Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Мероприятия посвященные Дню Независимости

Яшчэ за паўгадзіны да пачатку мітынгу, прысвечанага Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, раніцай 3 ліпеня на цэнтральнай плошчы горада было мнагалюдна. Кіраўніцтва раёна, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь і маленькія дзеці з бацькамі сабраліся разам, каб у атмасферы асаблівай урачыстасці і цеплыні ўшанаваць подзвіг салдат-пераможцаў, вызваліўшых Беларусь ад фашысцкіх захопнікаў, адзначыць галоўнае свята краіны.

- Гады незалежнасці змянілі свядомасць нашых людзей. Мы адчулі сябе самастойнай краінай, адзіным моцным народам. Адсутнасць агрэсіі да суседзяў – адметная рыса беларусаў, якія ніколі першымі не браліся за зброю. Інтарэсы народа вызначальныя ў нашай дзяржаве. Незалежнасць Беларусі – гарант умацавання эканомікі, развіцця навукі і культуры, паляпшэння дабрабыту людзей, – адзначыў у сваім выступленні на мітынгу старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук.

На плошчы імя Леніна гэтай ліпеньскай раніцай гучалі патрыятычныя песні, у тым ліку ў выкананні фіналістак нацыянальнага адбору дзіцячага “Еўрабачання-2015” Лізаветы Козак і Алены Тоўсцік. Каб аддаць даніну павагі гераізму франтавікоў і працаўнікоў тылу, партызан і падпольшчыкаў, якія прынеслі свабоду беларускаму народу, святочная калона кабрынчан накіравалася ў сквер імя А. Марозава, дзе адбыўся цырыманіял ускладання кветак да абеліска Перамогі.

Незвычайная тэматычная праграма чакала ўсіх у Палацы культуры. Кобрынскія артысты аказаліся не горшыя за сталічных зорак і ў якасці падарунка гледачам паднеслі тэатралізаваны канцэрт “Беларусь – мая гордасць і слава!”, які больш нагадваў мюзікл.

Асаблівай крэатыўнасцю вызначыўся падыход да свята ў парку імя А. В. Суворава. Да традыцыйнай салдацкай кашы, канцэрта ў амфітэатры і дыскатэкі для ўсіх узростаў дабавіліся шматлікія новаўвядзенні.

Кабрынчане і госці горада маглі перанесціся ў канец XIV – пачатак XV стагоддзяў. Такую магчымасць прапанаваў клуб гістарычнай рэканструкцыі “Гівойт” з Мінска. Была магчымасць назіраць за рыцарскім турнірам, а потым сфатаграфавацца на памяць з рыцарамі, вывучыць сярэдневяковыя танцы і паспрабаваць сябе ў перацягванні вяроўкі на калодачках. Дарэчы, рыцарскія даспехі, якія сябры клуба вырабляюць самі, важаць 25-30 кілаграмаў. Сапраўдная бітва з рыцарамі, хоць і на кіях, а таксама накідванне кольцаў асабліва спадабаліся дзецям. Адметнасцю дзей з рыцарамі была сакавітая беларуская мова, на якой “госці з мінулага” размаўлялі не толькі паміж сабой, але і з кабрынчанамі. “Веданне гісторыі і мовы – гэта частка нашага жыцця”, – пракаментаваў ганаровы сябра клуба “Гівойт” Юрый Усціновіч.

Па суседстве з рыцарамі размясціліся навучэнцы Верхалескай школы верхавой язды, якія прадэманстравалі не толькі свае здольнасці трымацца ў сядле, але і праходжанне дыстанцыі з перашкодамі.

Нямала гледачоў сабрала і конкурсная праграма “Бітва шпілек і гальштукаў”, у якой удзельнічала пераважна моладзь. Праз якія толькі выпрабаванні не прыйшлося прайсці юнакам і дзяўчатам! Хлопцы рабілі манікюр на ўмоўных жаночых руках, збіралі сваіх сябровак на свята, робячы ім макіяж і прычоску. Яны нават на нейкі момант ператварыліся ў цяжарных жанчын. Не лягчэй было і дзяўчатам, якія галілі паветраны шарык, завязвалі мужчынскі гальштук і выконвалі іншыя, не менш складаныя, заданні.

Адным словам, свята атрымалася. І кабрынчане на сабе адчулі, як добра жыць і адпачываць у незалежнай Беларусі.

Наталля НІЖНІК.
Фота Ігара СІДАРУКА.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"