобрына. А 10 гадзіне дня ім удалось затрымаць гітлераўцаў на рубяжы Тэўлі — Андронава — Патрыкі. Да 16 гадзін вораг не мог тут прасунуцца ні на крок. Да населенага пункта Тэўлі абарону займала 42-я стралковая дывізія, асноўнай сілай якой з’яўляўся 459-ы стралковы полк пад камандваннем маёра Нікіціна. У цэлым абарончымі баямі на рубяжы Тэўлі — Кобрын кіраваў камандзір 28-га стралковага корпуса генерал-маёр Папоў.

Праз тры тыдні пасля захопу нашай мясцовасці гітлераўскай арміяй вёску Тэўлі акружылі немцы. Жыхары былі сагнаны на луг паміж вёскай і станцыяй Тэўлі. Мужчын аддзялілі ад жанчын. Па спіску выклікалі болей дваццаці чалавек. Міхаіл Ефімчук не падняўся з зямлі па выкліку — яго тут жа застрэлілі. Астатніх павезлі ў Кобрын і расстралялі там. Вось іх імёны:

Бойка Рыгор Матвеевіч
яго маці Бойка Агрыпіна
Бойка Іван
яго сын Бойка Павел
Барздун Іван Несцеравіч
Грышчук Іван Мікалаевіч
Грышчук Лявонцій Антонавіч
Дудко Васіль Іванавіч
Ефімчук Пракоп Ільіч
Каляда Уладзімір Емельянавіч
Каляда Пётр Арцёмавіч

Разам з гэтымі людзьмі за Кобрынам былі расстраляны 14 чалавек яўрэйскага насельніцтва. Так была праліта першая кроў у нашай вёсцы. У час вайны ў Тэўлях размяшчалася нямецкая камендатура, менавіта з Тэўляў немцы і паліцэйскія адпраўляліся на карныя аперацыі. Вёску Тэўлі называлі Берлінам, а суседнюю вёску Стрыгава — Масквой, так як у Стрыгаве былі партызаны.

У красавіку 1943 года нямецкія ваеннаслужачыя пад'ехалі на аўтамашыне да Тэвельскай Свята-Успенскай царквы, знялі медны звон (1 метр шырыня, 1 метр вышыня), пагрузілі на аўтамашыну і павязлі на чыгуначную станцыю Тэўлі (каля аднаго кіламетра ад царквы). Пагрузілі ў вагон і адправілі ў бок Брэста, г. зн. у заходнім накірунку.

У час зняцця звона ніякіх ваенных дзеянняў у раёне Тэўляў не адбывалася. З красавіка 1943 года веруючыя збіраліся на Богаслужэнне па гуку ад удараў у падвешаную чыгуначную рэйку. Зноў звон загучаў у Свята-Успенскай царкве в. Тэулі толькі 13 лютага 2005 года.

Айцец Аляксандр, настаяцель Свята-Успенскай царквы, і веруючыя знайшлі чатырох сведкаў, якія бачылі, як гэта ўсё адбывалася ў красавіку 1943 года. Стараста в. Тэўлі Зіхманчук Гаўрыіл Ульянавіч вырашыў аднавіць страчанае. Многім людзям не верылася, што можна набыць новы звон, так як патрабавалася многа грошай. Звярнуліся за дапамогай у германскае пасольства, у Фонд узаемаразумення і прымірэння, да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Кучынскага Віктара Францэвіча, нават напісалі ліст да Прэзідэнта РБ Лукашэнка А. Г. Пісьмо да Прэзідэнта, канечне ж, не дайшло — яго разгледзілі ў Брэсцкім аблвыканкаме і Кобрынскім райвыканкаме і прынялі рашэнне аб зборы сродкаў для вырабу звона.

Добрыя, чулыя кіраўнікі, якія ўзначальваюць прадпрыемствы г. Кобрына і раёна, і, канечне ж, прыхажане дапамаглі. Новы звон заняў сваё пачэснае месца 13 лютага 2005 года. На ім выбіты словы:

Сей колокол лит
Лета 2005г.
На средства прихожан и
Шорова Мусы Мухамедовича.

Восенню 1943 года ў вёсцы Тэўлі стаялі венгры. Прыйшлі партызаны, раззбаілі іх і вярнуліся ў лес. Фашысты арыштавалі кузняца Радчука Барыса Ігнацевіча і вывезлі ў невядомым напрамку, западозрыўшы яго ў дапамозе партызанам пры раззбраенні венграў. Яго, напэўна, расстралялі, так як ніякіх звестак пра яго больш не было.

