Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

“Кобрынскі веснік” – лепшая газета

20 мая ў горадзе Брэсце адбылася ХІІ цырымонія ўзнагароджання пераможцаў штогадовага спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных, гарадскіх і раённых газет, тэлебачання і радыё, прафесіянальных журналістаў. У імпрэзе прынялі ўдзел намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Мурашкін, старшыня праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Аляксандр Лагвіновіч, старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Анатоль Крэйдзіч, рэдактары і карэспандэнты сродкаў масавай інфармацыі Брэстчыны.

СМІ адыгрываюць вялікую ролю ў фарміраванні самасвядомасці асобы, яе маральных прынцыпаў і ўстояў, таму на “журналісцкай” ніве няма месца абыякавым людзям. Тыя, хто сабраўся ў зале Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы, дзе пасля насычанай культурнай праграмы адбылася цырымонія ўшанавання журналістаў, добра зразумелі сваё прафесіянальнае прызначэнне і тую адказнасць, якую нясуць перад грамадствам. За самаадданую працу, творчы пошук і якасны інфармацыйны прадукт лепшыя прадстаўнікі СМІ атрымалі ад арганізатараў спаборніцтва – Брэсцкага аблвыканкама — заслужаныя ўзнагароды.

Прыемна, што сярод лаўрэатаў былі і кабрынчане. “Кобрынскі веснік” нараўне з “Ляхавіцкім веснікам” прызнаны пераможцам у намінацыі “Сярод рэдакцый раённых і гарадскіх газет” і адзначаны дыпломам. Перамога такога ўзроўню для нашай газеты – дэбютная. За творчы падыход да падачы аўтарскіх матэрыялаў тэмы адраджэння вёскі ўзнагароджана карэспандэнт Людміла Пашковіч, за разнапланавасць матэрыялаў тэматычнай старонкі “Гарадзецкі гасцінец” атрымала ўзнагароду карэспандэнт Людміла Дубіна. Улічваючы тое, наколькі разнастайнае медыйнае поле Брэстчыны, рэдакцыя “раёнкі” спрацавала на “выдатна”.

Як заўважыў у віншавальнай прамове Леанід Цупрык, зараз цяжка здзівіць чытача, настолькі спакушаны ён багаццем інфармацыі. Але ў журналістаў Брэстчыны хапае запалу, творчых сіл і таленту, каб якасна і даходліва, а галоўнае – адрасна, даносіць яе да людзей.

Людміла ЯРМАЛЮК.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"