Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Праца з дзецьмі — у радасць

Віктар Лагвіновіч працуе ў сярэдняй школе № 6 Кобрына пяць гадоў. Можа здацца, што ён учарашні малады спецыяліст, але пасля гутаркі з Віктарам Якаўлевічам склалася ўражанне, што ён і не быў ім ніколі. З першага дня гэты настаўнік спачатку інфарматыкі, а цяпер матэматыкі ведаў, што такое настаўніцтва, для чаго ён прыйшоў у школу і што неабходна рабіць, каб палепшыць якасць адукацыі сваіх вучняў. За пяць гадоў працы Віктар Лагвіновіч паспеў зрабіць вельмі многа. Сказаць, што я ўражана гэтым педагогам, — гэта нічога не сказаць.

Пачнём з таго, што пяць гадоў назад Віктар Якаўлевіч скончыў матэматычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Матэматыка. Інфарматыка”. Выбар матэматыкі і педагогікі быў абумоўлены тым, што бацька і брат Віктара — матэматыкі, прычым бацька, Якаў Якаўлевіч, працуе поруч з сынам у шостай школе Кобрына.

У 2013 годзе Віктар Лагвіновіч атрымаў ступень магістра фізіка-матэматычных навук. У гэтым жа годзе стаў аспірантам кафедры методыкі выкладання матэматыкі і інфарматыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (матэматыка)”. Тэма яго дысертацыі — “Методыка выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у сістэме работы з адоранымі навучэнцамі па матэматыцы”.

Каэфіцыент карыснага дзеяння працы Віктара Якаўлевіча пацвярджаецца высокімі вынікамі яго вучняў на алімпіядах па інфарматыцы і матэматыцы, а таксама на навукова-практычных канферэнцыях. У прыватнасці, яго падапечныя заваёўвалі дыпломы на другім этапе Рэспубліканскай аліпміяды па інфарматыцы і па матэматыцы. Прычым першыя пераможцы з’явіліся ўжо у першы год работы педагога. Асобна трэба сказаць пра Уладзіміра Гонгалу, які станавіўся дапламантам раённай навукова-практычнай канферэнцыі ў секцыях “Інфарматыка” і “Гісторыя”, Абласной навукова-практычнай канферэнцыі ў секцыі па інфарматыцы, перамагаў на рэгіянальнай канферэнцыі “IT-мяжа”, стаў лаўрэатам інтэрнэт-прэміі “ТІВО-2014”.

У 2014/2015 навучальным годзе Уладзімір атрымаў дыпломам II ступені на навукова-інжынерным конкурсе навучэнцаў Belarus Science and Engineering Fair (BelSEF-2015) у секцыі “Інфарматыка”, дыплом II ступені на XIX Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў у секцыі “Гісторыя”, у складзе аўтарскага калектыву быў ўзнагароджаны дыпломам II ступені на X Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

У 2015/2016 навучальным годзе Уладзімір Гонгала перамог на Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе (дыплом I ступені, прэмія бізнес-журы і секцыйная прэмія “Малы крышталёвы шар. Дасканаласць як надзея” ў секцыі “Сістэмнае праграмаванне і камп’ютарныя тэхналогіі”), атрымаў пахвальны водзыў на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыi) па інфарматыцы, выйшаў у фінал конкурсу “Матэматыка і праектаванне” (МДУ імя М.В.Ламаносава). Хлопец распрацаваў міжнародную інтэрнэт-платформу развіцця гарадоў.

Ужо ў 8 класе падлетак стварыў віртуальны каталог сайтаў Кобрынскага раёна і адразу пачаў працаваць над сайтам горада. Абышоў усе памятныя і цікавыя месцы райцэнтра, зняў іх, напісаў пра іх артыкулы. Сёння сайт “Турыстычны Кобрын” — гэта больш за тысячу ўнікальных старонак пра горад.

Здзейсніць віртуальнае падарожжа па Кобрыне можна, не адыходзячы ад манітора. На сайце звыш 300 панарам. Адзін клік — і вы каля помніка Сувораву. Адметнай асаблівасцю сайта сталі віртуальныя экскурсіі не толькі па горадзе, але і па вёсках раёна. “Турыстычны Кобрын” прызнаны лепшым з сайтаў па арганізацыі ўязнога турызму ў Беларусі. Навуковымі кіраўнікамі Уладзіміра былі Віктар Якаўлевіч і Якаў Якаўлевіч Лагвіновічы.