У 1944 годзе савецкая армія наступала на ўсіх франтах. Праз суседні астановачны пункт Стаўпы праходзіў партызан Каўпак з сваім атрадам. У гэты час на станцыі Тэўлі астанавілася некалькі нямецкіх эшалонаў, якія рухаліся на захад. І толькі калі партызанскі атрад далёка адышоў ад чыгункі, нямецкія эшалоны прадоўжылі свой рух.

20 ліпеня 1944 года в. Тэўлі вызвалена ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. У час бамбардзіровак пры вызваленні вёскі могія вялікія будынкі былі зруйнаваны, у тым ліку дзве вадакачкі, чыгуначны вакзал, які быў узноўлены ў 1946-47 гг.

У час вайны ў вёсцы акупанты засяляліся ў вялікія будынкі. Каб гэтага не дапусціць, партызанамі былі спалены хата святога айца, школа. Пасля вызвалення вёскі месцы, дзе была школа, ў брацкай магіле быў пахаваны 51 воін 55-й гвардзейскай дывізіі 1-га Беларускага фронта, якія загінулі пры вызваленні вескі ў ліпені 1944 года. У 1958 г. на магіле ўстаноўлены помнік — скульптура салдата. Сімвалічна, што побач з помнікам воінам-вызваліцелям узведзены абеліск у гонар 62 землякоў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Яны прайшлі дарогамі вайны

