Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

І зноў – лепшыя ў вобласці!

Якасная падрыхтоўка вадзіцеляў, яркія і цікавыя ваенна-патрыятычныя імпрэзы і цэлы шэраг спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню. Гэта – толькі малая частка вялікай работы Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, якая чацвёрты год запар атрымлівае першае месца ў вобласці.

— Па сукупнасці паказчыкаў за 2017 год наша міжраённая арганізацыйная структура стала лепшай, у тым ліку мы занялі першае месца за арганізацыйную і ваенна-патрыятычную работу, другое – па выніках прафесіянальнай падрыхтоўкі грамадзян, у першую чаргу гэта датычыцца вадзіцельскіх спецыяльнасцяў, — расказвае старшыня савета Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ Аляксандр Аксюціч. — Гэтыя дасягненні – заслуга ўсяго калектыву, усіх нашых “пярвічак” і, зразумела, нашай моладзі, якая актыўна ўключаецца ў работу. Асобныя словы падзякі хацелася б выказаць мясцовай уладзе і арганізацыям, якія з намі супрацоўнічаюць.

Прынамсі, за мінулы год у аўташколе Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ быў падрыхтаваны 651 вадзіцель розных катэгорый. Вопытныя выкладчыкі і інструктары рыхтуюць прафесіяналаў, якія ўпэўнена адчуваюць сябе ў дарозе.

Асобнай увагі заслугоўвае работа ДТСААФаўцаў у сферы патрыятычнага выхавання – за мінулы год структурай было праведзена 100 мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці і 23 спартыўных спаборніцтвы, удзел у якіх прынялі больш за 1000 чалавек. Інфармацыйныя гадзіны, урокі мужнасці з удзелам ветэранаў і воінаў-інтэрнацыяналістаў, экскурсіі ў воінскія часці, ваенна-патрыятычныя лагеры і спартакіяды рыхтуюць нашу моладзь да ганаровай ролі абаронцаў Айчыны, выхоўваюць характар і волю да перамогі. Усё гэта найлепшым чынам гаворыць аб тым, што на чале міжраённай арганізацыйнай структуры сёння стаяць сапраўдныя энтузіясты сваёй справы, якія, можна быць упэўненым, яшчэ падрыхтуюць для кабрынчан нямала яркіх і цікавых сюрпрызаў.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: (злева направа) інспектар па кадрах Кацярына Цітарэнка, інструктар па спартыўнай і арганізацыйна-масавай рабоце Валерый Кірысюк, Аляксандр Аксюціч, намеснік старшыні савета па вучэбна-вытворчай рабоце Сяргей Гром, выкладчык Уладзімір Яшын і бухгалтар Алена Кук.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"