Сам Віктар Лагвіновіч у 2015 годзе быў удзельнікам конкурсу педагагічных ідэй і майстэрства, атрымаў падзякі ад Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій “За падтрымку таленавітай моладзі і ўклад у развіццё даследчай дзейнасці навучэнцаў. За асабісты ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

2015 год адметны для настаўніка атрыманнем дыплома II ступені на X Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, выступленнем з дакладам на прэстыжнай Міжнароднай канферэнцыі EWCOME-2015 (East-West Conference of Mathematics Education) у Варшаве. Віктар Якаўлевіч з’яўляецца сябрам аргкамітэта і ўваходзіць у склад журы Міжнароднай беларуска-польскай алімпіяды па матэматыцы. Педагог з’яўляецца аўтарам 25 навуковых работ.

Акрамя таго, Віктар Якаўлевіч стаў пераможцам конкурсу App4Education з праектам “Платформа для правядзення Міжнароднай інтэрнэт-алімпіяды па матэматыцы” ў рамках праграмы “Экспрэс ААН — 70”, удзельнікам конкурсу-выставы Socidea 15 інавацыйнага тыдня Inmax 15, пераможцам абласнога і ўдзельнікам рэспубліканскага этапу конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, удзельнікам фінальнага этапу конкурсу-шоу “Стартап года — 2015”.

У лютым бягучага года ён выступаў на канферэнцыі кіраўнікоў каманд юных даследчыкаў “Навуковая і праектная дзейнасць школьнікаў: вопыт рэгіёнаў” у рамках Усерасійскага конкурсу навуковых праектаў навучэнцаў (Санкт-Пецярбург). У маі быў запрошаны ў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт для правядзення майстар-класа “Формула поспеху” ў рамках мерапрыемстваў “Стартап-школы”.

І апошняе: у гэтым годзе Віктар Лагвіновіч — двойчы лаўрэат інтэрнэт-прэміі “ТІВО-2016” і пераможца XI Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Разам са сваім бацькам Якавам Якаўлевічам прадстаўляў праект пад назвай “Інтэрнэт-платформа Oscar для работы з адоранымі навучэнцамі”, на базе якога створаны пілотны праект “Алімпіяды імя Аскара Зарыскага”.

Ацяпер хочацца спыніцца на педагагічнай дзейнасці Віктара Якаўлевіча. Вучыць дзяцей яму падабаецца, бо гэта яму ў радасць. Ды і ўвогуле ўсе намаганні настаўніка — для вучняў. Ён распрацаваў методыку для пошуку адораных дзяцей, патэнцыяльных алімпіяднікаў, падрыхтаваў кнігу, прысвечаную прымяненню інтэлектуальных гульняў у выкладанні матэматыкі, пазакласнай рабоце, на факультатыўных занятках, пры правядзенні тыдняў матэматыкі.

— У аснове методыкі ляжаць інтэлектуальныя гульні і інфармацыйныя тэхналогіі. З мэтай прымянення ІТ на ўроках і ў пазаўрочны час распрацавана ўнікальная платформа Oscar. Яна названа так у гонар геніяльнага кобрынскага матэматыка Аскара Зарыскага. На аснове платформы створаны сайт алімпіяды імя Аскара Зарыскага, які пастаянна напаўняецца матэрыялам. Праект дазваляе далучаць вучняў да заняткаў дакладнымі навукамі, весці дыстанцыйную і вочную работу з навучэнцамі, рыхтаваць іх да алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання, праводзіць алімпіяды і розныя конкурсы.

Навучанне вядзецца праз асабісты кабінет. Ён жа служыць для ўваходу ў сістэму як для настаўнікаў, так і для вучняў. Педагогі могуць праводзіць розныя конкурсы і алімпіяды, дапаўняць і мяняць базу заданняў і вучэбныя матэрыялы.

Заданні разбіваюцца па класах. Платформа падтрымлівае практычна ўсе вядомыя тыпы заданняў, уключаючы поўнае тэкставае рашэнне з падтрымкай матэматычных формул. Сістэма простая ва ўстаноўцы і выкарыстанні. Яна дазваляе праводзіць поўны аналіз памылак навучэнцаў і прадастаўляе настаўніку справаздачу аб алімпіядзе ў фармаце PDF.

Графічныя магчымасці дазваляюць надаць алімпіядам і конкурсам сапраўдны характар спаборніцтваў і абудзіць у вучняў спартыўны інтарэс. У рэжыме падрыхтоўкі да алімпіяд вучні могуць прааналізаваць свае памылкі і паглядзець аўтарскія рашэнні.

Для навучэнцаў 5—6 класаў распрацавана методыка падрыхтоўкі да алімпіяд. Мадэрнізавана праграма факультатыву “Рыхтуемся да алімпіяд па матэматыцы” і практычна напісаны новы факультатыўны курс для звычайных школ, разлічаны на работу з адоранымі навучэнцамі. У адрозненне ад звычайнага факультатыву ён утрымлівае асноўную частку і матэрыял для дадатковай дамашняй работы, — адзначыў Віктар Якаўлевіч.

У маі 2016 года ўпершыню ў Кобрынскім раёне прайшла дыстанцыйная, а затым і вочная алімпіяда імя Аскара Зарыскага, на якую было зарэгістравана больш за 400 вучняў 4—5 класаў. Сярод навучэнцаў 5 класаў шостай школы Кобрына дыплом I ступені атрымала Дана Дарапей, пахвальны водзыў дастаўся Дар’і Фядковіч. Платформа паказала здольнасць устойліва працаваць пры вялікіх нагрузках на сервер.

Як адзначыў Віктар Лагвіновіч, праект, акрамя выяўлення адораных дзяцей, закліканы прыцягнуць увагу да асобы знакамітага і геніяльнага кобрынскага матэматыка Аскара Зарыскага (дабіцца прысваення адной з вуліц горада яго імя, а таксама адкрыць яму помнік ці мемарыяльную дошку).

Пастаўленай мэты — стварыць універсальную бясплатную платформу, якая не мае аналагаў у Беларусі і падтрымлівае асноўныя мабільныя прылады, для выяўлення навучэнцаў, якія цікавяцца прадметамі фізіка-матэматычнага цыкла, і для далейшай усебаковай работы з імі — аўтары дасягнулі.

Платформу Oscar можна выкарыстоўваць не толькі пры правядзенні ўрокаў матэматыкі, фізікі, астраноміі і інфарматыкі, яе можа выкарыстоўваць практычна любы настаўнік і па любым школьным прадмеце. Праект увайшоў у лік рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь для выкарыстання ў вучэбным працэсе.

Плануецца, што алімпіяды імя Аскара Зарыскага стануць міжнароднымі, а гэта дазволіць рэгіёну паказаць сябе на міжнародным узроўні і будзе спрыяць патрыятычнаму выхаванню маладога пакалення.

На сваіх уроках настаўнік шырока прымяняе гульнявыя элементы з такіх вядомых гульняў, як “Дзеці новага пакалення”, “Эрудыт-лато”, “Свая гульня”, “Што? Дзе? Калі?”.

Вось прыклад “Сваёй гульні” па тэме “Геаметрыя”.

1. Менавіта так называецца прамавугольнік з роўнымі сторанамі (квадрат).

2. Менавіта так называецца сума даўжынь старон трохвугольніка (перыметр).

3. Назва менавіта гэтага інструмента ў перакладзе з лацінскай мовы азначае “круг” цыркуль.

4. Менавіта гэты матэматычны тэрмін у перакладзе з лацінскай мовы азначае “льняная нітка” (лінія).

5. Менавіта гэтае слова ў перакладзе з лацінскай мовы азначае “спіца кола, прамень” (радыус).

А вось прыклад і пытання, і задачы, і патрыятычнага выхавання:

Ляцела чарада гусей, а насустрач ім гусь.

— Добры дзень, сто гусей! — гаворыць ён ім.

— Нас не сто, — адказваюць яны.

— Вось калі б нас было столькі, колькі ёсць, ды яшчэ раз столькі, ды паўстолькі, ды чвэрць, ды ты з намі, тады было б сто.

Колькі гусей у чарадзе?

— Гэтую задачу прапанаваў рашыць аднаму маленькаму хлопчыку адзін вялікі палкаводзец, які гасцяваў у доме. Назавіце хлопчыка, палкаводца і гаспадара дома, — працягваў настаўнік. — Адказ: хлопчык — гэта А.С.Пушкін, палкаводзец — А.В.Сувораў, гаспадар дома — Ганібал (дзед А.С.Пушкіна). Хлопчык доўга разважаў над задачай і, толькі калі карэта з госцем амаль знікла, ён крыкнуў наўздагон адказ.

Увогуле, кожны ўрок імкнуся завяршаць якім-небудзь цікавым заданнем (пазнавальнай або нестандартнай задачай), рашэнне якога навучэнцы могуць агучыць у той жа ці на наступны дзень перад урокам або пасля яго. Вось вам яшчэ задачка. Бабуля трымае гусей і трусоў. У іх разам 25 галоў і 58 лапак. Колькі гусей і колькі трусоў у бабулі?(21 гусь і 4 трусы.)

Віктар Якаўлевіч працуе захоплена і адказна. І гэта не высокія словы. На сваіх уроках ён імкнецца ствараць спрыяльныя ўмовы для творчай самарэалізацыі навучэнцаў, выступае за супрацоўніцтва педагога і навучэнцаў, узаемаразуменне. Вучні на яго ўроках не заглядваюць у мабільны тэлефон. А калі і здараецца, то настаўнік адразу іх накіроўвае на сайт алімпіяд рашаць задачкі. Рашаюць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Источник информации: Настаўніцкая газета