АГАРОДНІК Васіль Макаравіч, н. у 1923, на фронце з красавіка да мая 1945, радавы.
АСТАПУК Іван Фёдаравіч, н. у 1901, на фронце з кастрычніка 1944 да мая 1945, радавы.
АСТАПУК Андрэй Рыгоравіч, н. у 1910, на фронце са снежня 1944 да мая 1945.
БОЙКА Алена Матвееўна, сувязны партызан.
ВЕРАМЕЙЧЫК Уладзімір Мікалаевіч, н. у 1922, на фронце з сакавіка да мая 1945, радавы.
ГАМОЛА Уладзімір Андрэевіч, н. у 1926, на фронце з сакавіка да мая 1945, радавы.
ГЕРЖА Іван Раманавіч, н. у 1925, на фронце з верасня 1944 да мая 1945, радавы.
ГРЫЦУК Міхаіл Сідаравіч, н. у 1923, на фронце з кастрычніка 1944 да лютага 1945, радавы.
ГУБАРЧУК Аляксандр Георгіевіч, н. у 1925, на фронце са жніўня 1944 да студзеня 1945, радавы.
ДЗЯМІДЧЫК Якаў Васільевіч, н. у 1913, на фронце з верасня 1944 да мая 1945, радавы.
ДЗЯМКО Васіль Самуілавіч, н. у 1915, на фронце з сакавіка да мая 1945, радавы.
ДРУГАК Якаў Антонавіч, н. у 1910, на фронце са снежня 1944 да мая 1945, радавы.
КАЛЯДА Іван Якімавіч, сувязны партызан.
КАЛЯДА Уладзімір Герасімавіч, н. у 1908, на фронце са жніўня 1944 да сакавіка 1945, радавы.
КАСАЧУК Іван Зосімавіч, н. у 1912, на фронце са снежня 1944 да лютага 1945, радавы.
КАСЦЮК Сцяпан Гаўрылавіч, сувязны партызан.
КАСЦЮЧЫК Уладзімір Нічыпаравіч, н. у 1923, партызан са снежня 1943 да ліпеня 1944.
КАХЦЮК Філімон Астапавіч, н. у 1914, на фронце са жніўня 1944 да студзеня 1945, радавы.
КАЧАН Сцяпан Васільевіч, н. у 1917, на фронце з чэрвеня 1941 да мая 1945, радавы.
КАЧУРКА Васіль Герасімавіч, н. у 1908, на фронце з верасня 1944 да мая 1945, радавы.
КІРЫСЬ Якаў Ніканавіч, н. у 1911, на фронце са жніўня да верасня 1944, радавы.
КОЗЕЛ Мікалай Андрэевіч, н. у 1926, на фронце з верасня 1944 да красавіка 1945, радавы.
КРАЎЧУК Іван Максімавіч, н. у 1925, партызан атрада імя Чапаева з чэрвеня да ліпеня 1944.
КУЛЯШОЎ Мікалай Афанасьевіч, н. у 1916, на фронце з чэрвеня 1941 да мая 1945, старшына.
КУХАРЧУК Дзмітрый Аляксандравіч, н. у 1923, партызан атрада імя Чапаева, на фронце з мая 1944 да сакавіка 1945, радавы.
ЛАШУК Міхаіл Васільевіч, н. у 1922, на фронце з лістапада 1944 да мая 1945, радавы.
ЛІГАТКО Павел Іванавіч, н. у 1913, на фронце з кастрычніка 1944 да красавіка 1945, радавы.
ЛЯШЧЫНСКІ Уладзімір Іванавіч, н. у 1903, на фронце з лістапада 1944 да мая 1945, радавы.
МАЙСЮК Васіль Дзяменцьевіч, н. у 1909, на фронце з красавіка да мая 1945, радавы.
МАЙСЮК Іван Арсенцьевіч, н. у 1906, на фронце са студзеня да мая 1945, радавы.
МАРОЗ Міхаіл Андрэевіч, н. у 1922, на фронце са снежня 1944 да мая 1945, радавы.
МАРЧУК Канстанцін Філімонавіч, н. у 1919, на фронце з чэрвеня 1944 да мая 1945, радавы.
НОВІК Андрэй Раманавіч, н. у 1920, на фронце са жніўня 1944 да мая 1945, малодшы сяржант.
ПІЎЧЫК Павел Мілайлавіч, н. у 1902, на фронце з сакавіка да мая 1945, радавы.
ПЯТРЫНЧЫК Фёдар Фёдаравіч, н. у 1916, на фронце з кастрычніка 1944 да мая 1945, радавы.
САЎЧУК Сямён Малафеевіч, н. у 1918, на фронце з верасня 1944 да мая 1945, радавы.
ТРАЙЧУК Мікалай Андрэевіч, н. у 1923, на фронце са жніўня 1944 да лютага 1945, радавы.
ЦІМАШЭНКА Дзмітрый Рыгоравіч, н. у 1922, на фронце з кастрычніка 1941 да мая 1945, малодшы сяржант.
ЧАРНАК Варвара, сувязны партызан.
ЧАРНАК Сцяпан Міхайлавіч, н. у 1912, на фронце са студзеня да красавіка 1945, радавы.
ШАЎЧУК Іван Міхайлавіч, н. у 1920, на фронце са жніўня 1944 да сакавіка 1945, радавы.
ШУГАЙ Васіль Сававіч, н. у 1922, на фронце з кастрычніка 1944 да мая 1945, сяржант.
ШУГАЙ Рыгор Аляксеевіч, н. у 1923, на фронце са жніўня да верасня1944, радавы.
ШЫБУН Канстанцін Уладзіміравіч, н. у 1919, на фронце з кастрычніка 1944 да лютага 1945, сяржант.
ШЫМУК Фёдар Сцяпанавіч, н. у 1919, партызан атрада імя Чапаева з верасня 1943 да ліпеня 1944.
ЯЎЧУК Якаў Цярэнцьевіч, н. у 1921, на фронце з верасня 1944 да студзеня 1945, радавы.

Ахвяры вайны

Удзельнікі антыфашысцкага падполля, партызаны, асобы, якія актыўна садзейніча¬лі партызанскаму руху і падполлю, члены іх сем’яў і мірныя жыхары — ахвяры фашысцкага тэрору.

ГРЫЦУК Алена Макараўна, н. у 1905, дапамагала партызанам, памерла ад ран у 1944.
ГРЫЦУК Антон Антонавіч, н. у 1902, партызан атрада імя Чапаева, загінуў 1.05.1942
ГРЫЦУК Леанід Антонавіч, загінуў у чэрвені 1941.
ГРЫЦУК Леанід Сцяпанавіч.
МАЧУЧКА Уладзімір Сцяпанавіч.

Воіны-землякі, якія загінулі ці прапалі без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

БОЙКА Георгій Іванавіч, н. у 1919, прызваны ў Чырвоную армію ў 1944, радавы, загінуў 6.12.1944 ва Усходняй Прусіі.
БОЙКА Рыгор Мацвеевіч, н. у 1921, загінуў пад Кобрынам у 1941.
БОЙКА Юрый Іванавіч, н. у 1919, загінуў ва Усходняй Прусіі ў 1945.
БОРЗДУН Максім Ільіч, н. у 1906, пасля вызвалення Заходняй Беларусі працаваў оперупаўнаважаным у Кобрыне, у час вайны трапіў у палон і загінуў у лагеры смерці ў Магілёве.
БУДЗЮК Фёдар Яфімавіч, н. у 1925, загінуў у 1941 пад Варшавай.
ГОПША Аляксей Мікітавіч, н. у 1917, памёр ад ран у 1941.
ГОПША Мікалай Аляксандравіч, н. у 1922, прапаў без вестак у красавіку 1945.
ГРЫГОРЫК Сава Іванавіч, н. у 1907, прызваны ў Чырвоную армію ў 1944, радавы, прапаў без вестак у маі 1945.
ГРЫШЧУК Георгій Еўдакімавіч, н. у 1917, прызваны ў Чырвоную армію 1944, радавы.
ГРЫШЧУК Іван Ніканавіч, н. у 1919, радавы, загінуў у Магілёўскай вобласці ў 1943.
ГУБАРЧУК Якаў Георгіевіч, н. у 1921, прызваны ў Чырвоную армію ў 1944, радавы, прапаў без вестак у маі 1945.
ГУСЕЎ Канстанцін Іванавіч, н. у 1917, загінуў 3.2.1945 ва Усходняй Прусіі.
ДЗНІСЮК Рыгор Уладзіміравіч, н. у 1905, прапаў без вестак у красавіку 1945.
КАЗЫРА Канстанцін Канстанцінавіч, н. у 1912, прызваны у Чырвоную армію ў 1944, радавы, загінуў 3.11.1944 у Латвіі.
КАЛЯДА Уладзімір Емільянавіч, н. у 1915, загінуў 1942, месца гібелі невядома.
КАСЦЮК Сцяпан Гаўрылавіч, н. у 1922, загінуў 26.10.1944
МАРТЫНЮК Аляксандр Аляксееевіч, н. у 1912, загінуў 21.1.1945 ва Усходняй Прусіі.
МАРТЫСЬ Уладзімір Рыгоравіч, н. у 1925, загінуў 14.1.1945 ва Усходняй Прусіі.
ПАНАСЮК Сцяпан Іванавіч, н. у 1910, загінуў 18.11.1944
ПРУДАЕЎ Лявонцій Цімафеевіч, прызваны ў Чырвоную армію ў 1944, радавы, загінуў 22.1.1945 у Польшчы.
ЧАРНАК Сяргей Сяргеевіч, н. у 1925, загінуў у1944, месца гібелі невядома.
ЯЎЧУК Антон Цярэнцьевіч, загінуў 13.4.1945 у Польшчы.

Пасля вайны ў Кобрынскім раёне “гаспадарыла” банда Юшчыка. Толькі ў 1947 годзе, зімой, гэту банду здолелі акружыць на адным з хутароў. Кобрынскай міліцыі ў гэтай акцыі дапамагалі дабравольцы з вёскі Тэўлі, якіх называлі “истребками”. Бандыты здолелі забіць аднаго міліцыянера і “истребка” Колю Веруша.

Пасляваенны перыяд (1945 — 1991)

Пасля вызвалення ў ліпені 1944 г. тэрыторыі вобласці ад гітлераўскіх захопнікаў узнавіў сваю дзейнасць Тэвельскі сельскі Савет дэпутатаў працоўных. З пратакола №1 ад 09.01.45 г. Кобрынскага РВК: будынак сельсавета перадаць бальніцы, памяшканне медпункта перадаць сельсавету.

26.01.1945 г. у Тэўлях адкрыта сямігадовая школа, але ўжо праз год вучні былі пераведзены ў Рынкі. 12.04.1946 г. У Тэўлях адкрыта бібліятэка.18.02.1948 г. Дом соцкультуры ў Тэвельскім сельсавеце. У 9 жніўня 1949 г. 36 вясковых гаспадарак аб'ядналіся ў калгас імя Чкалава (старшыня Г.П.Каліш). 23 жніўня 1949 г. на агульным сходзе сялян в. Навасёлкі Тэвельскага сельсавета заснаваны калгас імя Молатава. 30 мая 1950 г. ЦК ВКП(б) прыняў пастанову “Об укрупнении колхозов и задачах партийных организаций в этом деле”. Мясцовыя партыйныя і савецкія органы шырока разгарнулі тлумачальную работу аб перавагах і эканамічнай выгадзе буйной калектыўнай вытворчасці. Ідэя стварэння буйных калгасаў знайшла гарачую падтрымку сярод калгаснага сялянства.

