Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Дивинский Дом ремесел

Дзівінскі Дом рамёстваў быў створаны на базе Дзівінскай школы народнай творчасці 1 снежня 2008 года. Прызначэнне ўстановы арганізатары на чале з дырэктарам Наталіяй Клімук бачылі ў адраджэнні гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю. З гэтай мэтай тут займаюцца зборам і апрацоўкай этнаграфічных матэрыялаў, захоўваюць і развіваюць традыцыйныя рамёствы. Жамчужынкай установы з’яўляецца невялікі музей, дзе сабраны ўзоры мясцовага ткацтва, вышыўкі, роспісу па дрэве і шкле.

Сярод экспанатаў – святочная і штодзённая мужчынская і жаночая вопратка. У этнаграфічным кутку шырока прадстаўлены прадметы сялянскага быту. Як заўважыла Наталія Мікалаеўна, у зборы экспанатаў актыўнасць праяўляюць не толькі супрацоўнікі Дома рамёстваў, але і жыхары Дзівіна і наваколля.

Музейным старажылам да нядаўняга часу быў ручнік 1905 года. На момант майго прыезду як сямейная рэліквія ён часова захоўваўся ў гаспадыні. У асноўным жа, паводле слоў субяседніцы, “ручніковыя” экспанаты – сучасныя вырабы, сатканыя на ткацкім станку Дома рамёстваў майстрам-метадыстам па ткацтве Ларысай Дарашук.

Акрамя ткацтва, пры ўстанове дзейнічаюць гурткі па саломапляценні, пляценні паясоў, вышыўцы і роспісе па дрэве, у якіх займаюцца больш за 30 выхаванцаў. З гонарам расказала дырэктар пра суполку юных майстроў, адной з лепшых у якой з’яўляецца Наталля Магдысюк. Асвоіць асноўныя віды рукадзелля ёсць магчымасць і ў наведальнікаў установы: майстрамі-метадыстамі актыўна праводзяцца майстар-класы.

Дом рамёстваў вядомы не толькі ў раёне, дзе з’яўляецца адзінай установай такога статусу, але і за яго межамі. Тут ствараецца сувенірная прадукцыя. Дзівінчане актыўна і паспяхова вядуць выставачную работу. Штогод яны ўдзельнічаюць у свяце горада і ў раённым свяце традыцыйнай культуры “Золата палёў”.

З асаблівым хваляваннем расказала дырэктар установы пра традыцыю нарыхтоўкі саломы. У народных касцюмах, створаных уласнымі рукамі, дзівінскія майстрыхі выходзяць у поле. Неабходную колькасць снапоў, звычайна 20-25, жнуць, як у даўніну, сярпамі. “У гэтым ёсць свая асалода, жніво моцай насычае”, – запэўніла субяседніца. Салому тут выкарыстоўваюць не толькі для разнастайных вырабаў, але і ў якасці ткацкага матэрыялу. Шырока прымяняецца ў рабоце і другасная сыравіна.

Пры Доме рамёстваў створаны фальклорны калектыў. Нягледзячы на яго невялікі “ўзрост” і малалікасць удзельнікаў, артысты ўжо маюць сваіх прыхільнікаў. Некалькі разоў з канцэртнымі праграмамі выязджалі за мяжу, у Польшчу.
Стварылі тут і візітку ўстановы – сцюдзёны калодзеж. Як вада з’яўляецца крыніцай жыцця, так Дом рамёстваў насычае наведвальнікаў жыватворнай сілай народнай мудрасці.

Людміла ДУБІНА.

Фота аўтара і з архіва Дзівінскага Дома рамёстваў.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"