Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Древняя Кобринщина

Зямля нашых продкаў

Паводле археалагічных звестак, у межах раёна налічваецца больш за 20 населеных пунктаў, каля якіх размяшчаліся старажытныя стаянкі. Археалагічныя пошукі ўпершыню былі праведзены ў 1889 г. паводле распараджэння галоўнага кіраўніцтва паветаў па Гродзенскай губерні. Мясцовымі жыхарамі і вучонымі была сабрана значная калекцыя прылад працы, прадметаў побыту, зброі і іншых рэчаў першабытнага чалавека.

Першыя людзі ў гэтых мясцінах з'явіліся прыкладна 14 тысячагоддзяў таму, у канцы старажытнага каменнага веку (верхняга палеаліту). Менавіта перад гэтым магутны ледавік, што займаў поўнач Беларусі, адышоў да Скандынавіі, пачалося пацяпленне клімату. Тагачасныя плямёны ішлі з паўднёвага захаду і захаду, рухаючыся па далінах буйных рэк. Да пачатку сярэдняга каменнага веку (мезаліту, 9–5-е тысячагоддзі да н.э.) яны ўжо добра асвоілі землі ўсяго заходняга Палесся і Панямоння. Паступова старажытныя плямёны набылі спецыфічныя, характэрныя толькі для іх, рысы, якія праяўляліся ў формах вырабу прылад працы і зброі, канструкцыі жытла і г. д. Археалагічньм знаходкі, выяўленыя археолагам А.В.Іовам на Кобрыншчыне ў 1998-2000 гг. Уверсе — прылады працы неалітычнага чалавека (4-е тысячагоддзе да н.э.); у сярэдзіне — баявая каменная сякера «шнуравікоў» (пачатак 2-га тысячагоддзя да н.э.) і фрагмент глінянага гаршка (X ст.); унізе — дзіцячая цацка з волава з яўрэйскімі лічбамі (XVI ст., знойдзена ў час земляных работ на плошчы Свабоды ў Кобрыне).

Такія комплексы вучоныя называюць археалагічнымі культурамі. У дадзеным выпадку гаворка ідзе аб т.зв. свідэрскай культуры, якая ў 10–7-м тысячагоддзях да н.э. займала сучасную Мазовію (Польшча) і заходнюю Беларусь. Асноўнымі заняткамі свідэрскіх плямён былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. У пошуках багатых дзічынай угоддзяў яны перыядычна пакідалі абжытыя мясціны. Палявалі пераважна пры дапамозе лука і стрэл з крамянёвымі наканечнікамі. 3 крэменю выраблялі і прылады працы: разцы, скрэблы, нажы, сякеры і інш., а з рагоў і касцей — цёслы, гарпуны і рыбалоўныя кручкі. 3 дапамогай гэтых прылад людзі апрацоўвалі шкуры жывёл, шылі скураное адзенне.

У час мезаліту плямёны рабілі свае стаянкі каля вады, на пясчаных пагорках. Звычайна будавалі некалькі жытлаў (з жэрдак, галля, шкур), у якіх пражывала адна мацярынская радавая абшчына. На Кобрыншчыне знойдзена пакуль адзіная такая стаянка (за 5 км на паўночны ўсход ад Дзівіна, каля возера Любань).

Знаходкі археалагічнай экспедыцыі М. М. Крывальцэвіча ў заходнім Палессі (2000 — 2001). Уверсе (1-6) — крамянёвыя вырабы першабытных людзей, знойдзеныя каля в. Дзівін; у сярэдзіне — кра-мянёвыя сякераклін (злева) і шліфаваная сякера, знойдзеныя каля в. Дзівін ва ўрочышчы Калода; унізе — каменныя матыка (злева) і сякера, знойдзеныя каля в. Ліпава.

У канцы 5-га тысячагоддзя да н.э. на Палессі пачаўся новы каменны век (неаліт). Рыбалоўства набывае першараднае значэнне, апярэджваючы паляванне. З'яўляецца гліняны посуд, паляпшаецца апрацоўка каменю, косці і рогу, пашыраюцца віды прылад, павялічваецца і колькасць паселішчаў, а таксама жытлаў у іх.