Агульны сход членаў калгасаў імя Молатава і імя Чкалава 8 студзеня 1951 г. пастанавіў: аб’яднаць два ўказаных калгаса ў адзін калгас імя Молатава з цэнтрам у в. Тэўлі. Пастанова агульнага схода зацверджана рашэннем Кобрынскага райвыканкама № 3 ад16 студзеня 1951 г., а рашэннем № 68 ад 26 студзеня 1951 г. зарэгістраваны Статут калгаса імя Молатава. У вёсцы Тэўлі дзейнічала толькі пачатковая школа.

1957 год. Вучні на фоне Тэвельскай пачатковай школы, заведуючы школы Левчук.

На аснове пастановы агульнага схода калгаснікаў ад 17 ліпеня 1957 года калгас імя Молатава перайменаваны ў калгас “Радзіма”. Згодна пастаноў агульных сходаў калгасаў імя Дзімітрава Тэвельскага сельсавета, “Радзіма” Тэвельскага сельсавета і “Праўда” Казішчанскага сельсавета ад 10 ліпеня 1959г. вызначаныя калгасы былі аб’яднаны ў адзін калгас імя Дзімітрава з цэнтрам ў в. Стрыгава.

З гэтага моманту калгас “Радзіма” Тэвельскага сельсавета спыніў сваю дзейнасць. Згодна Загаду Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 11 жніўня 1959 г. Тэвельскі, Казішчанскі і Стрыгаўскі сельсаветы аб’яднаны ў адзін Тэвельскі сельсавет (в. Германы, в. Глінянкі, в. Дзевяткі, в. Заверша, в. Залессе, в. Завужоўе, в. Ківацічы, в. Кляшчы, в. Ластаўкі, в. Лышчыкі, в. Малышы, в. Мацы, в. Мярніца, в. Навасёлкі, в. Острава, в. Песцянькі, в. Рынкі, в. Слаўнае, в. Стасюкі, в. Стрыгава, в. Тэўлі, в. Чарнічнае). У вёсцы Тэўлі праходзяць розныя мерапрыемствы, наладжваюцца канцэрты.

15.01.1961 г. Тэвельскія жанчыны перад рэпетыцыяй на фоне Дома культуры.

Агульным сходам калгаснікаў калгаса імя Дзімітрава Тэвельскага сельсавета ад 25 чэрвеня 1963 г. была прынята пастанова аб разбуйненні калгаса імя Дзімітрава на 2 калгасы: калгас імя Дзімітрава і калгас “Тэвельскі”. Цэнтр калгаса “Тэвельскі” знаходзіўся ў в. Тэўлі. У яго склад уваходзілі вёскі: Тэўлі, Навасёлкі, Заўжоўе, Стасюкі, Германы, Чарнічнае і Слаўнае.

Рашэннем Кобрынскага райвыканкама № 258 ад 6 ліпеня 1963 г. была зацверджана пастанова агульнага схода калгаснікаў. Статут калгаса “Тэвельскі” быў зарэгістраваны 18 жніўня 1964 г. рашэннем Кобрынскага райвыканкама № 322.

1970 год. Тэўлі, вуліца за чыгункай

У сувязі з прыняццем Канстытуцыі СССР 7 кастрычніка 1977 года Тэвельскі сельскі Савет дэпутатаў працоўных і яго выканаўчы камітэт сталі называць:Тэвельскі сельскі Савет народных дэпутатаў і яго выканаўчы камітэт. На працягу 1963 — 1966 гг. Тэвельская бальніца была лепшай сярод сельскіх бальніц Брэсцкай вобласці.

Калектыў Тэвельскай бальніцы з галоўнымі ўрачамі вобласці

4 сакавіка 1979 года з калгасам “Тэвельскі” аб’яднаўся калгас “1 Мая”, як эканамічна слабейшая гаспадарка. Старшыня ўкрупненага калгаса — Жэдь Мікалай Аляксеевіч. Цэнтр калгаса — вёска Тэўлі. 1985 год. У вёсцы Тэўлі 246 двароў, 609 жыхароў; размешчаны адміністрацыйны будынак калгаса імя Гагарына, у якім знаходзіцца сельсавет, таксама у вёсцы ёсць аддзяленне сувязі, зберкаса, комплексны прыёмны пункт, пральня самаабслугоўвання, баня на 20 месц, пачатковая школа, сталовая на 30 месц, клуб. Магазіны: 2 прадуктовыя, адзін прамысловы, магазін хозтавараў і магазін нарыхтовак.

