У нашым горадзе ўсталявалася добрая традыцыя: памяць аб тых, хто зрабіў значны ўклад у развіццё спорту на Кобрыншчыне, адзначаць спартыўнымі мерапрыемствамі. Так, 12 верасня ў Кобрыне прайшоў V турнір па лёгкай атлетыцы памяці Вячаслава Ніколенкі.
На сапраўднае спартыўнае свята сабралася 15 каманд амаль з усёй Беларусі, а гэта больш за 400 удзельнікаў. Паспаборнічаць у бегавых і кідальных відах спорту прыехалі навучэнцы лепшых спартыўных школ. Безумоўна, удзельнічалі ў турніры і прадстаўнікі Кобрынскай КСДЮШАР, якой доўгі час кіраваў Вячаслаў Мікалаевіч. Сярод ганаровых гасцей прысутнічаў выпускнік КСДЮШАР, член нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы, чэмпіён Рэспублікі Беларусь 2014 і 2015 гадоў Ілья Сірацюк.
Пасля ўрачыстага адкрыцця турніру пачаліся непасрэдна спаборніцтвы. На бегавой дарожцы стадыёна “Юнацтва” хлопчыкі і дзяўчынкі паказвалі сваю хуткасць на розных дыстанцыях да 800 метраў. На футбольным полі юныя спартсмены кідалі кап’ё. Цікава было назіраць і за спаборніцтвамі па штурханні ядра і кіданні дыска, якія праходзілі на тэрыторыі КСДЮШАР.
Як паказаў турнір, у Кобрын сапраўды з’ехаліся самыя моцныя спартсмены. Але і кабрынчане годна абаранялі гонар роднай спартыўнай установы і занялі шмат прызавых месцаў, а васьмёра вылучыліся асаблівымі вынікамі, атрымаўшы ўзнагароды за першае месца. Марыя Лаўрынюк стала самай хуткай ажно на дзвюх дыстанцыях: 100 і 200 метраў. Лепшы вынік у бегу на 200 метраў быў таксама ў Варвары Дузінчук. Кацярына Кавалюк першай перасекла фінішную лінію ў бегу на 800 метраў, а першае месца на дыстанцыі 400 метраў заваявала Дар’я Марчук. Юлія Кірысюк заняла першае месца адразу ў дзвюх дысцыплінах: штурханні ядра і кіданні дыска. У сваіх узроставых катэгорыях лепшы вынік па кіданні кап’я паказалі Аляксандра Царук, Андрэй Самасюк і Аляксандра Коньшына. Дарэчы, Коньшына ў гэтым відзе спорту пабіла рэкорд Кобрына, кінуўшы кап’ё на 45,2 метра. Да таго ж дзяўчына была ўзнагароджана і за першае месца ў штурханні ядра.
Віншуем пераможцаў!
Наталля Ніжнік
Источник информации: |
Предыдущая новость: Сибиряки-волейболисты… в Кобрине!
Следующая новость: В Кобрине состоялся международный турнир по боксу
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.