Ціхай раніцай 1943 гола ў невялічкую вёсачку
ўварваліся фашысцкія захопнікі. Што было далей, са слязамі на вачах
успаміналі сёлета 4-га лістапада цяпер ужо пажылыя мужчыны і жанчыны, якія
цудам уцалелі ў час той жудаснай расправы: родзічы тых, каго пры спробе
выратавацца дагналі фашысцкія кулі, і тых, каго злавілі, адправілі ў турму ў
Кобрын, а пасля расстралялі ля Пінскага маста. Старых, поўных сіл і надзей
на будучыню падлеткаў і зусім маленькіх дзяцей... 66 чалавек...
Іх прозвішчы і імёны прагучалі на мітынгу-рэквіеме, прысвечаным 60-годдзю
трагедыі вёскі, яе жыхароў. Амаль у пачатку спіса - сям'я Главацкіх: бацькі
і 5 непаўналетніх дзяўчынак... I беглі слёзы па тварах Сяргея і Мікалая
Главацкіх, калі вядучыя называлі імёны іх бацькоў і сястрычак.
Градам каціліся слёзы і па твары Вольгі Назарчук (у дзявоцтве Крыштафовіч): напэўна, у гэты момант яна ўспамінала тую раніцу, страляніну, крыкі роспачы і жаху, ахопленыя агнём дамы, гаспадарчыя пабудовы, мёртвую жонку брата і тое, як яна, дванаццацігадовая дзяўчынка, уцякала ад карнікаў з маленькай пляменніцай на руках...
Былому маладому партызану Аляксею Зарэцкаму таксама пашчасціла дачакацца вызвалення. Страшная гібель суседзяў і сяброў не забывалася ні на дзень. I сёння перад яго вачамі - жыхары дамоў, што стаялі паблізу месца, дзе ўстаноўлены абеліск.
- Гаспадар аднаго з іх захапляўся галубамі... А таго, паводдаль - садоўніцтвам, вішні выдатныя былі. Гаспадыня трэцяга - цудоўны голас мела: як заспявае на полі, аж у вёсцы чутна... Ва ўсіх былі прыгожыя сыны, дочкі...
Ён стараўся гаварыць спакойна, але голас дрыжэў усё больш і больш... I яшчэ больш хмурнелі твары ўдзельнікаў мітынгу, і шчымлівы сум усё мацней ахопліваў дарослых і школьнікаў, калгасных пенсіянераў і настаўнікаў...
У дзень смутку і памяці гучалі імёны і прозвішчы і тых жыхароў вёскі, якія загінулі ў баях за вызваленне Радзімы, памерлі пасля вайны ад раненняў. Знакам удзячнасці землякам - партызанам стала перайменаванне вуліцы Пясочнай у Партызанскую.
Усіх загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання, усім прызначаліся вянок, што ўсклалі да абеліска намеснік старшыні райвыканкома Аляксандр Рагачук і старшыня Астроміцкага сельвыканкама Сяргей Пушко, кветкі ад удзельнікаў мітынгу. I былі малітва за супакой душ землякоў і словы надзеі, што ніколі больш не будзе ступаць нага ворага па нашай зямлі, не паўторацца трагедыі, падобныя Навасёлкаўскай і іншых вёсак, якім выпаў такі ж лёс.
Марыя Хільчук
Хільчук, М. З гадамі боль сэрца не змяншаецца / Марыя
Хільчук // Кобрынскі веснік. - 2003. – 12 лістапада
Аб трагедыі вёскі Навасёлкі.
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.