У складзе Рэспублікі Беларусь (1991 — 2006)

На 1.01.1999 г. 250 двароў, 624 жыхары, будынкі выканкама сельсавета і адміністрацыі калгаса імя Гагарына, 2 магазіны, клуб, бібліятэка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, школа-сад.  На 3.10.2001 г. На тэрыторыі Тэвельскага сельскага Савета размешчаны 21 веска, тры калгасы, адзяленне птушкафабрыкі, дзейнічаюць дзве сярэднія і адна пачатковая школа-сад. Тэўлі — адзіная вёска — цэнтр сельскага Савета, дзе няма сярэдняй школы. У Тэўлях — 4 магазіны, кафэ, пошта, участковая бальніца, аптэка, ветучастак, чыгуначная станцыя. У Тэўлях пражывае 618 жыхароў у 250 дварах. Вёска — цэнтр калгаса імя Гагарына.

На 16.12.2006 г. будынкі выканкама сельсавета і адміністрацыі ААТ “Тэўлі”, 3 магазіны, клуб, бібліятэка, бальніца сястрынскага догляду, амбулаторыя, аптэка, школа-сад. Населеныя пункты Тэвельскага с/с, якія не існуюць або ўвайшлі ў склад іншых вёсак: Каленіца, Масты, Тулічы.

Тулічы
Старадаўняя сядзіба роду Дзяконскіх, потым маёнтак па жаночай лініі перайшоў да роду Чэрняў. Размешчана за 2 км на ўсход ад в. Тэўлі. Тулічы ўпершыню згадваюцца ў пісьмовых крыніцах у 1563 г. У Акце каралеўскай рэвізіі запісана, што ў 1563 г. маёнтак Тулічы меў 20 валок ворнай зямлі і 18 валок замкавага лесу.

Захаваліся рэшткі парку. Да 1-й сусветнай вайны тут існаваў сядзібны дом, парк, сажалкі, гаспадарчыя пабудовы, бровар. Палац пабудаваны пры Дзяконскіх яшчэ ў пачатку XIX ст. Гэта быў драўляны аднапавярховы будьшак з ганкам па цэнтры галоўнага фасада, над якім узвышалася мансарда. У канцы 2-й сусветнай вайны палац быў спалены партызанамі, а бровар разабраны на цэглу мясцовымі жыхарамі.

Пасля вайны парк быў закінуты, пацярпеў вялікую высечку. Нягледзячы на безгаспадарнасць, захаваліся дрэвастой, пладовы сад, сажалка, равы. Цэнтр парку заараны і заняты палеткамі мясцовага калгаса. У плане парк мае форму прамавугольніка, абмежаванага з захаду і поўначы палеткамі мясцовага калгаса, з усходу - пладовым садам, з поўдня - дарогай. Парк мае 2 паляны, абсаджаныя ліпамі і грабамі. У парку растуць дрэвы мясцовых парод: дуб, ясень, ліпа, таполя, клён, граб і інш. На месцы спаленага палаца разраслася плантацыя бэзу. Рэшткі парку патрабуюць узяцця на ўлік і пад ахову дзяржавы.

Лiтаратура

1. Памяць: Гіст.-дакум. Хроніка Кобрынскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2002.
2. Гісторыка-культурная спадчына Кобрыншчыны/Аддз. культуры Кобр. райвыканкама; Склад. Ю. А. Барысюк — Баранавічы:Баранав.узбуйн. друк., 2001.
3. «Ревизия Кобринской экономии составленная в 1563 году королевским ревизором Дмитрием Сапегою». Вильна, 1876.
4. Дакументы Кобрынскага занальнага архіва
5. Военные мемуары генерал-полковника Л.М. Сандалова «Пережитое» — Москва: военное издательство министерства обороны СССР, 1966.
6. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы)/ Л. М. Несцярук. — Мн.: БЕЛТА, 2002.
7. “Скарбонка майго краю” (матэрыял Тэвельскай сельскай бібліятэкі)
8. “История к-з им. Гагарина” ( материал Правления ОАО “Тевли”)
9. А. Шугай “Мой родны кут…”\\ «Кобрынскі веснік» ад 3 кастрычніка 2001 года
10. Я. Мазур «Первая кровь»\\ “Рэспубліка” ад 8 мая 2003 года

Аўтар: Заляшчук Раман Васільевіч

Расположение на карте


Навигация



Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину