Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Киселевецкая школа искусств может гордиться своими выпускниками

… Пасля паўгадзіннай размовы з дырэктарам Кіселявецкай школы мастацтваў Людмілай Арабей рукі ўжо самі цягнуліся да баяна ці фартэпіяна.

- А вы заставайцеся ў нас на занятках! – ветліва прапанавала Людміла. – Хоць віртуозам за гэты час і не станеце, але першыя азы разам з асалодай і карысцю атрымаеце!

Сапраўды, і карысць, і асалоду я атрымаў вялікую. Праўда, не ад ігры на тым ці іншым інструменце, а ад знаёмства са школай. Тут усё прасякнута энтузіязмам, пранікнёным жаданнем даць веды, знаходзіцца на пазітыўнай хвалі. І вялікая заслуга ў гэтым – кіраўніка школы.

- На гэтай пасадзе працую з верасня 2000 года, – гаворыць Людміла Арабей. – Было шмат нявырашаных пытанняў, слабая матэрыяльная база. Аднак паступова мы зрабілі тое, што маем і чым сёння вельмі задаволена. Вядома, без дапамогі звонку было б складана. Таму ўдзячная пастаяннай падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і непасрэдна яго начальніку Надзеі Жук. Таксама шмат зроблена дзякуючы спецыяльнай праграме Беларусі, якая дазваляе развіваць падобныя ўстановы, як наша школа. Напрыклад, самы апошні набытак у межах гэтай праграмы – электроннае лічбавае фарэпіяна. Для імправізацыі, удасканалення выканання ці сачынення – гэта выдатная рэч! Захоча педагог, скажам, паказаць, як гучыць арган ці клавесін – калі ласка! Пэўная праграма зробіць гэта на «выдатна».

Менавіта такую адзнаку – «выдатна» – хочацца паставіць усяму, што робіцца ў школе. Невялікі, але зладжаны калектыў педагогаў-прафесіяналаў здолеў наладзіць работу так, што Кіселявецкая школа мастацтваў ператварылася ў адмысловы культурны цэнтр у сельскай мясцовасці, куды з задавальненнем прыходзяць не толькі дзеці, але і дарослыя. Прыходзяць, каб не проста паглядзець на сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія літаральна за некалькі месяцаў заняткаў паказваюць такія вынікі, што бацькі не вераць сваім вачам і вушам, а самім навучыцца іграць на гітары ці фартэпіяна, здзейсніць свае даўнія мары.

- Вось так паступова здзяйсняюцца і мае добрыя мары! – усміхаецца Людміла Арабей. – Мы закладваем у душы дзяцей імкненне да прыгожага, вось што галоўнае. Але гэта работа не аднаго года. І былы кіраўнік школы Васіль Дзмітрэнка, і мы за ім як мага шырэй прапагандуем выканаўства, вядзем актыўную канцэртную дзейнасць. У нас ёсць шэраг традыцыйных мерапрыемстваў. Ужо ў верасні праводзім прысвячэнне ў музыканты. Запрашаем усіх першакласнікаў, каб паказаць, якія магчымасці можа ім даць наша школа, па-сапраўднаму іх зацікавіць. Потым – канцэрт, прысвечаны Дню маці. У канцы першага паўгоддзя – справаздачны канцэрт. На працягу ўсяго года – канцэртныя выступленні старшакласнікаў і педагагічных калектываў. На Каляды, на 8 Сакавіка, у тыдзень дзіцячай музыкі. А ўвогуле, усіх нашых канцэртных і тэатралізаваных мерапрыемстваў і не пералічыш!

У час заняткаў, у час рэпетыцый і саміх канцэртаў – тут заўсёды памятаюць яшчэ пра адну важную ісціну: маюць здольнасці – абсалютна ўсе. Галоўнае, паказаць увачавідкі, што кожнае дзіця таленавітае па-свойму, і што гэты талент не варта насіць у сабе, усе лепшае ў чалавеку павінна ісці вонкі, на свет, да людзей. Таму часта дзеці чуюць ад педагогаў: “Шукайце сябе! Рабіце тое, што вам падабаецца!”, “Глядзіце вакол сябе і ўмейце заўважаць прыгожае!”

- Самае прыемнае, калі разумееш, што дзіця цябе пачула, што ў яго з кожным днём усё болей гараць вочы, – гаворыць Людміла Арабей. – І калі вучань прыходзіць сюды, а настаўнік дакладна, правільна дае матэрыял – усё тады лёгка, хутка і ўдзячна кладзецца на падрыхтаваную глебу.

За ўсю нашу размову гэтак жа гарэлі, не патухалі і вочы самой Людмілы. Калі ж папрасіў назваць некалькі галоўных складнікаў гэтага энтузіязму, імпэту, а ў выніку – таго добрага, што ёсць на сёння, яна дакладна пералічыла іх:

- Першае, мы ўсе працуем у адным накірунку: папулярызацыя інструментальнага выканання. Другое: ёсць матэрыяльнае стымуляванне, што таксама вельмі важна. Як важна, што стаў зручней хадзіць сюды грамадскі транспарт. Прычым пасля сустрэчы са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Зазуляй расклад руху змянілі даволі хутка, і цяпер маем магчымасць без праблем дабірацца да 14.00. А самае галоўнае, мы бачым сэнс і вынікі сваёй работы. Бачым, што мастацтва і прыгажосць сапраўды робяць дзяцей і дарослых лепшымі і дабрэйшымі!

Дарэчы, калі працягваць размову аб выніках. Кіселявецкая школа мастацтваў і яе філіял у Хідрах могуць па-сапраўднаму ганарыцца сваімі выпускнікамі. Сярод іх такі вядомы на ўсю Беларусь і за яе межамі спявак і артыст Тэа (Юрый Вашчук), выдатныя сённяшнія педагогі і выканаўцы Галіна Атаева, Аксана Завяржэнец, Таццяна Кабак, Таццяна Пакалюк, Аляксандр Жарын, Арцём Зазанюк і шмат-шмат іншых імёнаў.

- І ў мяне, і ва ўсяго калектыву ёсць новыя, болей высокія мэты, ёсць планы на перспектыву! – запэўнівае дырэктар школы. – Прыйдзе час, і яны абавязкова здзейсняцца. Паколькі яны, як музыка… Пастаянным акордам гучаць у душы. А любая музыка не можа гучаць бясконца толькі ўнутры, яна павінна вылівацца вонкі…

Ігар СІДАРУК

НА ЗДЫМКАХ: дырэктар школы Людміла Арабей дае ўрок па класе баяна Валерыі Панасюк; навучэнкі школы Ала Левая і Яна Гардзіевіч разам з педагогам Таццянай Андраяшынай развучваюць чарговы эцюд на фартэпіяна; педагог Ала Рылёва тлумачыць складанае месца Алегу Козаку і Стасу Лойку.
Фота аўтара.

Источник: vkobrine.by