У 4–3-м тысячагоддзях да н.э. Кобрыншчыну насялялі плямёны нёманскай культуры. Яе адметная асаблівасць — вастрадонны гліняны посуд з арнаментам, што наносіўся гарызантальнымі пасамі, часта з дапамогай грэбеня. Трапляюцца і першыя, зробленыя з крэменю сярпы, што сведчыла аб пачатку земляробства, а, відаць, і жывёлагадоўлі. Сустракаюцца ў гэтых слаях і вырабы іншых суседніх культур, напрыклад, прывіслінскіх плямён з захаду, што рухаліся на Палессе. Неалітычныя старажытнасці на тэрыторыі Кобрынскага раёна выяўлены ў некалькіх месцах: крамянёвыя наканечнікі стрэл і іншыя прылады знойдзены ў згаданай стаянцы каля Дзівіна ў пясчаных кар'ерах каля в. Хабовічы. У Варшаўскім археалагічным музеі захоўваецца касцяны наканечнік стралы, знойдзены ў тарфяніку каля в. Літвінкі. Неалітычнае паселішча складалася з некалькіх жытлаўхацін, у якіх магло жыць да дзесяці чалавек. Часцей іх будавалі проста на зямлі, але сустракаюцца і паглыбленыя (зямлянкі), а таксама на палях. Пасярэдзіне размяшчалася невялікае агнішча, абкладзенае камянямі.

У пачатку 2-га тысячагоддзя да н.э. амаль усю тэрыторыю Беларусі займаюць шматлікія прышлыя плямёны блізкіх археалагічных культур. Гэта быў час культуры шнуравой керамікі (гліняны посуд арнаментаваўся адбіткамі шнура). «Шнуравікі» выказвалі і сваю ваяўнічасць: даволі частыя знаходкі шліфаваных сякер з прасвідраванымі адтулінамі. Таму іх яшчэ называюць плямёнамі баявых сякер. Неўзабаве сталі выкарыстоўвацца і прылады з бронзы. «Шнуравікі» прынеслі на мясцовыя землі бронзавую эпоху. У 1-й палове 2-га тысячагоддзя да н.э. вядучымі формамі гаспадаркі становяцца земляробства і жывёлагадоўля.

На тэрыторыі Кобрыншчыны, як і ўсёй паўднёва-заходняй Беларусі, вылучана палеская група шнуравой керамікі. Тагачасныя жыхары сяліліся па пясчаных узвышшах і надпоплаўных тэрасах. Іх жытлы звычайна паглыбляліся ў зямлю (катлаван 2,5x5 м) і абкружаліся сценкамі са слупоў. Нябожчыкаў хавалі ў грунтавых ці падкурганных пахаваннях у скурчаным становішчы. У магілу клалі вырабы з керамікі, баявыя сякеры з каменю і бронзы. Часцей за ўсё трапляюцца каменныя шліфаваныя сякеры (асабліва ў паўднёвай частцы раёна). У школьным музеі ў Навасёлках, які стварыў мясцовы настаўнік гісторыі А.Дронец, выстаўлена больш за 40 такіх прадметаў.

У сярэдзіне 2-га тысячагоддзя да н.э. ва ўсходняй Полыпчы, паўночнай Украіне і паўднёвай Беларусі сфарміравалася т.зв. тшцінецкая археалагічная культура (назва ад польскага паселішча Тшцінец). Яе прадстаўнікі ўжо моцна былі звязаны з земляробствам. Іх прылады па-ранейшаму вырабляліся з каменю (крэмень), аднак пашырыўся асартымент і бронзавых вырабаў: кінжалы, бранзалеты, шпількі, пярсцёнкі. У арнаментацыі глінянага посуду зніклі адбіткі шнура, пераважала аздабленне ў выглядзе паралельных рысак, што апяразвалі гаршкі ў верхняй частцы. Дарэчы, многія даследчыкі лічаць прадстаўнікоў тшцінецкай культуры продкамі славян.

Слядоў пражывання людзей у бронзавым веку на Кобрыншчыне знойдзена даволі шмат: на левабярэжжы р. Мухавец, непадалёк ад в. Турная, чакаюць сваіх даследчыкаў паселішчы эпохі бронзы каля вёсак Акцябр, Аніскавічы, Варатынічы, Кустовічы, Ліпава, Малы Рудзец, Мяфёдавічы, Прылукі, Худлін і інш. Тыповыя вырабы бронзавага веку (каменны малаток, крамянёвы серп і баявыя сякеры) выяўлены на беразе р. Кобрынка на захад ад в. Кісялёўцы. Каля в. Гарадзец у тарфяніку знойдзены апрача баявых сякер рэшткі дубовага чоўна.

На жаль, час, які прыпадае на апошняе тысячагоддзе да н.э., у заходнім Палессі практычна не вывучаўся.

Эпоха жалеза на Палессі пачалася ў VII ст. да н.э. Сыравіна — балотная руда — была побач. Жалеза выраблялася ў невялікіх печах-домніцах, у якія загружалася руда і драўняны вугаль. Скуранымі мяхамі праз сапло раздзьмухвалі агонь, даводзілі тэмпературу ў такой печы да 700–1200 °С, дастатковую для выплаўкі порыстай жалезнай масы — крыцы.

Пачатак жалезнага веку ў заходнім Палессі звязваюць з усходнепаморскай археалагічнай культурай. Аднак этнічная прыналежнасць плямён застаецца няяснай. Адны даследчыкі лічаць іх славянамі, іншыя — германцамі ці балтамі. Таму не вырашана і пытанне, якія плямёны насялялі Кобрыншчыну пасля II ст. н.э., калі ўсходнепаморская культура спыніла сваё існаванне. Праз гэту тэрыторыю тады перамяшчалася мноства плямён, у т.л. готы, гепіды і інш. Комплекс іх старажытнасцей (II–IV ст. н.э.) атрымаў назву вельбарскай археалагічнай культуры. Яна знікае ў IV ст. н.э. Хутчэй за ўсё яе плямёны былі асіміляваны мясцовым насельніцтвам.

Выраб з жалеза трывалых прылад даваў магчымасць старажытнаму чалавеку смялей наступаць на лясы, заваёўваючы новыя плошчы для пасеваў. У выніку гаспадарчай дзейнасці пачаўся працэс распаду першабытных адносін і з'яўлення вялікіх патрыярхальных сямей.

Першыя сталыя паселішчы славян узнікаюць у заходнім Палессі ў VI–VII ст. Нельга ўпэўнена сказаць, з якімі мясцовымі плямёнамі ім давялося сустрэцца. Можа, гэта былі патомкі кельтаў, готаў ці яцвягаў — спрэчкі аб гэтым яшчэ працягваюцца. Напрыклад, у заходнееўрапейскіх пісьмовых крыніцах племя яцвягаў (судова, судзіны) упамінаецца ўжо ў II ст. н.э. як народ, што жыў недзе на ўсход ад Віслы. Дарэчы, у мясцовай тапаніміі нярэдка сустракаюцца назвы тыпова неславянскага паходжання. Пакуль што археолагамі знойдзена ўсяго некалькі каменных курганоў у басейне р. Лясная, якія сведчаць аб прысутнасці тут у даўнія часы яцвягаў.

З'яўленне славян у заходнім Палессі звязваецца з рассяленнем плямён дулебаў. Паводле летапісу, у пачатку VII ст. яны «...живяху по Бугу, где ныне велыняне...». Адсюль, прасоўваючыся па Мухаўцы, дулебы дасягнулі Кобрыншчыны. Прынамсі, старажытнасці VI–IX ст. выяўлены каля в. Басяч і на Кобрынскім замчышчы. Але канчатковых вывадаў па пытаннях аб племянной прыналежнасці насельніцтва Брэсцкага Пабужжа і Кобрыншчыны пакуль няма. На падобныя пытанні адказ могуць даць далейшыя археалагічныя даследаванні.

Праведзеныя раскопкі паказалі, што ў той час разам з грунтавымі сустракаюцца пахаванні спаленых астанкаў пад курганамі. Як і раней, у іх мала металічных рэчаў. Толькі ў некаторых трапляюцца кольцы з бронзавага дроту, жалезныя нажы і інш. Плошча славянскага жытла дасягнула 30 м2. Печы з гліны і каменю размяшчаліся часцей у правым далейшым ад увахода куце. Нярэдка каля жытла будаваліся клеці для захоўвання збожжа. Сустракаюцца і іншыя гаспадарчыя будынкі, нават рамесныя майстэрні. 3 IX ст. на Палессі пашырыўся ганчарны круг. Яшчэ сярод стараславянскіх помнікаў VIII–IX ст. трапляюцца культавыя збудаванні — капішчы з выявамі язычніцкіх ідалаў, слядамі рытуальных агнішчаў і камянямі-ахвярнікамі.

У X ст. з прыняццем хрысціянства ў палескіх славян адбываецца паступовы пераход ад абраду трупаспалення да трупапалажэння пад курганамі. На Кобрыншчыне захавалася толькі 5 могільнікаў, у якіх налічваецца больш за 20 курганоў. Гэта невялікія круглыя насыпы вышынёй ад 0,4 да 1,5 м, дыяметрам 4–15 м. Самы вялікі могільнік знаходзіцца каля в. Засімы. 12 курганоў размешчаны ў лесе, на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Малодча. Яны выцягнуты ланцужком уздоўж правага берага р. Дахлаўка. Мясцовыя жыхары называюць іх «шведскімі магіламі». Падобна, як і жыхары в. Кісялёўцы называюць «французскімі магіламі» курганы ва ўрочышчы Ямішча. Аднак археалагічныя раскопкі не пацвердзілі гэтыя народныя легенды. У курганных могільніках пахаваны славяне X–XIII ст., продкі сучасных жыхароў.

На жаль, большасць курганоў не захавалася. Яны паступова разбураліся прыродай і асабліва гаспадарчай дзейнасцю чалавека. Менавіта ў апошнія дзесяцігоддзі зніклі могільнікі каля вёсак Басяч, Грушава, Мацы. Адзінкавыя пахаванні засталіся яшчэ каля вёсак Залессе і Ілаўск.

У пахаваннях славянскіх воінаў акрамя сякер трапляюцца нажы, наканечнікі коп'яў і стрэл, паясныя спражкі, мячы. У мужчынскіх пахаваннях знаходзяць крэсівы, тачыльныя брускі, бронзавыя і жалезныя гузікі, рэшткі драўляных вёдзер, у якія клалі ахвярную ежу. Болыы разнастайны інвентар жаночых пахаванняў: шкляныя, каменныя і металічныя пацеркі, бронзавыя пярсцёнкі, бранзалеты, упрыгожанні з серабра. Як правіла, у кожным кургане пахаваны адзін нябожчык. Часам трапляецца па 2–3 і болей шкілетаў. Сустракаюцца і курганы без пахаванняў — кенатафы, якія насыпаліся пасля трызны па сваяку, што прапаў без вестак ці загінуў на чужыне.

Паселішчы славян X–XIII ст. на Палессі па-ранейшаму размяшчаліся на ўзвышшах каля рэк, азёр і сярод балот. Адбываецца паступовы пераход ад паўзямлянак да наземных зрубных дамоў. Побач знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы розных канструкцый. Яны і складалі паселішча, звычайна невялікае, усяго да дзесятка сядзіб. Праўда, сустракаюцца і вельмі буйныя: 80–100 сядзіб.

У X–XIII ст. на месцы старажытных паселішчаў узнікаюць першыя гарады — Бярэсце і Пінск (XI ст.), Камянец і Кобрын (XIII ст.), хоць гэта датаванне паводле першага пісьмовага ўпамінання. Безумоўна, яны з'явіліся значна раней. Дзякуючы археолагам, якія правялі шурфаванні непадалёку ад моста цераз Мухавец, у ніжніх пластах былі знойдзены абломкі керамічнага посуду, вырабленага да сярэдзіны XI ст. Гэта азначае, што ўзнікненне Кобрына трэба шукаць у больш глыбінных вяках. Новыя звесткі аб старажытнай Кобрыншчыне прынясуць наступныя археалагічныя раскопкі.

А. В. Iоў

***

У Іпацьеўскім летапісе, які складзены ў канцы XIII ст., сказана: «Се аз, князь Володимер, сын Васильков, внук Романов, пишу грамоту: дал есмь княгине своей, по своем животе город свой Кобрынь и с людьми, и с данью, како при мне даяли, тако и по мне ать дають княгине моей...». Так у лета 6795 ад «стварэння свету», згодна з летапіснай традыцыяй, ці ў 1287 г., княгіня Вольга Раманаўна атрымала па завяшчанні Кобрын. Гэта першае вядомае на сённяшні дзень пісьмовае ўпамінанне пра горад. Узнік Кобрын яшчэ раней. У Іпацьеўскім летапісе ён паўстае як горад, што ўжо склаўся на поўначы Валынскай зямлі, за Прыпяццю.

У канцы VII ст. на тэрыторыі сучаснай Кобрыншчыны апынуліся славянскія плямёны дулебаў, якіх з поўдня адцяснілі качэўнікіавары (обры). Археолагі мяркуюць, што менавіта адсюль, з паўднёвага захаду, пачалося тады асваенне славянамі тэрыторыі, якая потым будзе называцца Беларуссю.Авары, відаць, яшчэ доўга гналі ўцекачоў, якія адыходзілі на захад і на поўнач, і чынілі над імі ўсялякі гвалт. 

 

Кобрын у пачатку XIII с. Паводле малюнка, выыкананага ў Белдзяржпраекце.

Пра гэта можна меркаваць па «Аповесці мінулых гадоў», складзенай каля 1113 г. Нядзіўна, што нашчадкі дулебаў, рассеяных аварамі, будуць шукаць месцы бяспечныя і зацішнью. I ўвесь час будзе маячыць перад імі вобраз злавеснага «обрына», які ўвекавечыўся ў паданнях, у назвах урочышчаў і паселішчаў. Аднак пачынаючы з канца VII ст. магутнасць аварскай дзяржавы, што раскінулася ў паўночным Прычарнамор'і, па Дунаі і Балканах, стала рэзка падаць, а ў 790-я гады яна была канчаткова разгромлена суседзямі. Тыя авары, якія дабраліся да Палесся, нечакана зніклі. 3 нагоды гэтай падзеі летапісец Нестар сказаў крылатую фразу: «Погібоша, аки обры». Хутчэй за ўсё, іх скасіла нейкая эпідэмія. Але сляды іх прысутнасці засталіся: сёлы Абрына і Аброва недалёка ад Целяхан, Аброўская Вулька (Івацэвіцкі раён), Абровы (Іванаўскі раён), Абрына (Карэліцкі раён). Падобна гучыць і назва самога горада Кобрын. Магчыма, першапачаткова паселішча называлася Обрьш (Обрынь), а пачатковая літара «К» з'явілася пазней як указанне на прыналежнасць. Не выключана, што тут знаходзіўся нейкі цэнтр, куды падуладнае насельніцтва прыносіла даніну: «шло к Обрыну».

Першае пiсьмовае ўпамiнанне Кобрына (1287)на старонцы Iпацьеўскага летапiсу

У той час ва Усходняй Еўропе адбываліся вялікія падзеі. Галоўнай з іх было ўтварэнне Кіеўскай Русі. На працягу IX–X ст. яе тэрыторыя расце, фарміруецца старажытнаруская народнасць, якая паступова ўключае ўсе ўсходнеславянскія плямёны ад вярхоўяў Дона да Пабужжа. Развіваюцца феадальныя адносіны, ствараецца адміністрацыйны апарат, з'яўляюцца першыя заканадаўчыя акты. Узнікаюць гарады, часцей за ўсё там, дзе да гэтага ўжо існавалі паселішчы і дзе князі ўзводзілі ўмацаванні, замкі.

Калі б старажытнакобрынская абшчына нічым болыд, акрамя рыбалоўства і палявання, не займалася, то, верагодна, тут так ніколі і не з'явіўся б горад. Аднак ад лета да лета пад націскам гаспадарчых патрэб жыхароў лес адступаў усё далей. Яго месца займалі ўзараныя палі, частка абшчыннікаў перасялілася на больш аддаленыя землі, з'явіліся сёлы. Эканамічныя поспехі прывялі да таго, што пра Кобрын стала вядома далёка за яго межамі. I тут жа з'явіліся новыя ўладары. Цяпер гаспадаром тутэйшых паселішчаў, зямель, рэк і лясоў стаў сам вялікі кіеўскі князь.

У канцы X ст. тэрыторыі, заселеныя валынянамі і бужанамі, увайшлі ў склад старажытнарускай дзяржавы. Тут утварылася Уладзіміра-Валынскае княства. У 983 г., паводле падання, пасля паспяховага паходу на яцвягаў князь Уладзімір у вусці Мухаўца, які ўпадае ў Буг, пабудаваў крэпасць, пры якой вырас горад Берасце. А вышэй па Мухаўцы, прыкладна ў адным дні шляху, знаходзілася тое паселішча, дзе ўзнік Кобрын. Але пакуль гэта назва не фігуравала ў пісьмовых крыніцах.
 

 

            Старажытнарускiя воiны-дружыннiкi

Валынская зямля ў далейшым неаднойчы пераходзіла з рук у рукі, станавілася ўладаннем каго-небудзь з князёў Рурыкавічаў. У XII ст. яна раздрабілася на шэраг адасобленых удзелаў, сярод якіх знаходзілася і Берасцейская зямля. Аднак у канцы стагоддзя князю Раману Мсціславічу ўдаецца зноў усё гэта аб'яднаць. Утвараецца Галіцка-Валынскае княства. Галіцкая дружына нярэдка суправаджала князя ў час палявання ў багатых на звера лясах на поўнач ад Прыпяці. Магчыма, у час адной з такіх паездак знакаміты паляўнічы апынуўся на берагах Мухаўца і спыніўся ў паселішчы, якое схавалася ў паўночным памежжы яго вялікіх уладанняў. Ацаніўшы абароннае значэнне гэтай мясцовасці, ён загадаў узвесці на востраве, утвораным дэльтай Кобрынкі, замак. Мяркуюць, што такім быў пачатак горада, пакуль яшчэ не вядомага летапісцам. Затое ўнук князя Рамана, Уладзімір Васількавіч, дакументальна засведчыць у 1287 г. рэальнае існаванне горада Кобрына.

XIII ст. прынясе цяжкія выпрабаванні Русі. У 1240-я гады яе тэрыторыя будзе захоплена мангола-татарамі, якія дасягнуць Кіева, Галіча і Уладзіміра-Валынскага. Зноў, як паўтысячы гадоў таму, людзі будуць шукаць сховішча за Прыпяццю, у гэтых лясных і балоцістых краях. У выніку насельніцтва тут павялічыцца, вырасце колькасць паселішчаў землеўладальнікаў і, такім чынам, стане больш трывалым значэнне горада як гандлёва-рамеснага цэнтра. Варта ўлічваць і выгаднае геаграфічнае становішча Кобрына на вядомым яшчэ ў старажытнасці водным шляху з Балтыйскага ў Чорнае мора: Вісла— Буг — Мухавец — Піна — Прыпяць — Днепр. Пры гэтым з Мухаўца ў Піну даводзілася дастаўляць судны волакам. Менавіта на гэтым адрэзку і ўзніклі такія тапонімы, як Мухаўлокі (мухавецкія волакі) — назва сяла, і Валока – невялікі прыток, які ўпадае ў Мухавец з усходу.

Князь Уладзiмiр Васiлькавiч па рацэ Лясной. З малюнка М. С. Самокiша

Князь Уладзімір Васількавіч, які валодаў Кобрынам у 2-й палове XIII ст., вядомы як будаўнік абарончых умацаванняў на поўначы Валынскай зямлі. Іпацьеўскі летапіс адзначае, што ў 1275–1276 гг. Уладзімір Васількавіч пабудаваў на подступах да Берасця вартавую вежу, а другую — на рацэ Лясной. У гэтым месцы, дзе стаў узвышацца «столп камен» (Белая вежа, якая захавалася да нашых дзён), ён заснаваў горад «...на пустом месте и нарече имя ему Каменец». Хутчэй за ўсё, не быў абыдзены ўвагай і Кобрын, у якім, відаць, таксама вяліся работы па ўмацаванні замка.

Канкурэнтам у барацьбе за Галіцка-Валынскую спадчыну выступіў польскі кароль Казімір III Вялікі (1333–1370), які захапіў у 1349 г. гарады Львоў, Галіч, Уладзімір-Валынскі, Берасце, пацясніўшы з Валыні запрошанага сюды на княжанне Любарта Гедзімінавіча (1340–1382). На дапамогу Любарту паспяшаліся старэйшыя браты Кейстут і Альгерд. У выніку дзвюх войнаў Казімір III Вялікі вымушаны быў пакінуць большую частку сваіх уладанняў. Згодна з трактатам 1366 г., які пацвярджаў правы Любарта на Валынскае княства, кароль адмаўляўся ад сваіх правоў на Берасце, Камянец, Дарагічын, Мельнік і Бельск, «а также — на Кобрин с поветом, Ольгерду принадлежавшим».

Л.Р.Казлоў



Названия статей

Поиск по сайту



Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину