Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Кобринский РЦДТ отметил 65-летний юбилей

20 лістапада ў вялікай зале Палаца культуры было шматлюдна: свой 65-гадовы юбілей адзначаў Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці.

Час ляціць няўмольна, і тым больш прыемна было ўсім сустрэцца з тымі, хто некалі працаваў у былым Доме піянераў і школьнікаў, або ў Доме творчасці юных. Іх душы назаўсёды засталіся з роднай установай – там, дзе нараджаюцца цуды, дзе дзіцячыя сэрцы цягнуцца да прыгожага свету мастацтва, дзе жыве казка.

Яшчэ да пачатку мерапрыемства ў выставачнай зале гасцей свята сустракала выстаўка, на якой можна было пабачыць плён нястрымнай фантазіі навучэнцаў цэнтра, якія займаюцца дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтвам. Святочны настрой тут ствараўся і дзякуючы выступленню інструментальнага гурта “Хороший день”, пад акампанемент якога саліравала Настасся Крупко.

Калі на галоўную сцэну адначасова выходзілі настаўнікі разам са сваімі навучэнцамі, з’яўлялася ўсведамленне: у творчасці няма ўзросту.

У гэты дзень усе, хто прыйшоў на свята, мелі магчымасць пазнаёміцца з творчымі накірункамі, якім можна навучыцца ў РЦДТ. На свае вочы гледачы ўпэўніліся, якая прыгажосць ствараецца дзіцячымі рукамі. Некаторым давялося паспрабаваць і прысмакі, якія гатавалі таксама дзеці. А ад спеваў і танцаў прысутныя адчулі сапраўдную эстэтычную асалоду.

Але ў пачатку імпрэзы гледачам было прапанавана зазірнуць у мінулае, пагартаць старонкі летапісу цэнтра, успомніць яго кіраўнікоў, многія з якіх прыйшлі на свята ў якасці шаноўных гасцей.

- Вядома, у 80-я гады мінулага стагоддзя мы працавалі не ў такім прыгожым будынку, трохі горшымі былі бытавыя ўмовы, але мы таксама, як і вы цяпер, імкнуліся задаволіць усе запатрабаванні дзяцей, – падзялілася ўспамінамі былы дырэктар гарадскога Дома піянераў і школьнікаў Валянціна Астравух.

Лепшых педагогаў і іншых супрацоўнікаў цэнтра ў гэты дзень узнагародзілі граматамі і пісьмамі падзякі Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта, Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў, прэзідыума райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля ад імя ўлады Кобрынскага раёна падарыў цэнтру дзіцячай творчасці ноўтбук.

Наталля НІЖНІК.

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Зазуля ўзнагароджвае кіраўніка ўзорнага ансамбля сучаснага танца «Мадэрн» Таццяну Масайла. Фота аўтара.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"