Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

31 марта наш город Кобрин посетила делегация из Польши

31 сакавіка наш горад наведала дэлегацыя з Польшчы. Нагодай для візіту суседзяў з Захаду стаў удзел кабрынчан у VI міжнародным двухгадовым конкурсе мастацкай творчасці моладзі “Захапленні і таленты-2016”, галоўным прызам якога стане статуэтка бургамістра г. Бельска-Падляскага “Залатая, сярэбраная і бронзавая палітра”.

Змагацца за прызнанне польскіх аматараў мастацтва нараўне з юнымі мастакамі з Малдовы, Англіі, Польшчы вырашылі выхаванцы Кобрынскага Палаца культуры, раённага цэнтра дзіцячай творчасці і Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Дарэчы, з конкурснымі работамі апошніх мы пазнаёміліся, перш чым яны “пакінулі” радзіму.

Выстаўка “Мастацкая творчасць, натхнёная музыкай ці тэатрам” стваралася рукамі таленавітых навучэнцаў каледжа на працягу месяца. Каля 50 работ, выкананых у разнастайных тэхніках выяўленчага мастацтва, уражвалі глыбінным сэнсам і філасафічнасцю. Напрыклад, трыпціх “Рэпетыцыя” Алісы Шыманчык, увасоблены ў жанры мастацкай фатаграфіі, перадае творчую атмасферу “закулісся”, адкрывае гледачу тое, што знаходзіцца па-за яго ўспрыманнем. Ад таго, чым напоўнены апошнія хвіліны акцёраў перад выхадам на сцэну, якімі эмоцыямі яны прасякнуты адзін да аднаго, да людзей, якія чакаюць іх у глядацкай зале, залежыць, якім будзе фінал прэм’еры, сцвярджае васямнаццацігадовы аўтар. Героі ж фотамастачкі жыццярадасныя, поўныя моцы і надзеі, натхнёныя і творчыя. Ва многіх работах чыталіся казачныя і фантастычныя, этнаграфічныя і нацыянальныя матывы. Адносна апошніх польскія госці заўважылі, што іх захапляе трапяткое стаўленне беларусаў да свайго мінулага, асабліва да фальклору. “Ісці наперад, азіраючыся назад, гэта правільна”, – такой думкі прытрымліваецца дырэктар Бельск-Падляскага Дома культуры Малгажата Біль-Ярузэльска і яе калегі: галоўны інструктар па справах тэатра Эльжбета Фіёнік і кіраўнік мастацкай адукацыі Марыя Бабулевіч. Вялікі інтарэс у польскіх гасцей выклікала экскурсія па музеі каледжа, у якім размешчана каля 3000 экспанатаў, якія ў поўнай меры адлюстроўваюць нацыянальны каларыт беларусаў.

Часцінку спагадлівай, сардэчнай беларускай душы ў выглядзе сувеніраў польскім дэлегатам перадаў дырэктар Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Васілій Дземідовіч. Так, творы выхаванцаў установы сталі не толькі прадметам даследавання на адзнаку “таленавітасці”, але і палымяным прывітаннем з Кобрына ў горад-пабрацім Бельск-Падляскі. Што датычыцца вынікаў конкурсу, яны будуць падведзены ў межах святкавання ХХХVII Дзён Бельска-Падляскага 2 чэрвеня.

Людміла ДУБІНА. Фота аўтара.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"